уто́ркнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., што.
Уткнуць, усадзіць што‑н. вострае, тонкае ў глыб або ўнутр чаго‑н. Андрэй спыніўся, узяў жмут вільготнай травы, абцёр касу, уторкнуў востры канец касільна ў зямлю. Дуброўскі. // Уставіць, палажыць што‑н. Трэнер панюхаў букецік, а потым, не падымаючыся з канапы, уторкнуў яго ў вузенькую.. вазу, што стаяла на падаконніку. Хомчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
фае́, нескл., н.
Памяшканне ў тэатры, кіно, канцэртным зале і пад., прызначанае для адпачынку гледачоў ці слухачоў у час перапынку або да пачатку канцэрта, спектакля. Тэатр гарадскі да здачы быў гатоў. Усё ў будынку прыгажосцю захапляла: І сцэна, і фае, і зала. Корбан. Сеанс пачынаўся праз мінуту, і .. [Сярдзюк] амаль подбегам, з адчуваннем палёгкі падаўся ў фае. Карпаў.
[Фр. foyer — ачаг.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цвярдзе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.
1. Станавіцца цвёрдым, больш цвёрдым (у 2–7 знач.). З поўначы цягнула сухім холадам, зямля прыкметна пачала цвярдзець. Хомчанка.
2. перан. Станавіцца непахісным, мужным, вынослівым. Мы помнім, як трубы трубілі трывогу, як сэрцы ад болю цвярдзелі, што камень. Броўка. Звычайна пасіўная, нават кволая, .. [маці] непахісна цвярдзела, калі што датычылася дзяцей або яе асабіста. Карпаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чалядзі́н, ‑а, м.
Гіст.
1. Дваровы чалавек, слуга ў панскім доме. І ўсе дваровыя людзі або чалядзіны і чалядзінкі, як называлі іх паны, і людзі навакольных вёсак і сёлаў разам з Язэпкавымі бацькамі належалі пану, рабілі на пана, дзень і ноч мусілі помніць пра свайго пана. Якімовіч.
2. Той, хто належыць да чэлядзі (у 1 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чорнагало́вік, ‑а, м.
1. Шматгадовая травяністая расліна сямейства губакветных. На купінах рос чорнагаловік і асака самага горшага гатунку. Крапіва.
2. Разм. Пра таго, хто мае цёмныя або чорныя валасы. Вось важаты першага звяна Лёня Ваўчок, энергічны, жвавы чорнагаловік. Краўчанка.
3. Разм. Разнавіднасць баравіка з цёмнай, чорнай шапкай. Тут — баравікі-прыгажуны, пераважна чорнагаловікі, і растуць яны сем’ямі. Навуменка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чыно́ўны, ‑ая, ‑ае.
Уст.
1. Які мае які‑н. чын або служыць на дзяржаўнай службе. У нашым пасёлку жылі пенсіянеры-чыгуначнікі і іншы чыноўны люд, выгнаны імперыялістычнай вайной з заходніх раёнаў і іншых далёкіх мясцін. Навуменка.
2. Які мае адносіны да чыноўніка (у 1 знач.). Да 1905 года легальны друк у Расіі цалкам залежаў ад чыноўнай бюракратыі. «Полымя».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чэ́пчык, ‑а, м.
Памянш.-ласк. да чапец (у 1 знач.). // Лёгкі дзіцячы або жаночы галаўны ўбор у выглядзе каптура. // Пра лёгкі жаночы галаўны ўбор без палёў. [Маша] падняла свае тонкія рукі, каб паправіць бялюткі чэпчык на высокай дзівосна залатой кукле валасоў. Шамякін. — Дзяўчынка, мне «асобай», — падаў грошы [Ягор Лявонавіч] маладзенькай прадаўшчыцы з залатымі кудзеркамі, што выбіліся з-пад беленькага чэпчыка. Аношкін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шві́ва, ‑а, н.
Разм. Тое, што шыецца або пашыта. Маці таксама дрэмле на другім крэсле са швівам у руках. Якімовіч. Сядзе [Верка] за стол ля акна ад вуліцы пад ходзікамі, пакладзе швіва ля сябе цэлую гару, круціць за ручку ў машыне, аж, здаецца, рука ў яе не свая — як толькі спраўляецца падгінаць швы, — і пачынае пець. Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шкала́, ‑ы, ж.
1. Лінейка або табліца з дзяленнямі ў розных прыборах. Музыка абарвалася, і збянтэжаны Валерый пачаў ганяць стрэлку па асветленай шкале прыёмніка. Стаховіч. Я зазірнула на шкалу [тэрмометра], чорная стрэлка ўпарта трымалася на трэцім дзяленні. Савіцкі.
2. Сістэма лікаў, пераменных велічынь ва ўзыходным і сыходным парадку, прынятых для вымярэння, вызначэння, ацэнкі і пад. Шкала тэмпературы. Шкала заработнай платы.
[Ад лац. scala — лесвіца.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шкі́рка, ‑і, ж.
У выразе: за шкірку — а) за частку адзення, якая прылягае да шыі; за каўнер. [Сак:] — Што зраблю?.. Па шыі, во што зраблю. Або за шкірку і вон з хаты. Не падужаю, думаеш? Ермаловіч; б) за заднюю частку шыі, за загрывак. Напуджаныя авечкі адна за адной, — быццам іх за шкірку хто выкідае з хлеўчука, — на двор павыскоквалі. Грамовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)