спрэс, прысл.
Поўнасцю, цалкам; зусім. Аднекуль навалакліся хмары — спрэс зацягнулі неба. Сабаленка. За ноч наваліла столькі снегу, што нідзе не было ні сцежкі, ні дарогі, спрэс цалік. Чарнышэвіч. [Колас:] — Я думаю пра Аляксандра Грына. Яго летуценнікі.. — гэта ўжо нешта спрэс новае. Лужанін. // Скрозь, усюды; цалкам. Карані спрэс павыпіналіся з зямлі цэлымі вузламі. Сачанка. Рудымі жалудамі была засыпана спрэс уся зямля. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
стусі́на, ‑ы, ж.
Разм. Прут, дубец. Пакручваючы над жывёлінамі стусінай, я раз-пораз пакрыкваў на іх: «Цоб, цабе!» Сабаленка. // Гібкае пугаўё. [Адзін дзядзька:] — Нехта пугу з сядзення выцягнуў. І такая ж была пуга, каб ён не спажыў яе! Стусіна, у краме куплена. Чорны. // перан. Пра высокага тонкага чалавека. — Ну, ну... сам ты трыбунал, бачыш, як пагладзеў, а быў, як стусіна, — пажартавала байчэйшая. Броўка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сяме́йства, ‑а, н.
1. Тое, што і сям’я (у 1 знач.). — А дзе ж ваша сямейства? — запытаў я, бо нікога, апроч гаспадара, не ўбачыў у хаце. Сабаленка.
2. У сістэматыцы жывёл і раслін — аб’яднанне некалькіх родаў, падобных па будове і блізкіх па паходжанню. Сямейства акунёвых. Сямейства злакавых.
3. перан. Разм. Група якіх‑н. аднародных пабудоў і пад. Сямейства атамных электрастанцый памнажаецца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
танцава́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да танца (танцаў). Танцавальнае мастацтва. □ З рэпрадуктара лілася вясёлая танцавальная музыка. Шыцік. Хор праспяваў .. некалькі народных песень, а потым танцавалі «Лявоніху», «Крыжачок». Большасць было танцавальных нумароў. Сабаленка. // Прызначаны для танцаў. Разгалісты платан купчастым голлем прыкрываў усю танцавальную пляцоўку. Хомчанка.
2. Які мае адносіны да танцора (танцораў), звязаны з навучаннем танцораў. Танцавальная група. Танцавальны ансамбль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
угру́знуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. угруз, ‑ла; зак.
Глыбока ўвязнуць (у гразі, снезе і пад.). Марыя выйшла людзям насустрач, саступіла з грудка і раптам правалілася ў багну. Паспрабавала вылазіць і ўгрузла яшчэ глыбей. У яе ўжо не было сілы выцягнуць ногі з балота. Кулакоўскі. // Асесці, уехаць у зямлю. А вось і бацькава хата. Яна як бы трошкі ўгрузла ў зямлю. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
узмакрэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; зак.
Разм. Стаць мокрым (звычайна ад поту). Блукалі [хлопчыкі], як мне здалося, вельмі доўга, аж узмакрэлі, калі, нарэшце, нейкім цудам выйшлі проста да смалярні. Ваданосаў. Ад напружанасці ў .. [Кастуся] узмакрэлі далоні, і ад гэтага ён яшчэ больш бянтэжыўся. Гаўрылкін. Але як змерклася, калі ўсе паснулі, Галя дала волю слязам, яна амаль да раніцы прахліпала ў падушку, аж навалачка ўзмакрэла. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
усмакта́ць, усмакчу, усмокчаш, усмокча; зак., што.
Увабраць у сябе, паглынуць. У нізінах на лузе жывым срэбрам паблісквае вада: зямля яшчэ яе ўсю не ўсмактала. Сабаленка. // Засмактаць. Гадзіну таму назад нас хацелі затрымаць у лесе нанач зыбучыя пяскі, якія патрапілі ўсмактаць у сябе колы машыны амаль дарэшты. Пестрак. Мокрая зямля ўсмактала ў сябе скрыню, і тая аніяк не паддавалася з месца. Карпюк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
фалангі́ст, ‑а, М ‑сце, м.
1. Воін фалангі 1 (у 1 знач.).
2. Член фалангі 1 (у 3 знач.). Ніхто не ведаў, што Вежа патаемна выпісваў усе тыя кнігі, якія чытаў унук у Пецярбургу. Маладых дражнілі фалангістамі — дзед чытаў Фур’е. Караткевіч.
3. Член фалангі 1 (у 4 знач.). Ва ўсім свеце быў непакой: з Іспаніі ішлі весткі, што фалангісты перамагаюць рэспубліканцаў. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
феерве́рк, ‑у, м.
1. Каляровыя агні ў паветры, якія атрымліваюцца пры спальванні разнастайных парахавых сумесей у час урачыстасцей, свят і пад. У гэты самы момант над паркам усё неба занялася агнямі святочнага феерверку. Сабаленка.
2. перан. Суцэльны паток чаго‑н. Магчыма, каб не такая .. ўсмешка [Славіка], усё было б, як многа разоў дагэтуль: успыхнуў бы феерверк гнеўных слоў і .. патух. Шамякін.
[Ням. Feuerwerk.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чаўпці́ся, ‑пецца; незак.
Разм.
1. Не выходзіць з галавы, пастаянна напамінаць пра сябе. Нейкая мелодыя чаўплася ў галаве і вярцелася на языку. Сабаленка. Вяртаўся дамоў, а надакучлівая думка зноў чаўпецца ў галаве: працуюць.. [Алена і Генка] ці ўжо скончылі? Б. Стральцоў.
2. Рабіцца, адбывацца (пра што‑н. тлумнае, бязладнае). А з дзвярэй вакзала валіў натоўп барадатых і безбародых мужчын, каб паглядзець, што там чаўпецца. Грахоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)