Леге́нда ’народнае паданне аб якой-небудзь падзеі, асобе, якое выдаецца і ўспрымаецца як імавернае’, ’вымысел, што-небудзь неверагоднае’, ’сукупнасць умоўных знакаў на карце, плане’, ’надпіс на манеце’, ст.-бел. леенда ’апавяданне’ (1646 г.), смал. легендить ’малоць лухту, бязглуздзіцу’. Запазычана са ст.-польск. мовы (Булыка, Запазыч., 186) або з с.-лац. legenda ’жыцці святых, апавяданне пра жыццё святога’ < legendus ’тое, што трэба чытаць (штодзённа) у царкве (касцёле)’ < legere ’чытаць’ (Слаўскі, 4, 114–115; Фасмер, 2, 473 з літаратурай).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ната́цыя 1, ‑і, ж.

Настаўленне, павучанне. Ваўчок лаяў сябе ў думках: «Зноў даў магчымасць чытаць сабе натацыю, як хлапчуку якому, замест таго, каб рашуча спыніць усё гэта». Хадкевіч. І [бацька] пачаў натацыю: «Не будзе толку!.. Не выйдзе з цябе чалавека!.. Не хочаш мяне слухаць, ідзі куды хочаш!» Грамовіч.

[Ад лац. notatio — заўвага.]

ната́цыя 2, ‑і, ж.

Спец. Сістэма ўмоўных пісьмовых знакаў, памет, якія прыняты ў якой‑н. галіне дзейнасці. Шахматная натацыя.

[Ад лац. notatio — заўвага.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пісьмо́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да пісьма (у 2 знач.).

2. Адлюстраваны пры дапамозе графічных знакаў; напісаны. Ніякага пісьмовага прадпісання, вядома, у мяне не было. Даніленка. [Лідзія Пятроўна] пасля праверкі пісьмовых прац паказала яго [Рыгоркі] сшытак усяму класу. Колас.

3. Які ўжываецца, служыць для пісання. І толькі шырокі стол з пісьмовымі прыладамі .. быў ярка асветлены сонцам. Лынькоў. Напаследак спынілася .. [Марына Паўлаўна] перад пісьмовым сталом Сымона Карызны. Зарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

му́драсць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць і якасць мудрага (у 1, 2 знач.). Народная мудрасць. Жыццёвая мудрасць. □ Кніга — казачны скарб чалавечай мудрасці. «Звязда». [Бобрык:] — За касільна трымацца мудрасці вялікай не трэба. Дуброўскі.

2. Мудрыя думкі, выказванні, жыццёвы вопыт. Кажуць людзі: «Гады — не пуды». Гэтай мудрасці я не пярэчу. Прануза.

3. Разм. Што‑н. складанае, цяжкае для разумення. [Якаў] прыглядаўся да [дарожных] знакаў, стараўся ўспомніць усю гэту мудрасць — некалі ж вучыў. Кулакоўскі.

•••

Зуб мудрасці гл. зуб.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

расстано́ўка, ‑і, ДМ ‑ноўцы, ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. расставіць.

2. Р мн. ‑новак. Парадак, паслядоўнасць у размяшчэнні чаго‑н. Расстаноўка знакаў прыпынку. □ Самой расстаноўкай вершаў у нізцы Багдановіч нібы паказвае гісторыю ўзаемаадносін чалавека і прыроды. Лойка.

3. Р мн. ‑новак. Кароткія перапынкі пры размове, пры выкананні чаго‑н. Хабібулін узняў на нас нейкія чужыя вочы і, адвёўшы погляд, з расстаноўкай прагаварыў: — Няма Цімчанкі. Згарэў... Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

расшыфрава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак., што.

Разабраць, прачытаць напісанае або перададзенае шыфрам. Расшыфраваць радыёграму. □ [Сербаноўскі:] — Я вось разбіраю судовых матэрыялы. На жаль, тады ніхто не расшыфраваў гэтай запіскі. Шамякін. Немцы, вядома, сумку падабралі. Будзе кроў. Калі расшыфруюць спіскі, страшна падумаць. Навуменка. // Разм. Раскрыць, зразумець змест, сэнс якіх‑н. слоў, знакаў. // перан. Разм. Зразумець, разгадаць сэнс чаго‑н. невядомага, загадкавае. Падышоўшы да вырашэння справы з гэтага боку, мы можам вельмі проста расшыфраваць гэтае туманнае на першы погляд пытанне. Васілёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

а́ркуш, ‑а, м.

Стандартны кавалак паперы, кардону, фанеры і пад. Аркуш ватмана, кардону. □ Пракоп раздаў аркушы паперы ў косую лінейку, агрызак хімічнага алоўка. Грахоўскі. Ля сцяны стаяў вялікі аркуш фанеры. Лупсякоў. [Собіч] браў то адны карткі, то другія, запісваў на аркушах паперы лічбы, паціскаў плячыма, дзівіўся. Скрыган. Аўгіння пацела над літарамі. Аркуш паперы здаваўся ёй велізарным жытнім полем, якога яна не здолее зжаць. Бядуля.

•••

Аўтарскі аркуш — адзінка вымярэння аб’ёму літаратурнага твора, роўная 40 000 друкарскіх знакаў.

Друкаваны аркуш — шаснаццаць старонак друкаванага тэксту як адзінка вымярэння аб’ёму кнігі.

[Польск. arkusz з лац. arcus— дуга.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́раз 1, ‑а, м.

Выразанае месца; выемка; пройма. Выраз для рукавоў. □ Сукенка мела вялікі выраз на грудзях. Карпюк. Старшыня спыняўся ля некаторых магіл і падоўгу разглядаў здымкі, што былі ўстаўлены ў выразы крыжоў. Сачанка.

вы́раз 2, ‑у, м.

1. Характэрны знешні выгляд, які адлюстроўвае ўнутраны стан чалавека. Выраз вачэй. □ Пятым завознікам была жанчына з выразам нейкай суровай стомленасці ў вачах. Брыль.

2. Слова, моўны зварот. Вобразны, метафарычны, трапны выраз. □ [Сымон] перапраўляў тэкст, мяняў словы, выразы, касаваў цэлыя строфы. Колас.

3. Сукупнасць знакаў, формула, якія адлюстроўваюць пэўныя матэматычныя адносіны. Алгебраічны выраз.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шматзна́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае вялікае значэнне, важныя вынікі, значны ўплыў на каго‑, што‑н. Шматзначная падзея. □ Усё, што датычыла Іры, было для мяне тады шматзначнае, напоўненае незвычайным сэнсам. Марціновіч.

2. Які робіць намёк на што‑н. важнае; які пра многае гаворыць. Надзя.. не вытрымлівала шматзначнага і ў той жа час іранічнага позірку бацькі. Лынькоў. Кірэй з нейкай шматзначнай усмешкай засаджвае цыгарэту ў грудную кішэньку Антосевага пінжака. Дамашэвіч.

3. У матэматыцы — які складаецца з многіх лічбавых знакаў. Шматзначная лічба.

4. У мовазнаўстве — які мае многа значэнняў. Шматзначнае слова.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

знак, -а, мн. -і, -аў, м.

1. Метка, прадмет, якім абазначаецца, выражаецца што-н.

Знакі адрознення (умоўныя абазначэнні на форменным адзенні, якія паказваюць род войск, званне і пад.). Знакі ўзнагароды (пра ордэны, медалі). Грашовы з. (крэдытны білет). З. паштовай аплаты (марка).

2. Знешняе сведчанне, прымета чаго-н.

Знакі ўвагі.

Нядобры з.

Маўчанне — з. згоды.

3. Жэст, рух, якім сігналізуюць, паведамляюць што-н.

Падаць з. галавой.

Пад знакам чаго (высок.) — кіруючыся якой-н. ідэяй, якім-н. імкненнем.

Пад знакам барацьбы за міжнародную бяспеку.

У знак чаго — як сведчанне, доказ чаго-н., выяўляючы, паказваючы што-н.

У знак памяці.

У знак пратэсту.

|| прым. зна́кавы, -ая, -ае (да 1 і 3 знач.; спец.).

Знакавая сістэма (сістэма знакаў як сродак камунікацыі ў 2 знач.; спец.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)