былы́, ‑ая, ‑ое.
1. Мінулы, прошлы. У народных песнях і паданнях расказваецца аб цяжкім лёсе дзяўчыны ў былыя часы. Ярош. Можа, ты пра былое жыццё сваё, браце, раскажаш? Танк. // у знач. наз. было́е, ‑ога, н. Мінулыя часы, падзеі; усё, што было раней, прошлае. Малюнкі далёкага былога набліжаліся, ажывалі, стаялі перад вачамі. Мележ. Фотаздымак.. Сваёю Рукою на ім Напісала яна [Алеся]: «На ўспамін аб былым». Куляшоў. Ды прашу, што мінула, Прайшло, не вяртай — Для былога няма павароту. Тарас. // Які быў раней, ранейшы. Шэрыя дзедавы вочы яшчэ захавалі сваю былую зоркасць. Колас. То нікла дойна, то ўзлятала ў высь начную да нябёс, і нам яна апавядала пра лёс былы і новы лёс. А. Вольскі.
2. Які страціў ранейшае становішча або прызначэнне. На месцы былой пусткі вырас дом. □ Кулага Мацвей — былы вучань Міхаіла Дзям’янавіча. Даніленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
збе́гчы, збягу, збяжыш, збяжыць; збяжым, збежыце, збягуць; заг. збяжы; зак.
1. Бягом спусціцца ўніз. Збегчы ўніз па лесвіцы. □ Сёмка збег з ганка, узлез на воз і пагнаў каня. Гартны. [Дзяўчына] азірнулася яшчэ раз і збегла з кручы да вады. Краўчанка.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Сцячы (пра вадкасці). Збегла ў нізіны з пагоркаў разводдзе. Танк. // перан. Знікнуць, прапасці (пра ўсмешку, чырвань і пад.). У Зеленюка збегла з твару ўсмешка, і тонкія вусны яго задрыжалі. Зарэцкі. Дрымота [у Мані] збегла адразу. Чорны.
3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пераліцца цераз край пры кіпенні. Малако збегла. □ [Ларыса] вярнулася ў хату паглядзець, каб не збегла што ў печы, адставіла гаршкі далей ад агню. Пальчэўскі.
4. Знікнуць тайком; уцячы. Збегчы з палону. Збегчы з турмы. □ Перад самым вяселлем, адцураўшыся бацькоў, маладая збегла з дому. Скрыган.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
до́ўгі, ‑ая, ‑ае і даўгі́, ‑ая, ‑ое.
1. Які мае вялікую даўжыню (у 1 знач.); проціл. кароткі. Жураўлі нібы плылі ў небе, выцягнуўшы тонкія ногі і доўгія шыі. Якімовіч. Падгіналіся каленкі ад доўгай дарогі. Лынькоў. Барак быў доўгі і нізкі. Чорны. // Большы ў даўжыню, чым патрэбна. Доўгая сукенка. Доўгае паліто. □ Штаны ў .. [Рыгоркі] доўгія, аж да пят. Якімовіч. // Разм. Высокі ростам (пра чалавека). [Сухарукі] быў доўгі .. і худы. Бядуля. За тое, што ён [дзядзька Мітрафан] быў доўгі, як жардзіна, і хударлявы, усе казалі на яго Чапяла. Бажко.
2. Працяглы ў часе. Доўгая разлука. Доўгі позірк. □ Сход быў доўгі, але спакойны. Чорны. Ногі ад доўгага сядзення замлелі, і .. [Віця] захістаўся. Чарнышэвіч.
3. Які працяжна вымаўляецца (пра гукі, склады). Доўгі гук.
•••
Доўгая песня (гісторыя) гл. песня.
Доўгі рубель гл. рубель.
Доўгі язык гл. язык.
Доўгія рукі гл. рука.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
забы́цца, ‑будуся, ‑будзешся, ‑будзецца; заг. забудзься; зак.
1. Разм. Тое, што і забыць (у 1 знач.). Забыўся прозвішча таварыша. □ Манг зноў захапіўся працай і забыўся на голад. Маўр. Пацешыўшыся з генерала, Ігнась ужо забыўся пра гэта здарэнне. Мурашка. Ад акна несла холадам, тут хадзіў вецер, — нехта забыўся зачыніць фортку. Адамчык.
2. што. Разм. Тое, што і забыць (у 2 знач.). Забыцца дома кнігу.
3. Не ўтрымацца, не захавацца ў памяці. Многае пасля інстытута забылася, і цяпер працаваць у школе Наташы было нялёгка. Васілевіч. Ніколі не забудзецца маленькі чэх Урбанэк з кветкамі, які прыйшоў разам з маткаю пакланіцца загінуўшым. Мележ.
4. Адысці ў думках ад рэчаіснасці; перастаць думаць пра тое, што хвалюе. Пасля баец сціх і забыўся. Клопат яго знік, боль крыху прыціх, але нейкія ўнутраныя пакуты працягваліся. Быкаў.
•••
Забыцца сном (у сне) — заснуць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нагада́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
1. каго-што. Паказацца падобным на каго‑, што‑н. Косця ў гэты момант нагадаў Веры пакрыўджанае дзіцё, і ёй захацелася зрабіць яму што-небудзь прыемнае. Шыцік. Раптам, аднекуль зверху, данёсся жалобны пералівісты звон, які нагадваў звон маленькага ляснога вадаспада. Аляхновіч.
2. што, пра што, аб чым, з дадан. сказам і без дап. Напомніць каму‑н. пра што‑н., выклікаць успамін. Заспявалі пеўні, як гарністы, Нагадалі, што ўставаць пара. Скарынкін. У кішэньках астаткі махоркі Нагадалі мне восені пах. Хведаровіч. Помнік, што ўзняўся да зор, Парой нагадае былое... Кляўко.
3. што і без дап. Разм. Успомніць. У аповесці ёсць час — другая палова дваццатых гадоў, ёсць тапаграфія мясцовасці, ёсць добра выпісаны пейзаж. Варта нагадаць хоць бы ваколіцы Зялёнай Дубровы. Шкраба. Часамі, калі ў думках нагадаеш тую раннюю пару, уяўляюцца ласкавыя рукі маці. Грамовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ну́дны, ‑ая, ‑ае.
1. Невясёлы, маркотны. Абарваны, расхлістаны, стаяў на скрыжаванні выгнаны рабочы.. Стаяў ён, нізка апусціўшы галаву, нудны, як сама доля людская. Колас. Гэля шчыльна прытулілася напудранаю.. шчакою да разгарачанага твару Рыгора.. — А чаму ты нудны такі? Над чым задумаўся-а? Гартны.
2. Які наганяе нуду; выклікае тужлівы настрой. Па бляшаным даху барабаніў дождж, роўны асенні дождж, нудны, як і гэтая цішыня. Няхай. Надышла восень. Поле зрабілася шэрае, нуднае. Бядуля. // Нецікавы. Першыя старонкі [кніжкі], дзе расказвалася пра хлопцаў-паляўнічых, паказаліся Андрушку нуднымі. Лобан. // Поўны нуды, тугі. Не шумі ты, лес высокі, Нудных песень не спявай. Колас.
3. Які не перастае, трывожыць бесперастанку (пра боль і інш.). Страшэнна балела галава, нылі нудным болем рукі і ногі. Чарнышэвіч. Мучыла смага, адчувалася, што з болем і нудным патузваннем растуць губы, шчокі, нос. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падаспе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
1. Прыйсці, з’явіцца ў патрэбны момант. — Нам неабходна пратрымацца некалькі дзён, — гаворыць Мяснікоў таварышам, — а тады падаспее падлюга... В. Вольскі. Да месца бою падаспеў камандзір брыгады з невялікай групай. Гурскі. // Быць гатовым у час, у патрэбны момант. Ляжыць [Воўк] і не здыхаецца, як запараны конь. Тут якраз і падаспела снеданне. Прынеслі яго Анюта, дачка Ваўка, і Гануся, пакаёўка пані Адэлі. Машара. // Настаць, падысці (пра тэрміны, з’явы і пад.). Важкія снапы жыта былі звезены ў гумно. Прыладзілі камбайн і патроху малацілі. Якраз падаспела і пара касіць атаву. Гроднеў. Ну, а як бліжэй сысціся з Іванам Луцкім? І тут падаспеў зручны выпадак. Новікаў.
2. Разм. Стаць гатовым для збору, уборкі (пра расліны, плады). [Андрэй Сцяпанавіч:] — Скончацца суніцы, чарніцы — пойдзем у маліны. А там падаспее ажына — цудоўная ягада. Мяжэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прышы́ць, ‑шыю, ‑шыеш, ‑шые; зак., каго-што.
1. Шыючы, прымацаваць. Прышыць гузік. □ — Не забыцца толькі прышыць бакавую кішэню ў бурносе, — думае Зося, зноў успомніўшы пра грошы. Брыль. [Тамаш:] — Што ж ты без каўняра ходзіш, скажы, няхай табе дома прышыюць. Чорны.
2. Спец. Прымацаваць, прыбіць. Прышыць рэйкі да шпалаў.
3. перан.; што каму. Разм. груб. Несправядліва, ілжыва прыпісаць што‑н., абвінаваціць у чым‑н. — Гэта была памылка, пан афіцэр. Я чалавек маленькі. Мне спрабавалі прышыць тое, чаго я не рабіў. Навуменка. [Станавому прыставу] не падабаецца, што Анцыпік учашчае да Ганны Карлаўны, і ён хоча прышыць настаўніку некаторую долю крамолы. Колас.
4. Разм. Груб. Забіць. [Валенда:] — Дзядок гэты, што тады.. Савецкую ўладу лаяў, — во хто выдаў. Не далі вы мне тады контру гэту прышыць. Асіпенка.
•••
Прышый кабыле хвост — пра каго‑, што‑н. лішняе, непатрэбнае.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пу́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
1. Пусты, без усякай расліннасці ўчастак зямлі. Не хапае зямлі. Ляжыць яна навокал то балотамі, то лясамі, то вось такой пусткай — жоўтым пяском. Чарнышэвіч. На былой пустцы пачалося будаўніцтва самай магутнай у рэспубліцы электрастанцыі. Дадзіёмаў. // Пра ўчастак зямлі, які не апрацоўваецца, не абрабляецца. З пусткі, дзе некалі гагаталі вывадкі гусей ды паролі дзірван лычамі свінні, Мітрафан зрабіў прыгожы і ўтульны куток.. Ракітны.
2. Закінуты ўчастак зямлі, спустошаная зямля. — А памятаеце, з чаго пачынаўся горад і завод? З руінаў, з пустак. Карпаў. Макрына, сумна агледзеўшы забытую пустку, з жальбай сказала: — Гэта ўсё... гэта ўсё, што асталося ад Аліфераўшчыны... Ракітны.
3. Пра пустое, бязлюднае месца, памяшканне. Хата была як пустка якая: усё паадчыняна, паразварочвана, кінута абы-як, і ні душы нідзе. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разлучы́цца, ‑лучуся, ‑лучышся, ‑лучыцца; зак.
1. з кім і без дап. Расстацца, перастаць быць разам (пра блізкіх, сяброў). Здарылася так, што неразлучныя сябры разлучыліся: загад ёсць загад. Васілёнак. Не магла і падумаць старая, што трэба будзе з Лідачкай разлучыцца. Брыль. // Перастаць жыць разам (пра мужа і жонку); разысціся. [Агата:] — Няма Хведара. — [Антось:] — А дзе? — Другі год няма ўжо... Разлучылася я з ім. Чорны. // перан. Пакінуць што‑н. дарагое, блізкае, адмовіцца ад чаго‑н. звычнага. Цяжка раптоўна разлучыцца з думкай аб шчасці. Дамашэвіч. Лявон Лук’янавіч Кулакоўскі не па сваёй ахвоце разлучыўся з пасадай дырэктара школы. «Вожык».
2. Перастаць быць злучаным з чым‑н.; аддзяліцца. Канцы правадоў разлучыліся.
3. Падзяліцца, раздзяліцца. [Руневіч] памятаў, як прыходзілі хлопцы, паасобку і групамі, як абрастаў іх атрад, як разлучыўся на два, як да двух прырос трэці, чацвёрты. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)