найбо́льш, прысл.

1. Больш за ўсё, больш за іншых; асабліва. Сусветная вайна цягнулася ўжо чацвёрты год. І найбольш, далася яна нашай краіне, прынамсі Беларусі. Дуброўскі. Аднаго бацьку найбольш цягнула дахаты. Маці пратэставала, бунтавалася, не хацела [ехаць]. Пестрак.

2. У спалучэнні з якасным прыметнікам утварае найвышэйшую ступень апошняга. Найбольш яркі. Найбольш прыгожы. □ Тут было найбольш страшнае месца дарогі, бо з гэтым лесам было звязана ў мяне многа апавяданняў аб страхах і розных выпадках, якія налучаліся тут з людзьмі. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

плацда́рм, ‑а, м.

Прастора, мясцовасць, на якой рыхтуецца і разгортваецца ваенная аперацыя. У пачатку 1945 года Савецкая Армія адкінула немцаў на захад, захапіла важныя плацдармы нямецкіх войск у самой Германіі і выйшла на подступы да Берліна. «Беларусь». // перан. Аб краіне, тэрыторыі, якая можа быць выкарыстана ў якасці базы для нападу на іншую краіну. Лес быў плацдармам, захопленым у ворага ў першыя ж дні акупацыі, з якога ўсё шырэй і глыбей развіваліся баявыя дзеянні партызанскай вайны. Шахавец.

[Фр. place d'armes.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нацыяна́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да нацыі, нацыянальнасці, звязаны з іх грамадскім жыццём. Нацыянальны рух. Нацыянальнае пытанне. □ Пасля Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі беларускі народ атрымаў магчымасць авалодваць невычарпальнымі скарбніцамі агульначалавечай культуры і адкрыў шлях да развіцця сваёй творчасці, нацыянальнай па форме і сацыялістычнай па зместу. «Беларусь».

2. Які ўласцівы данай нацыі, які выражае яе характар. Нацыянальная культура. Нацыянальная мова.

3. Які належыць данай краіне; дзяржаўны. Нацыянальны рынак. Нацыянальны даход. Нацыянальны гімн.

•••

Нацыянальная меншасць гл. меншасць.

Нацыянальны канвент гл. канвент.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ка́таржны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да катаргі (у 1 знач.). Катаржныя работы.. Катаржная турма. Катаржныя лагеры.

2. перан. Невыносна цяжкі, пакутлівы (пра жыццё, працу). Мільёны людзей жылі ў краіне. Але не было ніводнага кутка ў ёй, дзе б ад катаржнай працы не стагнаў, не плакаў, не спяваў сумных песень паднявольны чалавек. Каваль. Штогадовыя дзяржаўныя падаткі, паборы і павіннасці ў карысць мясцовай адміністрацыі рабілі жыццё [селяніна] катаржным. Алексютовіч.

3. у знач. наз. ка́таржны, ‑ага, м.; ка́таржная, ‑ай, ж. Уст. Тое, што і катаржанін, катаржанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дыплама́т, ‑а, М ‑маце, м.

1. Службовая асоба, упаўнаважаная ўрадам для зносін, перагавораў з замежнымі дзяржавамі. Нашых дыпламатам трэба было прыкласці нямала сіл, энергіі і вытрымкі, каб паказаць міжнародныя падзеі ў іх сапраўдным святле. Новікаў. Сын працуе дыпламатам у адной заакіянскай краіне, дачка ў горадзе метэаролагам. Дуброўскі.

2. перан. Чалавек, які тонка і ўмела вядзе сябе з іншымі людзьмі для дасягнення якой‑н. мэты. Лабановіч маўчаў, слухаў гэтага дыпламата і спрытнага чалавека. Колас. — Аднак дыплама-ат! — пакруціў галавой Жданковіч. Размова ажывілася, зрабілася больш простай і непасрэднай. Шамякін.

[Фр. diplomate.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зрух, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл., зрушваць — зрушыць (у 1 знач.) і зрушвацца — зрушыцца.

2. Прыметныя змены ў чым‑н. Сіла таленту Бядулі і заключалася ва ўменні перадаць тонкія зрухі душы і багацце пачуццяў. Каваленка. // Значныя змены да лепшага ў чым‑н., значны рух наперад; прагрэс. Прыемна і радасна бачыць вялікія зрухі, што адбываюцца ва ўсёй краіне. Шынклер. 1905 год прынёс велізарныя зрухі ў грамадскім і культурным жыцці Беларусі. Казека.

3. Спец. Гарызантальнае змяшчэнне горных парод.

4. Дэфармацыя пругкага цела, пры якой слаі яго змяшчаюцца адзін адносна другога.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фла́гман, ‑а, м.

1. Камандуючы буйным злучэннем ваенных караблёў (атрадам, эскадрай, дывізіяй).

2. Вядучы карабель ці самалёт у калоне суднаў (самалётаў), на борце якога знаходзіцца камандуючы; самы лепшы або самы буйны карабель (самалёт) якога‑н. флоту, флатыліі.

3. перан. Пра што‑н. самае буйное, галоўнае сярод падобных. Флагман беларускай тэкстыльнай прамысловасці, які ўзвялічыў у нашай краіне і за яе межамі славу беларускага лёну, — так выглядае Аршанскі льнокамбінат у рэспубліканскім аспекце. Палтаран.

4. Персанальнае воінскае званне асоб вышэйшага начальніцкага саставу ў Ваенна-марскім флоце СССР у перыяд 1935–1940 гг.

[Гал. vlagman.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кало́нія, ‑і, ж.

1. Краіна, якая гвалтоўна захоплена і эксплуатуецца імперыялістычнай дзяржавай. Калоніі еўрапейскіх дзяржаў. □ Гітлераўскія драпежнікі ставілі за мэту ліквідаваць савецкі грамадскі і дзяржаўны лад, заняволіць і фізічна знішчыць насельніцтва, ператварыць нашу рэспубліку ў калонію германскіх капіталістаў і памешчыкаў. Залескі.

2. Паселішча выхадцаў, перасяленцаў з другой краіны, вобласці. Грэчаскія калоніі на чарнаморскім ўзбярэжжы. Нямецкія калоніі ў Расіі. // Згуртаванне землякоў у чужой краіне, у чужым горадзе. Руская калонія ў Капстанцінопалі.

3. Месца жыхарства асоб, паселеных разам з той або іншай мэтай — лячэбнай, выхаваўчай, працоўнай. Дзіцячая выхаваўчая калонія.

4. Сукупнасць арганізмаў, якія жывуць у злучэнні адзін з адным. Калонія водарасцей. Калонія каралаў. Калоніі мікробаў.

[Ад лац. colonia — пасяленне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

багаты́р, ‑а, м.

1. Той, хто валодае вялікай маёмасцю, мае многа грошай; багач. [Настаўнік:] — Вы толькі падумайце: маленькая жменька дваран і багатыроў села вам на карак, захапіла лепшыя землі, жыве з вашае працы і вас жа катуе. Колас. [Павал:] — Калі я цяпер узбіўся на добрую.. гаспадарку, дык ужо мяне багатыром лічаць. Чорны.

2. Казачны асілак, волат; вялікай сілы і адвагі чалавек, воін. Я не жартуючы хацеў бы пусціць па краіне мастацкае палатно, падобнае па зместу да «Багатыроў» Віктара Васняцова. Толькі сучаснае, аб нашых багатырах, якія стаяць на варце спакою і волі краіны. Брыль. // перан. Пра што‑н. велічнае, магутнае. Вось які ты, слаўны Кіеў, Старажытны багатыр! Жычка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

будаўні́цтва, ‑а, н.

1. Узвядзенне будынка або якога‑н. іншага збудавання. Будаўніцтва завода, школы.

2. Будаўнічы аб’ект. Паехаць на будаўніцтва. □ На будаўніцтва Сілевіцкай ДРЭС Наташа трапіла ў сярэдзіне жніўня. Краўчанка.

3. Развіццё народнай гаспадаркі і культуры шляхам будавання новых вытворчых прадпрыемстваў і аб’ектаў культуры. Прамысловае будаўніцтва. Калгаснае будаўніцтва. Культурнае будаўніцтва. Капітальнае будаўніцтва. Зялёнае будаўніцтва. Тэмпы будаўніцтва. □ Вытворчая брыгада, якая нарадзілася яшчэ на заранку калгаснага будаўніцтва, і да гэтага часу застаецца асноўным звяном гаспадарання. Машэраў.

4. Стварэнне, арганізацыя новых гаспадарчых і культурных умоў жыцця. Сацыялістычнае будаўніцтва. Будаўніцтва камунізма. □ Зроблена ўсё магчымае для забеспячэння ўмоў мірнага будаўніцтва ў нашай краіне і ў брацкіх краінах сацыялізма, для міру і бяспекі ўсіх народаў. Брэжнеў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)