Ма́са ’колькасць матэрыі, якая складае цела’, ’вялікая колькасць, мноства, шмат чаго-небудзь’, ’мноства рэчыва без пэўнай формы’, ’народ, шырокія колы насельніцтва’ (ТСБМ, Яруш., ТС). Еўрапейскае слова. У бел. мову запазычана з польск. і, магчыма, паўторна з рус. мовы, у якіх з новав.-ням. Masse (XVI ст.) або з франц. masse > лац. massa ’злітак’, ’ком, глыба, кавалак’, ’хаос’ < ст.-грэч. μᾶζα ’цеста’, ’ячменны хлеб’ < μάσσω ’мяшаю, размешваю’. Сюды ж масаві́к ’той, хто вядзе работу ў масах’, ’арганізатар масавых гульняў’ (ТСБМ), ма́савыя ’летняе свята саўгаснікаў’ (віл., Нар. сл.), масо́ўка ’масавая сцэна ў спектаклі, фільме’, ’масавая прагулка’, ’тайны рэвалюцыйны сход’ (ТСБМ) — усе з рус. мовы.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
нагля́д, ‑у, М ‑дзе, м.
1. Назіранне за кім‑, чым‑н. для аховы, кантролю, вывучэння і г. д. Тайны нагляд. Знаходзіцца пад наглядам дактароў. □ Савет узяў пад нагляд работу сталовых, дзіцячых садоў. Карпаў. Усе зубры знаходзіліся пад сталым навуковым наглядам. В. Вольскі.
2. Догляд, клопат. Хлопчык у такім узросце, калі яму патрэбен асаблівы нагляд. Асіпенка.
3. з азначэннем. Група асоб, якая ажыццяўляе назіранне з мэтай аховы, кантролю і г. д. Тэхнічны нагляд. Санітарны нагляд. Апякунскі нагляд.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыто́ены, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад прытаіць.
2. у знач. прым. Тайны, скрыты; затоены. Макоўчык гаварыў з самай сур’ёзнай мінай, але Запару ў яго словах чуўся прытоены смех. Мележ. — Ну, вы жартуеце, што ўсё тут смачнае, — з прытоеным гонарам сказала гаспадыня. Арабей.
3. у знач. прым. Які тоіць у сабе што‑н.: загадкавы. На прапанову аб прызначэнні загадчыцай фермы Ганны Хведасюк сход адказаў прытоеным маўчаннем. Навуменка. Прытоеная цішыня чутка вартавала кожны гук, кожны нясмелы шолах. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кантраба́нда, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
1. Тайны правоз або перанос цераз дзяржаўную граніцу тавараў, каштоўнасцей і інш., забароненых або абкладзеных пошлінай. Змагацца з кантрабандай.
2. зб. Тавар, каштоўнасці і інш., якія тайна правозяцца або пераносяцца праз дзяржаўную граніцу. Яны [чужыя людзі] хавалі тут кантрабанду. Колькі часу патрацілі, колькі страху набраліся! Колас. Якая яму была справа, падшывальцу Андрэю, што ён, Лупянок, вазіў кантрабанду... Лынькоў.
3. у знач. прысл. кантраба́ндай. Тайна, употай. Наносілі мы поўныя вышкі асенняга лісця, .. здабывалі кантрабандай канюшыны ўлетку, нажынаючы яе сярпом. Дубоўка.
[Іт. contrabando ад contra — супраць і bando — урадавы ўказ.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тае́мны, ‑ая, ‑ае.
1. Скрыты, невядомы, непрыкметны для іншых. Таемнае жаданне. □ А цёплымі вечарамі ля Ручайкі [назва рэчкі] шмат таемных мясцін для закаханых. Марціновіч.
2. Загадкавы, невядомы, акружаны тайнаю. Ніяк не мог зразумець .. [Міколка], што гэта за такая таемная асоба, якой баяцца людзі, якой баіцца маці. Лынькоў.
3. Які сведчыць пра наяўнасць якой‑н. тайны. На твары .. [Кастуся] ляжаў таемны выраз вялікага змоўшчыка. Чорны. Сяргей паслухаўся гэтага таемнага голасу, азірнуўся. Тое, што ён убачыў, яго вельмі здзівіла. На просецы мільгалі агеньчыкі: адзін, другі, трэці... Шахавец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адкры́ты, -ая, -ае.
1. Нічым не загароджаны, не прыкрыты; аголены; без покрыва зверху, з бакоў.
А. прастор.
Адкрытае мора.
Смажыць на адкрытым агні.
Хадзіць з адкрытай галавой.
2. Даступны для ўсіх жадаючых.
А. сход.
3. Не тайны, яўны.
А. пратэст.
Адкрыта (прысл.) выступіць з крытыкай недахопаў.
Адкрытае галасаванне (падняццем рук, не тайнае).
4. Шчыры, прамы, даверлівы.
А. твар.
А. характар.
5. Тое, што і разгорнуты.
Адкрытая кніга.
А. журнал.
6. З вялікім выразам.
Адкрытае плацце.
7. Не падземны, з агаленнем пласта.
А. спосаб здабычы вугалю.
○
Адкрытае пісьмо — пісьмо каму-н., якое публікуецца ў друку.
Адкрытае пытанне — нявырашанае пытанне.
Адкрытая рана — рана, якая не зажыла.
Адкрыты лоб — вялікі і круты лоб.
◊
У адкрытую (ісці, дзейнічаць) (разм.) — не ўтойваючы сродкаў і прыёмаў.
|| наз. адкры́тасць, -і, ж. (да 4 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
наступле́нне 1, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле дзеясл. наступаць 1 (у 4 знач.). Наступленне раслін на азярко пашыралася з усіх бакоў. Асака і гарлачыкі запаланілі ўсё люстра. В. Вольскі.
2. Баявыя дзеянні войск супраць праціўніка з мэтай руху наперад. Чырвоная Армія перайшла ў рашучае наступленне і забірае ад фашыстаў горад за горадам. Купала. Імклівае наступленне нашых войск змяло франтавую лінію. Шахавец. // перан. Актыўныя дзеянні, якія робяцца кім‑н. з якой‑н. мэтай. Адважныя людзі Савецкай краіны Пайшлі ў наступленне на тайны прыроды... Колас.
наступле́нне 2, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. наступіць 2.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
абра́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад абраць.
2. у знач. прым. Які мае законныя паўнамоцтвы, правы. І вось вам яны, партызаны, І тайны хаўрус, І ён, камандзір ваш абраны, Кандрат Белавус. Колас.
3. у знач. прым. Які да спадобы, пад густ; любімы. Было адно такое абранае месца, куды.. [Лабановіч] звычайна і хадзіў, калі хацелася пабыць аднаму. Колас.
4. у знач. наз. абра́ны, ‑ага, м. Той, хто карыстаецца ўсімі правамі і дабротамі жыцця; прадстаўнік эксплуататарскага класа. Была тут [на Балканах] воля для абраных, Для неабраных — ланцугі. Калачынскі.
5. у знач. наз. абра́ны, ‑ага, м. Той, каго выбіраюць для душы; каханы. Звычайна не ведаюць усе закаханыя, за што кахаюць сваіх абраных. Дуброўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сакрэ́тны, ‑ая, ‑ае.
1. Які з’яўляецца сакрэтам, невядомы ўсім; тайны. Сакрэтны пакет. □ Любіў [Даніла] таксама патаемна Лісток сакрэтны пачытаць. Колас. [Партызаны] не ведаюць аднаго сакрэтнага слова, ключа ў нямецкі абарваны круг. Брыль. [Гарлахвацкі:] У цябе там у пакоі, здаецца, людзі ёсць?.. Папрасі ўсіх выйсці. Так, размова будзе сакрэтная. Крапіва. // Звязаны з вядзеннем спраў закрытага парадку. Сакрэтная работа. Сакрэтны аддзел. □ Не дарма ўжо праз некалькі дзён паслаў.. [Лялькевіч] Даніка ў Гомель з нейкім сакрэтным заданнем. Шамякін. // Сакрэтна размешчаны. І бамбавозы з сакрэтных баз Прагнуць закрыць наша сонца ў небе... Панчанка.
2. Мудрагелістай канструкцыі, з механізмам, дзеянне якога вядома не ўсім. Сакрэтны замок. □ Хата Паўлюкова была завалена з сярэдзіны сакрэтным завалам. Зарэцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скры́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад скрыць.
2. у знач. прым. Схаваны ад чыіх‑н. вачэй; нябачны. Сяргееў хацеў ісці скрытымі мясцінамі, па лазняку. □ Валодзя ведаў карацейшую дарогу. Федасеенка. // Замаскіраваны, тайны. Скрытая барацьба. Скрытыя падкопы ворагаў.
3. у знач. прым. Без характэрных знешніх прыкмет; унутраны. Скрытая форма хваробы. // Які не выяўляецца яскрава, скрываецца (пра пачуцці, адчуванні і пад.). Тонкія, таксама падфарбаваныя вусны нервова ўздрыгвалі, вялікія сінія вочы глядзелі журботна, з вялікім скрытым болем. Шашкоў.
4. у знач. прым. Які ўласцівы каму‑, чаму‑н., але яшчэ не выявіўся або знешне незаўважальны. Скрытыя сілы. □ Адам Міцкевіч, чытаючы лекцыі ў парыжскім Калеж дэ Франс, гаварыў .. аб скрытых, патэнцыяльных магчымасцях беларускай мовы. Мальдзіс.
•••
Скрытая камера гл. камера.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)