прадме́т, -а, Ме́це, мн. -ы, -аў, м.

1. Канкрэтная матэрыяльная з’ява; рэч.

Адушаўлёны п.

Прадметы хатняга ўжытку.

2. чаго. Тое, на што накіравана думка, што складае яе змест або на што накіравана якое-н. дзеянне.

П. гаворкі.

П. даследавання.

3. Асобнае кола ведаў, якое ўтварае пэўную школьную дысцыпліну.

Добрыя адзнакі па ўсіх прадметах.

Прафілюючыя прадметы ў вышэйшай навучальнай установе.

|| прым. прадме́тны, -ая, -ае (да 1 і 3 знач.).

П. паказальнік (у кнігах). Прадметная агітацыя (наглядная).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

наву́ка, -і, ДМу́цы, мн. -і, -ву́к, ж.

1. Сістэма ведаў аб заканамернасцях развіцця прыроды, грамадства і мыслення, а таксама асобная галіна гэтых ведаў

Развіццё навукі.

Гуманітарныя навукі.

2. толькі адз. Навыкі, веды, якія чалавек атрымлівае ў выніку свайго навучання або жыццёвага вопыту.

Гэтая справа патрабуе навукі.

3. толькі адз. Павучанне, настаўленне; урок.

Гэта будзе навукай на ўсё жыццё.

4. толькі адз. Навучанне, вучоба (разм.).

Хлопец здатны да навукі.

|| прым. навуко́вы, -ая, -ае (да 1 знач.).

Навуковая праблема.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

пячы́ся, пяку́ся, пячэ́шся, пячэ́цца; пячо́мся, печаце́ся, пяку́цца; пёкся, пякла́ся, -ло́ся; пячы́ся; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Гатавацца сухім награваннем, на адкрытым агні, у духу або на патэльні.

Бульба пячэцца ў прыску.

Пячэцца яечня на патэльні.

2. Знаходзіцца на моцным сонцы, у гарачым месцы (разм.).

П. каля печы.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Мець здольнасць, уласцівасць абпальваць, жыгацца.

Крапіва пячэцца.

|| зак. спячы́ся, спяку́ся, спячэ́шся, спячэ́цца; спячо́мся, спечаце́ся, спяку́цца; спёкся, спякла́ся, -ло́ся (да 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

упхну́ць, -ну́, -не́ш, -не́; -нём, -няце́, -ну́ць; -ні́; -ну́ты; зак. (разм.).

1. каго-што ў што. Уштурхнуць, усунуць.

У. пальчаткі ў кішэню.

Яго сілай упхнулі ў кабінет.

2. перан., што. Прымусіць узяць, прыняць што-н.

У. няякасны тавар каму-н.

3. перан., каго. Паставіць на якую-н. работу, пасаду і пад. супраць волі або ўладкаваць куды-н. па пратэкцыі.

У. на завод.

У. сына на завочнае аддзяленне інстытута.

|| незак. упіха́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е і упі́хваць, -аю, -аеш, -ае.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

упя́цца, упну́ся, упне́шся, упне́цца; упнёмся, упняце́ся, упну́цца; упя́ўся, упя́лася; упні́ся; зак.

1. чым у што. Уперціся ў што-н. для апоры, адштурхоўвання, супраціўлення або моцна ўчапіцца за што-н.

У. ў дзверы і не пускаць каго-н. У. рукамі ў баранку аўтамашыны.

2. Напружыць свае сілы, напяцца.

Конь упяўся і крануў воз з месца.

3. перан. Уперціся, не захацець згадзіцца з чым-н. (разм.).

Упяўся і не пусціў мяне ў паездку.

|| незак. упіна́цца, -а́юся, -а́ешся, -а́ецца.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

чарада́, -ы́, ДМ -дзе́, мн. чаро́ды іліч. 2, 3, 4) чарады́, чаро́д, ж.

1. Рад аднародных прадметаў, жывых істот, якія размяшчаюцца або рухаюцца адзін за адным.

Ч. машын.

Ч. хмар.

2. Статак, гурт жывёл, група птушак, рыб аднаго віду.

Ч. авечак.

Ч. кароў.

Ч. птушак.

3. Гурт, натоўп (людзей).

Ч. хлопчыкаў.

Ч. мужчын.

4. Чарга.

Заўтра яго ч. пасвіць кароў.

5. у знач. прысл. чарадо́й (-о́ю). Адзін за другім; бесперапынна.

Думкі плылі чарадой.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

клас, ‑а, м.

1. Сукупнасць прадметаў, з’яў, аб’яднаных на аснове якіх‑н. агульных прымет, якасцей; разрад, падраздзяленне. Да агульных назоўнікаў адносяцца імёны, пры дапамозе якіх абазначаюцца цэлыя класы аднародных прадметаў, з’яў, жывых істот. Граматыка. // У спецыяльнай тэрміналогіі: а) у логіцы — сукупнасць аднародных прадметаў, падобных адзін да аднаго сваімі істотнымі прыметамі, якасцямі. Клас з’яў; б) у біялогіі — адно з вялікіх падраздзяленняў у сістэматыцы раслін і жывёл. Клас паўзуноў. Клас папаратнікаў; в) у матэматыцы — сукупнасць лічбаў трох суседніх разрадаў лікаў. Першы клас складаюць першыя тры разрады: сотні, дзесяткі і адзінкі. // Разрад суднаў у залежнасці ад тыпу будовы і абсталявання. Клас мінаносцаў. Клас лінкораў. // Тып вагонаў поезда або кают парахода, абсталяваных з пэўнай ступенню выгод, праезд у якіх аплачваецца па ўстаноўленаму тарыфу. Каюта першага класа.

2. Вялікая група людзей, аб’яднаных аднолькавымі адносінамі да сродкаў вытворчасці, да размеркавання грамадскага багацця і агульнасцю інтарэсаў. Рабочы клас. Клас прыгнятальнікаў.

3. Падраздзяленне пачатковай і сярэдняй школы, якое аб’ядноўвае вучняў аднаго года навучання і аднолькавага аб’ёму ведаў. Пяты клас. Дзевяты клас. // Падраздзяленне вучняў мастацкай або іншай спецыяльнай школы, якія займаюцца пад кіраўніцтвам пэўнага выкладчыка або вывучаюць пэўны прадмет. Камерны клас. Клас скрыпкі, // Група вучняў пачатковай або сярэдняй школы, якія вучацца сумесна. Дысцыплінаваны клас. // Памяшканне ў школе, дзе праходзяць вучэбныя заняткі. У калідоры зазвінеў званок, заклікаючы выхаванцаў у класы. Шамякін.

4. толькі мн. (кла́сы, ‑аў). Дзіцячая гульня, якая заключаецца ў тым, што на зямлі рысуюць фігуру, падзеленую на клеткі, і, скачучы на адной назе, перасоўваюць ёю каменьчык, кусочак шкла і пад. з адной клеткі ў другую, а таксама фігура для гэтай гульні.

5. Мера якасці, ступень, ўзровень чаго‑н. Тэхніка высокага класа. // Кваліфікацыя, ступень падрыхтаванасці. Лётчык першага класа. // Разм. Высокі ўзровень чаго‑н. Паказаць клас гульні.

6. У дарэвалюцыйнай Расіі — адно з падраздзяленняў у табелі аб рангах, якое адпавядала пэўнаму чыну. Чыноўнік чатырнаццатага класа. // Ступень некаторых грамадзянскіх званняў. Саветнік юстыцыі першага класа.

[Ад лац. classis — разрад.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

по́ле, ‑я, н.

1. Абшар зямлі, прызначаны, прыгодны для ворыва. Балеслаў стаяў у самым лесе, на мяжы з полем. Чорны. Па той бок Нёмана лугі ідуць, а за лугамі — лес і поле. Колас. // Засеяны або падрыхтаваны да пасеву ўчастак зямлі. За садам разгортвалася вялікае поле канюшыны. Бядуля. Малашонак доўга не здаваўся, але ўсё ж штучнае ўгнаенне зааралі ў глебу разам з гноем, рыхтуючы поле пад кукурузу. Ермаловіч. // чаго або якое. Вялікі абшар, прастора, накрытая чым‑н. [Маечка] потым доўга расказвала бацьку, як яны хутка імчаліся па дарозе, як з-пад капытоў каня ляцеў іскрысты снег, як прыгожа блішчыць за вёскай снежнае поле. Краўчанка. // чаго або якое. Прастора, прызначаная для чаго‑н.; пляцоўка. Лётнае поле. Футбольнае поле.

2. Спец. Прастора дзеяння якіх‑н. сіл. Электрычнае поле. Магнітнае поле.

3. перан.; чаго або якое. Галіна, сфера (якой‑н. дзейнасці, заняткаў і пад.). З гадамі ж увогуле поле дзейнасці для будаўніка ў вёсцы стане неабмежаваным. Хадкевіч. «Вось дзе багатае поле для гераічных учынкаў», — думаў ён. Шамякін.

4. Фон, на якім нанесены ўзоры. Тканіна з узорам на атласным полі. Паркаль у белыя гарохі на чырвоным полі.

5. звычайна мн. (палі́, ‑ёў). Вузкія чыстыя палоскі па краях аркуша, кнігі, сшытка, рукапісу і пад. Потым сеў і стаў чытаць кнігу.., робячы на палях нейкія паметкі. Гурскі. На вялікіх палях з нядбайна абарванымі краямі.. [Валя] піша папраўкі мікраскапічнымі літарамі. Асіпенка.

6. толькі мн. (палі́, ‑ёў). Шырокі бераг капелюша. [Мінгрэл] быў невялікага росту, і першае, што кідалася ў вочы, — гэта яго шырокі чорны капялюш з абвіслымі палямі. Самуйлёнак.

•••

Аперацыйнае поле — участак цела, на якім робіцца аперацыя. Коўбец прыняў з рук другой памочніцы вузкі нож і, нахіліўшыся над аперацыйным полем, спакойным рухам зрабіў разрэз. М. Ткачоў.

Аднаго поля ягады гл. ягада.

Поле зроку — а) прастора, якую бачыць вока; б) перан. круг інтарэсаў, кругагляд.

Шукаць ветру (лавіць вецер) у полі гл. шукаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узве́сці, ‑вяду, ‑вядзеш, ‑вядзе; ‑вядзём, ‑ведзяце, ‑вядуць; зак., каго-што.

1. Ведучы, дапамагчы або заставіць узысці, падняцца наверх чаго‑н. Узвесці на гару. Узвесці на ганак. □ [Загорскі] проста і натуральна падаў .. [імператрыцы] руку, каб узвесці на кілім, што вёў да сабора. Караткевіч. Зялёнка падвалок .. [Валодзьку], узвёў па табурэтку, пачаў размахваць чорны шнур. Карпюк. / Пра судны. Трэба ўзвесці баржы на грэбень пераката якраз у самым глыбокім месцы. «Звязда». // Вывесці, прывесці куды‑н. Вечар разам са мной На вяршыню ўзышоў, На якую ўзвяла нас Дарога крутая. Танк. Палявая дарога ўзвяла на бальшак. Перад Надзяй ва ўсёй шырыні адкрылася Калінаўка. М. Ткачоў. / у перан. ужыв. Пніцкі стараецца ўзвесці .. [Нахлябіча] па думку, што ніколі пра яго ён .. дрэнна не думаў. Чорны. // Узняць (вочы, позірк і пад.) на каго‑, што‑н.; паглядзець уверх. [Чарноцкі] ажывіўся, падняў галаву, на момант узвёў на .. [Ярашэвіча] вочы. Чорны. Сядзіць пан Богут у тамленні І вочы ўзвёў на абразы. Колас.

2. Прывесці зброю ў гатовае да выстралу становішча. Узвесці курок. Узвесці пісталет. □ Не спыняючыся, Пеця ўзвёў аўтамат і націснуў на гашэтку. Сіняўскі.

3. Збудаваць, пабудаваць, паставіць. Узвесці палацы. Узвесці помнік. □ Пабудуюць .. [будаўнікі] новыя цэхі завода, узвядуць яшчэ нямала новых дамоў. Кулакоўскі. А далей глядзі — дзяўчаткі тыя Дваццаць вёснаў ходзяць па зямлі, А ўжо іх рукі залатыя Больш паловы Мінска ўзвялі. Панчанка.

4. перан.; у каго-што. Узвысіць да якога‑н. стану, звання. Узвесці ў ранг заслужанага дзеяча навукі. // Надаць чаму‑н. іншае або вельмі важнае значэнне. Узвесці ў крымінал. Узвесці ў закон. Узвесці ў абсалют.

5. перан. Прыпісаць каму‑н. што‑н. заганнае, адмоўнае, дрэннае; несправядліва абвінаваціць. Узвесці паклёп. □ [Бабейка:] — Няўжо, калі часам узвядуць на мяне якую небыль, ты не закінеш слова, Сямён Іванавіч? Хадкевіч.

6. У матэматыцы — памножыць які‑н. лік (або алгебраічны выраз) на той самы лік (або выраз) указаную колькасць разоў. Узвесці ў квадрат. Узвесці ў пятую ступень.

•••

Узвесці на след — навесці на след, удаць, выдаць каго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бібліятэ́ка, ‑і, ДМ ‑тэцы, ж.

1. Падабраны пэўным чынам збор кніг, які з’яўляецца прыватнай або грамадскай уласнасцю. Класная бібліятэка. □ Кніг з сабой [Валерый] захапіў мала, усе даўно перачытаў, а ў прарабавай бібліятэцы толькі тэхнічныя даведнікі і падручнікі. Б. Стральцоў. У дзедавай бібліятэцы я натрапіў на зборы легенд і казак. Бядуля. // Назва серыі кніг, блізкіх па тыпу або прызначаных для пэўнай катэгорыі чытачоў. Бібліятэка настаўніка. Бібліятэка паэта.

2. Установа, якая збірае і захоўвае кнігі і іншыя друкаваныя і рукапісныя творы, прапагандуе і выдае кнігі чытачам. Гарадская бібліятэка. Публічная бібліятэка. Дзяржаўная бібліятэка БССР імя У. І. Леніна. □ І цяпер нікога з хлопцаў у пакоі не было: хто пайшоў у бібліятэку, хто ў кіно. Шахавец. // Будынак названай установы; пакой, у якім захоўваюцца кнігі.

•••

Бібліятэка-чытальня — бібліятэка з залай для чытання, якая абслугоўвае масавага чытача.

Бібліятэка-перасоўка — бібліятэка, якая перыядычна мяняе сваё месцазнаходжанне.

[Грэч. biblíon — кніга і thēkē — сховішча.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)