пазайма́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
1. Запоўніць сабою, заняць усё, многае. Усе двары пазаймалі прыезджыя людзі. Колас. // Узяць у сваё карыстанне, скарыстаць для сваіх мэт усё, многае.
2. Захапіць нейкую колькасць чаго‑н., нейкую прастору. Бацька праз людзей даведаўся, што ехаць нам цяпер можна толькі на станцыю Парафіянава, бо папярэднія нашы станцыі пазаймалі немцы. Дубоўка.
3. Ахапіўшы, пагнаць куды‑н. усіх, многіх. Пазаймаць кароў у статак.
4. Заняць каго‑н. чым‑н. некаторы час. Пазаймаць гасцей паўгадзінкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пазапі́сваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
1. Запісаць, занесці на паперу ўсё, многае. Пазапісваць свае думкі.
2. Запісаць, нанесці на плёнку, пласцінку ўсё, многае. Пазапісваць песні.
3. Унесці ў спіс, рэестр і пад. усіх, многіх або ўсё, многае. [Сакратар райкома] пазапісваў іхнія прозвішчы і паабяцаў выклікаць, калі што-небудзь надарыцца. Карпюк. // Уключыць у лік каго‑н. усіх, многіх. Пазапісваць у сведкі.
4. Разм. Скласці дакумент аб перадачы каму‑н. усяго або часткі чаго‑н. Пазапісваць рэчы на сына.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пама́цаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
1. каго-што. Распазнаючы, даследуючы, пакратаць каго‑, што‑н. Нупрэй памацаў рукою Панаса. — Ён жывы яшчэ. Ён толькі абамлеў. Колас. Карніцкі нахіліўся, памацаў дрот рукою, прамовіў здаволена: — Будуць свае цвікі! Паслядовіч. [Валя] падышла, памацала замок і невядома колькі часу стаяла каля дзвярэй, стомленая і спустошаная... Шамякін.
2. чым і без дап. Пашукаць некаторы час вобмацкам. Юрка памацаў рукой на паліцы і ўзяў кухонны нож. Курто. Сеў [Віця] у трамвай, памацаў у кішэнях — грошай ні капейкі. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нервава́ць, нервую, нервуеш, нервуе; незак.
1. каго і без дап. Даводзіць каго‑н. да нервовага стану. Тое, што дырэктар неадрыўна глядзіць на яго крыху насмешлівымі вачыма, нервавала следчага. Нядзведскі. Задумваючыся, Юрка прапускаў звенні ў тлумачэннях і доказах дацэнта і таму наогул не разумеў нічога. Гэта стамляла і нервавала. Карпаў.
2. Разм. Тое, што і нервавацца. [Берднікаў] нерваваў. Ён напружыў усе свае сілы, каб хаця не выявіць чым гэтай нервовасць. Мікуліч. Аўтар пратакола, відавочна, нерваваў, але маўчаў. Машара.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паве́даміць, ‑млю, ‑міш, ‑міць; зак., каму (зрэдку каго-што), што, аб чым, пра што, з дадан. сказам і без дап.
Давесці да ведама. Паведаміць начальству аб здарэнні. Яна паведаміла, што не прыйдзе на работу. □ Трэба так ці сяк паведаміць дзеда Талаша ці каго-небудзь з яго сяброў. Колас. Роўным і як быццам спакойным голасам паведаміла радыстка пра сігналы з эсмінца. Кулакоўскі. // Расказаць, сказаць. Мой тата прыехаў, сур’ёзна паведаміла Марынка. Васілевіч. // Даваць якія‑н. звесткі. Паведаміць міліцыі. Паведаміць суду.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
накпі́ць, ‑кплю, ‑кпіш, ‑кпіць; зак., з каго-чаго, над кім-чым і без дап.
Злосна пасмяяцца, паздзекавацца з каго‑, чаго‑н. Ашукаць або хоць накпіць з акупанта быў немалы гонар. Лужанін. А дзед сядзе каля дуба, Кій паложыць на траву, Люльку возьме ў рот бяззубы І пахіліць галаву, Ды пачне сваё казанне, Як павінен жыць Сымон, Каб праз тое навучанне Лепш прыбраць яго ў палон, Бо таму не збыць пакуты, Хто б над старасцю накпіў. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нара́давацца, ‑дуюся, ‑дуешся, ‑дуецца; зак., на каго-што, з каго-чаго, каму-чаму і без дап. (звычайна з адмоўем «не» і дзеясл. «магчы»).
Уволю, многа парадавацца. Маці не нарадуецца на сына. □ Падзеі, як хвалі, ляцелі адна за адной, і іх ледзь паспявалі адзначаць: не паспееш нарадавацца адной, як за ёй ужо — другая, новая. Ракітны. [Дзятліха] нарадавацца не магла з Васіля: дабіўся свайго, дабіўся, чаго хацеў, — у людзі, лічы, выйшаў. Мележ. [Стасік] вучыўся так, што настаўнікі не маглі нарадавацца. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыблі́зіцца, ‑блі́жуся, ‑блі́зішся, ‑блі́зіцца; зак.
1. Перамясціцца на больш блізкую адлегласць да каго‑, чаго‑н. Хвядзько саскочыў на другі бок ка́раў, абышоў іх і прыблізіўся да людзей. Лобан. Рыгор выйшаў у пустую глядзельную залу і прыблізіўся да ўваходу за сцэну. Гартны.
2. Стаць блізкім у часе.
3. Стаць больш блізкім да каго‑н., зблізіцца з кім‑н. Пасля размовы з лейтэнантам Юзік зноў нібы прыблізіўся да .. [Любы]. Васілевіч.
4. Стаць падобным на што‑н. Прыблізіцца да лепшых узораў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пасме́йвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
Час ад часу, злёгку смяяцца. Збяруцца мужчыны — хто розныя смешныя штукі расказвае, на смех другога падымае, а Міходзя сядзіць сабе збоку, як чужы, слухае ды пасмейваецца. Ракітны. // з каго-чаго. Пакепліваць, насміхацца з каго‑, чаго‑н. Пан Вальвацкі лагодна пасмейваўся з Швэнцаравай ламанай гаворкі і з яго энтузіязму. Крапіва. У атрадзе .. было некалькі «храпуноў», з якіх заўсёды пасмейваліся і з якімі ніхто не хацеў разам жыць. Бураўкін.
•••
Пасмейвацца ў вусы — смяяцца ціха, непрыкметна.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тфу, выкл.
Разм.
1. Ужываецца гукапераймальна для абазначэння гуку, які ўтвараецца пры пляванні. — Тфу! — плюнуў Шырокі і акінуў фельчара зняважлівым вокам. Колас.
2. Ужываецца для выказвання незадаволенасці, прыкрасці, злосці, расчаравання і пад., а таксама пагардлівых адносін да каго‑, чаго‑н. [Лазавік:] — Тфу, атрута. І як ты, Стась, смокчаш сваю люльку? Хомчанка. — Тфу! — зазлаваўся Міхалап. — Галоднай куме хлеб наўме. Алешка.
3. у знач. вык. Ужываецца для характарыстыкі каго‑, чаго‑н. нязначнага, дробязнага, нікчэмнага. Абрэзкі тыя — тфу! — метровыя шматкі. Корбан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)