нашэ́птваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што і без дап.
1. Гаварыць шэптам што‑н. Алесь бачыў, як у друга заварушыліся вусны і як ён сам сабе нашэптваў словы тае ж песні. Броўка. Іван Іванавіч яхідна ўсміхнуўся і, адвярнуўшыся, пачаў нешта нашэптваць на вуха суседу. Асіпенка.
2. перан. Нагаворваць на каго‑н., пляткарыць. Пісар каму трэба і не трэба нашэптвае, што ў вачах у настаўніка «рэвалюцыя гарыць». Навуменка. Цяпер доктар Салавейчык лічыць сябе чысценькім, а на Івана Іванавіча нашэптвае. Арабей.
3. У павер’ях — гаварыць замовы; чараваць. Нашэптваць на ваду.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прая́ва, ‑ы, ж.
1. Незвычайнае здарэнне. «Што за праява?» — падумаў Сяргей і пачуў, як па яго спіне захадзілі мурашкі. Колас. І яшчэ адбылася з Хілімонам адна праява — больш ніхто яго не бачыў у старой пашарпанай ватоўцы. Сабаленка. Нейкі час Хацяноўскі быў сам не свой — заблытала яго гэтая жахлівая і ганебная праява, растрывожыла душу. Кулакоўскі.
2. З’ява, праяўленне. І ўсё ж у вачах стаялі праявы роднай вёскі, малюнкі перажытага. Марціновіч. Гісторыя слова грунтуецца на гістарычных падзеях, на розных праявах жыцця грамадства. Юрэвіч. Вялікі, магутны навакольны свет, поўны прыгажосці і сілы, праяў і падзей. М. Ткачоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
папусці́цца, ‑пушчуся, ‑пусцішся, ‑пусціцца; зак.
1. Уступіць у чым‑н., адступіць, адмовіцца ад чаго‑н. Ведаў [Казік], што ўсё адно маці не папусціцца, настаіць на сваім, і ён ляжа спаць, як заўсёды, роўна ў дзевяць. Шыловіч.
2. Даць сябе ў крыўду. — Не будзе гнаць [ляснічы] цябе за слова: Няма прычын. А папусціся, Тады ідзі ды хоць тапіся. Колас. У крыўду ніхто цябе не дапусціць, дый сам ты не папусцішся. Шынклер.
3. Разм. Дапусціць, дазволіць што‑н. Сёння .. [Васіль] да спадобы Галіне. Можа, таму яна і папусцілася, калі ён у Ваўкаўні папраўляў у яе лыжы. Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паражэ́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле дзеясл. паражаць — паразіць (у 1 знач.).
2. Поўны разгром праціўніка, пазбаўленне яго баяздольнасці. Паражэнне нямецкіх войск пад Масквой. □ [Шорнер:] Не змог сцярпець я гэта паражэнне — І сам данёс пра наша адступленне. Бачыла. // Няўдача, пройгрыш у чым‑н. Пацярпець паражэнне ў шахматным турніры. □ Кожны адчуваў ва ўчынку Андрэя маральнае паражэнне пана Глюгі і таму цешыўся. Пестрак. // Разгром грамадска-палітычнага руху, няўдача ў палітычнай барацьбе. Паражэнне рэвалюцыі. Паражэнне паўстання.
3. Пашкоджанне, змяненне ў тканцы, органе і пад., выкліканае якой‑н. хваробай. Паражэнне сардэчна-сасудзістай сістэмы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пара́іць, ‑раю, ‑раіш, ‑раіць; зак., каго-што.
Даць параду, падказаць, як дзейнічаць; парадзіць. Людзі чакалі парад, а параіць Шалюта нічога не мог, бо сам не меў нічога за душою. Дуброўскі. [Міколка] перайшоў вуліцу, зайшоў на двор дзеда Нупрэя. То ж стары чалавек, яму год дзевяноста, ён дапаможа, параіць. Лынькоў. — Бацька благога табе не параіць. Савіцкі. // Даўшы добры водзыў, прапанаваць выкарыстаць каго‑, што‑н. у якасці каго‑, чаго‑н. Сяргей пачаў прыкідваць, каго можна было б параіць на яго цяперашнюю пасаду. Шахавец. Зубру патрэбен быў памочнік дзелавіты. І вось на гэты пост яму параілі Каня. Корбан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пары́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак., што.
1. Адбіць (адбіваць) (удар; першапачаткова — у фехтаванні). Можа, фашысты пранюхалі, што нашы збіраюцца наступаць на вышыню 145, дык загадзя агнявым налётам, які толькі што скончыўся, хацелі парыраваць удар. Сабаленка.
2. перан. Абвергнуць (абвяргаць) (чые‑н. довады, нападкі і пад. ў спрэчках). У яго, і толькі ў яго руках самае новае, самае свежае, самае неабвержнае. Гэта будзе такі ўдар, якога ні сам Шэмет, ні хто з яго адвакатаў не здолее парыраваць. Лобан. — Пра што людзі захочуць паслухаць, пра тое і раскажу, — парыравала .. [Ліда] напады бацькі. Шамякін.
[Фр. parer.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паспява́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Спяваць некаторы час. Дзядзька ківае сам сабе галавою і заводзіць [песню].. Паспяваў трохі і кінуў, а, можа, яму Шугай Міхалка перашкодзіў, ідучы насустрач. Колас. Соня была сярод спевакоў. Соню хлебам не кармі, а дай паспяваць. Лось.
паспява́ць 2, ‑ае.
Незак. да паспець 1.
паспява́ць 3, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Незак. да паспець 2.
2. Добра, паспяхова вучыцца; не адставаць. Ніна ведала, што Коля добра паспяваў па матэматыцы, таму дырэктар і параіў яму паступіць у тэхнікум. Сіўцоў. [Дзяўчынка], мусіць, не паспявала ў школе: кожнае лета да яе прыходзіла настаўніца — падвучыць. Адамчык.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пасудзі́ць, ‑суджу́, ‑су́дзіш, ‑су́дзіць; зак.
Разм.
1. каго. Засудзіць усіх, многіх. — Цяпер пацішэла, і добра пацішэла, — пануквае каня фурман. — Зброю паадбіралі, пасудзілі за гэта. Лужанін.
2. заг. пасудзі́(це) (звычайна з займеннікам «сам», «самі»). Ужываецца ў значэнні: падумай(це), памяркуй(це), уяві(це) сабе. — Што ж болей рабіць, пасудзі? Колас. Голы, босы хадзіў дзіцем, — Цяпер стар, і ўсё ж не ўскрос. Паглядзіце, пасудзіце — Я таксама гол і бос. Купала.
3. Пагаварыць, папляткарыць некаторы час. [Куліна:] А які суд можа быць між сваімі.. Вядома, калі людзі пасудзяць языкамі, то жыць не захочаш, ну то і... разводзяцца. Чыгрынаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спрат, ‑а і ‑у, М спраце, м.
Разм.
1. ‑а. Памяшканне, месца для захоўвання чаго‑н.; сховішча. Гаспадар сам выйшаў з хаты, Устрывожыўся ўвесь дом, Абышлі ўсе клеці, спраты.. Каб напасці хоць на след [хлопчыка]. Колас.
2. ‑у. Месца, дзе можна схавацца ад каго‑, чаго‑н.; прыстанішча. [Коласа] цешыла, што гэтае дрэва ўвачавідкі разрасталася і давала надзейны цень у спёку і спрат ад дажджу. Лужанін.
3. ‑а. Патаемнае месца для ўкрыцця чаго‑н.; тайнік. Тым больш, што цяпер.. [Алаізу] туды і моцна цягнула — паглядзець, ці ўсё там у парадку, ці не раскрыты яе спрат. Арабей.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тэлефо́нны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да тэлефона; служыць, прызначаны для тэлефона. Тэлефонная станцыя. □ Сам старшыня, каржакаваты і рухавы Адам Вухавец, стаяў у пустой яшчэ кватэры, каля тэлефоннага апарата. Брыль. Апошнія словы Перагуда былі заглушаны тэлефонным званком. М. Ткачоў.
2. Які ажыццяўляецца пры дапамозе тэлефона; перадаецца па тэлефоне. Тэлефонная сувязь. □ У мяне а трэцяй гадзіне тэлефонная размова з сакратаром крайкома. Пальчэўскі. Мы пераглянуліся і скіраваліся сваёй дарогай — да будынка васьмігадовай школы, дзе па тэлефоннай дамоўленасці дэкана з дырэктарам нам абяцалі дах над галавой на гэтыя экспедыцыйныя дні. Нядзведскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)