фугава́ць, ‑гую, ‑гуеш, ‑гуе; незак., што.
1. Стругаць фуганкам. Там работа ішла поўным ходам: печ разабралі, страху знялі, габлявалі і фугавалі дошкі для падлогі. Дубоўка.
2. Выраўноўваць, раўняць паверхню дошак для падгонкі і склейвання.
3. Выраўноўваць па вышыні (зубы пілы). Фугаваць пілу.
[Ад ням. fugen — прыганяць, дапускаць.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хапатлі́вы, ‑ая, ‑ае.
Абл. Паспешлівы, таропкі. Потым пачуліся хапатлівыя рухі, успыхнула запалка, і Васіль адхіснуўся. Шашкоў. Васіль хутчэй угадаў, чым разгледзеў Праксэдзіну хапатлівую хаду. Шарахоўскі. // Які спяшаецца што‑н. рабіць. [Жанчына] хапатлівымі пальцамі развязала вузлікі, з размаху разгарнула хустачку па ўсёй далоні. Скрыган.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хрысціянізава́ны, ‑ая, ‑ае.
Кніжн.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад хрысціянізаваць.
2. у знач. прым. Падвергнуты хрысціянізацыі. Такім чынам, у некалькі хрысціянізаванай афарбоўцы ў купальскую паэзію ўваходзіў матыў земляробчай працы, сугучны па паэтычнаму малюнку таму, як ён гучаў ужо ў валачобных песнях. Ліс.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цеснава́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Не вельмі прасторны. Двор, праўда, цеснаваты, калі ўедзеш з калёсамі, завярнуцца цяжка, але бяда тут такая! Ермаловіч. Пакойчык маленькі, цеснаваты, але быццам і ўтульны. Кулакоўскі.
2. Малаваты па памеру. [Зося] была ў белай цеснаватай кофце, з якой, відаць, вырасла. Дуброўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цы́рканне, ‑я, н.
Дзеянне паводле дзеясл. цыркаць (у 1 знач.), а таксама гукі гэтага дзеяння. Адтуль [з кароўніка] чулася звонкае, па-свойску для Алеся любае цырканне сырадою ў пустое яшчэ вядро. Брыль. У расчыненых хлявах там і тут чулася цырканне малака ў даёнкі. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цяпля́нішча, ‑а, н.
Абл. Вогнішча. Сапраўды, нядаўна гарэлі Тут школьных паходаў кастры. Цяплянішч яшчэ не паспелі Развеяць сухія вятры. Калачынскі. А потым — мір... Зара ў блакіце... І тло цяплянішч на зямлі... І зноў хада па той арбіце, дзе ногі ўпершыню прайшлі. Ляпёшкін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чарнава́ты, ‑ая, ‑ае.
З чорным адценнем, па колеру блізкі да чорнага. І тут я ўбачыў вось што: ля адчыненага акна, крыху збоку, стаяла Зоська, а на плячы ў яе, накрыўшыся чарнаватым хвосцікам, сядзела рыжанькая вавёрка і мордачкай церлася аб шчаку дзяўчынкі. Ляўданскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шпіта́ль, ‑я, м.
Лячэбная ўстанова або бальніца, звычайна вайсковая. Палявы шпіталь. □ На ганку шпіталя нас сустракае маладзенькая дзяўчына — у белым адзенні санітаркі і ўся ў святле калідора. Брыль. Кручын прыехаў дахаты са шпіталя, дзе яму ампуціравалі па калена раструшчаную асколкам снарада нагу. Хадкевіч.
[Ням. Spital.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
эсэ́, нескл., н.
Кніжн. Нарыс, які трактуе літаратурныя, філасофскія, сацыяльныя і інш. праблемы не ў сістэматычна-навуковым выглядзе, а ў вольнай форме. Сучасны воблік беларускай крытыкі даволі разнастайны па жанравых прыкметах: манаграфіі, праблемныя даследаванні, крытыка-біяграфічныя нарысы, літаратурныя нататкі, успаміны, партрэты, эсэ. Каваленка.
[Фр. essai.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
юнна́т, ‑а, М ‑наце, м.
Юны натураліст; удзельнік гуртка па вывучэнню прыроды. З 1929 года існуе ў Мінску яшчэ адна піянерская ўстанова — Цэнтральная станцыя юннатаў. «Маладосць». У мяне старэйшы брат Тры гады ўжо юннат; Што пасее ў агародзе, У яго заўсёды ўродзіць. Шуцько.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)