самарда́к, ‑а, м.

Разм.

1. Груб. Удар па твары. Даць самардака.

2. Хвароба ў роце, пры якой баляць сківіцы. Самардак у роце — есці нельга.

3. Пануры, упарты, маўклівы чалавек. Глядзіць спадылба, як той самардак.

4. Упартасць, маўклівасць. Трэба самардака выгнаць з яго.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

світа́льны, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які мае адносіны да світання, які адбываецца ў час світання, на золку. На ўсходзе ярка разгаралася світальная зара. Якімовіч. У пакой залятаў світальны вецярок, настоены на халаднаватай цішыні, на ліповым цвеце, па чыстай і глыбокай сіні неба. Вышынскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сезо́ннасць, ‑і, ж.

Магчымасць ажыццяўлення чаго‑н. у пэўны сезон года; дастасаванасць да пэўнага сезона. Сезоннасць сельскагаспадарчых работ. // перан. Дастасаванасць да пэўнага моманту. Аднак разуменне сучаснага тады-сяды падмяняецца сезоннасцю, працай па прывычных схемах, у якія ўкладаюцца якасна новыя праявы жыцця. Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

се́кста, ‑ы, ДМ ‑сце, ж.

Шостая ступень ад дадзенай у дыятанічнай гаме. // Інтэрвал між дадзенай ступенню і шостай ад яе ў дыятанічнай гаме. Амаль палова запісаў зборніка па дыяпазону мелодыі не перавышае сексты, але аўтар дае ўзоры і больш складаных песень. «Полымя».

[Ад лац. sexta — шостая.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сі́верны, ‑ая, ‑ае.

Разм. Паўночны (пра вецер); халодны з рэзкім пранізлівым ветрам (пра пагоду). На дварэ за вугламі па-воўчы скавытаў халодны сіверны вецер. Нікановіч. Пазней.. [Аляксей] бачыў сіверную, віхурную зіму пад Сталінградам у новай танкавай брыгадзе, якая яшчэ не была ў баях. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скасава́цца, ‑суюся, ‑суешся, ‑суецца; зак.

1. Быць адмененым, ліквідавацца. Дрыжыць нездарма ён [бог]: заўзята Да бога бяда ўжо сунецца — Па скарачэнню штатаў Пасада яго скасуецца. Макаль.

2. Абл. Збянтэжыцца, разгубіцца. Лабановіч стараўся не скасавацца перад Саханюком і паказаць сваю школу з найлепшага боку. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ско́бля, ‑і, ж.

Прылада ў выглядзе нажа з ручкамі па канцах для стругання начарна або здзірання кары з бярвення; струг. Каля стальмашні чалавек дзесяць цесляроў акорвалі скоблямі слупы для электралініі. Паслядовіч. [Настаўнік:] — Што гэта ў цябе, хлопчык? [Міхаська:] — А гэта скобля, жэрдзе скабліць. Скрыпка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

со́слепу, прысл.

Па слепаце; нічога не бачачы. Гэта ж ён [Базылькевіч] сослепу прывітаўся са сваім белым канём, назваўшы яго імем любімай жанчыны. Лужанін. Ну, часам здараецца з чалавекам, што ён як сослепу не туды падасца. Але ж потым ён, агледзіцца і вернецца назад. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спандэ́й, ‑я, м.

Двухскладовая стапа (у антычным вершаскладанні — з двух доўгіх складоў, у сілаба-танічным — з двух націскных складоў). Усё часцей і часцей у працах па паэтыцы пачалі ўжывацца паняцці пірыхій і спандэй, якія выяўлялі недастатковасць метрычных націскаў у двухскладовых памерах. «Полымя».

[Грэч. spondeios.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

страка́ціць, ‑качу, ‑каціш, ‑каціць; незак., што.

1. Рабіць стракатым, надаваць стракаты выгляд. Скрозь лісце бярозы, пад якой сядзела Зоя, прасочвалася мяккае святло і стракаціла зямлю, лаўку, Зоіны рукі, сукенку. Пальчэўскі.

2. перан. Устаўляючы, уводзячы што‑н. у вялікай колькасці, рабіць неаднародным па саставу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)