Арэ́х1, орі́х, горі́х ’выпадкова не ўзараны ўчастак зямлі’ (Выг. дыс., 6) з огрэх ’тс’, у выніку выпадзення г.

Арэ́х2, гарэ́х. Рус. орех, укр. горіх, оріх, польск. orzech, чэш. ořech, славац. orech, с.-луж. worjech, палаб. vrex, славен. ôreh, серб.-харв. о̀рак, мак. орев, балг. орех (значэнне ў асноўным супадае з беларускім, апрача сербскахарвацкага, македонскага, балгарскага, дзе гэта слова абазначае толькі ’грэцкі арэх — Juglans’); ц.-слав. ст.-рус. орѣхъ (Сразн.). Параўн. літ. ríešas, ríešutas (з памянш. ‑ut‑), лат. riẽksts ’тс’, ст.-пруск. buccareisis ’Buchecker’; праводзяць паралелі таксама з грэч. ἄρυα, алб. ar̄e ’арэх’ (гл. Фасмер, 3, 151–152; Фрэнкель, 731, і літаратуру, якая там прыводзіцца), прычым часта імкнуцца тлумачыць яго як не і.-е. вандроўнае слова (Махэк₂, 418). Малаверагодна тлумачэнне Ільінскага ад дзеяслова rěšiti (ИОРЯС, 20, 4, 153), Голуб-Копечны (257) суадносяць слова арэх з балта-слав. *rēks‑ ’лупіць’ (?) — прасл. *o‑rěši‑ti (?). Ці не трэба звязаць арэх, літ. ríešas, з літ. ríešas сустаў (рукі, нагі)’, якое звязваецца з і.-е. *u̯reikʼǒ‑ тое, што верціцца’ (Фрэнкель, 731).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Аса́ (БРС), асва (Гарэц., Нас., Др.-Падб., Яруш., Мядзв., Касп., Жд., Янк. БФ), асі́ны (БРС, Яруш.), асвінае (Жд.), асаед‑асвейнік (Інстр. II). Рус., укр., балг. оса, польск., славац., чэш. дыял., славен. osa, серб.-харв. о̀са, чэш. vosa, в.-луж. wosa, палаб. vȧsă. Ст.-рус., ст.-бел. оса, рус. дыял. осва ’тс’. Літ. vapsà, vapsvà, лат. wapsene, прус. wobse, ням. Wespe, лац. vespa (з метатэзай). Словы ўзыходзяць да і.-е. *u̯obhsā ’тс’, якое лічаць роднасным з коранем *u̯ebh‑ ’ткаць’. На агульнаславянскі характар беларускага слова ўказваў Булахаў, Курс суч., 144. Для этымалогіі гл. Фасмер, 3, 156; Траўтман, 342; Покарны, 117 а. Пачатковае v страчана ў сувязі з разуменнем яго як прыстаўнога ці па аналогіі з *ostr‑; выпадзенне ‑p‑ (Аткупшчыкоў, Из истории, 63) адносна ранняе, але так ці іначай звязана з тэндэнцыяй узыходзячай гучнасці. Беларускія, рускія і літоўскія формы з канчатковым ‑va старажытныя (Фрэнкель, 1196–1197), паводле Герца (Брян. гов., 1, 55), адлюстроўваюць стары суфікс; калі ўлічыць паралелі ўкр. мурашва, мушва, можна пагадзіцца з Атрэмбскім, 2, 89, у тым, што першапачаткова асва і пад. былі зборнымі назоўнікамі, параўн., аднак, вутва ’качка’ (КСТ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Баразна́ (адносна семантыкі гл. Яшкін.). Рус. борозда́ (дыял. зах. борозна́), укр. борозна́ (дыял. зах. борозда́), польск. brózda, чэш. brázda, в.-луж. brózda, н.-луж. brozda, ст.-слав. бразда, балг. бразда́ (дыял. бразна́, брезна́, гл. БЕР, 1, 73), серб.-харв. бра́зда, славен. brázda. Прасл. borzda (суф. ‑zda, параўн. Слаўскі, 1, 45); тып *borzna другасны, вытворны ад *borzda (гл. Рудніцкі, 175). Аснова *bor‑ тая ж, што і ў *bor‑na (гл. барана́). Параўноўваюць з ст.-інд. bhr̥ṣṭíṣ ’вастрыё, зубец, край’, ірл. barr ’верхавіна’, ст.-в.-ням. burst ’шчаціна’ (гл. Бернекер, 75; Фасмер, 1, 196); далей з лац. forāre і г. д. Корань *bor‑ (і.-е. *bhor‑) у спецыяльным тэрміналагічным значэнні ’рабіць барозны і да т. п.’ толькі ў слав. мовах і ў грэч. (Машынскі, Pierw., 74). Параўн. грэч. φαρᾶν ’араць’, φάρος ’саха’. Няпэўнымі з’яўляюцца версіі: Махэк₂, 65 (роднаснасць з літ. bir̃žis, лат. birze ’баразна і г. д.’; слав. borz‑ (< *bhorg̑‑) пад уплывам gręda зрабілася *borzda); Голуб-Копечны, 76 (*borzda < *bord‑da, роднаснае з ст.-в.-ням. bart ’край’); Атупшчыкоў, ЭИРЯ, IV, 87–96 (< *borg̑(i)da, да лац. frangere ’ламаць, разбіваць’ і г. д.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ме́лкі, ме́лкій, ме́ленькі, віл. мялкі́ ’які мае невялікую глыбіню’, ’невысокі, з нізкімі краямі’ (ТСБМ, Бяльк., Яруш., ТС, Сл. ПЗБ), ст.-бел. мѣлкий ’дробны’, ’неглыбокі’, ’неістотны, малазначны’ (Булахаў, Гіст., 128); укр. мілки́й, рус. ме́лкий, ст.-рус. мѣлкий ’невялікі’, ’неглыбокі’, ’нязначны паводле колькасці’, ’бедны’, ’дробны’, польск. miałki, н.-луж. mjałki, měłki, в.-луж. niłki, чэш. mělký, славац. melký ’неглыбокі’, славен. mȋwka, mȋlka ’дробны рачны пясок’, ст.-серб.-харв. миоки ’плыткі’ (Бернекер, 2, 48). Прасл. mělъkъ. Далей няясна. Магчыма, ад melti ’малоць’ з падаўжэннем вакалізму асновы (Бернекер, там жа; Брандт, РФВ, 22, 356) і з дадаваннем фарманта і.-е. *‑qo‑, параўн. ст.-ісл. melr ’мель’ < mala ’малоць’. Буга (Rinkt, 1, 464; 2, 405), Мацэнаўэр (LF, 11, 169), Траўтман (165) і іншыя параўноўваюць прасл. mělъkъ з літ. maíla, maĩlius ’маляўкі’, лат. maĩle ’рыба ялец, Alburnus lucidus’, mailens ’сетка для малькоў’, ст.-ісл. mjór ’тонкі, дробны, вузкі, цесны’ і з прасл. mьnʼjь ’меншы’, — у чым Фасмер (2, 596) і Махэк₂ (359) сумняваюцца. Сюды ж віл. мелкаводзь ’мелкаводдзе’ (Сл. ПЗБ), мелкаслоіна, мелкаслойка ’драўніна з павівастым слоем’ (Мат. Гом.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мень, мянёк, менёк, мінёк, менюх ’мянтуз, Lota lota’ (ТСБМ, Жук., Бір. Дзярж., Янк. 3., Шат., Бяльк., ТС, Дразд., Яруш., Касп., Дэмб. 1, Нас., Мат. Гом., Ян.; бых., Рам. 8), ’тоўсты, непаваротлівы маўклівы чалавек’ (Растарг.). Укр. мень, мнюх, рус. мень, мен, мёнух, ментю́к, польск. mień, mieniek, н.-луж. méńk, в.-луж. mjenk, чэш. meň, mník, mík, славац. mień, славен. menȅk, mének, menjek. Прасл. mьnь (Фасмер, 2, 599; Бязлай, 2, 177). Апошні падае яшчэ форму menь, а Махэк₂ (370) — толькі meńь. Блізкія і.-е. адпаведнікі: літ. ménkė ’траска, лат. menca, англ. minnow ’дробная рыба’, с.-н.-ням. möne, галан. meun, ст.-в.-ням. muniwa, ст.-грэч. μαίνη, μαινίς, μαινίδιον ’акунь’ (Сольмсен, KZ, 37, 585; Фрэнкель, 436; Фасмер, там жа). Аб адпаведнасці ст.-грэч. μαίνη і ст.-інд. mináḥ гл. Шарпанцье, KZ, 47, 181; Майргофер, 2, 643. Махэк₂ (370) дапускае, што прасл. слова паходзіць з угра-фінскіх моў, параўн. чараміск. men, венг. meny‑hal, фін. monni ’мянтуз’. Голуб-Копечны звязваюць лексему мень з ме́ншы (Трубачоў, Дополн.). Аб пашырэнні мень у рус. гаворках гл. УЗЛІЛІ, 825, 1968, 145–155. Параўн. таксама мянту́з.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мора, мо́рэ ’частка акіяна, вялікая прастора вады’, ’вялікая колькасць’ (ТСБМ, Яруш., Шат., Бяльк., Бес., ТС), стол. ’заліты вадою луг’ (Нар. лекс.). Укр. море, рус. море ’мора’, ’возера’, польск. morze, н.-, в.-луж. mor jo, чэш. moře, славац. more, славен. morjȇ, серб.-харв. мо̏рје, макед. море, балг. море́, ст.-слав. море. Прасл. morje ’мора’. І.‑е. адпаведнікі: літ. mãrios, mãrės ’Куршскі заліў’, жамайцк. ’мора’, ’Балтыйскае мора’, ст.-прус. mary, лат. mare, mara ’заліў’, гоц. marei ’мора’, ірл. muir, лац. mare ’тс’, з іншай ступенню чаргавання: ст.-в.-ням. muor ’лужына, балота’, ст.-фрыз. mâr ’роў, ставок’, англ. marsh, новав.-ням. Marsch ’забалочаная нізіна’, хецк. ma(r)‑marra ’балота’ (Фасмер, 2, 654–655 з л-рай). І.‑е. *mari ’мора, стаячая вада’, якое на слав. глебе пашырылася суфіксам ‑o‑, як ezero, pleso (Махэк₂, 374). Шпэхт (Dekl., 119) выводзіць і.-е. праформу *mor‑(u)‑ ’цёмны колер’, параўн. ст.-грэч. μόρυχοσ ’брудны, цемнаваты, змрочны’, каўказск. mere, merede, merevi ’вада, глыбіня, возера’, манг. mörö ’вялікая рака’ (Скок, 2, 456; Бязлай, 2, 195; Гамкрэлідзэ–Іваноў, 672–3, 943).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Му́ліць, му́ляць, драг. му́лятэ ’церці, націскаць, рэзаць цвёрдым скуру, цела’, ’пашкоджваць нагу, бок’, ’не цярпецца’, ’прычыняць боль’, ’ціснуць’, ’непакоіць, дакучаць’, ’назаляць, перашкаджаць’, му́ліцца ’не хацець, не адважвацца, адчуваць няёмкасць’, ’націраць’, му́ляцца ’ціснуць’, ’мяцца, праяўляць нерашучасць’ (ТСБМ, Нас.; Яруш., Шпіл., Шн. 2, Др.-Падб., Гарэц., Грыг., Растарг., Шат., Касп., Бяльк., Мат. Маг., Сл. ПЗБ, ТС; КЭС, лаг.), му́ляяцца ’вельмі хочацца’ (Шат.), му́ліць ’настойліва прасіць’ (КЭС, лаг.). Укр. му́лити, рус. му́лить, му́леть ’ціснуць’, польск. mulać ’муліць’, славен. múliti ’церці, прытупляць, абсоўваць, сашморгваць лістоту з галін’, muljȃva ’мяккая, маладая трава’, múlica ’колас без зерня’, múl, múlast ’лабаты’, ’безбароды’, серб.-харв. му̏љати ’размінаць вінаград’, ому́лити се ’адвязацца’, балг. шму́ля ’рваць фрукты з дрэва разам з лістамі, матлашыць’. Прасл. muliti (Трубачоў, О составе, 181). Роднаснымі з’яўляюцца: літ. šmùlas, лат. šmauls ’бязрогі, лысы’, а таксама бел. шмуляць, шмуляцца. Аткупшчыкоў (Этимология–1984, 193) у якасці дадатковых «пучкоў» лексічных ізаглос прыводзіць рус. му́ліць ’выпрошваць’ і літ. maũlyti ’канькаць, надакучліва прасіць’, што семай ’шматразовае паўтарэнне дзеяння’ збліжаецца з му́ліць ’націскаць, нарэзваць’. Гэтак жа і ЕСУМ, 3, 532–533.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мя́ккі, мя́кі, мякі́, мʼя́ккі, мя́ккій ’няцвёрды, няжорсткі’, ’тонкі, шаўкавісты, эластычны’, ’далікатны’, ’падатлівы на апрацоўку’, ’прыемны для ўспрымання’, ’свежы’, ’не зусім выразны’, ’хісткі’, ’нястрогі’, ’лёгкі’, ’цёплы’ (ТСБМ, Нас., Яруш., Гарэц., Грыг., Шат., Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС, Ян.; віл., Нар. сл.), ст.-бел. мяккий ’гнуткі, не цвёрды’, ’лянівы’, ’бесклапотны’, ’ілжывы, здрадлівы’ (Булахаў, Гіст., 128). Укр. мʼягки́й, рус. мя́гкий, мя́гок, польск. miękki, палаб. mąkė, mątkė, н.-луж. měki, в.-луж. mjehki, чэш. měkký, славац. mäkký, славен. méhek, mékek, mehak, серб.-харв. мѐк, макед. мек, мекан, балг. мек, ст.-слав. мѧкъкъ. Прасл. mękъ(kъ), да якога роднаснымі з’яўляюцца: літ. minkyti ’мяць, мясіць’, mìnkštas ’мяккі’, лат. mîksts, mĩkus ’тс’, mîkt ’размягчацца’, mîcît ’мяць’, ст.-інд. mácaté ’раздрабляе’, ст.-грэч. μάσσω ’мяшу’, алб. mekë ’слабы’. Да і.-е. *men(ə)k‑ ’мяць, драбіць’. Іншая ступень чаргавання асновы — му́ка, мука́ (гл.) (Бернекер, 2, 42–43; Траўтман, 184; Буга, Rinkt, 1, 463; Мее, Études, 326; Брукнер, 327; Фасмер, 3, 28; Скок, 2, 400–402; Бязлай, 2, 176; БЕР, 3, 719–720). Паводле Махэка₂ (358), прасл. mękъkъ утворана ад ужо не існуючага дзеяслова męk‑ati, męką (як славац. šibký ад šibati).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мярэжа, мерэжа, мярэжка ’ажурны ўзор, празрыстая вышыўка на тым месцы, дзе з тканіны выцягнуты ніткі’ (ТСБМ, Гарэц., Растарг., Мат. Гом., ТС); мярэжа, мярэжына, мерожа, мерэжа, мірэжа, мірожа, мярожа, мірожы ’рыбалоўная снасць з двума заходамі, нацягнутымі на абручы і злучанымі сценкай’ (ТСБМ, Крыв., Др.-Падб., Касп.; полац., З нар. сл.), ’сетка, конусападобна нацягнутая на палкі’ (Сл. ПЗБ; паўн.-усх., КЭС), іўеў. ’нерат з крыламі’ (Сцяшк. Сл.), ’лавушка, падобная да аднакрылага венцера’ (Паазер’е, Браім, 67), мерожа ’лазяны самалоў-пастка’ (Крывіцкі, Зб. Крапіве). Укр. мере́жа, рус. мерёжа, ст.-польск. mrzeża, каш. mřeža, чэш. mříže, ст.-чэш. mřiežě, славац. mreža, славен. mréža, серб.-харв. мре̏жа, макед., балг. мрежа, ст.-слав. мрѣжа. Прасл. mergi̯a (> merža ’рыбалоўная сеткай ’агароджа’), роднаснымі да якога з’яўляюцца лат. meȓga, maȓga ’парэнчы, рашотка, галерэя’, ’плот’, ’хор у царкве’, літ. márška ’невялікая рыбалоўная сетка’, marškiniaĩ ’кашуля’, ст.-грэч. βρόχος (< *μρόχος) ’сіло, вяроўка, пятля’, ірл. braig (< *mragi‑) ’ланцуг’, braga (< *mragant‑) ’вязень’ (Бернекер, 2, 38; Траўтман, 182; Мюленбах-Эндзелін, 2, 563; Фартунатаў, AfslPh, 4, 580; Фасмер, 2, 601; Бязлай, 2, 201). Сюды ж мерэжыць ’мярэжыць’, ’імжэць’ (ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мя́са, мя́со, мʼя́со, мʼя́са, мне́со ’туша ці частка тушы забітых жывёл або птушак’, ’мышцы цела рыб’, ’мышца’, ’мякаць, мяздра пладоў і ягад’ (ТСБМ, Яруш., Жд. 1, Бяльк., Мат. Гом., Сл. ПЗБ, ТС, Ян.; зэльв., Жыв. сл.; в.-дзв., Шатал.), мʼя́со ’слёзная залозка ў воку’ (Дразд.). Укр. мʼясо, мнясо, рус. мясо, польск. mięso, каш. mjąso, палаб. mąsi < męsьje, н.-луж. měso, в.-луж. mjaso, чэш. maso, славац. mäso, славен. mesȏ, серб.-харв. ме̑со, макед. месо́, балг. месо́, ст.-слав. мѧсо ’мяса’. Прасл. męso роднаснае да ст.-прус. mensā (або без устаўнога ‑n‑: літ. mėsà, meisa, лат. misa, mięsa, ст.-інд. māṁsám, máms, māḥ, алб. mish, арм. mis ’тс’, тахар. B misa. І.‑е. mē(m)so‑ (Бернекер, 2, 43–44; Траўтман, 178–179; Фрэнкель, 427–428; Покарны, 725; Фасмер, 3, 30–31; Бязлай, 2, 179; БЕР, 3, 759). Сюды ж мясае́д, мясае́дніца ’перыяд ад каляд да масленіцы, калі дазваляецца (паводле законаў праваслаўнай царквы) есці мяса’ (ТС, Яруш., Сл. ПЗБ; шчуч., Сцяшк. Сл.) — параўн. серб.-харв. месојеђе, ст.-славен. mesojeja, мясі́ва ’мясная страва’ (Нас.), мясюга ’мяса добрай якасці’ (капыл., Жыв. сл.), меся́ны ’мясісты’ (ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)