Астры́ца ’гарыца; расліна Sagina L.’ (Кіс., Інстр. II). Названа так (паводле вузкіх лісцяў, з шыпом у канцы) ад кораня *ostr‑ (гл. востры) з суфіксам ‑ica. Ад гэтага ж кораня, але з суфіксам ‑ушка ўтворана аструшка ’сінюха; расліна Polemonium L.’ (Кіс.). Назвы раслін з коранем *ostr‑ сустракаюцца і ў іншых славянскіх мовах, у тым ліку з суфіксам ‑ica (рус. острица, укр. остриця ’Asperugo’ і г. д., гл. Махай, Jména rostl., паказчыкі).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Падаро́жнік ’трыпутнік, Plantago major L.’ (ТСБМ, Кіс., Сл. ПЗБ, Мат. Гом.), ’трыпутнік ланцэталісты, Plantago lanceolata L.’ (Бейл.), ’панікніца рачная, Geum urbanum glabra L.’ (Кіс.), ’гладун гладкі, Herniaria glabra L.’ (Бейл.). Да падарожны < дарога (гл.) з суф. ‑ік. Назва розных раслін, якія растуць непадалёку дарог. Усходнеславянскае: рус. подорожник, укр. подорожник. У інш. слав. м. з іншай суфіксацыяй: чэш. podražec, славін. podražec, podrazek, ст.-польск. podrażec (з чэш.). Гл. Махэк, Jména rostlin, 53.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Рэ́пік ’род шматгадовых травяністых раслін сямейства складанакветных’ (ТСБМ), ’Eupatorium L.’ (Байк. і Некр.), ’дзядкі’ (Касп.). Укр. репʼя́х, рус. репе́й, польск. rzep, в.-луж. rěpik, чэш., славац. repík ’тс’, серб. і харв. рѐпух ’тс’, балг. репей, ст.-слав. рѣпьѥ. Прасл. *rěpъ/*rěpьjь ’учэплівая расліна’ ад *rěpiti ’хапаць, чапляцца’ (Борысь, 533). Мяркуецца сувязь з літ. aprepti ’ахопліваць’, reples ’абцугі’, ст.-прус. raples ’тс’, лац. rapio ’хапаць, абрываць’ (Фасмер, 3, 471).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ко́цік 1, ‑а, м.
1. Памянш.-ласк. да кот.
2. Марская прамысловая млекакормячая жывёліна з каштоўным футрам, якая водзіцца ў паўночнай частцы Ціхага акіяна. // Футра гэтай жывёліны. Кажушок на хлопцу быў пацягнен зялёным сукном, а каўнер у ім — з чорнага коціка. Чорны.
ко́цік 2, ‑а, м.
Суквецце з дробных кветачак у некаторых дрэвавых раслін, якое ападае пасля цвіцення. Распушыліся і цвілі коцікі на вербах. С. Александровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ляту́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
1. Разм. Кароткая вытворчая нарада для вырашэння неадкладных спраў. [Салаўянчык:] — Пасля работы, у канцы змены, мы збіраемся на лятучку і правяраем свае абавязацельствы. Грамовіч.
2. Разм. Пра лёгкі, хуткі від транспарту. Санітарная лятучка. □ Хутка пасля ўзрыву на месца аварыі прыбыла рамонтная лятучка. Краўчанка.
3. Крылападобны выраст на насенні некаторых раслін, які дазваляе яму лёгка разносіцца ветрам.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ма́нна, ‑ы, ж.
1. Ежа, якая, паводле біблейскага падання, сыпалася з неба яўрэям у час іх вандравання па пустыні.
2. Спец. Застыўшы сок некаторых раслін, прыгодны для ежы і для лякарства.
3. Разм. Тое, што і манныя крупы (гл. манны).
•••
Манна з неба не сыплецца — дарам нічога не прыходзіцца.
Манна нябесная — што‑н. нечаканае, дарэмнае.
Спадзявацца на манну нябесную гл. спадзявацца.
Чакаць манны нябеснай гл. чакаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мяцёлка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.
1. Тое, што і мятла. А вілы, граблі і мяцёлкі,.. Каля варот адны стаялі — Таксама працы ўжо чакалі. Колас.
2. Спец. Суквецце некаторых раслін, якое нагадвае па форме мятлу. Бездапаможна пнуцца ўгару сіва-зялёныя мяцёлкі аўса. Брыль.
3. Абл. Мятліца. Улетку па гэтай дарозе вазілі з паплавоў сена, мяккае, як воўну, жыта напалам з гірс[о]й і мяцёлкай. Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
варыя́цыя, ‑і, ж.
1. Відазмяненне другарадных элементаў чаго‑н. пры захаванні асноўнага. Варыяцыі сцэны спектакля. // Спец. Некаторыя змены асноўнага тыпу ў раслін і жывёл. // Змена рытму, мелодыі, гармоніі пры захаванні асноўнай тэмы. Тэма з варыяцыямі.
2. Варыянты распрацоўкі або паўтарэння асноўнай тэмы. Купалаўскі верш «Мая хатка» з’яўляецца па сутнасці вольнай варыяцыяй на тэму аналагічнага верша Багушэвіча «Мая хата». Івашын.
3. У матэматыцы — змяненне віда функцыі велічынь.
[Ад лац. variatio — змяненне.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перспекты́ўны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да перспектывы (у 2 знач.). Перспектыўны жывапіс. Перспектыўныя дэкарацыі.
2. Які прадугледжвае будучае развіццё, распрацаваны на многа год. Перспектыўнае планаванне. □ — Наша задача — дапамагчы кожнаму калгасу скласці перспектыўны план развіцця гаспадаркі. Шамякін.
3. Які мае перспектывы (у 4 знач.), можа паспяхова развівацца ў будучым. Перспектыўная прафесія. Перспектыўны сорт раслін. □ — Раён у нас перспектыўны. Не думайце, што глухамань. Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
стымуля́тар, ‑а, м.
1. Рэчыва, якое стымулюе развіццё раслін і жывёл. Аказваецца, што калі з .. [кук[о]лю] дастаць тую атруту і ў самым малым памеры даць яе на палеткі, дык яна робіцца стымулятарам і павялічвае ўраджай жыта ці пшаніцы напалову. Дубоўка.
2. Лекавы прэпарат, які выкарыстоўваецца для павышэння разумовай і фізічнай працаздольнасці, для паляпшэння самаадчування. // перан. Пра ўсё, што стымулюе творчую актыўнасць.
3. Тое, што і допінг.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)