засло́на, ‑ы, ж.
1. Тое, што прыкрывае, засланяе сабой што‑н. Дажджавая заслона схавала ўсе горы, толькі бліжэйшыя скалы невыразна чарнеюцца. Маўр.
2. Шырокае палотнішча (часта з дзвюх палавін), якое закрывае сцэну ад глядзельнай залы. На сцэне, за заслонай, ішла дзейсная падрыхтоўка да канцэрта. Чарнышэвіч.
•••
Агнявая заслона — паласа артылерыйскага або мінамётнага агню, якая служыць перашкодай для руху праціўніка.
Дымавая заслона — штучна ўтвораныя воблакі дыму або туману як спосаб маскіроўкі.
Прыўзняць заслону гл. прыўзняць.
Упала (спала) заслона — стала зразумелым, вядомым тое, што было тайным, скрытым.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
заспе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак., каго-што.
1. Прыбыўшы, паспець убачыць, знайсці каго‑, што‑н. на месцы. Заспець поезд на станцыі. □ Як я ні спяшаўся, цёткі Агапы на вуліцы ўжо не заспеў. Сачанка. Грай не дайшоў да хаты, чырвонаармеец заспеў яго ля самага ганка. Мікуліч.
2. Застаць, захапіць дзе‑н., у якім‑н. стане, за якім‑н. заняткам. Ноч заспела падарожнікаў у лесе. □ Алесь і Маеўскі сустрэліся позіркамі і апусцілі вочы, нібы кожны заспеў другога ў не зусім належным месцы, але цудоўна разумее, чаму ён тут. Караткевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
за́яц, зайца, м.
1. Невялікі звярок атрада грызуноў, з доўгімі заднімі нагамі, доўгімі вушамі і кароткім хвастом. Заяц-бяляк. Заяц-русак. □ Па густым зарасніку, як вецер, праімчаўся спуджаны некім касавокі заяц. Якімовіч. // Футра гэтага звярка. // Мяса зайца як ежа; заячына.
2. Разм. Пра безбілетнага пасажыра. З запіскаю ад Баўдзея пайшоў Лабановіч на Новы Свет.. шукаць таго спрытнага обер-кандуктара, што жыў на грошы ад правозу безбілетных пасажыраў, або «зайцаў», як іх там называлі. Колас.
•••
Забіць двух зайцаў гл. забіць.
Пагнацца за двума зайцамі гл. пагнацца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зблі́зіць, збліжу, зблізіш, зблізіць; зак., каго-што.
1. Перамясціць на больш блізкую адлегласць, наблізіць адно да другога. Зблізіць канцы дроту. Зблізіць электроды. // Устанавіць больш цесную сувязь, узаемадзеянне паміж чым‑н. Зблізіць навуку і вытворчасць.
2. Стварыць блізкія (сяброўскія, інтымныя і пад.) адносіны паміж кім‑н. Тое, што Ірын бацька ведаў наш раён, што ён там праводзіў калектывізацыю і што ён расказваў мне пра гэта за чаем, неяк адразу зблізіла мяне з гэтым суровым на выгляд чалавекам. Сабаленка. [Каморнік] першы раз сказаў .. [Ганне] «ты», і гэта канчаткова зблізіла іх. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
звя́зка, ‑і, ДМ ‑зцы, ж.
1. Дзеянне паводле дзеясл. звязваць — звязаць (у 2 знач.).
2. Некалькі аднародных прадметаў, звязаных разам. Звязка ключоў. Звязка кніг. Звязка гранат. // Група альпіністаў, якія ідуць адзін за адным, звязаўшыся вяроўкай.
3. Сухажылле, якое змацоўвае часткі шкілета або асобныя органы цела. Расцяжэнне звязак. Мышачныя звязкі.
4. Частка суджэння, якая злучае суб’ект з прэдыкатам. Адмоўная звязка.
5. Дапаможны дзеяслоў, які з’яўляецца часткай састаўнога выказніка. Дзеяслоў-звязка «быць».
•••
Галасавыя звязкі — дзве эластычныя складкі на ўнутранай паверхні сценак гартані, якія служаць для ўтварэння гуку.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
марга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Міжвольна падымаць і апускаць павекі. Мікіта Уласавіч стаяў збоку і толькі часта-часта маргаў.., нібы ў вочы яму трапіла нейкая парушына. Шуцько. Юрка маўчаў, толькі неяк жаласліва маргаў вачыма. Кулакоўскі.
2. Падаваць знак каму‑н. рухам павек, падморгваць. Пан Забжэцкі маргаў [дзецям] з-за стала, ківаў, пагражаў, маўляў: «Я вам пакажу!» Сабаленка.
3. перан. Тое, што і міргаць (у 2 знач.). Лямпачка маргае. Газоўка маргае.
4. перан. Разм. Упускаць зручны момант; зяваць. Лета год корміць: нельга марнавацца, маргаць. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ме́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
1. Штучны або радзімы знак, які адрознівае прадметы або істоты ад іншых падобных прадметаў, істот. [Ляснік] спыніўся каля тоўстай лістоўніцы, паглядзеў нумар. — Вось гэтую будзеце спілоўваць, рабіце метку. Пальчэўскі. На месячным графіку крывая ўпарта не хацела паўзці за трывожную сінюю метку пяцідзесяці працэнтаў. Шыцік.
2. След, які астаўся пасля чаго‑н. У падпаветцы не было парадку, валяліся карчы, якіх жаночыя рукі не маглі рассекчы, на іх было шмат метак ад сякеры. Гурскі.
3. Дзеянне паводле знач. дзеясл. меціць 2.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
добраахво́тны, ‑ая, ‑ае.
1. Які робіцца па ўласнаму жаданню, па сваёй воля, без прымусу. Добраахвотная згода. Добраахвотная справа. □ Лукаш, зразумела, праходзіўся па дварах, збіраў статак і браў добраахвотныя падаткі. Колас. Варакса даглядала курэй. Гэта была яе добраахвотная праца, бо была Варакса па-за сваімі рабочымі гадамі. Баранавых. // Які прыняў на сябе якія‑н. абавязкі па ўласнаму жаданню, без прымусу. [Маша] была не толькі лепшай аперацыйнай сястрой, але і яго [Яраша] добраахвотным сакратаром. Шамякін.
2. Заснаваны на прынцыпе самадзейнасці мас. Добраахвотная народная дружына. Добраахвотнае спартыўнае таварыства. Добраахвотная пажарная ахова.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ду́жы, ‑ая, ‑ае; дуж, дужа.
1. Значнай фізічнай сілы; здаровы, вынослівы. Першы сусед, які прыйшоў пабачыцца з .. [Антосем], быў Яўхім Мядзведзь, дужы, здаравенны мужчына, заядлы паляўнічы. Чарнышэвіч. Спадабалася і сама гаспадыня, гэткая працавітая калгасніца, дзябёлая, дужая. Шамякін. Узяўся за гуж, не кажы, што не дуж. Прыказка. / Пра часткі цела. Юркавы рукі былі нязвыкла дужыя і па-мужчынску ўпэўненыя. Карпаў.
2. Разм. Вялікі, значны па ступені праяўлення, велічыні. Дужы вецер. Дужы мароз. □ Хвалі дужыя падпёрлі Лёд цяжкі. На дне ракі Тлустыя самы замёрзлі, Спяць пра лета шчупакі... Панчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
канцэ́рт, ‑а, М ‑рце, м.
1. Публічнае выкананне інструментальных, вакальных музычных твораў, а таксама харэаграфічных, дэкламацыйных і інш. нумароў па пэўнай праграме. Сімфанічны канцэрт. Канцэрт мастацкай самадзейнасці. Эстрадны канцэрт. □ Крысціна не магла не быць у трывозе за тое, што яе няма вось на гэтым канцэрце, што яна не слухае, як спявае яе малодшая сястра. Кавалёў.
2. Буйны музычны твор для аднаго інструмента ў суправаджэнні аркестра. Канцэрт для фартэп’яна з аркестрам. Скрыпічны канцэрт.
•••
Кашэчы канцэрт — а) пра завыванне катоў; б) пра бязладныя спевы, музыку і інш.
[Фр. concert.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)