цеплатэ́хніка, ‑і, ДМ ‑ніцы, ж.

Галіна тэхнікі, якая займаецца пытаннямі атрымання і выкарыстання цяпла ў прамысловасць сельскай гаспадарцы, побыце і пад. // Комплекс навуковых дысцыплін па вывучэнню метадаў атрымання, ператварэння і выкарыстання цеплаты.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чараці́на, ‑ы, ж.

Адна сцябліна чароту. А цяпер на берагах возера .. прабіліся праз зямлю вострыя чараціны і па спакойнай вадзяной гладзі сноўдаюць рыбацкія чаўны. Броўка. Клім час ад часу падганяў.. [каня] сухой чарацінай. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

часце́ць, ‑ее; незак.

Станавіцца больш частым; пачаць паўтарацца часцей. Страляніна часцее, а .. [Алеся] бяжыць і бяжыць, проста на тыя стрэлы, нібы заварожаная ад куль сваёй вялікай надзеяй, сваім беспатольным смуткам па роднай зямлі. Палтаран.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чы́сцік 1, ‑у, м.

Травяністая расліна сямейства губакветных, якая мае кветкі, сабраныя ў мяцёлкі, і шурпатаваласістае сцябло.

чы́сцік 2, ‑а, м.

Марская птушка атрада чысцікавых, якая жыве на скалах па берагах паўночных мораў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ша́снуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

Разм. Тое, што і шаснуць (у 1, 2 знач.). Раптам здалося, што за акном па вуліцы нехта прайшоў і шаснуўся ў брамку. Скрыган. Змяя мякка шаснулася ўніз. Маўр.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

экспро́мтам, прысл.

Адразу, нечакана, без падрыхтоўкі. Прыгаворка складвалася экспромтам, таму была не вельмі складная, але Мікалая яна даводзіла ледзь не да шаленства. Чарнышэвіч. Выступленні [А. В. Луначарскага] экспромтам па любых пытаннях праходзілі лёгка, таленавіта, цікава. «Маладосць».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

эмацыяна́льнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць і стан эмацыянальнага. Эмацыянальнасць музыкі. □ [Яўгенія Васільеўна], па сутнасці, дала паказальны ўрок літаратуры перад нябачнымі вучнямі, паказала, якім духоўным багаццем і эмацыянальнасцю павінен валодаць той, хто выбраў сабе педагагічную ніву. Хадановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

валачы́цца, ‑лачуся, ‑лочышся, ‑лочыцца; незак.

1. Цягнуцца па зямлі, падлозе і пад. За трактарамі валачыліся прывязаныя да іх счэпы з плугоў, баран, культыватараў, сеялак. Хадкевіч. Крывая тонкая шабля паручніка валачылася па зямлі. Скрыган. // Хадзіць услед за кім‑н. Я быў на сёмым небе і пачаў валачыцца за ім след у след, як абнаджаны шчанюк. Лужанін.

2. Разм. Вандраваць, блукаць; бадзяцца. Курачка валачыўся па вёсках і хутарах пад выглядам шаўца. Чарнышэвіч. [Мікола:] — Валачыцца тут [Капейка] хутка год. А хто, адкуль — так і не дойдзеш да ладу. Брыль. [Бацька:] — Дзе ты ноч у ноч валочышся? Навуменка.

3. за кім. Разм. пагард. Заляцацца. А што за.. [Варай] валочыцца і пры кожнай сустрэчы чэпіцца да яе гэты белабрысы брыгадзір Даніла Анішчык, Вара і не вінавата. Дуброўскі.

4. Зал. да валачыць (у 4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

доўг, ‑у, М доўгу і даўгу, м.

1. Тое, што і абавязак. Грамадзянскі доўг. □ Верныя даўгу свайму, Сябры, ідучы на заданне, Здубелыя рукі яму [кастру] Працягвалі на развітанне. Кляўко. — Перадай, Як нашыя спытаюць, Скажы ім — доўг байца Я выканаў, хай знаюць, Як трэба, да канца. Куляшоў.

2. мн. даўгі, ‑оў. Тое, што ўзята ў пазыку, пазычана (пераважна грошы). Вярнуць доўг. Вялікі доўг. Разлічыцца з даўгамі.

3. мн. даўгі, ‑оў. Запазычанасць па абавязковых плацяжах. Даўгі па падатку.

•••

Аддаць свой (апошні) доўг гл. аддаць.

Залезці (улезці) у даўгі (у доўг) гл. залезці.

Не вылазіць з даўгоў гл. вылазіць.

Не застацца ў даўгу гл. застацца.

У даўгах па вушы — мець многа даўгоў.

У даўгу перад кім — быць абавязаным каму‑н.

У доўг — з умовай звароту.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пе́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак.

1. З сілай удараць, біць па чым‑н. або ў што‑н. Перыць нагою ў дзверы. □ — Аддай молат Сцяпану. Ён ужо налаўчыўся, а то перыш у адно месца, як таўкачом у ступу. Чарнышэвіч. Ні з таго ні з сяго [конік] пачаў перыць пярэднім капытом па вадзе, толькі пырскі ляцелі на жывот, даставалі да маіх ног. Дамашэвіч. // каго. Вельмі моцна біць, лупцаваць каго‑н. Сваімі адносінамі бацька як бы даў патачку Анісі, і яна часта без дай прычыны перыла пасынка. Сабаленка. — А помніш, як цябе крывашыі Лявон палкаю перыў за яблыкі? — не вытрымаў Піліпка. Навуменка.

2. што. Абл. Выбіваць што‑н. пранікам. Потым на зэдліках перылі палатно — нізка над рэчкаю плыў ляскат. Стаялі жанчыны па калені ў вадзе, падаткнуўшы за пояс краі падолаў. Адамчык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)