ускі́нуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.
Разм.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Хутка падняцца, узляцець уверх. Апоўнач у баку немцаў раптам ускінулася ўгару полымя і загрымеў выбух. Мележ.
2. Накінуцца на каго‑н. з лаянкай, папрокамі, запытаннямі. — Чаму ж ты мяне не запісаў [у спіс па здачы хлеба], галава твая дубовы! — ускінуўся [Герасіменя] на Сямёна Макарэвіча. Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
услы́х, прысл.
Уголас, каб было чутно іншым. Чытаць услых. □ — Ну вось. У добры шлях, — услых пажадала Таня і зайшла ў вагон. Даніленка. Надыходзілі экзамены, выпускнікі ўслых марылі аб будучым, сачылі за аб’явамі ў газетах, выбіралі навучальныя ўстановы. Чарнышэвіч. «Я — камуніст», — думаў.. [Вася] з нейкай асаблівай яснасцю і прашаптаў услых гэтае гордае слова. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
утрыва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак. (звычайна з адмоўем «не»).
1. Цярпліва перанесці што‑н.; вытрываць. Варухнула [Матруна] прастрэленаю леваю рукою: баліць, не ўтрываць. Марціновіч.
2. Праявіць вытрымку; выцерпець. Праз дзень Клава не ўтрывала і паспрабавала падняцца з ложка. Мележ. — Ты заўсёды плакала, прыбяднялася,.. — не ўтрываў Мікіта, быццам Лёксіны словы зачапілі і яго. Кудравец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хапатлі́васць, ‑і, ж.
Абл. Уласцівасць хапатлівага. Апейку нярэдка штурхалі, але ён не злаваў; яму гэта было нават нібы прыемна, — як і сама працоўная клопатнасць, хапатлівасць, што ўсё больш апаноўвалі вуліцу. Мележ. Такое гарэнне непакоіла Зімчука, якога гэта і цешыла і непакоіла. Непакоіла, бо ў хапатлівасці Васіля Пятровіча адчувалася хваравітасць і надрыў. Карпаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цягаві́ты, ‑ая, ‑ае.
Здольны многа і цяжка працаваць; загартаваны ў працы; працавіты. Валы — цягавітая, пакорлівая скаціна, корму ёй дабіраць не трэба, а работы адзін вол зробіць за трое коней. Пестрак. [Дырэктар:] — Цяжкі цэх, ясна. Там не кожны падніме. Туды трэба чалавека цягавітага, з галавой, такога, што можа любую справу на ногі паставіць. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вірава́ць, ‑руе; незак.
1. Утвараць віры, круціць; бурліць. Вада плюскоча і віруе аж ля самых дзедавых ног. Крапіва. Плыт перагарадзіў пратоку, і вада клекатала, віравала. Савіцкі.
2. перан. Бурліць; кіпець. Кроў віруе. Жыццё віруе. □ Гнеў віруе. Помсты мора Захлынае берагі. Дзяргай. Дарэмна Грыбок.. спрабаваў сцішыць людзей — гоман, крыкі, абурэнне, злосць, смех віравалі ў хаце. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вузлава́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае вузлы. Пастушок бег па вуліцы і паляскваў вузлаватаю пугаю. Чорны.
2. Які мае патаўшчэнні, бугры, наросты. Вузлаватыя вены. Вузлаватыя карані. Вузлаватыя пальцы. □ Каля іх [танкаў] паўкругам высіліся каржакаватыя дубы, раскінуўшы ўгары вузлаватае галлё. Мележ.
3. перан. Заблытаны, складаны. — Не хачу я, каб ты ішоў па маёй вузлаватай сцежцы. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вы́дзеліцца, ‑люся, ‑лішся, ‑ліцца; зак.
1. Выйшаўшы са складу чаго‑н., адасобіцца, стаць самастойным. Выдзеліцца з абшчыны.
2. Вылучыцца якім‑н. чынам сярод іншых. Выдзеліцца сваімі здольнасцямі. □ З усіх галасоў выдзеліўся густы і моцны, як заводскі гудок, бас параненага з павязкай на галаве. Мележ.
3. Выйсці, выступіць на паверхню (з арганізма, са складанага саставу).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дзелаві́ты, ‑ая, ‑ае.
Старанны і ўмелы ў рабоце; дзелавы (у 2 знач.). Вырастаў юнак сталы, дзелавіты, які ўмеў сярод усялякіх спраў адразу ўбачыць самае важнае і найбольш патрэбнае. Чорны. // Які выражае занятасць справай; сур’ёзны. Я стаяў збоку і любаваўся дзедам: яго маладым настроем, яго дзелавітай клапатлівасцю. Якімовіч. Аляксею падабалася простая, дзелавітая гутарка падпалкоўніка. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
добразычлі́вы, ‑ая, ‑ае.
Які жадае людзям дабра, прыхільна, спагадліва адносіцца да іншых. Добразычлівы чалавек. □ — Сядайце тут. Куды вы пойдзеце, — таксама запрашала .. [правадніца] Ніну з гасціннасцю добразычлівай гаспадыні. Сіўцоў. // Які выражае прыхільнасць, спагаду. Добразычлівыя адносіны. □ Упэўненасць ішла, мабыць, ад добразычлівых позіркаў, якія крадком кідалі на .. [старшыню] людзі. Навуменка. Лагоднае, добразычлівае слова больш дае сілы чалавеку, чым лаянка. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)