ке́пікі, ‑аў; адз. няма.
Разм. Насміханне, кпіны. Шмат было і такіх, для каго гэты кубак кавы і лустачка хлеба былі адзіным падмацаваннем. З такіх звычайна кпілі панскія і купецкія дзеці. Пра гэтыя іх кепікі найбольш балюча і злосна думаў Данік. Брыль.
•••
Строіць кепікі гл. строіць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кра́нец, ‑нца, м.
1. Прыстасаванне з дрэва, гумы і інш., якое замацоўваецца на борце судна для засцярогі яго ад удараў пры падыходзе к прыстані або другому судну.
2. толькі мн. (кра́нцы, ‑аў). Месца паблізу палубнай гарматы (шафа, скрынка або асобная рама) для захоўвання снарадаў.
[Ад гал. krans.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ку́длы, ‑аў; адз. няма.
Разм. Пасмы валасоў, поўсці ў жывёлы, звычайна скалмачаныя. Поп зараз прычасаў кудлы, апрануў расу, крыж начапіў на шыю ды паехаў. Якімовіч. / Пра клубы пылу, дыму, жмуты саломы, моху і пад. За акном праляталі неспакойныя, ірваныя кудлы дыму з паравоза. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
індзе́йцы, ‑аў; адз. індзеец, ‑дзейца, м.; індыянка 1, ‑і, ДМ ‑нцы; мн. індыянкі, ‑нак; ж.
Агульная назва карэнных плямён і народнасцей (за выключэннем эскімосаў і алеутаў), якія да паяўлення еўрапейцаў насялялі амерыканскі мацярык і захаваліся цяпер толькі ў некаторых раёнах Паўднёвай і Паўночнай Амерыкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дры́жыкі, ‑аў; адз. няма.
Частае сутаргавае ўздрыгванне цела (ад холаду, нервовага узбуджэння і пад.). У дрыжыкі кідае. □ [Цётцы Мальвіне] было так страшна, аж да дрыжыкаў у каленках, і разам з тым весела. Навуменка. Вада хлюпала ў ботах, непрыемныя дрыжыкі прабягалі па целе. Шчарбатаў.
•••
Дрыжыкі прадаваць гл. прадаваць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мо́длы, ‑аў.
Уст. Малітва. Маліўся дзядзька з тым разлікам, Каб кончыць модлы каля дома. Колас. Часамі .. [дзед] проста выдумляў свае ўласныя модлы, у якіх ад царкоўна-славянскай мовы не заставалася і знаку. Лужанін. // Моцная просьба, маленне. Зямля беларуская, сонечны край, Начуй нашы модлы любві! Глебка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мятла́, ‑ы; мн. мётлы, ‑аў, ж.
Пучок звязаных галінак без лісцяў, звычайна насаджаных на палку, які служыць для падмятання. Дворнік адвярнуўся і пачаў заўзята шоргаць мятлою па тратуары. Якімовіч.
•••
Гнаць мятлою гл. гнаць.
Пад мятлу — начыста, без астатку.
Сядзець як мыш пад мятлою гл. сядзець.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нарука́ўнікі, ‑аў; адз. нарукаўнік, ‑а, м.
1. Чахлы, якія надзяваюцца зверху рукавоў пінжака, сукенкі і пад. для аховы ад пылу, гразі і інш. Надзець нарукаўнікі. □ Абцягваючы на хаду свае нарукаўнікі, у пакой забег бухгалтар Крык. Васілёнак.
2. Уст. Манжэты, якія прышываліся да рукавоў сукенкі, кофты.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нелюдзі́м, ‑а, м.
1. Нелюдзімы чалавек. [Паходня:] — Грыняк — чысцейшай душы чалавек, хоць і здаецца нелюдзімам. Хадкевіч.
2. пераважна мн. (нелюдзі́мы, ‑аў). Вылюдкі, звяры; ворагі. Хай дзесьці точаць зубы нелюдзімы На мірны свет пагрозаю вайны, Вітай, народ вялікае Радзімы, Дзень міру, дружбы, працы і вясны! Звонак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
парэ́нчы, ‑аў; адз. парэнча, ‑ы, ж.
Тое, што і поручні. Я часцяком адзін прыходзіў на гэты масток, абапіраўся на жалезныя парэнчы і глядзеў у бездань. Сабаленка. Ганя сагнулася, потым прыўзнялася і пабачыла снапок кмену з пераспелым цёмна-медным насеннем, прывязаны да парэнчы балкона. Грамовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)