бу́кта, ‑ы, ДМ ‑кце, ж.

Абл. Глыбокае месца, яма, вір у рацэ, возеры і пад. [Пракоп:] — Павінен жа я выказаць свае думкі, сваё разуменне, а не кідацца галавою ў букту, каб потым не бегаць, як кот з падсмаленым хвастом. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ла́га, ‑і, ДМ ‑лазе, ж.

1. Часовая падкладка, апора пад што‑н. у форме нятоўстага бервяна, жэрдкі. Перакочваць бярвенне па лагах.

2. Абл. Падваліна. — Нам трэба [лес] на стойкі, на ніжнія вянцы, на лагі, каб падлога не гніла, — пералічваў Сільчанка. Пальчэўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лужо́к, ‑жка, м.

1. Памянш. да луг ​1. А воддаль на лужку свяцілася рачулка. Бядуля.

2. Абл. Невялікі натуральны вадаём; азярцо. Помнілася мне з малых год, што недзе ў гэтым баку павінен быць велікаваты і глыбокі лужок, нібы азярцо. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лу́цце, ‑я, н., зб.

Абл.

1. Маладыя тонкія ліпы. Мой бацька хадзіў у лес рэзаць луцце — трэба было на лапці лыка. Сачанка.

2. Лыка маладых ліп. Шаруе [Ганька] рукі, шыю, вушы. Потым гэтак жа, не шкадуючы сілы, дзярэ ліпавым луццем ногі. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ме́ста, ‑а, М месце, н.

1. Уст. Горад.

2. Абл. Рыначная плошча. [Слуцк] меў тое месца, якое было асяродкам эканамічнага і гандлёвага жыцця акругі — рыначную плошчу па самай сярэдзіне. Гэта была даволі вялікая, .. выбрукаваная плошча і звалася ў нас местам. Скрыган.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

даціна́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

Абл. Даймаць. [Дармідон] часта дацінаў жонку за тое, што яму амаль заўсёды даводзіцца есці халоднае снеданне. Сабаленка. У паветры ўжо адчуваўся подых блізкай восені. Днём усё яшчэ было горача. Затое ноччу дацінаў холад. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

настра́мак, ‑мка, м.

Абл.

1. Пярэбірак сена, саломы і пад. Памацаў [Васіль Кузьміч], як падсохла трава, узяў.. граблі, напластаваў і палажыў пару настрамкаў у капу. Пальчэўскі.

2. Невялікі воз сена, саломы і пад. Прышлося па тры настрамкі сырой травы на кожнага касца. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нездаля́шчы, ‑ая, ‑ае.

Абл. Слабы, хваравіты. [Ёўга], старэнькая, нездаляшчая, сядзела насупраць сакратара.., які трымаў перад сабою нейкі лісток паперы, і па сухім маршчыністым твары яе каціліся слёзы. Сачанка. Калі яны — стары і малы — падымаюцца ўгору,.. адразу відаць, які нездаляшчы дзед. Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падаро́слець, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Абл. Стаць з выгляду больш дарослым. [Маці] толькі цяпер заўважыла, што Вова падарослеў, падужэў. Марціновіч. [Туравец:] — За два гады .. [партызанскага жыцця], Вася, чалавек можа пасталець гадоў на дзесяць... Твайму пакаленню якраз і давялося падарослець і памужнець раней пары. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

по́жаг, ‑а, м.

Абл. Ражон. Дзед пачаў даставаць торбачку. Паволі развязаў, выняў кавалак сала, адрэзаў нажом-цыганком скібачку, нанізаў на пожаг і пачаў падсмажваць. Скрыган. Палаў вялізны камін. Круціліся ў ім на пожагу, шыпелі ў агні кроплямі тлушчу куры. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)