страката́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. стракатаць, а таксама гукі гэтага дзеяння. С сакатанне конікаў. □ У гэты ціхі ранак, з марозікам пасля адлігі, з яснай, румянай зарой усходу, з чырвонымі, здаецца, нават цёплымі снегірамі на срэбраным голлі, з хрустам снегу і стракатаннем сарок — усё для Толі было напоўнена новым, яшчэ не зведаным, радасным зместам. Брыль. Глухім водгукам даносілася стракатанне і гул малатарні з недалёкай вёскі. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́брацца, ‑беруся, ‑берашся, ‑берацца; зак.

1. Пераадольваючы або абмінаючы перашкоды, выйсці, выехаць, вылезці адкуль‑н.; прабіцца цераз што‑н. Выбрацца з натоўпу. Выбрацца з-пад абломкаў. □ Партызаны цяпер пачалі адыходзіць у лес. Там, не даходзячы да вёскі, можна было выбрацца балотнымі зараснікамі на ўзгоркаватае поле. Чорны. Аўтобус прапоўз міма [дамоў], выбраўся з загару машын, паімчаў хутчэй. Асіпенка.

2. перан. Разм. Выйсці з цяжкага становішча. Выбрацца з бяды. Выбрацца з даўгоў. □ [Мясцком].. дапамагаў сялянству выбрацца з векавечнай цемры, распачаць новае, прыгожае жыццё. Шынклер.

3. Выселіцца, пераехаць з дамашнім скарбам у другое памяшканне, месца; перабрацца. Выбрацца на другую кватэру. □ Хто-ніхто выбраўся па хутар і цяпер сяліба пуставала. Галавач. Жыхароў у мястэчку амаль не было, Яны выбраліся ў шалашы. Навуменка.

4. Падрыхтавацца да выезду, пераходу; сабрацца. Выбрацца ў далёкую дарогу. □ Пасля поўдня Уладзік з дзядзькам Антосем выбраліся ехаць у лес. Чорны.

5. Разм. Знайсці магчымасць, час пайсці, паехаць куды‑н. Выбрацца ў кіно. □ Куды, старая, выбралася з дому? Праведаць сына? Ці паклікаў зяць? Гілевіч.

•••

Выбрацца сухім з вады — тое, што і выйсці сухім з вады (гл. выйсці).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нос, -а, мн. насы́, насо́ў, м.

1. Орган нюху, які знаходзіцца на твары чалавека або мордзе жывёлы.

Н. з гарбінкай.

2. Дзюба ў птушкі.

Бусляняты закідваюць насы ўгору.

3. Пярэдняя частка судна, лодкі, самалёта і пад.

4. Аб выступаючай пярэдняй частцы якога-н. прадмета.

5. Тое, што і насок (у 2 знач.).

Туфлі з вострымі насамі.

Рымскі нос — вялікі, правільнай формы нос з гарбінкай.

Бубніць сабе пад нос (разм.) — гаварыць вельмі ціха, незразумела.

Вадзіць за нос каго — абяцаць і не выконваць; уводзіць у зман (разм.).

Вярнуць нос (разм.) — адносіцца да каго-н. з пагардай.

Драць нос — важнічаць, задавацца (разм.).

З-пад (самага) носа (узяць, украсці; разм.) — на вачах у каго-н., у непасрэднай блізкасці ад каго-н.

На носе (разм.) — вельмі скора, у самы блізкі час (адбудзецца што-н.).

Носам рыць (груб.) — выказваць сваю незадаволенасць кім-, чым-н.

Нос у нос; носам к носу (разм.) — вельмі блізка адзін да аднаго.

Пад самым носам (разм.) — блізка, у непасрэднай блізкасці ад каго-, чаго-н.

Пакінуць з носам каго (разм.) — абдурыць, падмануць.

Соваць нос (разм., неадабр.) — умешвацца не ў сваю справу.

|| памянш.-ласк. но́сік, -а, мн. -і, -аў м. (да 1 знач.), насо́к, -ска́, мн. -скі́, -ско́ў, м. (да 1 і 5 знач.).

|| прым. насавы́, -а́я, -о́е (да 1 і 3 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

па... і па-..., прыстаўка.

I. Утварае дзеясловы са знач.:

1) закончанасці дзеяння, напр.: паставіць, пабудаваць, паказаць;

2) пачатку дзеяння, напр.: паляцець, паехаць, папаўзці;

3) нязначнай ці няпоўнай меры дзеяння, што адбываецца на працягу кароткага часу, напр.: пагаварыць, паскакаць, паспаць;

4) набыцця большай ступені якасці, уласцівасці, напр.: пахарашэць, пасталець;

5) няпэўнай працягласці, паўторнасці дзеяння, напр.: пакурваць, пакрыкваць, пагойдваць;

6) дзеянняў, якія адносяцца да многіх асоб, прадметаў, напр.: пахавацца, памерзнуць, пападаць;

7) у спалучэнні з прыставачнымі дзеясл. (звычайна незак.):

а) распаўсюджанне дзеяння на ўсё, многія аб’екты, напр.: паабіваць (яблыкі з дрэва), павыносіць (мэблю з хаты), паналаджваць (станкі), парассяляць (студэнтаў па кватэрах);

б) утварэнне дзеяння ўсімі, многімі асобамі, напр.: паабмарожвацца, павысяляцца, панакрывацца;

в) празмернасць дзеяння, напр.: панакупляць (рознай дробязі), папахадзіць (хадзіць доўга, многа), папахварэць (хварэць доўга);

г) абмежаванасць меры дзеяння, напр.: павыжынаць, павыядаць.

II. Утварае:

а) прыметнікі са знач.:

1) адносін да кожнага з указаных прадметаў ці адпаведнасці чаму-н., напр.: пагалоўны, падэкадны, пасільны;

2) указання на час пасля чаго-н., напр., пасмяротны;

б) прыметнікі і назоўнікі са знач. указання на месцазнаходжанне паблізу чаго-н., напр.: пагранічны, памор’е.

III. 3 прынал. займ. утварае прыслоўі са знач.:

1) у адпаведнасці з чыім-н. меркаваннем, жаданнем, напр.: па-свойму, па-твойму, па-нашаму;

2) з прыметнікамі ўтварае прыслоўі спосабу дзеяння, напр.: па-новаму, па-беларуску, па-казацку.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ад... (ада..., ад’...), прыстаўка.

1. Утварае дзеясловы са знач.:

а) канца, спынення, канчатковага выканання дзеяння, напр.: адпрацаваць, аддзяжурыць, адгрымець;

б) устаранення чаго-н., рух убок, напр.: адклеіць, адштурхнуць, ад’ехаць;

в) інтэнсіўнасці дзеяння, напр.: адмабілізаваць, адпрацаваць, адсцябаць;

г) давядзення да непажаданага стану, напр.: адтаптаць, адсядзець, адляжаць;

д) з марфемай «цца» — дзеяння, учыненага з мэтай ухілення ад чаго-н., напр.: адпісацца, адкараскацца;

е) з марфемай «цца» — заканчэння працяглага дзеяння, напр.: адваявацца, адбіцца.

2. Утварае назоўнікі са знач. аддалення, напр.: адгалосак.

3. Утварае прыметнікі са знач. утварэння, паходжання ад чаго-н., напр.: аддзеяслоўны, адыменны.

4. Утварае прыслоўі, напр.: адгэтуль, адусюль.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

лічы́цца, лічу́ся, лі́чышся, лі́чыцца; незак.

1. кім-чым. Расцэньвацца якім-н. чынам, успрымацца як-н.

Л. лепшым гаспадаром.

2. з кім-чым. Браць пад увагу, улічваць што-н.

Л. з думкамі членаў камісіі.

3. чым і без дап. Весці ўзаемны ўлік (паслуг, пазык, прэтэнзій і пад.).

Не будзем з гэтым л.

4. Знаходзіцца, быць дзе-н.

Л. ў адпачынку.

5. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Выражацца ў якой-н. колькасці.

Даходы лічацца ў мільёнах рублёў.

6. Размяркоўваць паміж сабой ролі ў гульні, карыстаючыся лічылкай (разм.).

Л. перад гульнёй.

|| зак. палічы́цца, палічу́ся, палі́чышся, палі́чыцца (да 2 і 6 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

гарызо́нт, -у, М -нце, мн. -ы, -аў, м.

1. Уяўная мяжа неба і зямной ці воднай паверхні, а таксама прастора неба над гэтай мяжой.

Ні воблачка на гарызонце.

2. Уся бачная вакол назіральніка прастора, далягляд.

З самалёта адкрыўся шырокі г.

3. перан. Круг ведаў, інтарэсаў, ідэй.

Студэнт з шырокім гарызонтам.

Г. паэта.

4. перан. Круг дзеянняў, магчымасцей.

Перад моладдзю адкрыты шырокія гарызонты.

5. Узровень вады ў рацэ ці вадаёме (спец.).

Г. вады ў рацэ.

6. Пласт адкладанняў горных парод, які вылучаецца па якой-н. прыкмеце (спец.).

Г. вапняку.

Знікнуць з гарызонту — перастаць з’яўляцца дзе-н., у якой-н. кампаніі.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

запа́рыць, -ру, -рыш, -рыць; -раны; зак.

1. каго (што). Гарачынёй або парачы ў лазні давесці да знямогі (разм.).

2. каго (што). Стаміць шпаркай або працяглай яздой, хадой, цяжкай працай (разм.).

З. каня.

3. што. Апрацаваць парай або абліць варам, пакласці ў кіпень для чаго-н. (спец.).

З. дзежку.

4. што. Заліць варам, каб размякчыць, распарыць (пра сухі корм).

З. мякіну.

|| незак. запа́рваць, -аю, -аеш, -ае.

|| наз. запа́рванне, -я, н. (да 3 знач.) і запа́рка, -і, ДМ -рцы, ж. (да 3 знач.).

|| прым. запа́рачны, -ая, -ае (да 3 знач.) і запа́рны, -ая, -ае (да 3 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

зацягну́цца, -ягну́ся, -я́гнешся, -я́гнецца; -ягні́ся; зак.

1. Зацягнуць на сабе што-н.; туга завязацца.

З. рэменем.

Пятля зацягнулася.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Абвалакаючыся чым-н., пакрыцца цалкам.

Рака зацягнулася тонкім лёдам.

Рана зацягнулася (зажыла, пакрыўшыся скуркай).

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Запаволіцца ў развіцці, працягнуцца да пэўнага часу.

Сход зацягнуўся.

4. Глыбока ўдыхнуць у сябе дым пры курэнні.

5. З цяжкасцю зайсці, дабрацца куды-н. (разм.).

З. дадому.

|| незак. заця́гвацца, -аюся, -аешся, -аецца.

|| наз. заця́гванне, -я, н. (да 1—3 знач.) і заця́жка, -і, ДМ -жцы, мн. -і, -жак, ж. (да 3 і 4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

за́яц, за́йца, мн. зайцы́, -о́ў, м.

1. Невялікі звярок з атрада грызуноў, а таксама футра з яго.

Палахлівы як з.

За двума зайцамі пагонішся — ні аднаго не зловіш (прыказка).

2. Безбілетны пасажыр або глядач, што пранік куды-н. без білета (разм.).

Ехаць зайцамзнач. прысл.).

|| памянш.ласк. за́йка, -і, мн. -і, -аў, м. (да 1 знач.; ужыв. таксама як ласк. зварот да каго-н.) і за́йчык, -а, мн. -і, -аў, м. (да 1 знач.; ужыв. таксама як ласк. зварот да каго-н.).

|| прым. зае́чы, -ая, -ае (да 1 знач.).

Заечая натура (перан.: палахлівая).

Заечая губа — прыроджанае ненармальнае раздваенне верхняй губы ў чалавека.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)