во́дгалас, ‑у, м.

1. Тое, што і водгук (у 1 знач.). Заціх водгалас грымотнага раскату. Лынькоў.

2. перан. Тое, што і водгук (у 3 знач.). Ідэі Народнага фронту ўсюды знаходзілі жывы водгалас. Танк. З краю ў край прайсці, праехаць Я гатоў пад гэтым небам, Бо не водгалас, не рэха, А сама мне песня трэба! Гілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адча́йвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Паддавацца адчаю, траціць надзею, падаць духам. [Багуцкі:] — А вы не адчайвайцеся, пан шэф. У вас такія заваёвы! Лынькоў. [Усевалад:] — Не, я не адчайваюся, ты ж бачыш. Толькі неяк крыўдна трохі — чаму такая несправядлівасць? Мне здаецца, будучыня — гэта перш за ўсё хараство. Скрыган.

2. Рашацца, адважвацца на што‑н. смелае, рызыкоўнае.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

жада́ны, ‑ая, ‑ае.

Такі, да якога імкнуцца, якога чакаюць, хочуць. Калі ласка! Калі ласка! Тут заўсёды месца ёсць, — Не саромейся ж, Параска, Ты для нас — жаданы госць. Крапіва. Мы доўга плылі ў бурным моры, І ўраз — жаданая зямля! Багдановіч. // Любімы, дарагі. Ты заўсёды мне жаданы, Мой адзіны, мой каханы, Сэрцу мілы, ненаглядны мой. Валасевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наце́рціся, натруся, натрэшся, натрэцца; натромся, натрацеся; пр. нацёрся, ‑церлася; зак.

1. Нацерці сябе чым‑н. (звычайна маззю і пад.). // Расцерціся чым‑н. [Руневіч:] Цяпер бы мне.. холадна апячы свае грудзі і плечы сцюдзёнай вадой каля студні, да чырвані нацерціся хрусткім, духмяным кужалем ручніка... Брыль.

2. Стаць нацёртым (гл. нацерці ў 2, 4 знач.). Паркет добра нацёрся.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пага́ліцца, ‑люся, ‑лішся, ‑ліцца; зак., на каго-што.

Абл. Паквапіцца, пагнацца на каго‑, што‑н., пажадаць займець, захапіць. [Аўгіня:] — Пэўна ж, я сама вінавата: на багацце пагалілася. Колас. [Клёст:] — Неўзабаве шэсцьдзесят стукне. Якая кабета пагаліцца на такога кавалера? Шашкоў.

пагалі́цца, ‑галю́ся, ‑го́лішся, ‑го́ліцца; зак.

Пагаліць сябе; пабрыцца. Мне трэба было пагаліцца, і я пайшоў у цырульню. Гамолка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пагры́зціся, ‑зуся, ‑зешся, ‑зецца; ‑земся, ‑зяцеся; пр. пагрызся, ‑лася; зак.

1. Грызціся, кусацца некаторы час. Калі [Андрэй] запрог.. [кабылу] ў плуг разам з Гнядым, то яны спачатку абнюхаліся, потым пагрызліся, але хутка памірыліся. Чарнышэвіч.

2. перан. Разм. Пасварыцца. — Ну, вось што! — моцным фальцэтам перабіў размову Панця. — Пагрызціся вы яшчэ ўспееце! А мне трэба на службу! Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пако́лваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Калоць злёгку, час ад часу. Юшка мне здалася вельмі смачнай, яна была крыху саланаватая, а ўсыпаны ў яе перац паколваў язык і прыемна асвяжаў рот. Сабаленка. // безас. Аб адчуванні паколвання. Асабліва ногі не давалі спакою. Спачатку ў іх паколвала, ныла, а цяпер дык і гэтага не адчувалася. М. Ткачоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пераку́ска, ‑і, ДМ ‑сцы; Р мн. ‑сак; ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. перакусваць — перакусіць (у 2 знач.). Перакуска заняла не больш чвэрткі гадзіны, і.. рыбакі — усе разам — пачалі распраўляць невад. Хадкевіч.

2. Разм. Ежа, якой перакусваюць; закуска. Пасля таго, што чулі мае вушы, наўрад ці палезла б мне ў рот цешчына перакуска. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прывіле́я, ‑і, ж.

Выключнае права, якім карыстаецца хто‑н. у адрозненне ад іншых. Дэлегацкія прывілеі. Саслоўныя прывілеі. □ Раз у год Лукаш меў адну прывілею: у дзень святых апосталаў Пятра і Паўла ён мог рабіць усё, што захоча. Колас. Зусь расказаў мне, што тады, калі ў Рагазіне арганізаваўся калгас, Леўка, каб мець прывілеі, прыкінуўся інвалідам. Сабаленка.

[Лац. privilegium.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прэсты́ж, ‑у, м.

Кніжн. Аўтарытэт, перавага, якім карыстаецца хто‑, што‑н. Падняць прэстыж. Прэстыж сацыялістычнага лагера. □ — Мне здаецца, таварыш Рыбакоў, — афіцыяльным тонам, каб падтрымаць свой прэстыж, сказаў маёр, — вам трэба давесці гэтую справу да канца. Асіпенка. Няхай у крытыцы Паходні ёсць і доля праўды, але ж трэба думаць аб прэстыжы эмтээс і ўсяго раёна. Хадкевіч.

[Фр. prestige.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)