рыззё, ‑я, н., зб.

Разм. Старое, падранае адзенне. Пятрова жонка складвала .. [у скрыню] непатрэбнае рыззё. Новікаў. Былыя вязні ішлі праз нашы Макраны дадому. Зарослыя бародамі, у рыззі. Каліна. // Анучы, старызна. Затыкала [маці] рыззём аканіцу Ды запальвала ў кухні газніцу. Бічэль-Загнетава. Кастусь віў вуду, чапляў кручок, куплены ў праезджага каравачніка за старое рыззё, і на чарвяка лавіў тоўстых і крыху лянівых плотак. Ваданосаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

самазва́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Які самавольна, незаконна прысвоіў сабе чужое імя, званне. — Цікава, а што скажа самазваны старшыня Зубкоўскі? — спытаўся Швец. Гурскі. Стрэльбай грукнуў у дзверы: «Выходзь да мяне, Гаспадар самазваны, на ганак!» Куляшоў.

2. Разм. Які па сваёй ініцыятыве ўзяўся за якую‑н. справу. Назло прарокам самазваным, Што глуха каркаць пачалі, Спявайце [юныя паэты] спевам нечуваным На мове любай вам зямлі! Гілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

слабе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

Рабіцца слабым ці больш слабым (у 1, 2, 5, 7–9, 14 знач.). Дарога далёкая, цяжкая, коні слабеюць. Брыль. Ён [воўк] рэшту сіл ізноў збірае. Мацней на лапы налягае, Ды іх няма за што зацяць, Яны слабеюць, слізгацяць. Колас. З кожным днём слабела вастрыня зроку. Марціновіч. Пустаты няма. Там, дзе слабее палітычная работа, ажывае чужая ідэалогія. Дзенісевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

слюдзяны́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да слюды, змяшчае ў сабе слюду. // Зроблены з слюды. Слюдзяны ізалятар. Слюдзяная пракладка. □ Слюдзяная покрыўка адбівала святло і перашкаджала бачыць карту. Самуйлёнак. // Звязаны са здабычай і апрацоўкай слюды. Слюдзяныя распрацоўкі.

2. Які нагадвае слюду, падобны на слюду (бляскам, колерам і пад.). Слюдзяныя вочы шчупака. □ За цёмнымі шыбамі, зацягнутымі слюдзянымі наплывамі лёду, глухі шоргат і шапаценне. Кудравец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

смаля́к, ‑а, м.

Смалісты кавалак дрэва. На агні яркім полымем гарэў смаляк, і ад гэтага за кругам святла цемень здавалася яшчэ больш густой. Краўчанка. У грубцы весела разгараліся смалякі, страляла іскрамі. Шамякін. А я яшчэ памятаю, калі людзі смалякамі ды лучынай асвятляліся. Сіняўскі. // толькі мн. (смалякі́, ‑оў). Насычаная смалой драўніна хваёвых парод, якая выкарыстоўваецца як сыравіна для вырабу каніфолі, шкіпінару і пад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спе́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Мілагучны, пявучы. Ціха гулі струны, прыглушаныя рукой. А голас з жорсткага рабіўся мяккі і спеўны. Караткевіч. З-за рога Турэмнай вуліцы вылецелі спеўныя гукі. Мурашка.

2. Які мае адносіны да спеву, песні; песенны. І ўзяўшы пад крыло яго, адразу ж аб’явіла [квактуха]: — Між намі геній, спеўных спраў мастак! Маеўскі. / у перан. ужыв. Навідавоку да паэта вярталася яго спеўная сіла. Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спруцяне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Разм.

1. Стаць халодным і цвёрдым; скарчанець, застыць (пра труп).

2. Памерці, акалець. Стары з-за крушні злажыўся з пістаноўкі, зараджанай куляй,.. і смальнуў. То немец і спруцянеў. Гурскі.

•••

Каб ты (ён, яна і пад.) спруцянеў — ужываецца як праклён. Голас у Саўкі быў сярдзіты, хрыплы ад кашлю: — Каб ты спруцянеў, каб ты, падла лапавухая. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спрыя́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які спрыяе, памагае чаму‑н.; карысны для чаго‑н. І тут паўстала пытанне: дзе можна наглядаць за жыццём чаек у найбольш спрыяльных і характэрных умовах? В. Вольскі. Дактары параілі Цётцы перамяніць вільготны львоўскі клімат, паехаць куды-небудзь, дзе больш спрыяльны клімат для яе хворых лёгкіх. Панізнік.

2. У якім выяўляецца прыхільнасць, павага да каго‑н. Спрыяльныя адносіны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спрэс, прысл.

Поўнасцю, цалкам; зусім. Аднекуль навалакліся хмары — спрэс зацягнулі неба. Сабаленка. За ноч наваліла столькі снегу, што нідзе не было ні сцежкі, ні дарогі, спрэс цалік. Чарнышэвіч. [Колас:] — Я думаю пра Аляксандра Грына. Яго летуценнікі.. — гэта ўжо нешта спрэс новае. Лужанін. // Скрозь, усюды; цалкам. Карані спрэс павыпіналіся з зямлі цэлымі вузламі. Сачанка. Рудымі жалудамі была засыпана спрэс уся зямля. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стажа́р, ‑а, м.

1. Уваткнуты ў зямлю шост, вакол якога кідаецца стог. [Другі спадарожнік:] — Дык гэта Сымонаў хутар? А дзе ж яго гумно? — Вунь там, мусіць, — паказаў першы рукой убок, за хату, дзе тырчаў голы стажар. Галавач.

2. звычайна мн. (стажа́ры, ‑жар). Народная назва групы з блізка размешчаных зорак у сузор’і Цяльца. Ночкай вынікнуць стажары, І бяздонныя амшары Зоркі высцелюць руном. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)