Сяўрэ́каць ’гаварыць злосна’ (КСТ), сеўрэ́каць ’тс’ (ТС). Відаць, экспрэсіўнае ўтварэнне ад сеўкаць, сяўкаць (гл.) па тыпу шаўкаць, шаўрыкаць, гл. Параўн., аднак, польск. siewrać ’гаварыць мовай злодзеяў’ (Каня, Słownik), аргат. siwrać ’гаварыць’, якое параўноўваецца з рус. аргат. се́врить ’разумець’, што выводзіцца з новагрэч. (e)skeurō (Варш. сл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трубёлка ‘трубка, скрутак’ (сен., Бел. дыял. 1). Да труба1, трубель (гл.); аналагічныя па паходжанні і фармальна блізкія в.-луж. trubjalka ‘трубачка, дудачка; сцябло’, гл. Шустэр-Шэўц, 1535; славац. trúbeľka ‘сфарміраваная ў форме трубкі’, гл. Кралік, 630; харв. trubèljika, славен. trobelíka ‘расліна Cicuta virosa’ (гл. Сной₂, 785).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Туно́к, мн. л. тунцы́ ‘глінянкі, грузілы на ніз сеткі’ (Ласт.). Відаць, праз польск. tunka ‘бочка’ (з ням. Tonne ‘тс’, Брукнер, 584) па форме дэталі, якая напамінае бочачку, або вытворнае ад ням. tunken ‘мачаць, акунаць’, магчыма, праз ідыш, гл. tunken ‘тс’, tun ‘бочка’ (Астравух, Ідыш-бел. сл., 808).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

І́сціць ’выконваць’, ’аддаваць узятую ці пазычаную колькасць’, ’задавальняць’, ’рабіць па чыстаму сумленню’ (Нас.), і́сціцца ’здзяйсняцца’ (Нас., Яруш.), ’выплачваць свой доўг’ (Нас.), ст.-бел. истити ’забяспечваць, выплачваць’ (1492 г.) запазычана са ст.-польск. iścić (Булыка, Лекс. запазыч., 78). Адносна семантыкі і словаўтварэння польскага слова гл. Слаўскі, 1, 471.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

кішэ́нь і кішэ́ня, ‑і, ж.

1. Частка адзення (штаноў, паліто, пінжака) у форме прышытага або ўшытага мяшочка для дробных рэчаў і грошай. Бакавая кішэнь. Нагрудная кішэнь. □ Кавалёва задумалася, дастала з кішэні паліто некалькі зярнят грэчкі і, разглядаючы, перагортвала іх на далоні. Дуброўскі.

2. перан. Разм. Дабрабыт, багацце, грошы. Проста дзіва, як «клапоцяцца» рускія міністры аб кішэні [паноў] фабрыкантаў! Ленін. Буш быў сам не свой: яго кішэні пагражала сур’ёзная небяспека. Маўр.

3. Асобнае аддзяленне ў партфелі, чамадане і пад.

4. Спец. Пра паглыбленне, выемку ў чым‑н. Кішэнь раны. Кішэнь тоўстай кішкі.

•••

Біць па кішэні гл. біць.

Вецер гуляе ў кішэні гл. вецер.

За словам (па слова) у кішэнь не лазіць гл. лазіць.

Класці (сабе) у кішэню гл. класці.

Набіць кішэнь гл. набіць.

Не па кішэні каму — занадта дорага для каго‑н.

Пустыя кішэні ў каго — пра беднага чалавека.

Тоўстыя кішэні ў каго — пра багатага чалавека.

Трэсці (калаціць) кішэні гл. трэсці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

конь, каня́; мн. ко́ні (з ліч. 2, 3, 4 кані́), ‑ей; м.

1. Буйная свойская аднакапытная жывёліна, якая выкарыстоўваецца для перавозкі людзей і грузаў, а таксама для верхавой язды. Запрагаць каня. Верхавы конь. Ехаць на кані. // Пакладаны самец гэтай жывёліны.

2. Шахматная фігура з галавой каня. Хадзіць канём.

3. Абабіты скурай брус на чатырох ножках для гімнастычных практыкаванняў. Практыкаванні на кані.

•••

Арабскі конь — адна з лепшых парод верхавых коней.

Быў конь, ды з’ездзіўся — тое, што і была кабылка, ды з’ездзілася (гл. кабылка).

На кані і пад канём — у самых разнастайных, прыемных і непрыемных сітуацыях (быць, пабываць і пад.).

Ні па кані, ні па аглоблях — не так, як хацелася (выйшла, атрымалася і пад.).

Па конях! — кавалерыйская каманда для пасадкі на коней.

Траянскі конь — ашуканства, падманныя дзеянні (са старажытнагрэчаскага падання аб узяцці Троі з дапамогай вялікага драўлянага каня, у сярэдзіне якога былі схаваны воіны).

Ход канём гл. ход.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сезо́н, ‑а, м.

1. Адна з чатырох пор года. Летні сезон. □ Што ні кажы, на дварэ трыццаць градусаў, а касцюм у хлопца яўна не па сезону. Беразняк. Як ніткі — тоненькія бровы, і кудзерцы — бялюткі лён. Пашые дзяўчына абновы На ўсю вясну, на ўвесь сезон. Пысін.

2. Частка года, найбольш прыдатная для якіх‑н. работ, адпачынку і пад. Будаўнічы сезон. Купальны сезон. □ Ці ж гэта жарт — бесперабойна працаваць увесь сезон, захаваць у спраўнасці ўсе машыны і ўвосень на іх даваць па дзве — дзве з палавінай нормы. Хадкевіч. На Чорным моры ў верасні сама што сезон. Васілёнак. Кожны з тэатраў рэспублікі за сезон ужо ставіць па некалькі арыгінальных твораў. «Полымя». Дачакаліся мы паляўнічага сезона палявання на птушак. Ведаеце, рукі самі так і цягнуцца да стрэльбы. Грамовіч. // Час выспявання якіх‑н. пладоў і пад. Вінаградны сезон.

•••

Бархатны сезон — асеннія месяцы (верасень, кастрычнік) на поўдні.

Мёртвы сезон — перыяд застою ў прамысловасць гандлі (у капіталістычных краінах).

[Фр. saison.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дро́бны, ‑ая, ‑ае.

1. Невялікі па аб’ёму, велічыні. Дробнае каменне. Дробныя яблыкі. Разбіць на дробныя кускі. □ Ён нагатаваў дробных паленцаў, збіраючыся раскладаць агонь на прыпеку. Колас. Як чырвоныя пацеркі, рассыпаліся .. [суніцы] між дробных лісцікаў ягадніку на мяккім моху. Якімовіч. // Малога веку; малалетні. Не спіць гэтаксама і Марыля са сваімі дробнымі дзеткамі, прыслухоўваецца. Нікановіч. // Невялікі па колькасці. Разбіцца на дробныя групы.

2. Невялікай, нязначнай вартасці. Дробныя грошы.

3. Які складаецца з малых аднародных частачак. Дробны пясок. □ Пачынаў церусіць дробны дожджык. Гартны. Кудлатыя нізкія хмары бясконцаю кудзеляю рассцілаліся па небе, сеючы халодным дажджом і дробным градам. Колас. // Кароткі, з частым паўтарэннем аднолькавых кароткіх элементаў. Дробныя крокі. □ Ззаду па дарозе пачуўся дробны стукат колаў. Краўчанка. На гнуткіх дошках Колька адбіў дробную чачотку. Грахоўскі.

4. Шчуплы, нешырокай косці; маларослы. Лабановічу кінулася ў вочы, што людзі, з якімі ён тут сустракаўся, былі дробныя, худыя, замораныя. Колас.

5. З малымі матэрыяльнымі магчымасцямі; эканамічна слабы. Дробная буржуазія. Дробны ўласнік. Дробныя прадпрыемствы. □ Тым часам з-за ўзгорка выплыў хутарок, сядзіба дробнага арандатара. Колас. // Які рэалізуецца ў малых маштабах, звязаны з малакаштоўнымі рэчамі. Дробны гандаль.

6. Які займае невысокае грамадскае або службовае становішча. Дробны чыноўнік. Дробная шляхта. □ Гэта — вагон трэцяга класа, напоўнены дробным людам, салдатамі, сялянамі. Мікуліч.

7. Нязначны; неістотны. Дробныя справы. Дробныя крыўды. □ Тым часам па ўсёй гэтай мясцовасці не спыняліся то дробныя баявыя сутычкі, то рух машын. Чорны. // перан. Пазбаўлены ўнутранай значнасці; нікчэмны. Смяльчак не зробіць шкоды. На гэта здольна толькі дробная парода, — Мышыная душа. Корбан. Хто ўваходзіць у дачыненні з дробнымі людзьмі, сам не з буйных або неўзабаве здрабнее сэрцам. Лужанін.

•••

Рассыпацца дробным макам гл. рассыпацца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скрэ́бці, скрабу, скрабеш, скрабе; скрабём, скрабяце; пр. скроб, скрэбла; незак., каго-што.

1. і без дап. Праводзіць па паверхні чым‑н. вострым, цвёрдым, зачэпліваючы ці робячы драпіны. А бедны воўк, вадой падцяты, Скрабе па лёдзе кіпцюрамі. Колас. Блізка мыш скрабе па сценцы, Кот цікуе на паленцы. Бядуля. На гумовых ботах, па халявах, скроб сухі верас, абсыпаны, абдзёрты калёсамі. Пташнікаў.

2. Здзіраць, счышчаць чым‑н. вострым тонкі слой з якой‑н. паверхні. Не спіцца. І нават не творыцца. І сам я не рады сабе. Аж чую: на досвітку дворніца Дарогу ля дома скрабе... А. Вольскі. Антанюк узброіўся нажом, закасаў рукавы пінжака і скроб абсмаленую тушу, цёр мокрай саломай. Шамякін. // З сілай церці, чысціць. Ягор найбольш завіхаўся ля коней, мыў іх, скроб або карміў. Навуменка. Дзяўчынкі да жаўцізны скрэблі падлогу, здымалі павуцінне, праціралі сцены, мылі вокны. Курто.

3. Чысціць, абчышчаць (маладую гародніну, рыбу і пад.). Спроб .. [Яўтух] ножыкам бульбіну ды моўчкі хаваў сваю добрую ўсмешку ў сівых вусах. Бялевіч. Бялявы хлапчук на парозе, як дома, ваюючы з кошкай, скрабе шчупака. Вялюгін.

4. і без дап. Чухаць (якія‑н. часткі цела). [Цымбал] уздыхае, скрабе ў барадзе і, відаць, пра нешта хоча загаварыць. Скрыган. [Жонка:] Што ты там бурчыш пад нос? Скрабеш каля вуха? Купала.

5. перан. Непакоіць, трывожыць, хваляваць (пра думку, пачуццё і пад.). Яго душыў смутак і скрэбла злосць. Чорны. [Бацька:] — Вершы зусім недзіцячыя, а такія, што і старога скрабуць па сэрцы... Таўлай.

6. Дробна, тонка стругаць што‑н.; здрабняць. У зале лёкаі скрэблі васковыя свечкі на дубовыя цагліны падлогі. Дзеці потым, танцуючы, разнясуць усё нагамі. Караткевіч.

•••

На сэрцы (на душы) кошкі скрабуць гл. кошка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шчо́дры, ‑ая, ‑ае.

1. Які ахвотна дзеліцца з другімі грашыма, маёмасцю; не скупы. Вера адразу прыкінула ў галаве, што яе пакупніца шчодрая жанчына і, выпіўшы, папрасіла яшчэ шклянку. Пальчэўскі. Мне гэты цуд без слоў гаворыць: Які ён шчодры, мой народ, Калі сябрам ад сэрца дорыць Не толькі дом — і сонца ўсход! Лось. // перан.; на што. Які лёгка, з ахвотай аддае, раздае што‑н., надзяляе чым‑н. Напэўна, па гэтай прычыне.. [К. Чорны] быў шчодры на пахвалу. Мележ. — Наш старшыня шчодры на пачастункі, госця так не выпусціць з хаты... Хадкевіч. Праўда, .. [Таня] і дагэтуль не вельмі шчодрая была на пісьмы. Гроднеў. // перан. Добры на натуры, па характару. Шчодрая душа. Шчодрае сэрца.

2. Вялікі па памерах, вялікі, значны па каштоўнасці. Закрасуе ў нашым полі Ураджай багаты І парадуе калгас наш Шчодраю аплатай. Журба. А ён [грыбнік] збірае, хітры чараўнік, З лясной аблогі шчодрую даніну. Грачанікаў. — Шырэй вароты, добры гаспадар! Упершыню натруджаныя рукі За мазалі свае — Прымаюць шчодры дар. А. Александровіч. Гэты шчодры слоўнікавы матэрыял дасканала выкарыстоўваецца пісьменнікам для стварэння адпаведных вобразаў. Шакун.

3. Багаты (пра прыроду, жыццё і пад.). Дружны, ураджайны, Проста небывала Шчодры выпаў год! Корбан. Непаўторная гэта пара Песню самую шчырую просіць, Ураджай па калгасных дварах Наша шчодрая восень развозіць. І. Калеснік. У сонечны дзянёк харошы Плады зняў з яблынь гаспадар, Прынёс у хату поўны кошык — Ад шчодрых яблынь першы дар. Непачаловіч. // Бурны, моцны, інтэнсіўны ў сваім дзеянні, выяўленні. Трэба было б ганіць яшчэ пана, але не пашэнціла яму на гэтую ўцеху: сканаў заўчасна ад шчодрага бою дужых рамеснікаў. Шынклер. Гарачай парай дыхала зямля, нядаўна напоеная шчодрым дажджом. Шамякін.

•••

Шчодрай рукой — не шкадуючы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)