шчарбі́на, ‑ы, ж.

1. Шчыліна, дзірка на месцы зуба. Даўно на месцы шчарбіны вырас новы зуб, але мянушка Крывы Зуб так і засталася за Венькам... Шыловіч.

2. Зазубрына, выбоіна, выемка і пад. у выглядзе невялікай ямкі. Вуліцы былі вышчарбленыя і, здавалася, яшчэ адчувалі боль ад тых шчарбін. Сабаленка. / у перан. ужыв. Прагаліна раптам павузела, а ніжэй, паміж стваламі таполяў, ператварылася ў нейкую незвычайную шчарбіну. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нізашто́, прысл.

1. Ні ў якім разе, ні пры якіх абставінах. [У хаце] было свежа і чыста, як у лесе пасля дажджу. «Цяпер хоць сам не заходзь, каб не набрудзіць, — падумаў Шурка. — Паслязаўтра мама вернецца з бальніцы, а тут поўны парадак.. Хаця, праўда, адзін я нізашто не ўправіўся б». Шыловіч.

2. Дарма, без прычыны. Стары кальнуў .. [Ганну] злым, вострым позіркам. Гора горам, а трэба ведаць, што гаворыш! Такое страхоцце нізашто ўзвяла. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

напра́ва, прысл.

У правы бок; проціл. налева. Сябры падышлі да пераезду і павярнулі направа. Шыловіч. // На правым баку, з правага боку. Налева ад дарогі стаяў прыгожы домік з чырвонай цэглы.. А направа, за вузкай грэбелькай з гарбатым мосцікам, віднеўся невялічкі вадзяны млын. Чарнышэвіч. / у знач. прыназ. (у спалучэнні з «ад»). Направа ад дарогі рос Авёс, Налева — памідоры спелі. Корбан.

•••

Направа і налева — без разбору, усім, усіх і пад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пустабрэ́х, ‑а, м.

Разм.

1. Сабака, які брэша без патрэбы. Цяпер і.. [Слава] будзе ведаць, як выхоўваць свайго Тумана, каб не рос пустабрэхам. Шыловіч.

2. перан. Пра балбатлівага чалавека. А Света... З языка ўвесь дзень не спусціць. Света — пустабрэх. Пустабрэх і сакатуха. Пташнікаў. А хто і скажа, Маючы на ўвазе, Што ты — фігляр, махляр, Штукар ці блазен, ці пустабрэх, Якога свет не ведаў, — Як часта думаем мы: «Гэта пра суседа!». Лойка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

снара́д, ‑а, М ‑дзе. м.

1. Від боепрыпасаў для стральбы з гармат. Процітанкавы снарад. Артылерыйскі снарад. □ Недзе зусім блізка разарваўся снарад. Шамякін. Час ад часу за ракой грукалі цяжкія гарматы, і над галавой Ягорава з пранозлівым свістам праляталі снарады. Краўчанка.

2. Прылада, прыстасаванне для спартыўных практыкаванняў. Гімнастычныя снарады. □ Разам з іншымі навічкамі знаёміўся [Паўлік] са спартыўнымі снарадамі, вывучаў розныя прыёмы бою на рапірах. Шыловіч.

3. Інструмент, машына, апарат. Землясосны снарад. Буравы снарад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разбе́г, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. разбягацца — разбегчыся (у 6, 7 знач.). Прабіўся [ручай] праз снег І вось пачынае паволі Разбег. Макаль.

2. Дзеянне і стан паводле дзеясл. разбягацца — разбегчыся (у 5 знач.). Назаўсёды палюбіў імклівы разбег сталёвых рэек чыгункі Пеця Трацэнка. Шыловіч.

•••

З разбегу — а) набраўшы скорасць, разбегшыся. І па снезе коні мчацца, Ім з разбегу не стрымацца. Русак; б) не змогшы спыніцца пасля бегу. [Андрэй] з разбегу торкаецца галавой у траву. Хомчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стажыро́ўка, ‑і, ДМ ‑роўцы; Р мн. ‑ровак; ж.

1. Праходжанне выпрабавальнага тэрміну перад залічэннем на работу (на прадпрыемства, ва ўстанову і пад.). Чамусьці прыгадалася [Вячаславу], як упершыню трапіў сюды [на граніцу] і праходзіў стажыроўку на адной з застаў. Шыловіч.

2. Праходжанне навучэнцамі вытворчай практыкі для набыцця вопыту і якой‑н. спецыяльнасці. Штосьці падобнае Чарняхоўскі некалі адчуваў у Бабруйску, прыехаўшы туды з Акадэміі на стажыроўку. Мележ. Затым усе набылі па стажыроўцы ля пультаў Літоўскай ДРЭС. Гроднеў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шкумата́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

Матляючы, тузаючы ў розныя бакі, ірваць, імкнуцца парваць на часткі. Вецер усё не ўціхаў і злосна шкуматаў полы шынялёў. Быкаў. Тут жа, скалячы зубы, гойсаў Туман. Скакаў як апантаны, хапаў зубамі то мячык, то зайку, то клоуна. Шкуматаў, падкідваў уверх, трыбушыў лапамі. Шыловіч. // перан. Прыносіць гора, пакуты, няшчасце. Шмат з іх [людзей] спазнала вайну, шмат іх вайна шкуматала, Многія бачылі з іх гора людскога нямала. Броўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шмы́гаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. Хутка, жвава хадзіць, рухацца, перамяшчацца каля каго‑, чаго‑н., паміж кім‑, чым‑н. Шмыгала сарока Па садах і парках, Збірала навокал Навіны пляткарка. Калачынскі. Між дарослых шмыгалі дзеці — гулялі ў квача, бегалі па прасторнай зале вакол пышнай пальмы. Шыловіч. На вуліцы мітусіліся людзі, шмыгалі ў розныя бакі аўтамашыны. Пянкрат.

2. чым. Тое, што і шморгаць (у 4 знач.). Паўлік шмыгаў носам і аж затойваў дух. Пальчэўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шо́лах, ‑у, м.

Лёгкае, ледзь чутнае шапаценне; шорах, шоргат. Праз расчыненае акно вецер даносіць шолах бяроз і свежасць ракі. Шыловіч. Лістапад! Не чуваць ужо шолаху траў На лугах, за шырокім Дняпром. Прыходзька. // Глухі, невыразны шум. Каротка і адрывіста раўнуў паравоз на раз’ездзе, ціхенька здрыгануліся рэйкі, і нейкі лёгкі, ледзь чутны шолах прабег па іх, як бы яны аб чымсі перамаўляліся між сабою. Колас. З мяккім шолахам накатваліся бясконцыя хвалі, імкліва прарэзвалі блакіт беласнежныя чайкі. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)