акра́вак, ‑раўка, м.
1. Абрэзак, кавалак, шматок чаго‑н. (скуры, тканіны і пад.). Вулічнае акно.. было заткнута кажушным акраўкам. Вітка. [Мікодым:] — Пашукай у куфры, можа, які акравак чырвонага ёсць! Сабаленка.
2. Наогул частка чаго‑н. Сцямнела неяк адразу, толькі там, дзе на сконе дня было паказалася сонца, дрыжаў акравак барвовага неба, як ад далёкага пажару. Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падступі́цца, ‑ступлю́ся, ‑сту́пішся, ‑сту́піцца; зак.
1. Падысці вельмі блізка, наблізіцца. — Берагі топкія, ніхто падступіцца з вудамі і сеткамі не можа. Савіцкі. Цяпер балота замерзла і падступіцца да [разбітага] самалёта лёгка. Жычка.
2. Звярнуцца з просьбай, прапановай і пад. Не падступіцца да начальства з просьбай. □ Дзяўчатам хацелася загаварыць з лётчыцамі, але дзе ты да іх падступішся. Няхай.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падхва́т, ‑у, М ‑хваце, м.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. падхватваць — падхваціць.
•••
На падхваце — а) заўсёды патрэбны; заўсёды можа быць выкарыстаны. [Лявон] заўсёды, калі што трэба, звяртаецца да Зосі. Яна ў яго на падхваце. Сабаленка; б) у зручным для карыстання месцы; пад рукамі. І падняў [дзед] над галавою калун, які ляжаў тут жа, на дрывотні, на падхваце. Сачанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нягла́дкі, ‑ая, ‑ае.
Няроўны, шарахаваты. Нягладкая дошка. // перан. Які мае ў сабе пэўныя хібы, заганы; немілагучны (пра вершы, прамовы і пад.). Хоць у Багушэвіча і сустракаюцца часамі нягладкія, неадшліфаваныя вершы, хоць яго некаторыя вершы збіваюцца на сілабічную метрыку, усё ж па паэтычнаму майстэрству ніхто з беларускіх паэтаў XIX ст. не можа зраўняцца з Багушэвічам. Івашын.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пабягу́шкі, ‑шак; адз. няма.
Разм. У выразе: на пабягушках — а) для дробных паслуг, даручэнняў. Хлопчык быў па пабягушках, выконваў розную чорную работу. «Беларусь»; б) перан. у поўным падпарадкаванні ў каго‑н., выконваючы ўсе чые‑н. жаданні, капрызы і пад. «Нясоладка, мабыць, жывецца, — падумаў Міхал. — Ды сам [Аляксееў] вінаваты. Не можа паставіць сябе: усё на пабягушках». Карпаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пат 1, ‑а, М паце, м.
Становішча ў шахматнай гульні, калі ігрок не можа зрабіць чарговага ходу, не падставіўшы пад удар свайго караля, і калі партыя лічыцца нічыёй.
[Фр. pat.]
пат 2, ‑у, М паце, м.
Сорт пасцілы.
•••
Жамчужны пат — густая маса серабрыстага колеру, знешне падобная на перламутр, якая прымяняецца для пакрыцця паперы, шкляных пацерак і інш.
[Ад фр. pâte — цеста.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пе́трыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак.
Разм. Разумець, разбірацца, кеміць. Трахім ані не верыў доктару — надта ж маладзён ён быў, дый каб петрыў хоць што-кольвечы ў хваробах, хіба займаўся б глупствам. Сачанка. [Дземідзенка:] — Можа твая маладая галава лепш за нашыя петрыць. Асіпенка. Ён, Барашкін, не петрыў зусім нічога ў сталеплавільнай справе, калі прыйшоў у цэх. Савіцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыблудзі́цца, ‑блуджуся, ‑блудзішся, ‑блудзіцца; зак.
Разм. Прыстаць да чужога статка, двара, хаты і пад. Чалавек першы загаварыў да пастушкоў. — Ці не чулі вы, хлопцы, можа тут конь які прыблудзіўся? Крапіва. [Алень] прыблудзіўся на батарэю яшчэ зімой і, як расказваюць, быў пестуном гарматных разлікаў. Шамякін. // Далучыцца да якой‑н. групы; прыстаць да якога‑н. месца (пра чалавека).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
расшуме́цца, ‑млюся, ‑мішся, ‑міцца; зак.
Разм.
1. Пачаць моцна і доўга шумець. Вецер расшумеўся. Хвалі расшумеліся. □ Звоняць рэкі з ручаямі, Расшумеліся дубровы, Над палямі, над барамі Кліч праносяцца вясновы. Броўка.
2. Пачаць моцна крычаць, лаяцца. [Малашкін] раптам можа страшэнна расшумецца з-за дробязі. Тады пачынае крычаць тонкім пісклявым голасам, пакуль не сарвецца, не закашляецца. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ро́знасць, ‑і, ж.
1. Якасць, уласцівасць рознага (у 1 знач.); розніца. Нягледзячы на рознасць поглядаў і характараў, мы ўчатырох сыходзіліся ў адным: нельга сядзець склаўшы рукі, трэба дзейнічаць. Навуменка. Рознасць пазіцый Багдановіча і Бадлера, можа, найвыразней раскрываецца якраз у тым, як паэты падаюць малюнкі зла. Лойка.
2. У матэматыцы — вынік адымання. Рознасць двух лікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)