адры́вісты, ‑ая, ‑ае.
Які раптоўна абрываецца; перарывісты (пра гукі). Зусім недалёчка раздалося некалькі адрывістых стрэлаў. Лынькоў. Брэх вясковых сабак пераклікаўся з глухім адрывістым брэхам нямецкіх аўчарак. Васілевіч. // Пра гаворку, якая перапыняецца частымі паўзамі, складаецца з асобных слоў, кароткіх, рэзкіх выказванняў. Злосна і падоўгу круціць дзяжурны ручку апарата, а пасля гэтак жа злосна і падоўгу крычыць у трубку адрывістыя, неразборлівыя словы. Галавач.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
выць, выю, выеш, вые; незак.
1. Працяжна і тужліва скуголіць. Трывожна брахалі і неяк жаласна і жудасна вылі сабакі. Колас. // Утвараць падобныя на выццё гукі. Лютавала ранняя суровая зіма: трашчалі маразы, вылі снежныя завірухі. Шамякін. Недзе поблізу грымяць гарматы. Выюць над галавой снарады. Колас.
2. Груб. Плакаць уголас, галасіць; скуголіць. Выць ад болю.
•••
Хоць воўкам вый — пра цяжкае, безвыходнае становішча.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пагало́ска, ‑і, ДМ ‑лосцы; Р мн. ‑сак; ж.
1. Чуткі, размовы, якія перадаюцца. Пагалоска пра злоўленае ваўчанё хутка абляцела ўвесь калгас. Якімовіч. І пайшла па гарадах і вёсках пагалоска пра подзвіг Тараса, які аддаў сваё жыццё, каб жыла Радзіма. Гурскі.
2. Моцныя гукі, якія выклікаюць адгалосак; рэха. У гаі пагалоска неслася, будзіла загуменне, адгукалася даль. Каваль. Роў .. [мядзведзя] пракаціўся кароткімі пагалоскамі. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падвыва́ць, ‑ае; незак.
1. Выць час ад часу, нядоўга. [Сабака] адбегся ад чалавека і, круцячыся на месцы, падвываў за кожным сваім брэхам. Чорны. // Утвараць гукі, падобныя на выццё. Падвывае матор. Падвывае мяцеліца. □ У коміне пачынаў падвываць вецер. Лобан.
2. Суправаджаць што‑н. выццём. [ванька] не чуў, як сястрычка клікала маці, як плакала, узлезшы на жэрдкі плота, а Мурза жаласна падвываў ёй. Ваданосаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падгуля́лы, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. незал. пр. ад падгуляць. Магутныя дубы абступілі паляну з усіх бакоў, а адзін з іх, самы стары, выйшаў на круг, на самае віднае месца, і быў падобны на падгулялага на вяселлі дзеда. Шашкоў.
2. у знач. прым. Які падгуляў. Гукі музыкі хвалявалі і вабілі, .. клікалі на вуліцу, і падгулялыя бабы ўжо байчэй і паспешлівей звінелі тонкім посудам. Ракітны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перазво́н, ‑у, м.
Дзеянне паводле дзеясл. перазвоньваць (у 2, 3 знач.) і перазвоньвацца (у 2 знач.), а таксама гукі гэтага дзеяння. Перазвон Крамлёўскіх курантаў. □ Адчайна павісквалі скрыпкі, рассыпаліся з вясёлым перазвонам срэбныя бомы. Лынькоў. Касцы ў лугах пачалі сталёвы перазвон. Машара. А званы гудуць, плыве далёка Раніцаю свежай перазвон. Бялевіч. З самай раніцы і да позняга вечара з кузні даносіўся перазвон, малаткоў. Даніленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
праскрыпе́ць, ‑плю, ‑піш, ‑піць; зак.
1. Утварыць скрып, скрыпучыя гукі. Дзверы праскрыпелі. □ Віктар ад злосці аж праскрыпеў зубамі. Гаўрылкін. // Праехаць, прайсці са скрыпам. Апранутыя ў зялёныя шынялі з шырокімі хлясцікамі, .. [пагранічнікі] гучна праскрыпелі тупаносымі рыжымі ботамі. Бажко. // што і без дап. Сказаць што‑н. скрыпучым голасам. — Э-э-х, Марыя Паўлаўна, — не прамовіў, а неяк праскрыпеў Шаройка. Шамякін.
2. Скрыпець некаторы час.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сап 1, ‑у, м.
Заразная хвароба коней і іншых няпарнакапытных, якая небяспечна і для людзей. [Ліхадзіеўскі:] — Уявіце самі, у шасцярых коней выяўлен сап. Іх трэба неадкладна знішчыць. Гурскі.
сап 2, ‑у, м.
Разм. Гукі сапення, цяжкага дыхання. Усё мітусілася ў адным клубку без крыку, толькі ў цяжкім сапе. Колас. Вялізны, з падпалінамі на баках ваўкадаў, шырока выкідваючы лапы, з дыхавічным сапам імчаў угору. Быкаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скра́дваць, ‑ае; незак., што.
Рабіць невыразным, неадчувальным, непрыкметным. Таксама была ў .. [Саханюка] яшчэ адна загана, загана вымаўлення: ён не мог сказаць чыста «р», а нейк скрадваў яго і казаў «й». Колас. Цемра скрадвала далі, і здавалася, што тут нейкае дзікае бязлюддзе. Марціновіч. // Рабіць больш ціхім (пра гукі, шум і пад.). Сама сцежка была мяккая тарфяная, мялася пад нагамі і скрадвала шум крокаў. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спе́ўны, ‑ая, ‑ае.
1. Мілагучны, пявучы. Ціха гулі струны, прыглушаныя рукой. А голас з жорсткага рабіўся мяккі і спеўны. Караткевіч. З-за рога Турэмнай вуліцы вылецелі спеўныя гукі. Мурашка.
2. Які мае адносіны да спеву, песні; песенны. І ўзяўшы пад крыло яго, адразу ж аб’явіла [квактуха]: — Між намі геній, спеўных спраў мастак! Маеўскі. / у перан. ужыв. Навідавоку да паэта вярталася яго спеўная сіла. Лужанін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)