сво́йскі, ‑ая, ‑ае.
1. Не дзікі, выгадаваны чалавекам (пра жывёл, птушак). Свойская свіння. □ І свойскія гусі таксама Добра ляталі калісьці, І з ветрам умелі спрачацца, І крылы аб воблакі чысціць. Сіпакоў. // Культурны, вырашчаны чалавекам (пра расліны). Свойскія кветкі. □ — Гэта і ёсць свойскае дрэва. Яблыня, — з прыкметнаю злосцю ў голасе адказаў Хрупак. — Была свойская, а стала не свойская. Здзічэла. Чыгрынаў.
2. Прыручаны чалавекам; ручны. Ласяняты ў гадавальніку хутка зрабіліся зусім свойскімі. В. Вольскі. Маладую, калі прыехалі дадому, пан загадаў замкнуць у далёкіх пакоях. Маладога — кінуць свойскаму мядзведзю. Караткевіч. // Рахманы, спакойны, не брыклівы. Свойскае жарабя. // Разм. Паслухмяны (пра чалавека). Па-ранейшаму.. [Красанок] яшчэ дужы.. Усюды свойскі, пакладзісты. Гроднеў.
3. Не куплёны, хатняга вырабу. Фельчар стаў апранацца ў доўгі карычневага сукна свойскай работы бурнос з башлыком. Пестрак. // Прыгатаваны дома (пра харчы). [Цярэшка:] — Хіба ў нас больш нічога на стале няма? Вунь жа, дзякаваць богу, парасяцінка, свойская кілбаска. Сабаленка.
4. Разм. Які прыязна, спагадліва адносіцца да людзей; таварыскі. Цішка — добры мой сусед, Гэта — хлопец-усёвед. Свойскі і разумны — Не бывае сумны. Агняцвет. Мужык што трэба — свойскі, моцны. Паможа кожнаму ў бядзе. Панчанка. // Уласцівы такім людзям або адносінам паміж такімі людзьмі. Таня і не заўважыла, як шапачнае знаёмства з Павалковічам стала пераўтварацца ў свойскія, даволі прыязныя адносіны. Машара.
5. Характэрны, знаёмы, пашыраны на якой‑н. тэрыторыі. А як песню пачуў, што над рэчкай звініць,.. Я пазнаў чагось свойскага многа ў ёй: Калісь чуў гэта ў песнях старонкі сваёй. Багдановіч. Асенняй раніцою, Па нашай звычцы свойскай, Нас цэлай грамадою Праводзілі ў войска. Глебка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бразго́тка, ‑і. ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Разм.
1. Дзіцячая цацка, пры ўзмахванні якой утвараецца бразгат, шум. Дзікавіцкі, чакаючы абеду, сядзеў на рагу стала з ўнукам на каленях, які прытанцоўваў і стукаў бразготкай то аб стол, то па галаве дзеду. Дуброўскі.
2. толькі мн. (бразго́ткі, ‑так). Бомы, званочкі. Чуецца ржанне коней, звон бразготак і музыка. Козел. Не відаць было зухаватых «братоў», пралятаючых з форсам, з бразготкамі на падбадзёраным цуглямі і пугай кані. Крапіва.
3. Невялікі прадмет, які з’яўляецца аздобай. Пецька — піжон. Тыдзень есці не будзе, а бразготку ўпадабаную купіць. Мехаў. [Галя:] — А што гэта такое? Бразготкі нейкія? [Міход:] — Добрыя бразготкі. Гэта ж золата... Сабаленка.
4. Спецыяльная прылада для ўтварэння гукаў, падобных на трэск; трашчотка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
го́рны 1, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да гары (у 1 знач.). Горны ланцуг. Горнае паветра. // Які знаходзіцца ў гарах. Горнае паселішча. Горныя лугі. □ Стала так ціха, што здавалася — ручай грыміць, як горны вадапад. Самуйлёнак. // Гарысты; пакрыты гарамі. Горная краіна. // Прызначаны для выкарыстання ў гарах. Горная артылерыя. Горныя лыжы.
2. Які здабываецца з зямных нетраў. Горныя руды.
3. Які мае адносіны да распрацоўкі зямных нетраў. Горны інжынер. Горны камбайн.
•••
Горная хвароба гл. хвароба.
Горны баран гл. баран (у 2 знач.).
Горны хрусталь гл. хрусталь.
Горны лён гл. лён.
го́рны 2, ‑ая, ‑ае.
Разм. Поўны горычы, гора; гаротны. І маёр штораз прыгорне Да грудзей сваіх малую: — Не журыся, сум твой горны Я душой таксама чую. Кірэенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дакаці́цца, ‑качуся, ‑коцішся, ‑коціцца; заг. дакаціся; зак.
1. Коцячыся, дасягнуць якога‑н. месца. Клубок дакаціўся да стала. Мяч дакаціўся да варот. □ Тралейбус .. дакаціўся да сцяны і стукнуўся ў яе. Арабей.
2. перан. Пашыраючыся, распаўсюдзіцца да якога‑н. месца (пра з’явы, пачуцці і пад.). Андрэй адчуў, як па спіне яго пабеглі мурашкі, холад скаваў цела і дакаціўся да сэрца. Чарнышэвіч. Хваля аблаў і пагромаў дакацілася да мястэчка. Брыль. // Данесціся, дайсці да слыху (пра гукі). Заставалася скласці апошні стог сена, як раптам аднекуль дакаціўся раскат грому. Сіняўскі. Зноў дакаціліся да Ігнася зыкі музыкі. Чорны.
3. перан. Разм. Апусціцца, дайсці да якога‑н. ганебнага стану. Уся гісторыя з Дывінцом выглядала падазронай і дзіўнай. Каб такі хлопец дакаціўся да п’янства і сварак! Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
за́вязка, ‑і, ДМ ‑зцы; Р мн. ‑зак; ж.
Тое, што і завя́зка (у 2 знач.).
завя́зка, ‑і, ДМ ‑зцы, ж.
1. Дзеянне паводле дзеясл. завязваць — завязаць 1 (у 1, 2 знач.).
2. Р мн. ‑зак. Вяровачка, шнурок і пад., якімі завязваюць што‑н. Завязаць мех завязкай. □ Дырэктар высунуў скрынку пісьмовага стала і, дастаўшы адтуль зялёную папку, пачаў з таямнічым выглядам развязваць чырвоныя шаўковыя завязкі. Мележ.
3. Р мн. ‑зак. Пачатак, зыходны момант чаго‑н. Дакладна сказана: на моцнай завязцы ўзаемнага давер’я выхоўваецца брыгада. «Звязда». // Эпізод, падзея, з якой пачынаецца развіццё сюжэта ў мастацкім творы; проціл. развязка. Завяжа драмы.
•••
Па самую завязку; пад завязку — тое, што і як завязаць (гл. завязаць 1).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
закаці́цца, ‑качуся, ‑коцішся, ‑коціцца; зак.
1. Коцячыся, апынуцца дзе‑н., за чым‑н. Шпулька нітак закацілася ў куток. Кола закацілася за вугал. □ Дзмітрый нагнуўся, адкінуў гарачую гільзу, якая нейкім чынам закацілася пад тармазны педаль. Беразняк. // перан. Імкліва ўвайсці, убегчы куды‑н. Раптам дзверы расчыніліся і ў хату з гоманам, піхаючы адзін аднаго, закацілася пяцёра хлапчукоў. Дубоўка.
2. Зайсці, схавацца за гарызонт (пра нябесныя свяцілы). Сонца закацілася за лес, і адразу стала цямнець. Галавач. Месяц яшчэ свяціў усё такі ж вялізны і медна-чырвоны, але вісеў нізка, вось-вось збіраўся закаціцца. Дамашэвіч. // перан. Скончыцца. Яго слава хутка закацілася.
3. Разм. Пачаць закаціста смяяцца, рагатаць і пад. Хлопцы закаціліся дружным рогатам. Зарэцкі. — Ха-ха-ха! — зноў закаціўся смехам Дэвіс. Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
з’я́ва, ‑ы, ж.
1. Усякае праяўленне чаго‑н. у выглядзе змен, рэакцый і пад. Фізічная з’ява. Хімічныя з’явы. З’явы прыроды. □ Снежная маланка — з’ява досыць рэдкая, і ўбачыць яе ўдаецца далёка не кожнаму. Матрунёнак. // У філасофіі — знешняе выяўленне сутнасці, знешняя форма, у якой прадметы, працэсы рэчаіснасці выступаюць на паверхні.
2. Падзея, факт, выпадак. Яшчэ адна з’ява, што так глыбока запала ў душу Сяргея і так моцна ўскалыхнула яе, — гэта смерць камандзіра іх батарэі. Колас. // Пра што‑н. выдатнае, адметнае ў навуцы, культуры. Класіка на акадэмічнай беларускай сцэне — гэта ж з’ява. «ЛіМ».
3. Частка драматычнага твора — акта або дзеі, у якой склад дзеючых асоб не мяняецца. Першая з’ява другога акта.
•••
Бытавая з’ява — пра якую‑н. з’яву, якая стала штодзённай, звычайнай.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ану́ча, ‑ы, ж.
1. Кавалак, абрэзак тканіны (звычайна такой, якая ўжо была ва ўжытку). [Лабановіч:] — Паколькі лесу ў раёне Дзямянава Гуза няма, дык ты прымацуй да ёмкага кія дзяружку, хустку ці проста анучу і такім саматужным сцягам памахай мне. Колас.
2. Рваныя паношаныя рэчы; старое адзенне. Хата.. не зліняла, смецця ў хаце больш не стала, анучы з палатак не прапалі. Чорны.
3. Кавалак тканіны, якой абмотваюць ногі перш чым абуцца. [Бацька] уставаў на золку, выцягваў з пячуркі падсохлыя анучы, абуваўся ў лапці. Навуменка.
4. толькі мн. (ану́чы, ‑аў). Пагард. Убранне, строі.
5. перан. Бесхарактарны, бязвольны чалавек. Ануча, а не чалавек, — запярэчыў Галаскок. Хто што хоча, тое і робіць. Крапіва.
•••
Як анучаю па зубах — сказаць каму‑н. што‑н. непрыемнае.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
палягчэ́ць, ‑эе; зак.
1. Стаць лягчэйшым па вазе. Ісці было не цяжка: ліпавыя лапці не абцяжарвалі ног, і клункі за плячыма даўно палягчэлі. Пальчэўскі. [Антось:] — А што, калі палову ўсяго гэтага зараз з’есці? Рукзак адразу палягчэе, і я доўга есці не буду хацець. Бяганская.
2. безас. Стаць, зрабіцца лягчэй у матэрыяльных адносінах. І дзед бабульцы гаварыў, Зрабіўшы выгляд строгі: — Нам палягчэе жыць старым: Кандрат наш стаў на ногі... Смагаровіч. // Стаць лягчэй, лепш (пра паляпшэнне самаадчування, настрою і пад.). Мне не толькі не палягчэла, стала яшчэ горш: дранцвелі ногі, рукі, шчымеў увесь бок. Адамчык. Пакуль Сонцаў вёў машыну па платформе, яму здавалася, нібы ён вісіць у паветры.., таму, калі танк сеў на трывалы непадатны грунт, на душы адразу палягчэла. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пасвяжэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; зак.
1. Стаць халаднейшым (пра вецер, паветра). Ноч ціхая, ледзь-ледзь павявае вецер. Цёплы з вечара, ён цяпер крыху пасвяжэў. С. Александровіч. // безас. Пахаладнець (пра надвор’е). Нарэшце прайшоў невялікі дожджык і вось толькі цяпер, пад вечар, крыху пасвяжэла. В. Вольскі.
2. Стаць больш яркім, свежым. На схілах дарогі раслі рамонкі, чырвоныя пеўнікі, львіны зеў. Здаецца, і яны пачалі ажываць, пасвяжэлі ад прахалоды. Арабей. Бач, нават ягады на рабіне, што расла ў двары, зрабіліся больш чырвоныя, пасвяжэлі. Ермаловіч. // Стаць больш бадзёрым, здаравейшым, прыгажэйшым. Байцы пасвяжэлі, павесялелі пасля сну, дарма што адпачынак іх быў вельмі кароткі. Кулакоўскі. [Сынклета] пасвяжэла, паяснела — не толькі стала маладзей за сваіх пяцьдзесят гадоў, а хоць карціну пішы з яе. Гроднеў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)