клева́ть несов.
1. (о птицах) дзяўбці́;
2. (о рыбе) клява́ць, то́ркаць; (ловиться) бра́цца;
смотри́, клюёт глядзі́, то́ркае;
сего́дня ры́ба не клюёт сёння ры́ба не бярэ́цца (не клюе́, не то́ркае);
лещ клюёт на червя́ лешч бярэ́цца на чарвяка́;
3. перен., разг. клява́ць;
◊
клева́ть но́сом то́ркаць но́сам;
де́нег ку́ры не клюю́т (у кого) гро́шай ку́ры не дзяўбу́ць (у каго);
Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)
гагата́ць, ‑гачу, ‑гочаш, ‑гоча; незак.
1. Абзывацца крыкам, падобным на гукі «га-га-га» (пра гусей). Назаўтра раніцай хлопчык прачнуўся ад шуму: на дварэ моцна гагаталі гусі, спалохана кудахталі куры. Ваданосаў.
2. Разм. Моцна, нястрымана смяяцца; рагатаць. — Эй, вы, слухайце! — крыкнуў Янка Тукала, зварачаючыся да сяброў і стараючыся іх перакрычаць. — Што вы гагочаце? Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Ашчыкіта́ць ’абарваць, абшчыпаць’ (Федар.), ’абглыдаць, абкляваць (пра птушку)’ (Мал.), ошчокотаць (КСТ), таксама абшыкітаць (Федар.), рус. ощекотать («птицы ощекотали все ягоды»), ошакта́ть («куры весь веничик ошактали», пск.). Ад шчыка́ць ’рваць, шчыпаць, скубці (пра расліны)’ з экспрэсіўным нарашчэннем ‑іт‑ (‑от‑), параўн. шчыкітушка ’пра птушку, якая зрывае, шчыплючы’ (гл. Турская ў Федар., 7, 252), шчыкіта́ ’?’ (рыфмуецца з Мікіта ў нар. песні), адносна фанетыкі параўн. скрыгітаць і скрыгат.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
падаві́цца, ‑даўлюся, ‑давішся, ‑давіцца; зак., чым і без дап.
Задыхнуцца ад чаго‑н., што засела, затрымалася ў горле. Падавіцца яблыкам. Падавіцца рыбнай кветкай. □ [Аленка:] — Куры тут. Стаміўся ж. — Угу, — падавіўся зацяжкай Міхась і закашляўся. — Затое давёў машыну да ладу. Можна ехаць спакойна. Б. Стральцоў. / у лаянк. ужыв. — Падавіся ты гэтым сваім ордэрам, — зусім спакойна, без злосці сказала Марына. Шахавец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
куры́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да курыцы, належыць ёй. Курыныя косці. Курынае пер’е. // Прыгатаваны з курынага мяса, з курыным мясам. Курыны булён. Курыныя катлеты.
2. у знач. наз. куры́ныя, ‑ых. Атрад птушак, да якога адносяцца куры, індыкі, курапаткі, цецерукі і інш.
•••
Курыная памяць гл. памяць.
Курыная слепата гл. слепата.
Хатка на курыных ножках (лапках) гл. хатка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Ашашке́рыцца ’стаяць (сядзець) у стане нерухомасці, абыякавасці і безжыццёвасці, нагадваючы хворую на гняздзе курыцу’ (карэліц., Янк. II). Хутчэй за ўсё звязана з шашэрыцца ’натапырвацца’, шушэрыцца ’настаўляць поўсць, пер’е; насцярожвацца’ (КСП), да апошняга параўн. рус. ошушурить ’ашчацініцца, ускалмаціцца, надуцца’; маючы на ўвазе тлумачэнне слова, можна дапускаць сувязь (другасную) з шашок, шашко ’тхор’, параўн. сведчанне Пяткевіча аб тым, што тхор ачмурае курэй такім паганым духам, што ўсе куры, пачадзеўшы, падаюць да долу (Пятк., 2, 74).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Пяву́н 1 ’спявак, аматар спеваў’ (ТСБМ, Бяльк., Гарэц.; светлаг., б.-каш., Мат. Гом.), пяву́ння ’спявачка, аматарка спеваў’ (Бяльк.; жытк., Мат. Гом.), сюды ж пяву́ха ’тс’ (ветк., добр., Мат. Гом.). Аддзеяслоўныя назоўнікі з рэдкай суфіксацыяй ад асновы *pěv‑, параўн. спевы, спяваць (гл.), серб.-харв. пе̏вати, pjȅvati і пад.
Пяву́н 2 ’певень’: хадзілі куры з певунамі (Колас, Сержп., ДАБМ; петрык., Мат. Гом.), сюды ж пявуне́ц ’дрозд’ (рэч., Мат. Гом.). Лакальнае ўтварэнне (гл. ДАБМ, к. 294) на мяжы пяту́х і пе́вень (гл.). Гл. папярэдняе слова.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ры́цца, рыюся, рыешся, рыецца; незак.
1. Капацца ў чым‑н. рыхлым, сыпкім (пра жывёл). Мыкалі каровы, на прызбах грэбліся куры, каля платоў рыліся парсюкі. Грахоўскі.
2. перан. Разм. Перабіраць, перакладваць, шукаючы што‑н. Неўзабаве ноччу прыйшлі рабіць вобыск: перавярнулі кнігі, рыліся ў рукапісах і забралі іх з сабою. С. Александровіч. У сваім кабінеце застаў Гаварушку. Той, не чакаючы прыходу Шэмета, рыўся ў шуфлядзе стала. Калі ўбачыў, засунуў прыскрынак і ўсхапіўся. Лобан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
клява́ць, клюю, клюеш, клюе; клюём, клюяце; незак.
1. што. Есці, хапаючы, адшчыпваючы ежу дзюбай (пра птушак). Куры клююць зерне. □ Тут крычаць вераб’і і клююць крапіву. Купала.
2. каго-што. Біць, удараць дзюбай; дзяўбці. Певень клюе ката. □ А чайкі смялелі ў змаганні, Плявалі яго [каршуна], дабівалі. Бялевіч. // перан. Даймаць, дапякаць, крыўдзіць. — Добры ты сябра Васілю Міхайлавічу аднак. Яго і без цябе клюе кіраўніцтва. Шыцік.
3. Хапаць прынаду, насадку на вудачцы (пра рыбу). Акуні клююць слаба: відаць, не галодныя. Якімовіч.
4. безас. Разм. Ідзе на лад; атрымліваецца, ўдаецца. — Вось бачыш, адразу клюе, — сказаў дзядзька Пятрусь да Адася. — Пабегла [старая] па кілбасы, да якіх я ласы. Дамашэвіч.
5. перан. Разм. Мнагакратна ўдараць чым‑н. вострым; дзяўбаць, цюкаць. Кляваць тапаром бервяно. // Доўга і настойліва біць з гармат у адно месца. Настала ноч, а гэты мінамёт усё кляваў і кляваў у адно і тое ж месца. Кулакоўскі.
•••
Кляваць (дзюбаць) носам — драмаць то апускаючы, то ўзнімаючы галаву.
Куры не клююць гл. курыца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пазлята́ць, ‑ае; ‑аем, ‑аеце, ‑аюць; зак.
1. Зляцець адкуль‑н. — пра ўсіх, многіх. Назаўтра раніцай пазляталі куры з седала і, як заўсёды, кінуліся да Пеці. Пальчэўскі.
2. Паляцець, вылецець куды‑н. — пра ўсіх, многіх. Нават вароны і тыя некуды пазляталі. Якімовіч.
3. Разм. Зваліцца — пра ўсіх, многіх або ўсё, многае. Валіліся на зямлю не толькі забітыя, пазляталі са спуджаных коней і жывыя. Грахоўскі. Пазляталі шапкі з коннікаў, сёй-той бразнуўся вобзем. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)