павыкрэ́сліваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Выкрасліць у многіх месцах, выкрасліць усё або ўсіх, многіх. Павыкрэсліваць радкі з вершаў. Павыкрэсліваць удзельнікаў са спісаў. □ Войцік прачытаў [твор] і, нібы сам сабе, заўважыў, што для пачатку атрымалася нядрэнна, толькі стыль шурпаты. Але калі пачаў правіць «стыль», дык столькі павыкрэсліваў і дадаў, што не пакінуў некранутым амаль ні аднаго радка. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

павылята́ць, ‑ае; ‑аем, ‑аеце, ‑аюць; зак.

Вылецець — пра ўсіх, многіх або пра ўсё, многае. Павыляталі са сваіх начных схованак авадні, сляпні, мухі — закружыліся, зазвінелі ў паветры. Сачанка. Конь як ашалеў — зноў стаў на дыбкі, пасля стукнуў у хамут — мы ледзь не павыляталі з воза. Дамашэвіч. Два акадэмічныя корпусы былі разбіты ўшчэнт. Ва ўсіх астатніх павыляталі вокны. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падво́р’е, ‑я, н.

1. Падворак. Кузня ўжо была замкнёная, вакол на падвор’і валяліся старыя колы, бараны, кавалкі ржавага жалеза. Марціновіч.

2. Заезны двор.

3. Уст. Дом, які належыць загараднаму манастыру або архірэю. [Дзяўчына:] — Я не магу, я хачу на Дняпро... у Ліпецк, у Кіеў, на манастырскае падвор’е, дзе заўсёды спыняецца маці, і дзе грэцкія арэхі падаюць з дрэў!.. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паўз, прыназ. з В.

Спалучэнне з прыназоўнікам «паўз» выражае прасторавыя адносіны; ужываецца пры назвах месц, прадметаў, уздоўж якіх або непадалёку ад якіх што‑н. размяшчаецца ці рухаецца. Некалькі разоў удзень перагонамі ішоў дождж, і мокрыя аўсы гнуліся да зямлі паўз гасцінец. Чорны. Паўз чыгунку цягнуўся лес. Гаўрылкін. Наш маршрут ляжаў паўз Оршу. Гроднеў. Паўз нас паплавамі ляжала сенажаць. Скрыган.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паўзніма́цца і паўздыма́цца, ‑аецца; ‑аемся, ‑аецеся, ‑аюцца; зак.

Узняцца — пра ўсіх, многіх або пра ўсё, многае. З-пад шынялёў, з-пад коўдраў павысоўваліся, паўзнімаліся галовы. Чорны. Шмат у нас гарадоў, Шмат яшчэ паўзнімецца — Толькі ў кожным пажыць Мне па году жадаецца. Броўка. А далей з-пад лісцяў тонкіх Паўзнімаліся зялёнкі, І застылі ў новых шапках Падасінавікі, бабкі. Бачыла.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паўстава́ць 1, ‑стае; ‑стаём, ‑стаяце, ‑ставіць; зак.

Устаць — пра ўсіх, многіх або пра ўсё, многае. Фільм канчаўся, і пакрысе аціхала музыка. Паўставалі, застукалі крэсламі людзі. Вышынскі. Высахла папараць, паўставала з зямлі, прычасалася; цяпер яна зусім маладая, бы і не мерла, а толькі змяніла свой колер за зіму. Пташнікаў.

паўстава́ць 2, ‑стаю, ‑стаеш, ‑стае.

Незак. да паўстаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перама́цаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Памацаць, абмацаць з якой‑н. мэтай усіх, многіх або ўсё, многае. Перамацаць усе кішэні. □ [Паліцэйскія] усё ператрусілі, перамацалі ў чамаданах і скрынях, у ложках і шафах. М. Ткачоў. [Дзед:] — Усё тут сваімі рукамі перамацаў. Можна прывязваць не толькі кароў, але і мядзведзяў. Паслядовіч. Перагледзела ўсё [Аня], перамацала рукамі, — нідзе не знайшла. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перапаро́ць, ‑пару, ‑пораш, ‑пора; зак.

1. што. Распароць усё, многае. Перапароць усе швы.

2. каго-што. Пакалоць чым‑н. вострым усё, многае або ўсіх, многіх.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.), каго. Разм. Перабадаць.

4. што. Разм. Абшукаць усё, усюды. Перапароць увесь двор. □ [Аляксей:] — Ты, брат, не помніш, дзе што кладзеш!.. — Я перапароў усю страху — не знайшоў. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пераплы́сці і пераплы́ць, ‑плыву, ‑плывеш, ‑плыве; ‑плывём, ‑плывяце; пр. пераплыў, ‑плыла, ‑ло; зак., што, цераз што і без дап.

Пераадолець водную прастору ўплаў або плывучы на чым‑н. Пераплысці раку на лодцы. Пераплысці на другі бераг. □ Доўга Гэлька змагалася з бурлівымі хвалямі, стараючыся пераплысці вір... Чарот. Разведчык .. ледзь-ледзь пераплыў цераз Нёман на раненым кані. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падшы́ць, ‑шыю, ‑шыеш, ‑шые; зак., што.

1. Прышыць спадыспаду. Падшыць каўнерык да гімнасцёркі. Падшыць падкладку. // Прышыць падэшву або падносак да абутку. Падшыць валёнак.

2. Прышыць што‑н. падагнутае, падкасанае. Падшыць калошы штаноў.

3. Паклаўшы разам і ў пэўным парадку, змацаваць чым‑н.; далучыць да чаго‑н., змацоўваючы. Падшыць газеты за год. Падшыць даведку ў асабістую справу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)