Саха́ ’саха, земляробчая прылада’ (ТСБМ, Нас., Шат., Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС, Сцяшк., Янк. 2; пруж., КЭС; Мат. Гом.; Янк., Бес.), ’акучнік’ (Сл. ПЗБ), ’слуп з развілінай наверсе, які служыць апорай чаму-небудзь’ (ТСБМ, Касп., Сл. ПЗБ, Сцяшк. Сл., Некр., Выг., Шушк., Мат. Гом., Янк., Янк. 2), ’частка калодзежнага жураўля, слуп’ (Сл. ПЗБ, Шат., Янк. 2, Мат. Гом., Сцяшк. Сл., Бір., Жд. 1, Тарн.), ’частка ствала дрэва, ад якой адыходзіць некалькі макушак’ (Інстр. 3), ’завостраны кол, прыстасаванне для тармажэння плыта’ (Сл. ПЗБ, Нар. сл.), старое ’мера зямельнага падаткаабкладання’ (ТСБМ), ’зямельная мера’ (Выг.), ’частка сахі ў выглядзе доўгай жардзіны, да якой збоку прыпрагаўся конь’ (Сл. рэг. лекс.), мн. сахі́ ’рогі лася’ (ТСБМ), сахо́та ’саха’ (Сцяшк. Сл.), со́хі мн. л. ’накрыж укопаныя падпоркі’ (Касп.), ’слупы ў гаспадарскім будынку’ (Сцяшк.), ’даўнейшы ткацкі станок, прасцейшы за кросны’ (бялын., Нар. сл.), со́шкі ’столбікі ткацкага станка’ (Шат.), ’вілаватыя палкі, якія ставяць па баках воза, калі кладуць сена’ (Бяльк.). Рус. соха́ ’земляробчая прылада; падпорка, слуп, частка калодзежнага жураўля’, ’мера зямлі’, укр. соха́ ’падпорка’, стараж.-рус. соха ’кол, дубіна, падпорка, саха’, ’мера плошчы’, польск. socha ’развілак’, в.-луж., н.-луж. socha ’кол з развілкамі’, чэш. socha ’статуя’, дыял. ’кол з развілкай, падпора; частка калодзежнага жураўля і да т. п.’, славац. socha ’калона’, серб.-харв. со̀ха ’палка, кій з развілкай’, серб.-ц.-слав. соха ’тс’, славен. sóha ’слуп з папярочкай’, балг., макед. соха́ ’кій з развілкай’. Прасл. *soxa ’кол, дрэва з развілкай’; з гэтага значэння выцякаюць усе астатнія. Слова лічыцца спрадвечна славянскім, запазычанне выключаецца. Бліжэйшыя адпаведнікі бачаць у літ. šakà ’галузка, сук, развіліна’, лат. saka ’разгалінаванае дрэва’, sakas ’хамут, ярмо’, ст.-інд. çā́khā ’галінка, сук’, перс. šāx ’галінка, сук, рог’, гоц. hôha ’плуг’ і г. д. (Траўтман, 297; Фасмер, 3, 729–730), усе да і.-е. *k̑ak‑ ’галузка’ (Покарны, 523; Шустэр–Шэўц, 1331); ‑x‑слав. чакалася б *soka, як бачым з параўнанняў) тлумачыцца як новы суфікс, як у чэш., польск. brach, bracha < brat(r) (Махэк₂, 565–566); спірантызацыя ‑к‑ (Брукнер, 505–506), або ў Борыся, 566 як суф. ‑sā: *kʼăk‑sā (як страха). Трубачоў, Ремесл. терм., 160–161, падкрэсліваючы, што прасл. *soxa датычыцца толькі адсечанай часткі дрэва, звычайна вызначанай формы, узводзіць прасл. слова да больш старажытнага *soka, дэрывата ад *sěkti (гл. сячы), а ‑x‑ тлумачыць, услед за Брукнерам, як спірантызацыю ‑к‑ па семантычных матывах. Аналагічна Страхаў, Palaeoslavica, 13/2, 6.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тур1 ‘першабытны дзікі бык Bos primigenius, буйвал’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Гарэц., Вруб., Арх. Вяр., Ласт.): natura, jak ŭ toho tura (ваўк., Федар. 4), ст.-бел. туръ ‘тс’ (ГСБМ). Як назва рэальнай жывёлы даўжэй захоўвалася ў раёне, які прымыкае да сучаснай Белавежскай пушчы, параўн. siedzić, jak tur ŭ harè (слонім., ваўк., Федар. 4, 275: hara ‘лес’?); у песні: Не ўгінайся, буковый мосце, / Через тебе ідут туры і елені (брэсц., Д.-Хадак., 346). У Бельскім павеце запісана гульня «У тура», што можа адносіцца да паганскага культу, гл. БНТ, Гульні₂, 39. Укр. тур, рус. тур, польск., н.-, в.-луж. tur, палаб. täur, чэш. tur, славац. tur, славен. túr (захоўваецца ў тапонімах Turjak, Turja glava), балг. тур, макед. тур, ст.-слав. тоуръ ‘дзікі бык’. Прасл. *turъ роднаснае ст.-прус. tauris ‘зубр’, літ. taũras ‘тур, бык’, ст.-грэч. ταυρος ‘бык’, лац. taurus, ірл. tarb ‘тс’, авест. staōra ‘буйная рагатая жывёла’, гоц. stiur ‘бык’, ‘цялё’, што да і.-е. *tə̯uro‑ < і.-е. *teu̯h₂‑ ‘ацякаць, распухаць, павялічвацца’ (Сной₂, 792; Фасмер, 4, 122; Брукнер, 584; Скок, 3, 524; Буга, Rinkt., 2, 634; Борысь, 654; ЕСУМ, 5, 677–678). Існуе магчымасць меркаваць пра настратычныя сувязі з прасеміц. tauru‑ ‘бык’ (Покарны, 1083; Арол, 4, 118; ESJSt, 17, 998). Сюды ж астронім ст.-бел. Туръ, Телець, Юнець, Бычокъ, што адпавядае лац. Taurus ‘тс’ (XVI ст., Бел. лекс., 112), тур ‘маўчун, маўклівы чалавек’ (пін., ЛА, 3); туры́ца ‘дзікая карова’, ‘мажная здаровая кабета’ (Нас.), туры́ця ‘самка тура’ (драг., Сл. ПЗБ), магчыма, мянушка каровы туро́ля (мёрск., Нар. лекс.).

Тур2 ‘адзін круг танца; асобны этап якой-небудзь гульні, конкурсу, спаборніцтва, мерапрыемства’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Вруб.), ‘падарожжа, турыстычная паездка’ (Улас.). Праз рускую мову (тур) з франц. tour ‘круг, абарачэнне, абарот, абход, аб’езд’, ‘чарга’, ‘ганчарны круг’, якое з с.-лац. turnus > лац. tornus ‘такарны варштат’ < ст.-грэч. τόρνος ‘прылада цесляра для вывядзення контураў кола, паўкола’, ‘долата, такарны разец’ < τείρω ‘тру’ (Фасмер, 4, 122; Даза, 716; ЕСУМ, 5, 678). Значэнне ‘падарожжа’ пад уплывам англ. tour ‘паездка, экскурсія’ (Арол, 4, 118), параўн. турнэ, гл.

Тур3 ‘апорны слуп пасярэдзіне святліцы старажытнага дома’ (Ласт.), ‘слуп каля печы ў курных хатах’ (дзісн., Яшк.). Магчыма, да тур1 (гл.) у пераносным значэнні ‘найбольш значны канструкцыйны элемент’, бо апорны слуп называлі «турам» побач з «князем», «князьком», «канём» (Ласт., 143).

Тур4 ‘купальнік горны, Arnica montana L.’ (гродз., Кіс., ТС), тур‑зелье, зелье‑тур ‘тс’ (ТС). Да тур1 (гл.); параўн. польск. дыял. tura альбо trawa turowa, turówka, żubrówka ‘зуброўка, Hierochloë odorata (L.)’, што можна разглядаць як аналаг зу́брава трава́ ‘тс’ (брэсц., Кіс.) — ежа зуброў у Белавежскай пушчы (Коласава, Лексика, 60; адносна іншых раслін гл. ЕСУМ, 5, 680). Аднак не выключана метафарычнае ўжыванне назвы тур1 — тое, што прыносіць здароўе і сілы, параўн. фразеалагізм здаровы як бык.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

святы́, ‑ая, ‑ое.

1. Паводле рэлігійных вераванняў — надзелены абсалютнай дасканаласцю і чыстатой, боскай сілай. Святая тройца. Святая вада. □ — Схадзі, сірацінка, пакліч Сымона-кантычніка. Няхай над нябожчыкам святыя словы чытае. Бядуля. // Ужываецца як пастаянны эпітэт да слоў, якія абазначаюць прадметы і месцы рэлігійнага пакланення. Святая царква. □ Святая пасцель небасхіла Крывавай імглой заплывала, Пасад заручальны магілай Пуціна сляпая хавала. Купала. Вунь там, за какосавым гаем, руіны старажытнага храма. Месца лічыцца святым. Б. Стральцоў.

2. У хрысціянскім кульце — чалавек, які ўсё жыццё служыў богу ў царкве, а пасля смерці прызнаны нябесным заступнікам веруючых. Святы Ілля сядзеў задумна, Самотна тоячы аб разу. Гаўрусёў. / у знач. наз. святы́, ‑ога, м.; свята́я, ‑ой, ж. З палотнішчаў старых абразоў на яго глянулі строгія, хоць і выцвіўшыя, твары святых. Колас. Там [у Вільні] ёсць каму кланяцца, гнуць спіну, ёсць перад кім поўзаць на каленях і ў сваёй слепаце ліць слязу за слязою перад абразамі святых, якім і ліку няма. Пестрак. / у іран. ужыв. Пелагея.. з крыкам кінулася да.. [Маеўскага і Тацяны]: — Што? Што вы седзіцё тут, як святыя? А там кароўку павялі... Шамякін.

3. перан. Высокай маралі, бездакорны ў сваім жыцці, паводзінах. Ты спяшала туды, Маладая, святая. І пасоўваўся бераг насустрач табе. Чэрня. // Не вінаваты перад кім‑н. у чым‑н.; бязгрэшны. [Галіна:] — От бачыш, і я саграшыла перад табою, і я не святая, як думала сама сабе. Скрыган.

4. Высакародны, чысты, узвышаны. Я перадам святую праўду века, Што ў промнях сонца, з дыму і крыві Да новых зор узнёсла чалавека Для шчасця і вялікае любві! Грахоўскі. І зведаў пераможаны Берлін Святы наш гнеў, святую нашу літасць; Не толькі помсціць за сяброў забітых — Жывых сяброў мы ратаваць ішлі. Жычка. // Высокі, пачэсны. Святы абавязак. □ Гэта дзіця загінуўшай маці; яе [Тацяны] святы доўг захаваць і вырасціць яго... Шамякін. // Шчыры, сапраўдны. Хай беражэ цябе ад кулі І ад варожых злых штыкоў Святое пачуццё матулі — Мая бязмежная любоў. Глебка.

5. Паважаны, дарагі, любімы. Ты [Мінск] — наша сталасць, Нашае юнацтва І наш святы двухкаляровы сцяг. Прыходзька. Сню цябе, Беларусь, па начах, Адзіную ў свеце, святую. Астрэйка. / у знач. наз. святы́, ‑ога, м. І ўсё, што ў нас святога ёсць — Радзіма, воля, слава, чэсць, — Мы пранясём праз гром, агонь, Варожых сіл раскрышым бронь. Колас. Здрадзіць [дадзенаму слову] для.. [Ніны] — значыць адрачыся ад усяго святога. «Маладосць».

6. перан. Якім даражаць, якога шануюць. Часу не хапала, ён [Лоўгач] затрымліваўся позна, рэдка прыходзіў абедаць, і толькі ранішнім гадзіны былі для яго святыя. Савіцкі. Даўно мінулі дні атак. На ўзбярэжжы Нёмна Стаіць падбіты грозны танк — Святы суровы помнік. Панчанка. З братамі дзяліліся хлебам, Што вырас у стэпах данецкіх Пад зорным, апаленым небам, Святым нашым хлебам савецкім. Танк.

7. Непахісны, непарушны. Наш святы жыцця закон Мы ў кнігу дружбы запісалі. Колас.

•••

Святы айцец гл. айцец.

Скокі святога Віта гл. скокі.

Адправіцца да святых на чай (чай піць) гл. адправіцца.

Бог святы ведае гл. бог.

На святыя ніколі — ніколі, аніколі.

Не святыя гаршкі лепяць — кожнаму пад сілу, усякі чалавек гэта можа зрабіць.

Святая прастата — пра наіўнага, прастадушнага, няхітрага чалавека. Тады малады дзесятнік пачаў заляцацца. Нічога ж пра яе не ведае, шчабеча ўвесь вечар — святая прастата. Мыслівец.

Святая праўда (ісціна) — бясспрэчная, безумоўная праўда, ісціна. Усё, што гаворыць Антон сваім слухачам, беларускім сялянам, ацэньваецца імі як святая праўда. Ларчанка.

Святая святых — а) пра што‑н. тайнае, недаступнае. [Штрыпке:] — Тонкасці гэтай справы, святая святых яе, для мяне недаступны. Лынькоў; б) пра што‑н. самае дарагое, запаветнае. [Прэзідэнт:] Мне шчыра шкада.. [Андрэя], але стрэлам у судзе злачынца зрабіў замах на святая святых нашай дзяржавы, на яе фундамент, на закон. Кучар.

Святы дух гл. дух.

Святым духам гл. дух.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)