мо́ршчыць, ‑шчу, ‑шчыш, ‑шчыць; незак., што.
1. Збіраць у маршчыны (скуру, часткі твару). Віцька моршчыў усыпаны залаціста-карычневымі вяснушкамі нос, памагаў у гаворцы рукамі. Карпаў. Васількоў тым часам накідваў тэзісы даклада. Ён часта задумваўся, моршчыў лоб. Асіпенка.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан. Утвараць складкі рабізны на гладкай паверхні (вады), рабаціць. Дзьмуў халодны красавіцкі вецер, .. моршчыў ваду ў лужах, што расплыліся на балоце. Дуброўскі. // без дап. Разм. Ляжаць нягладка, маршчыніцца (пра адзежу).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
набале́ць, ‑ліць; зак.
1. Стаць вельмі балючым ад працяглага болю. Палец набалеў ад нарыву. // перан. Стаць вельмі адчувальным ад доўгіх пакут, змучыцца (аб сэрцы, душы). Мімаволі горкі ўсхліп Ускалыхнуў яе ўсё цела, Бо сэрца дужа набалела. Колас.
2. перан. Сабрацца, накапіцца (пра што‑н. пакутлівае, цяжкае, нясцерпнае). [Аграном:] — Калі ў чалавека што набалела, то ён скажа: знойдуцца і словы і голас. Кулакоўскі. З лёгкай Косцевай рукі студэнты пачалі горача гаварыць аб тым, што ім набалела. Карпюк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нано́сны, ‑ая, ‑ае.
1. Які нанесены рухам вады, ветру і пад. Наносныя глебы. Наносныя дзюны. □ Там на пясчаным напоеным грунце стаялі тры хаты — трох братоў Чаравакаў. Пестрак.
2. перан. Не свой, не ўласны, не ўласцівы па прыродзе. Думаецца, што .. матывы [смутку, болю] наносныя і чужародныя аптымістычнай паэзіі Алеся Дудара. Звонак. // у знач. наз. нано́снае, ‑ага, м. Рускія марксісты беспаваротна разарвалі з ліберальным народніцтвам і тым самым ачысцілі лепшыя, перадавыя традыцыі ад усяго наноснага і шкоднага. Лушчыцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
наскрэ́бці, ‑скрабу, ‑скрабеш, ‑скрабе; ‑скрабём, ‑скрабяце; пр. наскрбб, ‑скрэбла і ‑скрабла, ‑скрэбла і, ‑скрабло; зак., чаго.
1. Скрабучы, сабраць або набраць нейкую колькасць чаго‑н. Наскрэбці гарнец мукі. □ Міхась тым часам наскроб у траве жменю пяску і паказаў сябрам. Якімовіч.
2. Начысціць, скрабучы (пра моркву, буракі і пад.). Дзяўчына памыла пасуду, наскрэбла на снеданне бульбы. Пальчэўскі.
3. перан. Разм. З цяжкасцю сабраць, набраць. Сяк-так наскроб [Габрусь] грошай на рамы — зашкліць трэба. Шынклер.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пазы́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., што і чаго.
1. Даць каму‑н. што‑н. у доўг. [Язэп:] — Калі вам так патрэбны грошы, дык я вам пазычу. Бядуля.
2. Узяць у каго‑н. што‑н. у доўг, на час. Маці кінулася да суседзяў, каб пазычыць у каго сена. Якімовіч. Тым часам бацька бегаў па хатах, каб дзе пазычыць калёсы на жалезным хаду. Сабаленка.
•••
У сабакі вачэй пазычыць (пазычыўшы) — згубіць сумленне, пачуццё сораму, уласнай годнасці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паслу́хаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
1. Зак. да слухаць.
2. і без дап. Слухаць некаторы час. Мы летуцелі ўсе аб тым, каб сесці ў засень на хвіліну, паслухаць, як шумяць лісты ў зялёных, пышных верхавінах... Дубоўка. Чалавек прыткнуўся да дрэва плячыма і астаўся так паслухаць і паглядзець. Чорны.
3. заг. паслу́хай(це). Ужываецца пры звароце да каго‑н. звычайна ў пачатку фразы, каб прыцягнуць увагу. Я таргануў за рукаў кулямётчыка: — Паслухайце, таварыш! Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пасрэ́дніцтва, ‑а, н.
1. Садзейнічанне пагадненню, здзелцы паміж кім‑, чым‑н. Ліга мае ўсе правы камітэтаў, з тым толькі выключэннем, што падтрымку рускаму руху яна аказвае не інакш, як праз пасрэдніцтва асоб або груп, спецыяльна назначаных Цэнтральным Камітэтам. Ленін.
2. Садзейнічанне ў наладжванні сувязей, адносін паміж кім‑н. Найбольшая частка .. [лацінізмаў] замацавалася ў беларускай мове дзякуючы польскаму пасрэдніцтву. Жураўскі. // У міжнародным праве — удзел трэцяй нейтральнай дзяржавы або міжнароднай арганізацыі ў мірным вырашэнні канфлікту паміж дзвюма дзяржавамі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пераблы́тацца, ‑аецца; зак.
1. Пераплесціся паміж сабою.
2. перан. Бязладна перамяшацца. Сваяцкія ніці паміж імі даўно пераблыталіся, а то і зніклі зусім, але тым не менш кожны з Гараўцоў лічыў сябе выхадцам з адной сям’і. Хадкевіч. Як усё добра складвалася, меркавалася — і вось на табе, з’явіўся нейкі палонны француз, нейкі Мішэль, і ўсё пераблыталася, ускладнілася... Сачанка. // Страціць выразнасць, паслядоўнасць, стаць бязладным, хаатычным (аб думках, успамінах і пад.). Пераблыталіся думкі. □ Усё перакруцілася, пераблыталася ў галаве. Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прасця́к, ‑а, м.
Разм. Прастадушны, бясхітрасны і недалёкі чалавек. Вер людзям, ды не будзь занадта прасцяком, Бо іншы дабрадзея носіць маску, Каб пры выпадку абыйсці цябе цішком... Валасевіч. Галаўня паступова мяняў думку наконт Сцяпана. «Ён не які-небудзь прасцяк. Бач якімі доказамі шпурляе». Гроднеў. Аўтару вадэвіляў і гумарыстычных апавяданняў, Міхасю Чароту былі зразумелыя пажаданні Міровіча, тым больш, што і ў «Хатцы», і ў Галубка ён сам іграў на сцэне вясёлых прасцякоў. «Полымя».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ра́нкі, ‑аў; адз. няма.
Абл. Ранішняя пасьба жывёлы летам у гарачую пару. Маці толькі і клопату з.. [каровай], што выгнаць на ранкі. Б. Стральцоў. Пасвіў .. [дзядзька Алесь] толькі на ранках, бо ўдзень яго ўжо не пускала кузня. Кулакоўскі. // Знаходжанне жывёлы ў хляве ў паўдзённы час пасля ранішняй пасьбы. Тым часам пара і выганяць каровы з ранкаў, і Паўліха ідзе рыхтаваць Чэсіку торбу. Васілевіч. Сёння ўжо каровы прыгналі на ранкі, а Віктара ўсё яшчэ няма. Палтаран.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)