прамяні́сты, ‑ая, ‑ае.
1. Які свеціцца праменямі, ад якога ідуць прамені. Зімняе сонейка рэдка калі бывае яркім, прамяністым. Краўчанка. // Поўны святла, ззяння, бляску. За акном разгараецца дзень прамяністы. Панчанка. Зыркаюць прамяністыя агні ў калгасным клубе. Пянкрат. // перан. Поўны радасці, шчасця і пад. Прамяністыя надзеі. Прамяністая будучыня. // перан. Напоўнены ўнутраным ззяннем (пра вочы). Цеплыня выходзіла і ад .. [Марынчынай] рукі, і ад гэтых слоў, і ад прамяністых вачэй. Хадкевіч.
2. Які разыходзіцца праменямі, нагадвае прамені. Жаўтаваты твар з прамяністымі маршчынамі вакол вачэй гаварыў, што нямала гора перанесла кабета. Васілевіч.
3. Спец. Які ўзнікае пры выпраменьванні. Прамяністая цеплыня.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыгажу́н, ‑а, м.
1. Прыгожы мужчына. Невядома адкуль прыблукаў у нашу вёску Сашка Трой. Чорны, як смоль, прыгажун і весяльчак. Пянкрат. [Сатараў] выдатнік вучобы і паэт, жыццярадасны і дасціпны прыгажун, высокі і тонкі, як чарацінка. Лось.
2. Аб кім‑, чым‑н. прыгожым. Па падаконніку апынуўся чырвоны, як полымя, прыгажун-певень. Шамякін. Стаенны прыгажун захроп, шырока растапырыўшы ноздры, павёў вушамі і пачаў грабці нагою зямлю. Кулакоўскі. Стаіць такі прыгажун [паравоз] ля дэпо, калёсы высокія, чырвоныя, не раўнуючы, як ногі ў бусла балотнага. Лынькоў.
•••
Пісаны прыгажун — вельмі прыгожы, такі, як на малюнку.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
смыле́ць, ‑ліць; незак.
1. Балець, пячы (ад апёкаў, раздражнення скуры, ран і пад.). Смылелі папечаныя пальцы, пахла дымам вопратка, аж блажыла; і глыбока-глыбока ныла ў сярэдзіне. Пташнікаў. Стаміўся я. Не слухаюцца ногі. Смыляць, гараць, нібы яны ў агні... Бялевіч. Дубянеюць ногі, смыляць паабдзіраныя аб калючы снег рукі. Грахоўскі.
2. перан. Трывожыць, мучыць (пра душэўны боль). [Ганна:] — Я не крыўдую на цябе, але сэрцу балюча. Смыліць яно, штодня смыліць. Лынькоў. [Гаварушка:] — Ужо і ў мяне душа пачынае смылець. Лобан.
3. Гарэць без полымя, слаба гарэць; тлець. Цьмяна смылеў на камінку гнілаваты корч. Пянкрат.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уя́ўны, ‑ая, ‑ае.
1. Які існуе не ў сапраўднасці, а ва ўяўленні. Уяўная небяспека. □ [Рахункавод] здзьмухнуў са стала ўяўны пыл. Пянкрат. Паслужыўшы арганістам, ён [бацька] нагледзеўся на жыццё ксяндзоў, на іх уяўную святасць і стаў перакананым атэістам. Мядзёлка. І ні разу.. [Алесь] не прамінаў, каб дазнацца прычыну тых страхаў. А іх — яўных і ўяўных — хапала тады. Ваданосаў.
2. Які толькі ўяўляецца; тэарэтычна мажлівы, патэнцыяльны. Уяўная лінія. □ Для Вабейкі ж уяўны прыезд брата быў важны козыр, каб вытлумачыць, каму трэба, чаму ён надумаў будаваць дом у Лашычах. Хадкевіч.
•••
Уяўны лік гл. лік.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
абда́ць, ‑дам, ‑дасі, ‑дасць; ‑дадзім, ‑дасце, ‑дадуць; зак., каго-што.
1. Абліць, абсыпаць, абвеяць што‑н. адразу з усіх бакоў. Абдаць талерку варам. □ У твар дыхнуў вільготны вецер, абдаў дробнымі кропелькамі дажджу. Пянкрат. Поезд праімчаўся, як змей, абдаўшы віхрам пылу і дыму настаўніка. Колас. Вячэрні халадок прыемна абдаў твар. Кулакоўскі.
2. перан. Ахапіць, авалодаць (пра пачуццё, перажыванне). Яны [Андрэй і Людміла] зайшлі ў яе пакой. І зноў абдало знаёмым і трывожным. Арабей. Нез’яснёная лёгкасць, як пасля скінутых ланцугоў, што доўгі час звязваюць людскую долю, абдала Рыгораву істоту. Гартны.
•••
Як варам абдало — аб прыліве крыві да твару, выкліканым адчуваннем няёмкасці, збянтэжанасці, хваляваннем.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
горб, гарба, м.
1. Ненармальная пукатасць на спіне або на грудзях чалавека, якая ўтвараецца ад скрыўлення пазваночніка або грудной клеткі. За вайну Якім яшчэ больш падаўся, ссутуліўся, і ад гэтага горб на яго спіне здаваўся больш крутым, чым раней. Парахневіч. // Тлушчавы нараст на спіне некаторых жывёл, напрыклад вярблюда. // Разм. груб. Спіна. За жыццё памясіў я нямала балот, панасіў на гарбу я нямала турбот. Дубоўка.
2. чаго. Пукатасць, узвышэнне на якой‑н. паверхні. Дзе-нідзе на палях агаліліся рыжыя гарбы узгоркаў. Пянкрат. Крыху правей, куды вядзе аўтастрада, чарнее горб маста. Карпюк.
•••
Гнуць горб гл. гнуць.
Сваім гарбом — цяжкай працай (жыць, зарабляць, здабываць і пад.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нагарадзі́ць, ‑раджу, ‑родзіш, ‑родзіць; зак., чаго.
1. Нарабіць многа платоў, перагародак. Нагарадзілі катухоў, ані павярнуцца, ані слова сказаць, бо ўсё скрозь сцяну чуваць. Карпюк.
2. Разм. Наставіць, накідаць у беспарадку вялікую колькасць чаго‑н. У сенцах нешта грукнула і пачулася прыглушанае вохканне: — Хто гэта тут нагарадзіў?.. Ледзь духі не адбіла... Б. Стральцоў.
3. перан. Разм. Нагаварыць, напісаць многа лішняга, непатрэбнага; напляткарыць. [Максім:] — Ты тут нагарадзіў такога, што трэба адразу ўнесці яснасць. Калі ты нас дрэнна разумееш, дык навошта ж распачынаць размовы. Машара. [Іван Пятровіч:] — Не ведаў, Мікалай Барысавіч, што ты такі дробязны чалавек. Пісаць на мяне.. такую лухту. — Сам ты што на мяне нагарадзіў? Пянкрат.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
непахі́сны, ‑ая, ‑ае.
1. Такі, што нельга пахіснуць; устойлівы. Светлаю любоўю да Радзімы, Сілай непахіснай у плячах Услаўляем вобраз мы любімы — Дарагія рысы Ільіча! Звонак.
2. Цвёрды, стойкі (у сваіх намерах, перакананнях і пад.). Лірычны герой вершаў В. Таўлая паўстае перад чытачом як непахісны барацьбіт за шчасце народа. Шкраба. Ты [баян-кабзар] прайшоў яго [шлях], Як асілак-змагар непахісны, І агню твайго Не згасіў ніхто. Колас. // Які ўласцівы такому чалавеку. Усю гэтую навалу вытрымала, выстаяла і перамагла непахісная воля народа. Паслядовіч. Характар у.. [бацькі] цвёрды і непахісны, як скала. Пянкрат. // Які выяўляе стойкасць, цвёрдасць. Хлопцы адчулі палёгку і непахісную ўпэўненасць у сваёй незалежнасці. Вітка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прабра́ць, ‑бяру, ‑бярэш, ‑бярэ; ‑бяром, ‑бераце; пр. прабраў, ‑брала; заг. прабяры; зак., каго-што.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Аказаць моцнае ўздзеянне (пра холад, мароз). Пад раніцу нас прабраў холад. Пянкрат. / у безас. ужыв. Я рушыў да вогнішча. — Прабрала ж цябе, — ажыў Мікола: у яго быў сіплы голас. Чыгрынаў. // перан. Ахапіць, авалодаць. Цяпер толькі [апамяталася] дзяўчына, што нарабіла, і сполах дурны прабраў яе. Нікановіч.
2. Разм. перан. Зрабіць суровую вымову за што‑н., вылаяць. Прабралі адстаючых, потым гаварылі аб лепшых. Шынклер. Вольга Усцінаўна глядзела на мужа са страхам: яе абразіла зяцева бестактоўнасць, але прабраць яго не адважылася. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прысту́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
1. што, чым і па чым. Злёгку, нямоцна стукнуць. Дзед Ларка прыстукнуў малатком цвічок, прыцмокнуў языком. Пянкрат. — Вось і вы сваю цаглінку паклалі ў будынак школы, — сказаў муляр ды прыстукнуў кельмай зверху, раўняючы рад. Юрэвіч. — І, ведайце, усё на сваім пастаўлю, — прыстукнуў .. [Хлор] па стале кулаком. Гартны. Пшэбора спрытна павярнуўся, Як першы ў свеце кавалер, Прыстукнуў ботам ды прыгнуўся, Аж бліснуў срэбраны каўнер. Колас.
2. каго. Разм. Забіць, прыбіць. Рабіў Макар усё на злосць старшыні, лаяў яго спачатку за вочы, а пасмялеўшы, і ў вочы. Выпіўшы, пагражаў прыстукнуць у цёмным закутку. Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)