спо́ведзь, ‑і, ж.
1. У хрысціянскай царкве — пакаянне ў сваіх грахах перад свяшчэннікам і дараванне ім грахоў. Мужчыны малінаўскія былі не вельмі багамольныя, у царкву хадзілі рэдка, але споведзі ды прычасця не прапускалі. Чарнышэвіч.
2. перан. Шчыры расказ пра ўласнае жыццё; прызнанне ў чым‑н. А, думаецца, хаця б хто выслухаў тваю споведзь і адно-другое слова ўцехі праказаў, — ох, колькі б цяжару спала з плеч! Гартны. Пятрок з прыемнасцю слухаў шчырую споведзь таварыша, які не так ужо і даўно думаў зусім інакш. Ваданосаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ссо́хнуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; пр. ссохся, ссохлася, зак.
1. Высыхаючы, стаць меншым, пакарабаціцца. [Чаравікі] Міхасіку завялікія, ссохліся, зморшчыліся, хоць тата і пашмараваў іх салам, змешаным з сажай. Каліна. Пасля ўбачыў [Андрэй], як у яго ссохліся кірзавыя боты. .. Ён пакратаў нагамі — боты загрукалі, як капыты: былі цвёрдыя. Пташнікаў. // перан. Разм. Пахудзець (пра чалавека). Сюды, пад ліпу, прыходзілі часам і дзяўчаты, адбіўшыся ад сябровак .. Адна, Наста, хадзіла аж два гады, ссохлася ўся, перасцярогу забыла. Мікуліч.
2. Высыхаючы, стаць цвёрдым, зацвярдзець. Гліна ссохлася.
3. Стаць шурпатым, сасмягнуць (пра губы). Губы ссохліся.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
стог, ‑а, м.
1. Вялікая капа сена, саломы. Вось збяром мы травы Сонечнымі днямі І лугі заставім Свежымі стагамі. Астрэйка. На .. [сенажаці] там-сям стаялі ўжо стагі, густа былі раскіданы копы і ляжала яшчэ не згрэбенае, але ўжо парыжэлае сена. Чарнышэвіч. Нібыта шлем зялёны волата, За рэчкай адзінокі стог. Смагаровіч. [Косцік] зрабіў пару ў стозе сена на Белай градзе і там начуе. Баранавых.
2. Разм. Тое, што і стос (у 2 знач.). Стог бліноў стаяў пасярод стала, як асэсар. Бядуля.
•••
Як іголка ў стозе сена гл. іголка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
талко́вы, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. Разумны, кемлівы; дзелавіты. [Апейка:] — Актывістаў арганізуй, каб памаглі. Падбяры групу талковых, сумленных, пагавары шчыра. Мележ. І калгасныя справы .. [Васіль] павёў так, што хутка стаў вядомы як здольны, талковы рахункавод. Васілевіч. — Канечне, — гаварыў дзед Нічыпар, — старшынёй трэба выбраць чалавека пісьменнага, талковага. П. Ткачоў. // Змястоўны, разумны, дзелавы. Талковы даклад. □ [Тарасевіч:] — А як трэба нашай прамысловасці разумная, удумлівая парада вучонага-эканаміста, талковая рэкамендацыя. Арабей.
2. Ясны, зразумелы, пераканаўчы (пра думкі, словы і пад.). Звычайна паліцэйскія былі альбо п’янчугі, альбо людзі тупыя, не здольныя вымавіць ніводнага талковага слова. Новікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ураджа́йны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да ўраджаю. Ураджайныя ведамасці.
2. Які характарызуецца багатым ураджаем. Быў той год ураджайным, як ніколі. Жыты ў полі стаялі сцяной. Лынькоў. Сподам сцелецца ягаднік — яркія пацеркі суніц і сіваватыя, асабліва ўраджайныя сёлета, чарніцы. Брыль. // перан. Разм. Багаты на што‑н. 1958 і 1959 гады былі ўраджайныя на першыя паэтычныя зборнікі і ў пераважнай большасці добрыя. Лужанін. На паэмы пасляваенны час, можна сказаць, быў у нашай літаратуры ўраджайны. Лойка.
3. Які вызначаецца высокай ураджайнасцю. Ураджайны сорт пшаніцы. Ураджайная культура.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
флаты́лія, ‑і, ж.
1. Злучэнне ваенных суднаў, прызначаных для дзеянняў на рэках, азёрах, у прыбярэжнай паласе мора. Рачная флатылія.
2. Атрад караблёў спецыяльнага прызначэння. Кітабойная флатылія. // Вялікая колькасць суднаў. За імі [першымі чоўнамі] адразу накіравалася цэлая флатылія, не менш дваццаці чоўнаў: гэта былі тыя хлопцы і дзяўчаты, якім карцела паглядзець, як будзе адбывацца ўся дзея. Дубоўка. / у перан. ужыв. Як плыты, гоніць вецер цяжкія хмары на поўдзень, і ахоплены роздумам аб лёсе народа пецярбургскі студэнт хоча плысці з флатыліяй хмар у родную Беларусь вестуном буры. У. Калеснік.
[Фр. flottille, іт. flottiglia.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
характэ́рны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адметныя, рэзка выяўленыя, своеасаблівыя рысы. Толькі ад вагранак і электраплавільнай печы далятала характэрнае патрэскванне ды прыглушана гула вентыляцыя. Карпаў. Пан быў вельмі абураны, задрыжаў яго характэрны падбародак. Бядуля.
2. Уласцівы пэўнай асобе, прадмету, з’яве. Характэрнаю рысаю стылю [Бядулі] з’яўляецца спалучэнне бытавізму з паэтычнасцю. Адамовіч. Трэба было ўнесці ў гэтую справу тую наладжанасць, тую празрыстую яснасць, якія былі характэрны для любой справы, за якую б ні браліся бальшавікі. Лынькоў.
3. У мастацтве — уласцівы пэўнаму народу, эпосе, грамадскаму асяроддзю. Характэрныя танцы. Характэрныя ролі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хлам, ‑у, м., зб.
Непатрэбныя старыя рэчы. На базары мне добра былі вядомы сцежкі да будак, дзе на століках, сярод рознай старызны і хламу, ляжалі і перакупленыя ў некага кнігі. Скрыган. Толькі [дзед Іван] паспеў замаскіраваць патайнік розным хламам і вярнуцца ў хату, як уварваліся фашысты. Зуб. // перан. Разм. Што‑н. нікчэмнае, агіднае. — Хлопцы, хлам — з дарогі! Я еду... — Чаркашын аж дрыжаў, як перагрэты матор у машыне. На хату выбеглі Вярбіцкі ў цюбецеечцы і Калясень, узялі Акцызніка за рукі, за ногі і павалаклі да дзвярэй — на вуліцу. Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цяплі́цца, цепліцца; незак.
1. Слаба, невялікім полымем гарэць. У гушчары на невялікай палянцы цепліцца з сухога галля касцёр. Няхай. // Слаба свяціцца. У акне Аўдзеевай хаты цепліўся слабы агеньчык лямпы, дзверы былі зачынены. Дуброўскі.
2. перан. Быць, мецца, праяўляцца ў малой, нязначнай ступені (пра жыццё, надзею, пачуццё і пад.). І толькі па стогну .. можна было меркаваць, што ў распластаным целе цепліцца яшчэ жыццё. Якімовіч. І радасць цепліцца ў сэрцы, Што гэтым незабыўным днём Нам шчасце выпала сустрэцца З узнятым сцягам над Крамлём. Танк.
3. Зал. да цяпліць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
штурмавы́, ‑ая, ‑ое.
Які мае адносіны да штурму (у 1 знач.), з’яўляецца штурмам. Вораг не вытрымаў штурмавой атакі. «Маладосць». Старэйшыя браты ўжо ад’язджалі На Днепрабуд, Магнітку і Кузбас. Лісты іх пра паходы штурмавыя Спакойна не давалі нам заснуць. Панчанка. // Звязаны з падрыхтоўкай і правядзеннем штурму, прызначаны для штурму; які складаецца з штурмавікоў (у 2 знач.). Былі такія хвіліны, што Мікіта Бранавец сам ішоў уперадзе штурмавых груп. Кулакоўскі. Зрэшты, і мы называемся грозна — першы разлік штурмавога кулямётнага ўзвода. Брыль. // Прызначаны для штурму з паветра. Штурмавая авіяцыя.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)