Та́бу ’быццам бы, як бы’: ад зямлі та́бу адсы́рвае (мазыр., ГЧ). Кандэнсацыя выразу так бы ’як бы’ ці *то бы (гл. то, бы) з дыялектным пераходам ыу ў фіналі.

Табу́ ’забарона’, ’забарона на пэўнае слова, дзеянне, прадмет’ (ТСБМ, Некр. і Байк.). Праз рус. табу́ ’тс’ з англ. taboo, tabu ’табу, забарона’, што, у сваю чаргу, запазычана з палінэзійскіх моў, дзе tapu ’свяшчэнны, недатыкальны’ літаральна азначае ’асаблівым чынам адзначаны’ і складаецца з дзвюх частак ta ’адзначыць’ і pu ’надта, надзвычай’ (ЕСУМ, 5, 500).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Таўпа́ ’натоўп, тлум’ (Нас., Ласт., Некр. і Байк., Бяльк., Федар. 4, Растарг.), талпа́ ’натоўп’ (Ян.), ст.-бел. толпа ’тс’ (канец XV ст., КГС). Параўн. укр. товпа́ ’тс’, рус. толпа́ ’тс’, стараж.-рус. тълпа ’тс’, чэш., славац. tlupa ’натоўп, тлум’ (з рускай, гл. Махэк₂, 646), балг. тълпа ’натоўп’, макед. толпа ’тс’. Прасл. *tъlpa або *tьlpa, аддзеяслоўны назоўнік ад tъlpiti (гл. тоўпіць), роднасны літ. talpà ’ёмістасць, аб’ём’, лат. talpa ’памяшканне’, ст.-інд. tálpuḥ ’ложа, сядзенне’, talpã ’тс’ (Фасмер, 4, 74; ЕСУМ, 5, 588).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трыбу́на ‘ўзвышэнне для выступлення прамоўцы’, ‘месца, дзе праходзіць грамадская дзейнасць каго-небудзь’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), ‘месца для выступоўца’ (Вруб.), трібу́на ‘тс’ (Бяльк.). Праз рускую ці польскую мовы запазычана з франц. tribune ці італ. tribuna, якое з с.-лац. tribuna ‘трон епіскапа’, а апошняе — з лац. tribūnal ‘вышэйшае, узнятае месца для абвяшчэння прамоў’, ‘трыбуна суддзі, правадыра’ < tribūnus ‘начальнік гарадскога квартала, які ў Старажытным Рыме называўся tribus ‘чыноўнік, народны трыбун’ (Чарных, 2, 262; Голуб-Ліер, 489; SWO, 1980, 779; ЕСУМ, 5, 634).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ту́лава, ту́лува, ту́лаў ‘цела чалавека або жывёліны без галавы і канечнасцей’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Гарэц., Бяльк., Шат., Касп., Сл. ПЗБ), ту́лавішча (туловище) ‘тс’ (Сержп. Грам.), туло́вішче ‘тс’ (Вруб.), памянш. ту́лаўца ‘тс’ (Нар. Гом.). Адпаведна ту́лава (стараж.-рус. тулово) і ту́лаў (якое, відаць, з польск. tułów ‘тс’) з’яўляюцца субстантывізаванымі формамі прыметніка *tulovъ м. р., *tulovo н. р. (Борысь, 654). Вытворнае ту́лавішча ‘тулава’ (Брасл. сл.; Сл. ПЗБ), хутчэй за ўсё, пад уплывам рус. ту́ловище ‘тс’; адаптаванае туло́вішче ‘тс’ (Вруб.) — праз укр. туло́віще ‘тс’?

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Туля́ка ‘бадзяга, валацуга’ (Нас., Некр. і Байк., Янк. 3.), ‘палахлівец’ (Ф. Янкоўскі), ст.-бел. тулакъ ‘бадзяга’ (ГСБМ). Параўн. польск. tułák ‘тс’ (з чэш., Басай-Сяткоўскі, Słownik, 401), дыял. tulak ‘балван, дурань’, в.-луж. tulak ‘праныра’, чэш. tulak ‘бадзяга, валацуга’. Відаць, незалежныя ўтварэнні ад *tulati sę, гл. туляга, туляцца, акрамя старабеларускага, якое, хутчэй за ўсё, праз польскую мову з чэшскай. Варыянтнасць канца слова адлюстроўвае сінанімію суфіксаў у беларускай мове, што датычыць назоўнікаў агульнага роду на ‑яка і ‑яга, гл. Сцяцко, Афікс, наз., 176–179.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ту́ндра ‘паўднёвая зона Арктыкі з бязлессем, вечнай мерзлатой’ (ТСБМ, Некр. і Байк.). Праз рус. ту́ндра з фін. tunturi ‘высокая бязлесная гара’ ці з саам. кольск. tundar, tuoddar ‘гара’, саам., нарв. duoddâr ‘шырокая лысая гара’ (Каліма, Ostseefm., 227–228). Пасля засялення рускімі Сібіры слова пачало ўжывацца і ў адносінах да раўнінных земляў, параўн. зах.-тунг. dundra ‘зямля’, эвен. dunre̥ ‘тайга’, дундрэ ‘зямля, грунт, магіла’ альбо манс. tunrä, якуц. tūndara ‘бязлесная прастора’ (Фасмер, 4, 120–121; Голуб-Ліер, 493; Арол, 4, 117; Анікін, 576).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ты́гель ‘пасудзіна з вогнетрывалага матэрыялу для плаўкі, варкі, нагрэву розных матэрыялаў’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), ты́гель, ты́глік ‘гаршчок для плаўкі металаў’ (Ласт.), тыге́лік, тыде́лёк ‘тыгель (патэльня)’ (Сл. Брэсц.), тыгелёк ‘каструля’ (беласт., Сл. ПЗБ). З польск. tygiel, tyglik, tygielek, tegiel, якія з с.-в.-ням. tigel, tëgel ‘гаршчок, слоік’ (Махэк₂, 663; Брукнер, 567), нова-в.-ням. Tiegel ‘нізкі гаршчок, патэльня’, апошняе ўзыходзіць да італ. старога teglia ‘патэльня’ < позналац. tēganum < ст.-грэч. τήγανον ‘тс’ (Фасмер, 4, 56; ЕСУМ, 5, 564; Арол, 4, 70).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тэ́ма ‘галоўная думка, прадмет, змест твора; заданне’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт.). Хутчэй праз ням. Thema, якое, у сваю чаргу, з лац. thema < грэч. θέμα (Рэйзак, 655). Літаратуразнаўчы тэрмін, паводле Краснея (Прабл. бел. філал., 64), запазычаны з рус. тема ў пачатку XX ст., дзе замацаваўся з часоў Ламаносава, аднак паралельна з ім ужываўся ў XVIII ст. адпаведнік грэчаскай форме фема ‘тс’ (Фасмер, 4, 40; Арол, 4, 58; Кохман, 235). Беласт. тема́т (Вруб.) з польск. temat ‘асноўная думка’ з пераносам націску на канец слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трыма́ць ‘узяўшы ў рукі (рот, зубы), не даваць выпасці’ (ТСБМ, Нас., Некр. і Байк., Шат., Шымк. Собр., Касп., Мядзв., Мал., Яруш., ТС), трыма́ці, трыма́ті, трыма́ты ‘тс’ (Бес., Булг., ЛА, 3), трума́ць ‘тс’ (гродз., Нар. лекс.); перан. трыма́ць ‘утрымліваць, захоўваць за сабою, быць уладальнікам’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Ласт.; ашм., Сл. ПЗБ), ‘мець у сваёй уладзе, у духоўным падпарадкаванні’, ‘прымушаць знаходзіцца каго-небудзь дзе-небудзь супраць яго волі, не выпускаць’ (ТСБМ) (там жа), ‘выхоўваць, трымаць у рамках’ (маст., Сл. ПЗБ), ‘трымаць скаціну’ (Бяльк.), ‘гадаваць, разводзіць’ (Сл. ПЗБ), ‘служыць апорай, падтрымліваць, быць на чыімсьці баку’ (ТСБМ, Шат.), ‘стаяць, працягвацца (пра мароз)’ (беласт., Сл. ПЗБ), ‘захоўваць; трымаць (у хляве)’ (там жа, Бяльк., Вушац. сл.), ‘адпаведным чынам паводзіць сябе’ (ТСБМ), ‘ажыццяўляць, выконваць, здзяйсняць (экзамен, адказ, ініцыятыву)’ (там жа), ‘трываць’ (ТС); ст.-бел. тримати, тримать, трымати ‘трымаць, не выпускаць, захоўваць, выкарыстоўваць; утрымліваць; мець думку, погляд, стаўленне’ (1492 г., ГСБМ). Параўн. польск. trzymać ‘трымаць’, чэш. мар. třímati ‘тс’, чэш. літарат. třímat ‘сціскаць, моцна трымаць’, усх.-славац. trimae se ‘трымацца ў добрым здароўі’, ‘быць добра выхаваным’, якія, паводле Борыся (652), узыходзяць да прасл. дыял. *trimati ‘ўтрымліваць, затрымліваць, захоўваць у пэўнай пазіцыі’, што разглядаецца як каўзатыў ад прасл. (s)trьmĕti ‘тырчаць, выступаць, быць нерухомым’, што да прасл. *strьmъ ‘які тырчыць, выступае, стромкі’. Побач са славен. tŕma ‘ўпартасць’, tŕmati, tŕmiti ‘ўпарціцца’, малапольск. trzmić ‘вытыркацца’, ст.-чэш. třmĕti ‘паднімаць угору’, такі шлях развіцця падмацоўваецца знешнімі параўнаннямі з нідэрл. stram, н.-ням. stramm ‘тугі’, ‘бадзёры, бойкі, моцны’, ст.-грэч. στερέμνιος ‘цвёрды, тугі, моцны’ < і.-е. *(s)terh₁‑ ‘быць цвёрдым, моцным, тугім’ (Бязлай, Eseji, 150; Сной₂, 705; Махэк₂, 653; Борысь, 652; ЕСУМ, 5). Мартынаў (Прарадзіма, 24) генетычна суадносіць *trimati з балг. трем ‘ганак’, макед. трем ‘сені, крыты ганак’, серб. тре̑м ‘сені’, славен. trȇm ‘павець, страха’ і разглядае ст.-англ. trymman ‘трымаць, умацоўваць’ у якасці славянскай інфільтрацыі ў германскія мовы, што сведчыць пра яго інавацыйны характар, які праявіўся і ў экспансіі на ўсходнеславянскія тэрыторыі — беларускую і ўкраінскую (Золтан, Athila, 546; Гарбуль, 184), дзе ўспрымалася як запазычанне, у якім rz (ř) замяняецца на р, але гэта не дае падстаў думаць, што запазычанне адбылося яшчэ да замены  > ř > rz у польскай мове (Векслер, Гіст., 65). Сюды ж вытворныя трыма́ньне ‘паводзіны’ (Байк. і Некр.), трыма́ны ‘які ўжо быў ва ўжытку’ (Нас.), а таксама трыма́лы ‘ўстрыманы, сціплы’ (Нас.), трыма́ласць ‘вытрыманасць’ (Байк. і Некр.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стан1 ‘фігура, постаць чалавека’, ‘месца стаянкі, часовага пасялення’, ‘войска, адзін з ваюючых бакоў’, ‘саслоў’е, сацыяльны слой’, ‘машына ці сістэма машын’, ‘прыстасаванне’, ‘поўны камплект, набор чаго-небудзь (стан калёс)’, ‘становішча’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Байк. і Некр., Касп., Сл. ПЗБ, Варл.), ‘талія’ (Ласт., Байк. і Некр., Касп., ТС), ‘вымераны кавалак палатна на сарочку’ (Касп.), ‘верхняя частка кашулі, сукенкі’ (Ян.), ‘фігура, постаць’ (Федар. 4), ‘сямейнае або грамадскае становішча’ (Варл.), ‘такарны станок’ (Нік., Оч.), ‘стаянка, шалаш’ (ТС), ст.-бел. станъ ‘фігура’ (Альтбаўэр), ‘адміністрацыйная адзінка’, ‘саслоўе’, ‘становішча’, ‘шлюб’, ‘ваенны лагер’ (Сташайтэне, Абстр. лекс., 71–72). Параўн. укр. стан ‘тулава; становішча, стан’, рус. стан ‘лагер, месца стаянкі’, ‘тулава, постаць чалавека’, рус.-ц.-слав. станъ ‘лагер, стаянка’, польск. stan ‘становішча, знаходжанне; чын; штат; талія’, в.-луж., н.-луж. stan ‘палатка’, чэш., славац. stan ‘шацёр, палатка’, серб.-харв. ста̑н ‘жыллё; стаў (ткацкі)’, ‘стаўка (у войску)’, славен. stȃn ‘жыллё; будова; загон; тулава; становішча’, балг., макед. стан ‘лагер; загон; постаць’, ст.-слав. станъ ‘лагер, стан’. Прасл. *stanъ ‘стан, становішча; месца знаходжання, стаянка’ — дэрыват з суф. ‑nъ ад прасл. *stati ‘стаць’ (Слаўскі, SP, 1, 115; Махэк₂, 574; Шустар-Шэўц, 1354; Борысь, 574). Роднасныя: літ. stónas ‘становішча’ (Фасмер, 3, 745: ставіць пытанне аб запазычанні з славянскага), ст.-інд. sthā́nam ‘месца; месца знаходжання’, грэч. δύστηνος; ‘той, хто знаходзіцца ў благім становішчы’, ст.-в.-ням. stân, stèn ‘стаяць’. Параўн. яшчэ асец. astœw ‘паясніца, талія’. Гл. Фасмер, 3, 745, з літ-рай; гл. яшчэ Шустар-Шэўц, 1354; ЕСУМ, 5, 394–395.

Стан2 ‘сузор’е Млечны шлях’ (Ласт., Стан.). Да стан1 са значэннем ‘войска, вайсковы лагер’, параўн. “Млечную дарогу называюць Вайсковым Станам” (Спадчына, 1990, 4, 41).

Стан3 ‘стан (дзеяслова)’ (ТСБМ, Гарэц., Байк. і Некр.). Відаць, самастойнае ўтварэнне на базе стан1 ‘становішча’, параўн. рус. залог ‘тс’, польск. strona ‘тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)