ме́тад, ‑у, М ‑дзе, м.
1. Спосаб пазнання з’яў прыроды і грамадскага жыцця. Марксісцкі метад. Дыялектычны метад.
2. Прыём, сістэма прыёмаў у якой‑н. галіне дзейнасці. Пасеў рашылі правесці гнездавым метадам. Кулакоўскі. // Спосаб дзеяння, паводзін. Прыгледзеўшыся калісьці да Дразда, як той лёгка з дзяўчатамі жартуе, паспрабаваў гэтак зрабіць і Косця. На дзіва, ад яго слоў ніхто не смяяўся.. Ён паспрабаваў яшчэ раз — другі, кінуў гэты метад і адмежаваўся ад дзяўчат. Карпюк.
•••
Метад замяшчэння (спец.) — метад вымярэння шляхам замены пэўнай велічыні ўжо вядомай роўнавялікай велічынёй.
[Грэч. methodos.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
павучы́цца, ‑вучуся, ‑вучышся, ‑вучыцца; зак.
1. Вучыцца некаторы час. [Сцёпка:] — Каб умець жыць па-людску, дык трэба вучыцца і не толькі ведаць, што такое рабфак, а і павучыцца на рабфаку. Колас.
2. Навучыцца чаму‑н., набыць якія‑н. веды, навыкі. Чыста пабеленая печ і сцены, добра вымытая падлога, прыбраныя з густам пасцелі ўразілі дзяўчат. Было чаму павучыцца ў такой акуратнай гаспадыні. Пальчэўскі. Слава аб камуне пайшла на ўсю акругу. Шмат людзей прыходзіла паглядзець, як жывецца, як ідзе праца, а шмат хто прыходзіў і чаму-небудзь павучыцца. Чарот.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пілі́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што і без дап.
Разм. Дрэнна, няўмела іграць на якім‑н. інструменце. [У карчме] у суботу, нядзелю і на свята пілікалі на скрыпках тутэйшыя не вельмі самавітыя музыкі Драбда і Шабас. С. Александровіч. // Абзывацца пісклівымі працяжнымі гукамі (аб музычных інструментах, пераважна смычковых). Дзесь у канцы вуліцы пілікала скрыпка, там жа чуўся радасны смех дзяўчат і іх крык і піск. Колас. // Абзывацца аднастайнымі прарэзлівымі гукамі (пра птушак і насякомых). У куточку за лавай пілікаў цвыркун, яго песня была аднастайная і роўная. Краўчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хутарскі́, ‑ая, ‑ое.
Які мае адносіны да хутара. Хутарскія будынкі. □ Дзень добры, роднае сяло! Бывай, сядзіба хутарская!.. Арочка. // Які жыве на хутары. На дварэ вусаты дзядзька — хутарскі гаспадар — ладзіў воз. Чорны. І мы з табою закахацца Паспелі ў хутарскіх дзяўчат. Панчанка. // Уласцівы хутараніну, жыццю на хутары. І як жа тут сказаць ёй, Людзе, пра ўсё, як яе вырваць адгэтуль, з гэтай старой глухамані, з гэтай хутарской ідыліі, у якую яна і сама, здаецца, урастае з прыемнасцю? Брыль. [Рыгор] не замыкаўся ў сваёй хутарской адзіноце. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
гу́рба, ‑ы, ж.
Куча снегу, намеценая ветрам. Напярэдадні ўсю ноч круціла завіруха, і па дарозе, яшчэ не ўезджанай, ляжалі гурбы снегу. Сіўцоў. Па вокны ў гурбы ўвайшлі хаты, згубіўшы свой фасон і від. Колас.
гурба́, ‑ы́, ж.
1. Група, гурт. І раптам у двор уваліла гурба дзяцей: шэсць хлапчукоў і дзве дзяўчынкі. Шамякін. Не паспелі жанчыны заняць дзялянкі, як з-за гары паказалася вясёлая, гаманлівая гурба дзяўчат. Кулакоўскі.
2. у знач. прысл. гурбо́й. Групай, гуртам, усе адразу. На катку кружыліся, праносіліся віхорам канькабежцы; то па адным, то парамі, то, узяўшыся за рукі, цэлай гурбою. Шыцік.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ако́ліца, ‑ы, ж.
1. Тое, што і ваколіца (у 2 знач.). А стаў Андрэйка першым старшынёй Найпершага ў аколіцы калгаса. З. Астапенка. Аколіцу абляцела вестка, што заўтра ля каменя будзе вялікі фэст. Пестрак. Чуў ты гоман мінскіх аколіц заводскіх? Таўбін.
2. Уст. Плот з варотамі ў канцы вёскі. Доўга стаіць, прыслухоўваецца [Яўтух] да шорахаў у садку, да рокату трактара ў полі, да вясёлых песень дзяўчат за аколіцай. Бялевіч. Гэй, пайду ж я па вуліцы У тое поле за аколіцу. Багдановіч. За аколіцай ходзяць дзяўчаты, і гукаюць красуню-вясну. Кляшторны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
інстыту́т, ‑а, М ‑туце, м.
1. Навучальная ўстанова, якая дае вышэйшую адукацыю ў якой‑н. галіне. Медыцынскі інстытут. Педагагічны інстытут. Паступіць у інстытут. Займацца ў інстытуце.
2. Навукова-даследчая ўстанова. Інстытут кібернетыкі. Інстытут ядзернай фізікі. Інстытут мовазнаўства.
3. Сярэдняя навучальная ўстанова закрытага тыпу для жанчын у дарэвалюцыйнай Расіі. Інстытут шляхетных дзяўчат.
4. Сукупнасць прававых норм, якія рэгулююць грамадскія адносіны; пэўная форма грамадскае арганізацыі. А калі Калумб потым адкрыў гэту Амерыку, то ён не ведаў, што ён гэтым прабудзіў да новага жыцця інстытут рабства, які даўно знік у Еўропе, і паклаў пачатак гандлю неграмі. Энгельс.
[Ад лац. institutum — установа, устанаўленне.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спява́цца, ‑аецца; незак.
1. Незак. да спецца.
2. Выконвацца, узнаўляцца голасам. [Ладымер:] — Вы [маладое пакаленне], думаеце, на тое гэта калыханка спявалася, каб дзіця заснула? Чорны. // Гучаць. У галаве песня спяваецца, а на язык не ідзе. Якімовіч. // Быць зместам песні, песень. Аленка ведала, што часамі хлопцы і дзяўчаты любяцца, што ёсць на свеце каханне, нават і ў песнях аб ім спяваецца. Колас.
3. безас. Пра наяўнасць жадання, настрою пець. Ды і наогул на дзяўчат нібы які мор пайшоў: ім не спявалася, не гулялася. Паўлаў.
4. Зал. да спяваць (у 1, 2 і 5 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пачці́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Паважны, шаноўны, паважаны, добразычлівы. Сцяпана ведалі ўсе як пачцівага і даволі памяркоўнага чалавека. Кавалёў. // Які выказвае павагу, пашану да каго‑н. Сцяпанаў прывітаў .. [жанчыну] пачцівым паклонам. Васілевіч. У пачцівым маўчанні мы праслухалі мелодыю, што адбівалі званы. Краўчанка.
2. перан. Разм. Значны (аб адлегласці, памеры і пад.). Студэнты малодшых курсаў, якія ў час лекцый прыходзілі сюды на фізпрактыку, з пачцівай адлегласці разглядаючы пакуль што незразумелую ім канструкцыю, заўважалі, як яна з кожным днём змяняецца. Шахавец. Стоячы на даволі пачцівай адлегласці ад [дзяўчыны],.. я сціпла адказаў: — Дырэктар нам і загадаў, каб мы ўночы не адпусцілі дзяўчат адных, абавязкова праводзілі да самага дому. Дубоўка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сваво́льнік, ‑а, м.
1. Той, хто сваволіць; гарэза, дуронік. Варта.. [Даты] было выскачыць са школы, як за ёй са свістам гналася чарада свавольнікаў. Ракітны. — Ой, даскачашся, свавольнік, — Алена Антонаўка ківае.. пальцам. Жычка.
2. Свавольны чалавек; упарты, неслух. — Што ты робіш з мамаю, свавольнік! — ужо з ласкавай грозьбай гаварыла яна, і ў голасе чутны былі слёзы.. — Цябе ж траха машына не пераехала. Скрыган.
3. Несур’ёзны, легкадумны чалавек. [Гарошка:] — Не хапала, бачыце, яму [Рыгору Маркавічу], свавольніку, дзяўчат у сваім сяле, закахаўся ў беразаўчанку. Краўчанка. / у перан. ужыв. Эх, свавольнік палявы [вецер], Здзёр панаму з галавы! Калачынскі. Страшэнны штукар і свавольнік гэты Нёман. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)