му́мія 1, ‑і, ж.
1. Труп, захаваны ад гніення бальзамаваннем.
2. перан. Пра худога, маларухомага або не здатнага да моцных пачуццяў чалавека. Пасярэдзіне, за сталом, крэсла-трон. Прысланіўшыся да яго непамерна высокай спінкі, сядзіць у чорным сурдуце мумія. Ніводзін мускул не жыве — усё застыла. Сяргейчык. [Ярохін:] — Чалавек павінен быць вясёлым, жыццярадасным, і няма ніякай патрэбы ператварацца яму ў нейкую бязмоўную мумію. Шамякін.
[Араб. mumija, ад перс. mum — воск.]
му́мія 2, ‑і, ж.
Мінеральная фарба розных колераў (ад светла-чырвонага да чырванавата-карычневага).
[Араб. mumija.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мядзве́дзь, ‑я, м.
1. Вялікая драпежная млекакормячая жывёліна з густой поўсцю і тоўстымі нагамі. Буры мядзведзь. Белы мядзведзь. Пячорны мядзведзь.
2. перан. Пра няўклюднага, непаваротлівага дужага чалавека. «Ну і мядзведзь, — думаў Сярмяжка, пазіраючы, як павольна клыпае.. [Яцкевіч]. — Нічога, мы цябе прыручым». Дадзіёмаў.
•••
Дзяліць шкуру незабітага мядзведзя гл. дзяліць.
Мядзведзь на вуха наступіў — аб адсутнасці музыкальнага слыху, здольнасцей да музыкі.
Мядзведзь у лесе здох — тое, што і воўк у лесе (за гарою) здох (гл. воўк).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
надзьму́ць, ‑дзьму, ‑дзьмеш, ‑дзьме; ‑дзьмём, ‑дзьмяце; зак.
1. што. Напоўніць паветрам або газам, зрабіць пругкім. Надзьмуць мяч. Надзьмуць веласіпедную камеру. □ [Незнаёмы:] — Кожны [дымавы] патрон можа надзьмуць гумавую лодку нават пад вадою за секунду. Ваданосаў. // Нацягнуць што‑н. ветрам. Надзьмуць парус.
2. чаго. Нанесці ветрам. Вецер надзьмуў пылу. / у безас. ужыв. [Васіль] апусціў стрэльбу руляй уніз, каб не надзьмула снегу. Колас.
3. безас. Разм. Ад ветру, скразняку і пад. прастудзіцца, захварэць. Надзьмула ў вуха.
•••
Надзьмуць губы — пакрыўдзіцца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
напру́жыцца, ‑жуся, ‑жышся, ‑жыцца; зак.
1. Зрабіцца пругкім. Мускулы на твары Івана Іванавіча напружыліся, застылі. Гамолка.
2. Сабрацца з сілай, прыкласці намаганне, робячы што‑н. Вялізная рыбіна ўздрыгнула, напружылася і пацягнула за сабою лодку. Ваданосаў. Лейтэнант напружыўся, варухнуў нагамі і тут жа з глухім стогнам упаў на зямлю. Курто.
3. перан. Узмацніцца, павысіцца (аб ступені праяўлення чаго‑н.). Рукі мімаволі моцна сціснулі стрэльбу, слых напружыўся, а вочы да болю ўпіліся ў цемру. Ляўданскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
напуска́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да напусціць.
•••
На вочы не напускаць каго — не цярпець, адносіцца з пагардай, жорстка. І біў [Лёня] мяне не менш, як у той казцы дзед казу. Маці, якая і сама не напускала на вочы мяне за гультаяватасць, і то аднойчы не сцярпела: — Ды годзе табе яго дубасіць... Сачанка.
напуска́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-чаго.
Даць магчымасць увайсці, пранікнуць вялікай колькасці каго‑, чаго‑н. Напускаць мух у хату. Напускаць дыму.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
натрэ́сці, ‑трасу, ‑трасеш, ‑трасе; ‑трасём, ‑трасяце; пр. натрос, ‑трасла і ‑трасла, ‑трэсла і ‑трасло; зак., чаго.
1. Трасучы што‑н., здабыць у нейкай колькасці. Натрэсці яблык. Натрэсці кошык груш.
2. Растрэсці частку чаго‑н., неакуратна пераносячы або перавозячы. Натрэслі вазакі сена на дарогу.
3. Трасучы, змяшаць (пра кармы для жывёлы). Пайшоў [Андрэй] у гумно, патрос аўсяніцы з сенам каровам, каб хапіла і на заўтра. Чарнышэвіч.
4. безас. Разм. Стаміць, намучыць трасянінай. Натрэсла дзяцей за далёкую дарогу.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нача́льніцкі, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да начальніка, належыць начальніку. Стаялі афіцэры, выцягнутыя ў струнку, чакалі начальніцкага загаду. Лынькоў. У той жа самы момант салдат.. раптам махнуў рукою і пабег у начальніцкі вагон. Чорны.
2. Поўны важнасці, строгасці; уладны. Сядзіць .. [Скок] з начальніцкім выглядам за перапэцканым у чарніла крываногім сталом і старанна хукае на пячатку, быццам яна замерзла. Сяркоў. Пан Крулеўскі гаварыў цяпер па-польску, і ў голасе чуўся халодны, .. начальніцкі тон. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
не́куды, прысл.
1. Кудысьці, невядома куды. Некуды ж вось ідзе гэтая вузкая лясная дарожка. Брыль. [Вісарыёна] моцна ўдарылі па галаве, схапілі за рукі, некуды пацягнулі. Самуйлёнак. Паравоз, пыхкаючы і набіраючы хуткасць, паімчаўся некуды ўдалячынь. Шчарбатаў.
2. Няма такога месца, куды б можна было адправіцца, змясціць каго‑, што‑н. Без вестак ад цябе — нам некуды ісці. Глебка.
•••
Далей (ехаць, ісці) некуды — горш таго, што ёсць, быць не можа.
Дзець некуды гл. дзець.
Некуды вачэй дзець гл. дзець.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нечака́ны, ‑ая, ‑ае.
Такі, якога не чакалі; непрадбачаны. Нечаканая вестка. □ Нечаканых гасцей было чацвёра: трое палякаў у вайсковай форме, а чацвёрты Мікіта Цэлех, узяты за панятога. Колас. Мільгалі твары ў масках і без масак, у самых нечаканых мудрагелістых касцюмах. Лобан. // Які ўзнік вельмі хутка; раптоўны. Насцярожанае маўчанне ночы парушылася раптам нечаканым раскатам грому. Васілевіч. / у знач. наз. нечака́нае, ‑ага, н. Раптам сталася нечаканае, — плотка даволі ўжо высока над вадой сарвалася з кручка... Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ні́жні, ‑яя, ‑яе.
1. Які знаходзіцца ўнізе; проціл. верхні. Ніжняя губа. □ Калі дагараў ужо ніжні паверх панскага палаца, атрад Сёмкі-матроса рушыў з двара. Лынькоў. Сонца сваім ніжнім краем кранулася чорнай рысы далягляду, пачало апускацца за лес. Краўчанка.
2. Блізкі да вусця ракі. У ніжнім цячэнні [Дняпра] .. знаходзяцца славутыя дняпроўскія парогі. Курто.
3. Які надзяваюць непасрэдна на цела; сподні. Ніжняя кашуля.
4. Самы нізкі па тону (аб гуках). Ніжнія ноты.
•••
Ніжні чын гл. чын.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)