сустрэ́ча, ‑ы, ж.
1. Спатканне з кім‑, чым‑н. пры руху з розных бакоў. І Вышамірскі і Мішка аслупянелі ад такой нечаканай сустрэчы. Бядуля. Сумеўся, бо часта ўспамінаў [Юра] выпадковую сустрэчу ля купкі меднастволых соснаў. Карпаў. // Сход, сумеснае знаходжанне дзе‑н. для абгаварэння чаго‑н. або ў сувязі з прыездам, прыходам каго‑н. Сустрэча кандыдатаў у дэпутаты з выбаршчыкамі. □ Кожны год праводзяцца сустрэчы партызан з былымі кіраўнікамі партызанскага руху на Беларусі або з роднымі і блізкімі герояў-землякоў. Кулакоўскі. Пасля прыязнай таварыскай гутаркі ў рабочым клубе мы пайшлі на сустрэчу з гданьскімі пісьменнікамі. Пестрак. // Спартыўнае спаборніцтва. Таварыскія сустрэчы па хакею. □ [Вадзім:] — Шкада, што цябе не было на сустрэчы. Паглядзеў бы, як я два мячы забіў, пад самую перакладзіну. Асіпенка. Абвясціў свісток суддзі, Што канец сустрэчы. Гілевіч. // Паядынак, бітва. На месцы .. сустрэчы з ворагам бушаваў лясны пажар. Колас.
2. Спатканне, часцей умоўленае, дзвюх або некалькіх асоб. Назначылі час сустрэчы [дзед Талаш і Папас] і разышліся. Колас. Паўлік ішоў павольна, бо дома яго чакала таксама сустрэча не з радасных. Краўчанка. Наступная сустрэча адбылася праз тыдзень, на .. кватэры [Наташы]. Шчарбатаў.
3. Падрыхтаваны прыём каго‑, чаго‑н.; урачыстасць з прычыны надыходу, прыбыцця каго‑, чаго‑н. У канцы пералічваліся абавязкі, якія бярэ на сябе атрад, рыхтуючыся да свята і сустрэчы дарагіх гасцей. Якімовіч.
•••
Да сустрэчы — да спаткання.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сэнс, ‑у, м.
1. Унутраны лагічны змест, які спасцігаецца розумам; значэнне. Сэнс артыкула. Ужыць слова ў пераносным сэнсе. □ Спахапіўшыся, паспрабавала [Марыя] змякчыць тон, перайначыць сэнс сказанага. Кулакоўскі. Як вучоны і разведчык, Андрэй прымушаў сябе разгадваць сэнс кожнай падзеі, нават самай звычайнай. Шамякін.
2. Разумная аснова, прызначэнне, мэта. Са мной маё жыццё, са мной ідзе, І так праз век ад самае калыскі. І ў гэтым руху — сэнс майго жыцця, Майго натхнення і майго быцця. Бялевіч. [Собіч:]. — А найбольш гэта патрэбна, каб вы [Валянціна Андрэеўна] самі ўявілі сэнс сва[ёй] работы: кожны ваш запіс абавязкова адгукнецца на вытворчасці. Скрыган. // Карысць, толк. Чакаць не было сэнсу: набліжалася ноч, а ісці аставалася яшчэ вельмі многа. Новікаў. [Алесь] разважаў коратка і пераканаўча: які сэнс ад гэтага адзіноцтва і каму яно патрэбна? Васілевіч. Людзі стаялі сабе і глядзелі або мітусіліся без сэнсу. Маўр.
•••
У поўным сэнсе слова — сапраўдны. Гэты [певень] быў маладзец у поўным сэнсе гэтага слова — плечы і крыл[ы] яго адлівалі золатам, .. на нагах красаваліся шпоры. Крапіва.
У сэнсе чаго або у якім сэнсе — у якіх‑н. адносінах. Шмат каму з чырвонаармейцаў, якія трапілі ў акружэнне .., пашанцавала ў тым сэнсе, што іх захавала, як родных, беларуская вёска. Брыль.
У сэнсе каго-чаго — разумеючы пэўным чынам. Ясна, што Скарына быў «садоўнікам» у сэнсе вучонага спецыяліста, садавода-батаніка і, магчыма, займаў пасаду кіраўніка або загадчыка каралеўскага батанічнага сада. Алексютовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
я́ма, ‑ы, ж.
1. Прыроднае або выкапанае паглыбленне ў зямлі. Глыбокая яма. Засыпаць яму зямлёй. □ Дзяўчаты і жанчыны капалі ямы, хлопцы ставілі слупы. Шамякін. Мікола ехаў асцярожна, старанна абмінаючы ямы. Краўчанка. // перан. Упадзіна, паглыбленне ў чым‑н., на чым‑н. Гэты твар.. з ямамі на шчоках.., з глыбокімі рысамі маршчын, — ні ў чым не нагадваў Міхаіла Ганарджыя. Самуйлёнак.
2. Спецыяльна абсталяванае, паглыбленае месца або памяшканне для складвання, захоўвання чаго‑н., размяшчэння чаго‑н. Памыйная яма. Хаваць бульбу ў яме. Вугальная яма на судне. Аркестравая яма. // Магіла, дол. Стары і Сцяпан пачалі спускаць на вяроўках труну ў яму. Мележ.
3. перан. Месца, у якім цяжка і непрыемна жыць, дзе творацца брудныя справы, плятуцца інтрыгі і пад. — Ці ж толькі свету, што ў аконцы? Або так міла тут бясконца? І там мы будзем жыць таксама; Няма ўжо горшай, як тут, яма. Колас. — Будзем мы прыязджаць к вам часта, .. каб выцягнуць вашу вёску з тае ямы, з якой яна цяпер свету не бачыць. Чорны.
•••
Воўчая яма — а) глыбокая яма з прыманкай для лоўлі ваўкоў; б) у ваеннай справе — штучная перашкода ў выглядзе глыбокай ямы супраць непрыяцеля, які ідзе ў атаку.
Паветраная яма — участак у паветры з інакшым тэмпературным асяроддзем, дзе лятальны апарат рэзка зніжаецца, правальваецца.
Капаць яму гл. капаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
гной, гною, м.
1. Перапрэлая сумесь памёту свойскай жывёлы і подсцілу, якая служыць для ўгнаення глебы. Конскі гной. Вывозіць гной на палі.
2. Непрыемная на пах вадкасць жоўтага або шэрага колеру, якая ўтвараецца ў тканках арганізма пры запаленні іх. Перасаліў .. [кухар] страву, і князь.. ударыў яго два разы поўху, што і цяпер яшчэ ў благое надвор’е з вуха гной цячэ. Гарэцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
гу́шкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.
1. Рытмічна калыхаць, гайдаць з аднаго боку ў другі або зверху ўніз. Ганна, якая пачапіла ўжо калыску на сук, гушкала малую. Мележ. [Ксаня] ўсё гушкала малое, аднастайна пеючы ціхую калыханку. Лынькоў.
2. Падкідаць каго‑н. на руках, выражаючы любоў, захапленне і пад. Дзеда Тодара ссадзілі са сцэны. Гушкалі, крычалі: «Брава!.. Давай, дзеду, барыню!..» Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дазо́р, ‑у, м.
1. Абход для агляду, разведкі. Камсамольская ячэйка дзве начы засаб хадзіла ў сакрэтныя дазоры, але нікога злавіць не ўдалося. Пальчэўскі.
2. Невялікая група людзей, караблёў, самалётаў, якая высылаецца для аховы і разведкі; патруль. Раптам наперадзе, дзе ішоў пярэдні дазор, прагучэла аўтаматная чарга і некалькі стрэлаў. Мележ. Трэба было дзейнічаць асцярожна, каб не натрапіць на варожы дазор або вартавых. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
байко́т, ‑у, М ‑коце, м.
Спосаб палітычнай і эканамічнай барацьбы, калі цалкам або часткова спыняюцца адносіны з якой‑н. асобай, арганізацыяй ці дзяржавай. Байкот, гэта — не лінія тактыкі, а асобы сродак барацьбы, прыгодны пры асобых умовах. Ленін. // Разм. Спыненне адносін з кім‑н. у знак незадавальнення чыімі‑н. паводзінамі. [Іваненка:] — Ты ведаеш, Рыгор Паўлавіч, што койдзіцкія дзяўчаты абвясцілі байкот трактарыстам? Хадкевіч.
[Ад уласн. імя.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бланк, ‑а, м.
Ліст паперы з друкаваным загалоўкам установы, прадпрыемства або з часткова надрукаваным тэкстам, астатняя частка якога запаўняецца пры неабходнасці. Бланк міністэрства. Тэлеграфны бланк. // Кніжачка з часткова надрукаваным тэкстам, якая прызначаецца для афіцыйнага дакумента. Яшчэ ўвосень 1941 года Мікалай і Марат на пажарышчы ў раёне Камароўкі выпадкова знайшлі пад кучай попелу цэлы стус уцалелых нейкім цудам ад агню бланкаў савецкіх пашпартоў. Пятніцкі.
[Фр. blanc — белы.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
гайда́, выкл. у знач. вык.
Разм. Ужываецца як загад або заклік ісці куды‑н.: пойдзем, ідзі(це). — Можна было б пабыць тут і болей, каб не экзамены, — сказаў Лабановіч. — Гайда, хлопцы, у дарогу! Колас. // Ужываецца для абазначэння хуткага руху, дзеяння: паспяшаўся, паехаў, пайшоў і пад. Аканом пабачыў, што [з сялянамі] ні аб чым не дагаворышся, сеў на каня ды гайда да маёнтка. Чарот.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
галу́н 1, ‑у, м.
Падвойная сернакіслая соль алюмінію, марганцу і інш. (у крышталічнай форме скарыстоўваецца ў тэхніцы, а таксама для спынення крыві пры парэзах).
галу́н 2, ‑а і ‑у, м.
1. ‑у. Залатая, сярэбраная або мішурная тасьма, якая нашываецца на форменнае адзенне. Нашыць палоскі з галуну.
2. ‑а. Нашыўка з гэтай тасьмы. На сонцы зброя залаціцца, і ззяе шоўк і галуны. Машара.
[Фр. galon.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)