Кама́нда ’кароткі вусны загад камандзіра па ўстаноўленай форме’, ’вайсковае падраздзяленне, часова выдзеленая вайсковая часць спецыяльнага прызначэння’ (ТСБМ, Яруш.). Найбольш верагодна, што лексема з’яўляецца запазычаннем з рус. мовы, дзе ўжываецца з пач. XVIII ст. У рус. з ням. Kommando ’каманда’ (або гал.) або франц. commande ’тс’ < с.-лац. com(m)enda ’намесніцтва’ < лац. commendō ’давяраю, даручаю’ (Фасмер, 2, 300; Шанскі, 2 (К), 222).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каменда́нт ’начальнік войск крэпасці’, ’начальнік, які наглядае за парадкам перамяшчэння войск’, ’адказны за ахову і гаспадарку грамадскага будынка’ (ТСБМ), ’чалавек, які любіць камандаваць’ (міёр., З нар. сл.). Яшчэ ст.-бел. комендантъ ’судовы выканаўца’ (XVII ст.) запазычана са ст.-польск. komendant, якое са ст.-в.-ням. Kommendant ’камандуючы’ < франц. commandant < лац. commendāns, ‑dantis ’той, хто дае ўказание, распараджэнне’ (Булыка, Запаз. 163; Слаўскі, 2, 380).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Камізэ́лька ’кароткая адзежына без рукавоў і каўняра, якую надзяваюць на сарочку або блузку’ (ТСБМ, Шат., Сцяшк., Бес., Тарн., Мядзв., Малч., Гарэц.), камзэ́лька ’тс’ (Сцяшк.; смал., КЭС), камізолка (глус., КЭС), камызэлька (Нік. Очерки; віц., карэліц., Янк. 1, Жд. 2) камузэ́лька (Сцяц.). Запазычана з польск. kamizelka ’мужчынская жилетка пад пінжаком’ < франц. camisole ’каптан’ < італ. camiciola — памяншальнае ад camicia ’кашуля’ < лац. camīsia (Слаўскі, 2, 38–39).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ро́та ’вайсковае падраздзяленне ў складзе батальёна’ (ТСБМ), ст.-бел. рота ’рота, атрад войска’ (1516 г.) — са ст.-польск. rota ’атрад войска’, якое з ст.-в.-ням. rote, rotte ’натоўп, рота’; апошняе — з ст.-франц. rote < народналац. rupta (cohors) ’частка, часцінка кагорты’, ’усхваляванае, разбітае войска’ < дзеепрым. ruptus < rumpere ’разрываць, парушаць, прыпыняць’. Трэба адрозніваць ад ст.-слав. рота ’прысяга’ (гл. ESJSt, 13, 777).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рэ́готы ’драўляная пасудзіна ў выглядзе карыта, у якой мялі сукно’ (З нар. сл., Сл. Брэс.). Няясна. Магчыма, звязана з польск. rechot ’роў, напоўнены вадой’, бо першапачаткова для апрацоўкі сукна маглі выкарыстоўваць роў з вадой, а пазней ужо пасудзіну. Польскае слова Ліндэ выводзіць з франц. Rechaud de rempart ’абарончы вал; роў’ (Ліндэ, 5, 34). Магчымая семантычная паралель: польск., чэш. koryto ’рэчышча’ — карыта ’пасудзіна’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рэй1 у спалуч. весці рэй ’верхаводзіць’ (ТСБМ, Байк. і Некр.). З польск. rej ’шэраг, рад’. Параўн. яшчэ чэш. rej ’танец, карагод’, в.-луж. rej ’тс’, rejewodźer ’распарадчык танцаў’. Запазыч, з с.-в.-ням. rei(e)/reige ’веснавы або летні карагод’ (сучаснае ням. Reigen ’карагод’), якое з ст.-франц. raie ’танец’ (Борысь, 513).

Рэй2 ’ёўня’ (Анім. дад.). Гл. рэя3.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Са́пка1 ’матыка’ (Касп., ТС, Клім., Выг.), са́па ’тс’ (Мат. Гом.). Рус. паўдн. сапа́, са́пка, укр. са́па́, са́пка ’тс’. Праз польск. sapa ’тс’ (Брукнер, 481) з франц. sape ’матыка’, італ. zappa, sapa ’тс’ (гл. Міклашыч, 27; Бернекер, 1, 121). Румынскае пасрэдніцтва (Мацэнаўэр, LF, 19 246; Брукнер, там жа) адхіляецца Фасмерам (3, 558).

Са́пка2 ’раптам’ (Сл. рэг. лекс.). Да сапці (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тратуа́р ‘дарожка для пешаходаў’ (ТСБМ, Гарэц., Некр. і Байк.), тратава́р ‘тс’ (мін., Сл. ПЗБ). Запазычана з рус. тротуа́р, якое з франц. trottoir, утворанага з дапамогай прадметнага суфікса ‑oir (як рэзервуар) ад дзеяслова trotter ‘ісці, маршыраваць, тапатаць, ісці рыссю (пра каня)’ > ‘хадзіць, бегаць’, які ад ст.-в.-ням. trottōn ‘ісці, ступаць, крочыць’ (Фасмер, 4, 107; ЕСУМ, 5, 652; Арол, 4, 107).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трусы́, тру́сікі ‘прыналежнасць мужчынскай або жаночай бялізны’, ‘спартыўныя кароткія штаны, трусы’ (ТСБМ), trusy ‘тс’ (Брасл. сл.), трусэ́ (шчуч., Сл. ПЗБ). Новае запазычанне праз рус. трусы выводзяць са старога франц. trousses ‘кароткія шаравары’ (ЕСУМ, 5, 658; Арол, 4, 109). Трубачоў у Фасмера (4, 110) выводзіць рускае слова з англ. trousers ‘штаны’, што дало першапачатковае рус. тру́сики, адкуль другаснае трусы (Ніканаў, Этимология–1967, 100).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трыльё́н ‘лік, роўны тысячы мільярдаў’ (ТСБМ, Некр. і Байк.). Запазычана з франц. trillion ‘тс’, якое ўтворана з суфіксоідам ‑lionmil‑lion) з заменай mil‑ на лац. tria — лічба мае ў 3 разы болей нулёў, чым у тысячы. У беларускую мову лічба трыльён прыйшла, хутчэй за ўсё, праз рускую мову (СИС; SWO, 1980; Голуб-Ліер, 98, 489; ЕСУМ, 5, 638).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)