насука́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае і ‑сучу, ‑сучаш, ‑сучаць; заг. насучы; зак., чаго.

Зрабіць, вырабіць у якой‑н. колькасці суканнем. Насукаць нітак. □ Я плакаў, што не магу напісаць так, як.. [маці] хочацца. Ды і наогул лягчэй было мне насукаць дратвы на сто пар ботаў, чым напісаць адзін ліст. Гарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нахлусі́ць, ‑хлушу, ‑хлусіш, ‑хлусіць; зак., што, чаго і без дап.

Нагаварыць няпраўды; налгаць. Бывала, хто.. [пану] што ні нахлусіць — ён з усім згаджаецца. Якімовіч. [Надзя:] «Прызнайцеся, Піліп Марцінавіч, што вы наконт Сярожавага вяселля выдумала. Гэта ж няпраўда?» — «Няпраўда, — кажу, — Надзейка. Гэта я нахлусіў. Куды ж яму жаніцца». Сіўцоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нашко́дзіць, ‑шкоджу, ‑шкодзіш, ‑шкодзіць; зак., каму і без дап.

Нарабіць шкоды; натварыць чаго‑н. — Не мала [ваўкі] нашкодзілі людзям, пакуль галовамі не налажылі... Пальчэўскі. І хоць дождж быў дробны і рэдкі, аднак нашкодзіў нямала. Сіняўскі. Сядзеў .. [інжынер] згорбіўшыся, як хлапчук, што нашкодзіў і сам зразумеў сваю памылку. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

недалу́га, ‑і, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑лузе, Т ‑ай (‑аю), ж.

Разм.

1. Слабы, хваравіты чалавек; інвалід. [Лятун:] — Стары я, браткі, недалугай раблюся. Што год, то горш. Лынькоў.

2. Няспрытны, няўмелы чалавек; недарэка, няўклюда. Чаго поркаешся? От, недалуга, — гукнула Марфа знізу. — Хутчэй. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

неўзлюбі́ць, неўзлюблю, няўзлюбіш, няўзлюбіць; зак., каго-што.

Адчуць непрыхільнасць, непрыязнасць да каго‑, чаго‑н. Асабліва неўзлюбіў дзядзька Ціхон Лапецецьку пасля таго, як убачыў, з якой бязлітаснай жорсткасцю дабіваў ён качак-падранкаў. Паслядовіч. Не будучы ні ў чым вінаватай, Марына плакала і яшчэ больш неўзлюбіла сваю работу. Скрыган.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мусо́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; незак., што.

Разм. Часта дакранацца да чаго‑н. насліненымі або бруднымі пальцамі. Бацька з маці шапталіся над сталом цэлы вечар, мусолілі ў пальцах разнаколерныя паперкі сабраных за гады грошай і раскладалі на кучкі. Б. Стральцоў. Збіраліся [студэнты] купкамі, мусолілі старыя канспекты, спрачаліся. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наара́ць, ‑ару, ‑арэш, ‑арэ; зак.

1. чаго і без дап. Узараць нейкую колькасць зямлі. [Іван Пятровіч:] — Пакуль гэта .. [яравое] паспее, дык пад азіміну вунь колькі наараць можна. Пальчэўскі.

2. што. Разм. Узняць араннем. Завішнюк успомніў, што гэта града, колішняя пагранічная града, якую нааралі ў лонаўскіх лясах у дваццатым годзе. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наво́чны 1, ‑ая, ‑ае.

Які надзяваецца на вочы для аховы ад чаго‑н.

наво́чны 2, ‑ая, ‑ае.

Разм. Тое, што і наглядны. Урад [цара] трапіў у няёмкае становішча: яму даводзілася ўжываць рэпрэсіі да той самай думы, якую ён сам склікаў. Гэта было навочнай агітацыяй супроць самаўладства. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

напра́віць, ‑праўлю, ‑правіш, ‑правіць; зак.

1. што. Зрабіць прыгодным для карыстання; адрамантаваць. Направіць станок. □ Тоня ўзяўся направіць малатарню за тры дні. Чорны. // Падвастрыўшы, зрабіць прыгодным для карыстання. Направіць брытву. Направіць касу.

2. чаго. Унесці вялікую колькасць паправак, змен (у тэкст, карэктуру і пад.). Направіць памылак у карэктуры.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пладзі́ць, пладжу, плодзіш, плодзіць; незак., каго-што.

1. Размнажаць, разводзіць. // Разм. Нараджаць (вялікае патомства). Пладзіць дзяцей. // Прыносіць ураджай, даваць плады, насенне. Няма яе [вады] — зямля пладзіць не здольна, Нібы губляе ад жыцця ключы. Чарнушэвіч.

2. перан. Садзейнічаць з’яўленню чаго‑н., параджаць. [Міхал:] — Хопіць пладзіць адукаваных няўмек з прэтэнзіямі. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)