гі́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; незак.

1. Спыняць існаванне, разбураючыся, знішчаючыся; знікаць, прападаць. Высока ляцелі іскры, гінула чалавечая праца цэлых пакаленняў, нішчыліся нацыянальныя багацці, скарбніцы культуры. Гурскі. Клубочкі дыму, працэджваючыся праз яловыя лапкі, выбіваюцца на прастор і гінуць у зімнім паветры. Колас. // Паміраць. Гінуць ад кулі. □ Без каманды войска гіне. З нар. / Пра жывёлу, расліны. На галіне Пры даліне Ліст на дрэве марна гіне: Ліст зялёны, ды ўмірае. Колас. Не узыходзіць, А чэзне і гіне насенне, Калі кідае сейбіт яго На каменне. Макаль.

2. перан. Знікаць, рушыцца (пра планы, надзеі і пад.). Надзеі гінуць. □ Гінулі і туманіліся думкі. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гла́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; заг. гладзь; незак., каго-што.

1. Лёгка, ласкава праводзіць па кім‑, чым‑н. рукой; песціць, лашчыць. Стэфка песціла дзяцей, гладзіла па галоўках. Бядуля. // Прыгладжваць што‑н. далонню або пальцамі. Гладзіць бараду. Гладзіць вусы. // перан. Лёгка дакранацца да чаго‑н. (пра вецер, сонца і інш.). Фары вогненным бляскам Гладзяць спіну кургану. Нядзведскі.

2. Рабіць гладкім, роўным. Марына бабку падмяняе І рэжа скібіны-брускі Ды градку гладзіць і раўняе. Колас. // Разгладжваць, прасаваць (бялізну, плацце і пад.). Гладзіць касцюм.

•••

Гладзіць па галоўцы (па шэрсці) каго — хваліць каго‑н.; патураць каму‑н.

Гладзіць супраць шэрсці каго — гаварыць ці рабіць каму‑н. непрыемнае.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адгало́сак, ‑ску, м.

1. Рэха, водгулле. Ад песень ад гулкіх плывуць адгалоскі Па шумных дубровах і нівах. Купала. // чаго. Аслаблены адлегласцю гук чаго‑н. Неба на ўсходзе палыхала частымі знічкамі, і адтуль даляталі зрэдку далёкія адгалоскі грому. Лынькоў.

2. перан.; чаго. Тое, у чым выяўляюцца сляды ўплыву, уздзеяння чаго‑н.; рэшткі, вынік чаго‑н. З’явіўшыся яркім адгалоскам нарастаючага вызваленчага руху сялянства, адлюстраваўшы яго класавы пратэст супраць памешчыкаў і царызму, увабраўшы ў сябе нацыянальна-вызваленчыя імкненні шырокіх народных маc, .. [творчасць Багушэвіча] стала значнай літаратурна-грамадскай з’явай Беларусі напярэдадні рэвалюцыі 1905 г. Івашын. Як адгалосак, як цень свайго мужа, .. [Аўдоцця] жыла яго жыццём. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

апячы́, апяку, апячэш, апячэ; апячом, апечаце, апякуць; пр. апёк, апякла, апякло; зак., каго-што.

1. Агнём ці чым‑н. гарачым, едкім, пякучым пашкодзіць скурнае покрыва; прычыніўшы боль, абпаліць. Сухія іголкі хвоі затрашчалі, шуганула полымя, і Цімох знячэўку апёк сабе руку. Колас. Андрэйка прыціснуўся да плота, балюча апёк крапівой лоб, але сцярпеў, нават не зварухнуўся. Ваданосаў. // Прычыніць пякучы боль, моцна ўдарыўшы чым‑н. Угары матнуўся пас высока І ў тую ж самую хвіліну Агнём апёк Алесю спіну. Колас.

2. перан. Раптоўна авалодаць кім‑н., выклікаўшы моцныя пачуцці; усхваляваць, уразіць. Самае праўдзівае з праўдзівых Слова [мір] людзям сэрца апякло. Звонак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

асі́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., каго-што.

1. Аказацца мацнейшым у барацьбе, сутычцы, бітве; перамагчы, адолець. Непакорных, гордых не магло Нішто ў змаганні з ворагам асіліць. Танк. — Не змаглі вы самі асіліць Золата, дык мы з ім расправімся, — выхваляліся заморцы. Пальчэўскі. // перан. Перасіліць, пераадолець, перамагчы пачуццё хвалявання, страху і пад. Не зможа нас лютае гора асіліць. Танк.

2. Выканаць работу, што патрабуе фізічных намаганняў, вялікай затраты часу. Мо таму, што не ўсе пакасілі За ракою лугі-мурагі, Не паспелі за дзень мы асіліць Копы знесці, злажыць у стагі? Непачаловіч. // Засвоіць, зразумець што‑н.; справіцца з чым‑н., пераадолеўшы цяжкасці, перашкоды. Асіліць англійскую мову.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

асталява́цца, ‑лююся, ‑люешся, ‑люецца; зак.

Пасяліцца, асесці. Адным словам, жыхарства гэтай вёскі выяўляла сабою праўдзівых дзяцей лесу, якія як бы зусім яшчэ нядаўна асталяваліся тут і толькі што пераходзілі ад аднае формы жыцця да другой. Колас. // Уладкавацца на працу, кватэру і пад. Назаўтра к вечару ён [Сашка] ужо асталяваўся і на працы і на кватэры, так што к дванаццаці гадзінам ночы быў ужо вольны. Чорны. // Размясціцца, спыніцца. Незадаволеныя, мы пачалі аглядвацца і перамаўляцца, ці не лепш асталявацца ў якім-небудзь гумне. Марціновіч. // перан. З’явіўшыся, замацавацца. Ад нараджэння ў нутры маім вечным госцем асталявалася гультайства. Пальчэўскі. На хмурных дарогах надоўга асталявалася восень. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

афарбо́ўка, ‑і, ДМ ‑боўцы; Р мн. ‑бовак; ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. афарбаваць (у 1 знач.).

2. Колер, адценне колеру чаго‑н. Невялікая руская печ зіхацела белай мелавой афарбоўкай. Паслядовіч. Зялёнае.. жыта за апошнія дні пачынала набываць васковую афарбоўку. Кавалёў.

3. перан. Асаблівы сэнс, выразнае адценне чаго‑н. Эмацыянальная афарбоўка верша. □ Мелодыя ж спеваў надзвычайна багатая, разнастайная, дзівосна прыгожая і такая.. выразная, што яе можна палажыць на ноты, а мастак-музыка, напэўна, змог бы выканаць на скрыпцы, але афарбоўкі яе тонаў не патрапіць перадаць ніякі музычны інструмент. Колас.

•••

Ахоўная афарбоўка — афарбоўка жывёл, якая робіць іх малапрыкметнымі ў натуральных умовах.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ацані́ць, ацаню, ацэніш, ацаніць; зак., каго-што.

1. Назначыць цану чаму‑н.; вызначыць вартасць чаго‑н. [Несцяровіч краўцу:] — Ацэнім тваю хату і за яе табе будаўніцтва сплаціць. Чорны.

2. перан. Даць ацэнку каму‑, чаму‑н., выказаць сваю думку пра што‑н., вызначыць ролю, характар каго‑, чаго‑н. — Смутак, напрыклад, можа мець апраўданне, што для таго ён, каб пасля яго больш ацаніць радасць. Чорны. Арон хутка ацаніў становішча. Мурашка. // Прызнаць станоўчыя якасці, каштоўнасць і пад. каго‑, чаго‑н. Не! Ніхто, толькі яна [пані] сама сябе можа ацаніць. Бядуля. Свет не бачыў падобнай мастацкай рукі: хай ацэняць цудоўны кілім мастакі... Дубоўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́ветрыцца, ‑рыцца; зак.

1. Змяніцца, разбурыцца пад уздзеяннем ветру і іншых кліматычных умоў. Выветрыліся скалы. □ Некалі вывернутыя з магістральнага канала вялікія масы торфу ўжо выветрыліся. Паслядовіч. // Знікнуць пад уздзеяннем ветру, свежага паветра. У хляве пахла прэлым сенам, ..пылам і яшчэ нечым кіслым, відаць, конскім потам, які не выветрыўся за многія гады. С. Александровіч.

2. перан. Забыцца; знікнуць (пра пачуцці і пад.). Багата дзён прайшло з таго часу. Даўно выветрыліся з памяці тыя падзеі. Лынькоў. Сержант тады праўду казаў: «Размяк ты.., нянавісці ў цябе ні кроплі не асталося — выветрылася». Асіпенка. Нядаўняя смеласць, з якой ён абараняў Ганну, ужо выветрылася. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ажыві́ць, ажыўлю, ажывіш, ажывіць; зак., каго-што.

1. Вярнуць да жыцця, зноў зрабіць жывым. Пабегла ваўчыха на высокую гару, дастала пляшачку жывой вады. Вярнулася і ажывіла Івана. Якімовіч. // перан. Выклікаць яркае ўяўленне пра што‑н., аднавіць у памяці забытае. Ажывіць у памяці былое.

2. Зрабіць ажыўленым, вясёлым, бадзёрым. Гэты ліст надта ўзрадаваў Алёнку, ажывіў, падняў яе настрой, выклікаў цэлы рад новых пытанняў у сувязі з грамадскаю работаю. Колас. Салодкае, духмянае паветра, звонкае шчабятанне птушак ажывілі настрой. Дудо.

3. Напоўніць жыццём, дзейнасцю, рухам. Мужыкі запоўнілі прасторную хату, .. ажывілі здаровымі галасамі. Каваль.

4. Узмацніць, актывізаваць дзейнасць чаго‑н. Ажывіць работу семінара. Ажывіць гандаль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)