пле́сціся, плятуся, пляцешся, пляцецца; пляцёмся, плецяцеся, плятуцца; пр. плёўся, плялася, плялося; заг. пляціся; незак.

1. Разм. Павольна ісці, ледзь перастаўляючы ногі. За хлопцам, на повадзе, таксама звесіўшы галаву, неахвотна плёўся конь. Мележ.

2. Зал. да плесці.

•••

Плесціся ў абозе — тое, што і цягнуцца ў абозе (гл. цягнуцца).

Плесціся ў хвасце — быць апошнім у чым‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пацяжэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; зак.

1. Зрабіцца цяжкім, цяжэйшым. Налітыя сокам каласы схіліліся долу і, абмытыя вячэрняй расой, пацяжэлі. Чарнышэвіч. // Стаць грузным, цяжкім. Хада .. [Грэчкі] пацяжэла. Мележ.

2. Стаць вялым, страціць рухомасць (ад болю, стомленасці і пад.). Хоць пацяжэлі рукі, цела, ногі І ўжо узняцца мы не мелі змогі, А вочы пільна паглядалі ўдалеч. А. Астапенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спатрэ́біцца, ‑блюся, ‑бішся, ‑біцца; зак.

Стаць патрэбным, неабходным. Як ведаў, што шатровачка на блінцы спатрэбіцца. Грахоўскі. Зяць, відаць, дапытваўся, навошта ён так тэрмінова спатрэбіўся. Шамякін. [Дуся], відаць, чакала, ці не спатрэбіцца ў чым-небудзь яе паслуга. Ракітны. Настойлівасць .. [Тураўца] тут вельмі спатрэбілася. Мележ. / у безас. ужыв. Аднойчы ўвосень Антонаваму бацьку спатрэбілася паехаць нечага на станцыю. Васілёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ста́тны, ‑ая, ‑ае.

Добра, прапарцыянальна складзены, стройны. Статная фігура. □ Марцін, як толькі ўбачыў .. статную постаць [Насці], адразу пачаў ладавацца ў дарогу. Мележ. // Які мае прапарцыянальна складзеную, стройную фігуру, высокі рост. З грамады асабліва вылучаўся Аляксей Алёшка, магутны, статны, вышэйшы на цэлую галаву за сваіх калег. Колас. Іван — малады яшчэ хлапец, рослы, статны, з прыгожым тварам. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сцярпе́цца, сцерпіцца; зак., з чым і без дап.

Звыкнуцца, змірыцца з чым‑н.; прыцярпецца да чаго‑н. Калі чалавека спасцігне гора адзін раз — ён востра ўспамінае яго. Калі ж яно прыходзіць занадта часта, ён ужо сцерпіцца з ім. Новікаў. Колькі разоў [Васіль], асабліва ў пачатку — пакуль не прывык, не сцярпеўся трохі — успамінаў з жалем Ганну. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

та́нны, ‑ая, ‑ае.

1. Які каштуе мала, недарагі; проціл. дарагі. Танны матэрыял. □ Падарунак быў танны, але на другі ў .. [Алеся] не хапіла б і грошай. Броўка.

2. перан. Які не мае каштоўнасці, пусты. Танная слава. □ [Чорны:] — Калі ёсць праўда, дык будзе і цікавасць. Сапраўдная, а не тая, якую робяць літаратурныя цыркачы, з іх таннымі цыркавымі штучкамі. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тапту́ха, ‑і, ДМ ‑тусе, ж.

1. Разм. Жан. да таптун.

2. Адзін з відаў рыбалоўнай сеткі. У Куранях ракі .. не было, і снасць тут у людзей трымалася свая, балотная: лазовыя баўтухі, лазовыя таптухі, венцяры... Мележ. Калісьці ж вось тут у лазе Таптухі мы ставілі самі, Ішлі асцярожна ў вадзе. Нясмела тапталі нагамі. Аўрамчык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узлава́ць, узлую, узлуеш, узлуе; узлуём, узлуяце; зак.

Разм.

1. каго. Увесці ў злосць, раззлаваць. Бацькаў адказ узлаваў маці. Васілевіч. [Ганна] баялася лішнім словам, няўдалым рухам узлаваць затоенага старога. Мележ.

2. Абл. Тое, што і узлавацца. Клемсіха ўзлавала, пачала лаяць .. [Сёмку]. Галавач. Гаварушка ўзлаваў і сам схапіў з плячэй мяшок, перавярнуў яго ўверх сподам і пачаў трэсці. Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уразва́лку, прысл.

Разм. Перавальваючыся з адной нагі на другую, не спяшаючыся. Падрыўнік ішоў уразвалку і, гарэзна пасміхваючыся, заўзята расказваў нешта суседу. Мележ. Хадзіў.. [Ігнась] уразвалку, гаварыў мала і паволі, нібы ўзважваючы кожнае слова. Гурскі. Князеў падышоў да.. [Зыскевіча-Будзілоўскага] не спяшаючыся, уразвалку, працягнуў руку. Навуменка. Ідзе.. [Бачурка], бывала, па вуліцы, быццам гаспадар усяе зямлі. Уразвалку, не спяшаючыся. Гроднеў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ура́нні, прысл.

Абл. Раніцай. Амаль ніхто не спаў, бо ўсе ведалі, што ўранні пачнецца бой за Мінск. Мележ. Восень. Уранні дзеткам не так смачна і доўга спіцца, як увесну і ўлетку. Гарэцкі. Стала холадна, усё цела працялі дрыжыкі: і не так ад таго, што вада ўранні халодная, як ад трывогі — што там, за ракой? Кухараў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)