ка́рцэр, ‑а, м.

Цёмнае і цеснае памяшканне для часовага адзіночнага зняволення (у турмах, канцлагерах і інш.). Было страшна, калі білі, калі ў пакаранне па цэлых сутках трымалі без яды, калі саджалі ў карцэр — сыры цёмны склеп, дзе вяліся пацукі і кажаны... Васілевіч.

[Ад лац. carcer — турма.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дэмабілізава́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад дэмабілізаваць.

2. у знач. наз. дэмабілізава́ны, ‑ага, м. Той, хто звольнен з арміі па дэмабілізацыі. Што ні дзень, што ні гадзіна — радасць: вяртаюцца дахаты дэмабілізаваныя. Пальчэўскі. Эшалон з дэмабілізаванымі ішоў з Берліна на ўсход. Шуцько.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

жа́рнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Разм. Аднакр. да жарыць (у 2 знач.); ударыць вялікай сілай. Сержант пасля некаторай размовы жарнуў вартаўніку прыкладам карабінкі па галаве. Нікановіч. // Пачацца знянацку, з вялікай сілай. [Дождж] так горача жарнуў — Здалося, ссыпаюць пшаніцу ў ток з мяхоў велізарных. Панчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

забракава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак., каго-што.

Прызнаць непрыгодным, недабраякасным. Забракаваць праект. □ Патраўка была нецікавая. Госць і гаспадар пабоўталі трохі лыжкамі і забракавалі яе. Колас. — Ну, а калі ў армію не возьмуць? — Як гэта не возьмуць? — здзівіўся Сцяпан. — Ну, забракуюць. Па здароўю. Дадзіёмаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

завушні́ца, ‑ы, ж.

Упрыгожанне, звычайна ў выглядзе кальца, якое прымацоўваецца да мочкі вуха. Па вуліцы бегае стараста Адам, тоўсты каржакаваты мужык з залатою завушніцаю ў правым вуху. Якімовіч. У кабінет Пятра Іванавіча, ззяючы завушніцамі, каралямі і бранзалетамі, увайшла высокая пышная бландзінка. Арабей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мура́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

Невялікае насякомае атрада перапончатакрылых, якое жыве вялікімі калоніямі. Мурашкі заклапочана і мітусліва снавалі ўзад і ўперад. Ставер.

•••

Мурашкі забегалі (бегаюць, пабеглі, пайшлі) па спіне (скуры, целе) — аб адчуванні дрыжыкаў ад страху, жудасці і пад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

надме́рны, ‑ая, ‑ае.

Які перавышае меру, вельмі вялікі па велічыні, памерах, сіле і пад. Надмерны цяжар. Надмерная праца. Надмернае захапленне. □ Гэтыя радкі не бяруць на сябе смеласць даць жыццёвы ці творчы партрэт пісьменніка. Гэта было б надмернай задачай для асобных занатовак. Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нама́рыцца, ‑ма́руся, ‑ма́рышся, ‑ма́рыцца; зак.

Разм. Уволю, многа пама́рыць.

намары́цца, ‑мару́ся, ‑мо́рышся, ‑мо́рыцца; зак.

Разм. Моцна стаміцца, змарыцца. — Больш я цябе не пушчу з хаты, — гаварыла .. [маці] ужо сама сабе. — Днём нацягаецца па тым лесе, наморыцца і ноччу не спіць... Дзіця яшчэ... Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

настаўле́нне, ‑я, н.

1. Павучанне, настойлівая парада. Бацькоўскае настаўленне. □ — Не лезь ты са сваімі настаўленнямі, — агрызнуўся, але без злосці Ваўчок. Хадкевіч. // Парада, якая што‑н. растлумачвае. Вася Захараўна дае апошнія настаўленні, як абыходзіцца з дзіцем. Сабаленка.

2. Інструкцыя. Настаўленне па вайсковай справе.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

недалёчка, прысл.

Разм.

1. Зусім блізка; побач. Ужо цямнела, як прыселі.. [дзед і Міколка] адпачыць у лесе, недалёчка ад чыгункі. Лынькоў.

2. у знач. вык. Аб нязначнай адлегласці да каго‑, чаго‑н. А ігруша — вось яна, недалёчка зусім, толькі прабегчы трохі па сцежцы да гумна. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)