ураджа́й, ‑ю, м.

1. Колькасць збожжа, пладоў, траў, ягад, грыбоў і пад., якая ўрадзілася, вырасла. У садзе маладым ля хаты, Што вырас тут пасля вайны, На яблыкі ўраджай багаты — Да долу дрэўцы гнуць яны. Непачаловіч. [Сакратар партарганізацыі:] — Каб збіраць двухсотпудовыя ўраджаі, трэба добра асвоіць перадавую аграбіялогію. Паслядовіч. Сама паненка захацела прыняць удзел у зборы ўраджаю, але спалохалася ракаў. Маўр.

2. Вялікая колькасць, багацце збожжа, сена, пладоў, караняплодаў, грыбоў, усяго таго, што ўрадзіла. Лета было добрае, пагода спрыяла ўраджаю і рабоце. Колас. Калі добра ўзарэш, то і ўраджай збярэш. Прыказка. // перан. Разм. Пра з’яўленне вялікай колькасці каго‑, чаго‑н. На будоўлі .. [Яцкевічу] падаваецца — весела, хлопцаў многа, ды і на дзяўчат ураджай. Дадзіёмаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

успа́сці, ‑паду, ‑падзеш, ‑падзе; ‑падзём, ‑падзяце, ‑падуць; пр. успаў, ‑пала; зак., на каго-што.

Разм.

1. Напасці з мэтай захопу, грабяжу, забойства і пад. [Сяргей:] — Як драпежныя рабаўнікі, успалі магнаты на наша народнае багацце. Машара. / у перан. ужыв. Ці стомлены буду, Ці лень успадзе — Турбуй мяне, дружа, І ўночы, і ўдзень. Гілевіч.

2. Накінуцца на каго‑н. з лаянкай, папрокамі і пад. — Чаго ты прычапіўся да дзіцяці? — успала матка. Баранавых. У хаце Каця не прамінала пры гэтым на мужа ўспасці: Зноў аднае дзындры набраў. Лобан.

3. Выпадкова трапіць, набрысці на што‑н. Успасці на след.

•••

Успасці на думку каму — тое, што і прыйсці на думку каму (гл. прыйсці).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

успе́рці, узапру, узапрэш, узапрэ; узапром, узапраце; пр. успёр, ‑перла; зак., каго-што.

Разм.

1. Падняўшы, ускласці што‑н. цяжкае, грувасткае на каго‑, што‑н., куды‑н. Усперці мяшок на спіну.

2. Надзець, абуць што‑н. цеснае. Боты цесныя, ледзь успёр на ногі.

3. Абаперці (рукі, ногі і пад.) на каго‑, што‑н. Лапы сам [заяц] На пень успёр, Азірнуў натоўп і бор. Калачынскі.

4. Узнесці. Усперці шафу на чацвёрты паверх.

5. перан. Пералажыць якія‑н. цяжкія абавязкі, віну і пад. на каго‑н. другога. Добра, што Лейкі не было. А каб была! Яна б завыла, залямантавала, вылаяла б увесь свет, а потым усю віну ўсперла б на Алтара. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уце́рціся, утруся, утрошся, утрацца; утромся, утрацеся; пр. упёрся, уцерлася; заг. утрыся; зак.

1. Увайсці, пранікнуць (у скуру і пад.) пры націранні.

2. Выцерці сабе твар. Уцерціся ручніком. □ Марыля хутка ўцерлася фартухом, каб згладзіць сваё хваляванне. Пестрак.

3. перан. Разм. Праціснуцца, прабрацца, увайсці куды‑н. Мы паціху ўцерліся ў гушчу натоўпу, а затым.. пабеглі дадому. Хадкевіч. // Пранікнуць у якое‑н. асяроддзе хітрыкамі. [Анатоль:] — З’явіўся [Труцькоў] да нас з пасведчаннем ЦК. Гаварыў, што прысланы сюды інструктарам з-за мяжы. Уцёрся да нас. Праўда, нашы падпольшчыкі не вельмі яму верылі і не пасвячалі яго ва ўсе свае справы. Машара.

•••

Уцерціся ў давер’е (давер) — тое, што і увайсці ў давер’е (давер) (гл. увайсці).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фа́брыка, ‑і, ДМ ‑рыцы, ж.

1. Прамысловае прадпрыемства, якое апрацоўвае сыравіну пры дапамозе машын і для якога характэрны падзел працы па аперацыях. Тэкстыльная фабрыка. Абутковая фабрыка. □ Магутнай ракой, перакідваючыся з завода на завод, з фабрыкі на фабрыку, з калгаса ў калгас, пацёк — разліўся стаханаўскі рух па нашай радзіме. Купала. Мы цягнікі вадзілі, Палотны на фабрыках ткалі, Лес магутны валілі. Караткевіч.

2. перан.; чаго. Пра месца, дзе што‑н. ствараецца ў вялікай колькасці. Фабрыка хлусні. □ [Васіль:] — Думаю, што нядоўга чакаць, калі калгасы нашы .. стануць буйнымі фабрыкамі хлеба, малака, мяса. Шамякін. Фашысцкай навалы і фабрык смерці Ты, малады чытач, не ведаеш І не трэба, каб іх ты ведаў. Кірэенка.

[Ад лац. fabrica — майстэрня.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фарс, ‑а, м.

1. Тэатральная п’еса лёгкага, жартаўлівага, часам фрывольнага зместу. Зусім няслушным з’яўляецца сцверджанне тых даследчыкаў, якія імкнуцца радаслоўную гогалеўскіх герояў шукаць не ў рускай рэчаіснасці, адкуль быў узяты сюжэт камедыі, а нібыта ў французскіх вадэвілях і фарсах, якія ставіліся тады ў рускіх тэатрах. «Полымя». Нельга адмаўляць таго, што ў фінале «Паўлінкі» скарыстаны элементы вадэвіля і фарса. Ярош. // Манера ігры акцёра, заснаваная на блазенстве, грубых жартах з мэтай выклікаць смех у гледачоў.

2. перан. Ганебнае, цынічнае відовішча. Судовы працэс над ім [Хойзерам] звялі да фарса. Новікаў. Супастаўляючы гэтыя працэсы, ён [Максім] зразумеў, што цяперашні працэс ёсць не што іншае, як пусты фарс для выратавання прыстойнасці панскага правасуддзя. Машара.

[Фр. farce.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

флаг, ‑а, м.

Прымацаваны да дрэўка або да шнура кавалак матэрыялу адпаведная формы і колеру (звычайна з якой‑н. эмблемай). Дзяржаўны флаг. □ У першы дзень работ на новым рубяжы будаўніцтва быў узняты чырвона-зялёны флаг нашай рэспублікі. Грахоўскі. // Сімвал дзяржавы, нацыі. На рэйдзе многа вялікіх суднаў пад рознымі флагамі. В. Вольскі.

•••

Застацца за флагам — а) у конна-спартыўных спаборніцтвах — не паспець прайсці дыстанцыю, адзначаную флажком, ва ўстаноўлены час; б) перан. адстаць у чым‑н. ад іншых, не дасягнуць мэты, не быць дапушчаным куды‑н.

Пад флагам якім або чаго — а) пад якім‑н. лозунгам, у імя чаго‑н.; б) прыкрываючы чым‑н. свае сапраўдныя намеры.

[Гал. vlag.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ху́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., на каго-што, у што і без дап.

Выпускаць ротам струмень паветра, каб сагрэць, прыцішыць боль і пад. [Міканор] абціраў рукі аб палу світы, хукаў — грэў — і зноў з вясёлай ахвотаю пілаваў, абсякаў, валок да саней. Мележ. Нага апухла ад нечага, відаць, дужа баліць, і.. [хлапчук] увесь час згінаецца над ёю ды хукае на яе. Галавач. [Крук] даставаў пячатку, хукаў на яе, паднёсшы да самага рота, як усё роўна грэў пальцы ад холаду, тады стукаў па стале па сініх паперах — у адным месцы, у другім. Пташнікаў. / у перан. ужыв. Сапраўды, з гэтага нарыса.. [Марына] выглядала нейкай спешчанай матчынай дачкой, на якую ўсё жыццё хукалі. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чараўні́к, ‑а, м.

1. У казках і павер’ях — той, хто можа чараваць, валодае чарамі; вядзьмар. Усё роўна, як у тых страшных казках, дзе злы чараўнік ператварае чалавека ў жабу ці яшчэ якую погань... Шахавец. І Харытон Шчыт, маленькі, ужо сагнуты гадамі, у пацямнелым скураным фартуху, снуючы па кузні ў гэтым дрыготкім святле, быў падобны на чараўніка з казкі. Хадкевіч.

2. Знахар. Як хвор ды бедзен — сам бяруся Лячыць сябе: я чараўнік! Бо я без доктара лячуся, — Бо я мужык, дурны мужык. Купала.

3. перан. Той, хто зачароўвае, захапляе чым‑н. Чараўнік слова. □ І яшчэ многімі сваімі творамі здзіўляў, зачароўваў, радаваў і хваляваў мяне гэты чараўнік паэзіі [Аркадзь Куляшоў]. Бялевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чараўні́чы, ‑ая, ‑ае.

1. Звязаны з чараўніцтвам; чарадзейны. У той час .. [Скарына] не мог вызваліцца ад рэлігійных уяўленняў аб прыродзе, аб сутнасці самога чалавека, аб духах, чараўнічых сілах і г. д. Алексютовіч. Гаспадыня паспешна накрыла на стол, на ім, як па ўзмаху чараўнічай палачкі, з’явіліся талеркі з мясам, белым хлебам. Пятніцкі. На другі дзень цар устаў, паглядзеў у сваю чараўнічую кнігу. Якімовіч.

2. перан. Які зачароўвае, захапляе, прыносіць асалоду; чароўны. Усё гэта чараўнічае і любае людскому слыху шматгалоссе зліваецца ў адну мелодыю, у нейкі своеасаблівы ўрачысты гімн працы. Мыслівец. Але той, хто наведаў хоць раз Чараўнічыя нашы мясціны, Не забудзе ніколі ён нас — Край блакітны і нашу гасціннасць. Пруднікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)