стэры́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, у якім або на якім шляхам стэрылізацыі знішчаны мікраарганізмы. Стэрыльны бінт. Стэрыльны шпрыц. □ На другім паверсе, у асобным пакоі, сястра памагла .. [Ярашу] надзець стэрыльны халат, шапачку, павязку і палатняныя бахілы вышэй калень. Шамякін.

2. Які стаў бясплодным у выніку стэрылізацыі (у 2 знач.).

[Лац. sterilis.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трыва́ласць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць трывалага. Трываласць тканіны. Трываласць ведаў. Трываласць драўніны. □ Слаўся, горды розум чалавечы — Праваднік нязведаных дарог: На свае разгойданыя плечы Ты прыняў трываласць перамог. Гаўрусёў. [Камісар брыгады] ішоў і здзіўляўся сіле і трываласці жанчын. За іх ён баяўся з самага пачатку марша. Шамякін.

2. Устойлівасць, надзейнасць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

турбі́на, ‑ы, ж.

Рухавік, які ператварае кінетычную энергію вады, пары, газу ў механічную работу. Газавая турбіна. Паравая турбіна. □ Неяк нечакана змоўкла вёска, не чуваць было ні галасоў, ні шуму машын, толькі на рэчцы глуха грукала турбіна і шумела вада. Шамякін. Стары ўспомніў дзень, калі турбіна загула. Вялюгін.

[Фр. turbine.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фартэ́ль, ‑ю, м.

Разм. Тое, што і фортэль. Можа праз гэтыя свае думкі я сёння такі фартэль выкінула, што зараз самой трохі сорамна і смешна. Шамякін. Грыгоніс і Ільінскі заўсёды знаходзілі яркія тыповыя дэталі, умелі выкінуць на сцэне вясёлы фартэль, чым выклікалі ў гледача бурнае захапленне. Рамановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чарцёжны, ‑ая, ‑ае.

1. Прызначаны для чарчэння. Чарцёжны стол. Чарцёжная лінейка. □ Юрку трэба было яшчэ купіць гатавальню, чарцёжную дошку, лагарыфмічную лінейку. Карпаў.

2. у знач. наз. чарцёжная, ‑ай, ж. Памяшканне, спецыяльна абсталяванае для чарчэння; майстэрня, дзе робяць чарцяжы. Хлопцы праводзілі ў чарцёжнай па дванаццаць гадзін. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

акрамя́, прыназ. з Р.

1. Апрача, за выключэннем каго‑, чаго‑н., не лічачы каго‑, чаго‑н. У пакоі нікога не было, акрамя старой. Самуйлёнак. Ёсць пахвалы, якія для разумнага чалавека горш за разгром, бо ён адчувае, што аб яго працы больш нічога нельга сказаць, акрамя агульных слоў — «добра», «варта ўвагі», «крок наперад», «уклад у навуку, літаратуру». Шамякін.

2. Больш каго‑, чаго‑н., у дадатак да каго‑, чаго‑н. Акрамя «зайцавага хлеба» ў бацькавай скрынцы бывае шмат якіх цікавых рэчаў. Лынькоў.

•••

Акрамя таго (у знач. пабочн.) — да таго ж. Акрамя таго, .. [вучням] хацелася адчуваць сябе незалежнымі і сталымі, і яны не заўважылі, як зноў ператварыліся ў свавольных і смяшлівых дзяцей. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адвака́т, ‑а, М ‑каце, м.

Юрыст, які абараняе абвінавачанага на судзе, вядзе чыю‑н. справу. [Марыся:] — Хутка будзе суд, а пан Крукоўскі падкупіў адвакатаў, якія будуць абараняць Рыгора. Бажко. // Аб тым, хто заступаецца за каго‑н. — Пакінь Лазавенка! Я не люблю адвакатаў, — нахмурыўся, Ладыпіп і сярдзіта адышоў убок. Шамякін.

[Лац. advocatus — заступнік.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адвячо́рак, ‑рка, м.

Перадвячэрні час. Сінім снежным адвячоркам Грыбок хадзіў ад акна да акна па сяле, загадваў ісці .. на сход. Мележ. Заходзіла сонца, але ўжо на самым захадзе яно сцьмела, і адвячорак спахмурнеў. Чорны. Быў ранні адвячорак. Яшчэ недзе прыветліва свяціла сонца. А пакой ужо напоўніўся змрокам. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адно́йчы, прысл.

Аднаго разу. І вось аднойчы вечарам.. [бацька] выняў з футляра сваю скрыпку. Брыль. Аднойчы я адпачываў на Каўказе, у Хосце. Скрыган. [Маці:] — Я за гэты хвойнік так аднойчы палаялася з Амелькам, што ён і цяпер баіцца сустракацца са мной. Шамякін. // Адзін раз. Дачка адыходзіла цвёрда, аднойчы зірнула назад. Дубоўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адча́йны, ‑ая, ‑ае.

1. Поўны адчаю, адчайнасці; роспачны. — Мама! — даляцеў адчайны дзіцячы крык, перамешаны з плачам. Васілевіч. Паплылі думкі, сумныя, адчайныя, нейкія недарэчныя. Гамолка.

2. Рашучы, адважны, безразважны; небяспечны, рызыкоўны, дзёрзкі. [Пятра] апанавала неразумная адчайная адвага. Шамякін. Адчайная думка застраміла кухару мазгі, і ён паманіў князёвага ката выстаўленымі пальцамі. Гарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)