сарамя́жлівы, ‑ая, ‑ае.
Які саромеецца, бянтэжыцца; нясмелы. — Эх, вы: сарамяжлівая дзяўчына! — прамовіў Сухавараў крыху зняважліва. Колас. Сарамяжлівы і як бы нечым заклапочаны, хлапчук схаваўся за матчыну спіну. Сачанка. // Які выяўляе збянтэжанасць, хваляванне, нясмеласць. Чутны сарамяжлівы голас: — І чаго вы, дзядзька Сілівон, упікаеце нас [хлопцаў] дарэмна. Лынькоў. Вусны.. [Міхася] кранула сарамяжлівая ўсмешка. Аношкін. // Поўны хвалявання, збянтэжанасці. Сарамяжлівая радасць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сплаўны́, ‑ая, ‑ое.
Які мае адносіны да сплаву 2. У сплаўны сезон .. [бацька] наймаўся ў лясных купцоў прыказчыкам. Бядуля. // Які дастаўляецца сплавам; такі, што сплаўляюць. Сплаўны лес. □ [Людзей] правялі .. да берага ракі, устаўленага штабялямі дроў, сплаўнога бярвення. Лынькоў. // Прыгодны для сплаву; прызначаны для яго. Сплаўная рэчка. □ Мінаваўшы яшчэ адну сплаўную прыстань, мы выплылі на шырокі плёс. Карамазаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
танке́тка 1, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Лёгкая баявая гусенічная браніраваная машына, узброеная кулямётам. Гусеніцы танкеткі ўміналі зямлю, раўнавалі магілу. Лынькоў.
танке́тка 2, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
1. Суцэльная падэшва, якая патаўшчаецца ад наска да пяткі.
2. толькі мн. (танке́ткі, ‑так). Лёгкі жаночы абутак па такой падэшве.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ука́зчык, ‑а, м.
Той, хто ўказвае другім, што і як трэба рабіць. — Зараз жа забірайце коней! — сказаў [стражнік] са злосцю ў голасе. — Не маеце права тут пасвіць!.. [Бежанец:] — А што ты, чалавеча, за ўказчык нам? Якімовіч. [Бабуля:] — Ах, Канстанцін Сцяпанавіч .. Не ўказчык я вам і не нарадчык, але чую я сваім розумам: навошта вам гэтая служба? Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цяг 1, ‑у, м. (рэдка).
Бег, рух. Хай бягуць няспынным цягам Дні і ночы, нашы сны. Іверс.
•••
Адным цягам — заложна, без перадышкі, адным намаганнем.
Даць цягу гл. даць.
З цягам часу — праз некаторы час; за пэўны час.
цяг 2, ‑а, м.
Тое, што і цяж. Ціха дзынкнулі правады. Чалавек зачапіўся, відаць, за цягі блакіроўкі. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шту́рман, ‑а, м.
1. Спецыяліст па ваджэнню ваенных надводных ці падводных караблёў і лятальных апаратаў. Штурман! Строга вытрымай кільватэр! Збочыш — міны ўдараць па бартах. Жычка. Маторы загулі на ўсю сваю моц, і самалёт рэзка пайшоў угору. Аб нечым перагаварваліся лётчык і штурман. Лынькоў.
2. У гандлёвым флоце — спецыяліст па ваджэнню судна і адначасова памочнік капітана.
[Гал. stuurman.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зні́зіцца, зніжуся, знізішся, знізіцца; зак.
1. Спусціцца ніжэй, апусціцца ўніз. Васька глядзіць на сонца, якое знізілася над далёкаю вёскай. Лынькоў. Бусел зрабіў некалькі кругоў над балотам, знізіўся і сеў. Дуброўскі. // перан. Паставіць сябе ў нізкае становішча; унізіцца. Некалькі разоў ён хацеў было спытаць парады ў Візэнера, але гонар не дазволіў яму знізіцца да гэтага. Шамякін.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Стаць ніжэйшым, малым (пра ступень, велічыню, інтэнсіўнасць чаго‑н.); зменшыцца. Тэмпература знізілася. Цэны знізіліся. Сабекошт прадукцыі знізіўся. □ Па .. тоне мы зразумелі, што інтарэс дзяўчат да нашых асоб неяк адразу знізіўся. Лынькоў. // Стаць ніжэйшым па якасці або значнасці, важнасці. Аўтарытэт знізіўся. // Стаць ніжэйшым па тону, па гучанню (пра голас, гук і пад.). Вольчын голас раптам, нібы ад спалоху, знізіўся. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ве́ка, ‑а, н.
1. Верхняя частка скрынкі, пасудзіны, якой закрываюць гэту скрынку, пасудзіну; накрыўка. Века куфра, кубла. □ Алеся засмяялася і пайшла да скрыні, што стаяла паміж ложкам і грубкай, падняла века. Шамякін. Мёрзлыя камякі зямлі глуха падалі на сасновыя векі дамавін. Лынькоў.
2. Тое, што і павека. Векі самі зліпаліся, галава, як не свая, хілілася ўніз. Шахавец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дыску́сія, ‑і, ж.
Свабоднае публічнае абмеркаванне якога‑н. спрэчнага пытання. Распачаць дыскусію. Уступаць у дыскусію. □ Былі спрэчкі і дыспуты, былі ваяўнічыя выступленні ў шматлікіх дыскусіях, на канферэнцыях, сходах. Звонак. // перан. Разм. Спрэчка некалькіх субяседнікаў па якіх‑н. прыватных пытаннях. Не так ужо і кепска жыць на свеце, як гэта здавалася яму ў часе нуднай дыскусіі з жонкай. Лынькоў.
[Ад лац. discussio — даследаванне, абмеркаванне.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ёлка, ‑і, ДМ ёлцы; Р мн. ёлак; ж.
1. Тое, што і елка. Пад ёлкамі шарэлі штодня і ніклі апошнія лапікі снегу. Лынькоў.
2. Елка, ссечаная і ўпрыгожаная к святу Новага года. Навагодняя ёлка. □ Каля ёлкі карагоды, Песні, гутарка жывая... Колас. // Пра дзіцячае навагодняе свята з песнямі, танцамі вакол упрыгожанай ёлкі. Пайсці ў школу на ёлку.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)