літагра́фія, ‑і, ж.
1. Спосаб друкавання з плоскай паверхні каменя, на якой зроблены малюнак.
2. Малюнак, зроблены такім спосабам. Вера ўзняла галаву — у руках старой была маляўнічая літаграфія, якая выклікала такую бурную спрэчку паміж ёю і братам. Мікуліч.
3. Прадпрыемства або цэх, дзе друкуюць такім спосабам.
[Ад грэч. lithos — камень і graphō — пішу.]
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
племянны́, ‑ая, ‑ое.
1. Які мае адносіны да племені (у 1 знач.). Племянныя мовы.
2. Які вырошчваецца для прадаўжэння народы; пародзісты (пра свойскую жывёлу). Вера з Каньковым у гэты час абмяркоўвалі пытанне аб набыцці племянных кароў. Асіпенка.
3. Звязаны з развядзеннем пародзістай жывёлы. Племянная ферма. Племянная гаспадарка.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
шалясце́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. шалясцець, а таксама гукі гэтага дзеяння. Вера пачула шум у вёсцы і адразу вылучыла сярод яго звыклае шалясценне таполяў. Кулакоўскі. [Алесю] вельмі захацелася пабачыць Анежку, пачуць яе смех.., пачуць лёгкае шалясценне.. зялёнай сукенкі, у якой ён бачыў яе апошні раз. Броўка.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
пага́нства, ‑а, н.
Разм.
1. Нешта вельмі дрэннае. Не, браце, у гэтакім паганстве Я ўдзелу не прыму, вядома. Мардабой І сам не падтрымаю я ніколі, Ды і табе скандаліць не дазволю. Корбан.
2. Уст. Язычніцтва. [У вызначэнні вялікадня] з хрысціянствам сутыкнуліся рэшткі паганства, вера ў аднаўленне вясновай сілы бога-сонца. Лужанін.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
Мі́стыка ’вера ў надпрыродныя, таямнічыя сілы і зносіны з імі чалавека’, ’нешта загадкавае, нерастлумачальнае’ (ТСБМ). З рус. мовы (Крукоўскі, Уплыў, 77), якое праз зах.-еўр. мовы прыйшло са ст.-грэч. μυστικός ’таямнічы’. Не выключана ў якасці пасрэдніцы польск. мова, як у лексемы містэрыя ’тайныя абрады ў гонар бажаства ў старажытных краінах’, ’рэлігійная драма ў сярэднія вякі’, ст.-бел. мистерия ’містэрыя, таінства’ (XVI ст.), якое са ст.-польск. misteryjum < с.-ням. Mysterium (мн. л. Mysteria) < лац. mystērium < ст.-грэч. μυστήριον ’тайна, таінства’ (Булыка, Лекс. запазыч., 179; Фасмер, 2, 627) < ст.-грэч. μύω ’закрываю вочы, стульваю губы’.
 Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017) 
ку́кішкі,
У выразах: а) на кукішках — сагнуўшы ногі ў каленях і трымаючыся на насках (сядзець і пад.). Чалавек дваццаць маладых байцоў сядзелі на кукішках наўкол агню. Сяргейчык; б) на кукішкі — згінаючы ногі ў каленях і трымаючыся на насках (сесці, прысесці і пад.). Вера прысела на кукішкі, прымасціла між каленяў даёнку. Асіпенка.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
пала́яць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
1. Лаяць на працягу некаторага часу. Ну і сварак жа было, ну і палаялі ж .. мяне [жанчыны]. Галавач. — Ну, я на .. [зяця] крыху пасваруся, крыху палаю. Васілевіч.
2. Аблаяць каго‑н. — Калі варта, дык і палаяць не пашкодзіць, — нецярпліва адмахнулася ад мужа рукою Вера Васільеўна. Паслядовіч.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
прывілеява́ны, ‑ая, ‑ае.
Які мае прывілеі, карыстаецца імі. Наведвальнікаў .. [у аптэцы] было мала, бо ёю карысталіся пераважна прывілеяваныя кліенты — работнікі ўправы, паліцыі і іншых акупацыйных устаноў. Няхай. // Які дае некаторыя прывілеі. Прывілеяванае становішча. □ Адна ў адным была Вера паслядоўнай — не служыць фашыстам сваёй прафесіяй, не працаваць на якой-небудзь прывілеяванай рабоце добраахвотна. Мікуліч.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
прыхіну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.
1. Тое, што і прыхіліцца. Ад нечаканасці і страху Вера войкнула, міжвольна прыхінулася да Анісіма. Сачанка. [Юстынь Сташэвіч] прыхінуўся плячамі да сцірты, бы адчуваў — падагнуцца ногі, не ўстоіць. Чарнышэвіч. Віктар адразу прыхінуўся да Зеленюка з шчырай дзяцінай адданасцю. Зарэцкі.
2. Разм. Прыкрыцца, засланіцца чым‑н.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.) 
пярэ́бары, ‑аў; адз. няма.
1. Разм. Пераезд, перасяленне. Пярэбары з Сухоншчыны ў Альбуць .. кладуць выразную мяжу ў маім жыцці. Колас. Цяпер, калі хата была парожняя, Аляксею можна было думаць аб пярэбарах сям’і. Пальчэўскі.
2. Абл. Сварка, спрэчка. Вера моўчкі слухала пярэбары. Адчувала, што яна павінна сказаць тут сваё рашаючае слова. Асіпенка.
 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)