круці́ць, кручу, круціш, круціць; незак.

1. каго-што. Прыводзяць у кругавы рух; вярцець. Круціць педалі. □ Два калгаснікі завіхаліся каля сячкарні. Адзін падаваў салому ў жолаб пад зубы і нажы, а другі круціў кола спецыяльна прыстасаванаю ручкаю. Колас. Вада круціла вялікае кола, аж дрыжалі сцены. С. Александровіч. // Разм. Паварочваць у розныя бакі. Ганне Сцяпанаўне падабалася, што Алесь збянтэжана круціць у руках шапку, што ў яго вачах замілаванне да яе дачкі і дакор за яе кпіны. Шыцік. Той [вартаўнік] доўга круціў у руках пропуск. Асіпенка.

2. чым. Паварочваць з боку ў бок. Гэта думка можа з гадзіну свідравала краўцовы мазгі, ён выцягваў шыю, круціў галавой. Чорны. [Вераб’і] палахліва круцілі з боку ў бок сваімі дзюбамі. Лынькоў.

3. што. Звіваць, скручваць што‑н. Грыцко паспешліва круціў з лазы жгуты і перавязваў імі Святлане ногі вышэй калень, а Міхал стаяў, нахіліўшыся над Зінай. Кулакоўскі. Андрэй і Іван граблямі скручвалі радкі вылежалага лёну, рабілі з іх вялізныя пукі, а Алена круціла доўгія перавяслы і звязвала тыя пукі. Чарнышэвіч. // Скручваць з паперы (цыгарку, папяросу). Ганскі закінуў лейцы на ручку плуга і на хаду пачаў круціць цыгарку. Крапіва. Чарнавус цяжка апусціўся на лаўку, выняў з кішэні кніжачку тонкай паперы, фукнуў на яе і, адарваўшы лісток, пачаў круціць папяросу. Кулакоўскі. // Завіваць, перабіраючы пальцамі. Пад ялінай стаяў, Вус круціў у кручок Паляўнічы-фарсун, Лапатун і дзівак. Бядуля.

4. каго-што. Прыдаваць віхравы рух чаму‑н. Завіруха круціла пасмы снегу, хапалася закрыць сумную пустату халоднай беллю. Мележ. // без дап. Узнімаць снег, пыл і пад.; месці (пра завіруху і пад.). Круціла і замятала дарогу мяцеліца. Васілевіч. Завіруха круціць. Маразы Грукаюць, аж дуб стары гудзе. Бялевіч.

5. Разм. Ухіляцца ад прамога адказу; хітрыць, шальмаваць. — Нешта ты круціш, хаваешся ад нас. Кожны вечар у скверы тырчыш. Навуменка. // Спрытна выходзіць з якога‑н. становішча. — Круціць, нягоднік. Хоча вывернуцца. Новікаў. Гаспадар — кулак багаты, — Як заўсёды, стаў круціць, Толькі б меней заплаціць. А. Александровіч. // Жульнічаць. — А мы нічога, Мацвей Сцяпанавіч, мы толькі правучылі тут трохі аднаго, каб не круціў болей у картах. Лынькоў.

6. з кім. Разм. Быць у любоўных адносінах, сувязях з кім‑н. — Трымаешся за спадніцу Герасімовічышкі... Твая Варка даўно круціць з Данілам, а ты мне вочы колеш, — і Рыгорка ўедліва разрагатаўся. Дуброўскі.

7. каго. Разм. Караючы, цягаць за вушы, валасы. — Ты што ж гэта, злодзей ты, зневажаеш старэйшых? — ціха, з прыціскам і крыху нараспеў прыгаварвае Цімохаў бацька і круціць сына за вуха. Колас.

8. перан. Разм. Па-свойму распараджацца, камандаваць кім‑н. — Пэўна, заслужаны, калі так крута круціць. Быкаў.

9. што. Рабіць свердлам дзіркі ў чым‑н. Круціць дзіркі.

10. перан.; звычайна безас. Балюча пранізваць што‑н., прычыняць рэзкі боль. — Круціць усяго, ўзнімае з ложка, кідае ў бяздонне... Падварочвае пад грудзі. Хапаюць колькі, не дыхнуць. Пташнікаў.

•••

Круціць галаву каму — а) заблытваць, збіваць з толку. — Ой, сынок, не круці ты мне галаву. Васілевіч; б) прывабліваць, улюбляць у сябе. [Люба] завіхаецца ля кожнага хлопца. І не тое, што каб сур’ёзна, а так, абы галаву каму круціць. Лынькоў.

Круціць галаву над чым — старацца зразумець, вырашыць што‑н.

Круціць мазгамі (галавою) — тое, што і варушыць мазгамі (галавою) (гл. варушыць).

Круціць носам — адмаўляцца, упірацца, выказваць незадавальненне.

Круціць раман з кім — знаходзіцца ў любоўных адносінах; фліртаваць.

Круціць рукі каму — сілай загінаць рукі за спіну і звязваць іх.

Круціць хвастом — а) хітрыць, крывадушнічаць; б) легкадумна паводзіць сябе, гуляць з многімі (пра жанчыну).

Як ні круці — нягледзячы ні на што, у любым выпадку, пры любых абставінах.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

смакта́ць, смакчу, смокчаш, смокча; незак., каго-што.

1. Рухамі губ і языка ўцягваць у рот якую‑н. вадкасць праз вузкую адтуліну ў чым‑н. Утульна і хітравата падміргвалі кантрольныя лямпачкі на пультах, мякка гулі рэле аўтаматычных лабараторый. І не трэба было хавацца ў скафандры, смактаць з трубкі вадкую ежу. Шыцік. // Карміцца мацярынскім малаком (пра дзіця, дзіцяня); уцягваць яго ў рот з грудзей, вымені. Мабыць, толькі маленькі Санька нічога не адчуваў, ён смактаў сабе матчыны грудзі і часам заходзіўся плачам. Сабаленка. [Медзведзяняты] ляжалі каля.. [мядзведзіцы] ў бярлозе і драмалі разам з ёю, бездапаможныя, сляпыя, і безупынна смакталі мацярынскае малако. В. Вольскі. То ў Кветкі, то ў Лысухі, па чарзе, Цяля са смакам малако смактала, Расло, цяжэла ў вазе. Маеўскі. // Разм. Піць, не адрываючыся, уцягваючы вадкасць праз няшчыльна сцятыя губы. Па чарзе кладзёмся па бераг і з палонкі смокчам ваду. Карпюк. Цімка ўзяў бераг шклянкі ў губы і пачаў смактаць. Кулакоўскі. // Разм. Піць гарэлку, п’янстваваць. [Цвіркун:] — Прыкінем, хто ў нас асабліва любіць смактаць самагонку. Корбан.

2. Уцягваць, усмоктваць у сябе якую‑н. вадкасць пры дапамозе спецыяльных органаў (пра жывёлін, насякомых). Валодаючы бясшумным палётам, вампіры ноччу нападаюць на сонных жывёл, пракусваюць без усялякага болю скуру і смокчуць кроў. Матрунёнак. [Арцём:] — Даніла Паўлавіч! Пчала Вунь з кветкі смокча сокі. Бялевіч. // Усмоктваць ваду, пажыўныя рэчывы з зямлі (пра карані раслін). Хай карэньчыкі ў цемры Смокчуць сонца разам з сокам, Каб раслі вачам на ўцеху Кветкі гожыя высока. Гілевіч. Там кнігаўкі плачуць ад спёкі, Падставіўшы сонцу раты, Трымцяць багуны і асокі І смокчуць ваду чараты. Калачынскі. // перан. Разм. Цягнуць, бессаромна браць у каго‑н. грошы і пад., нажывацца за кошт іншых. І ён, як той павук пачварны, усю ваколіцу смактаў і з крыўд людзей жывых бяскарна сваё багацце ўсцяж збіраў. Але не цешыла багацце старога графа-багача. Машара.

3. Усмоктваць, убіраць у сябе якую‑н. вадкасць, газ і пад. (пра машыны, прыстасаванне механізмы). Паравоз спыніўся каля вадакачкі і пачаў смактаць ваду з доўгага хобата. Грахоўскі. Зранку між сосен Смокчуць насосы З жылаў праколатых Цёплае золата. Пушча.

4. Узяўшы што‑н. у рот і змочваючы слінай, рабіць смактальныя рухі языком і губамі. Смактаць соску. □ Мядзведзь смокча лапу ў бярлозе санліва. Купала. Месяцаў сем мае веку хлапчына. Як сціхне, Свае кулачкі пачынае смактаць. Зарыцкі. // Разм. Курыць (тытунь, папяросу, люльку). Дзед моўчкі смокча сваю самаробную арэхавую люльку на ўслоне збоку стала. Якімовіч. [Гельскі:] — Кураць, смокчуць без канца і без меры! У цябе ўжо, мусіць, у вантробах, як у коміне. Чорны. // Трымаючы ў роце і раствараючы або размякчаючы слінай, паступова з’ядаць. «Як гэта, мусіць, добра, — з зайздрасцю падумала Лёдзя, — стаяць вось так, калі ідзе дождж, і смактаць карамелькі». Карпаў. [Дзяўчына] з заклапочаным выглядам смактала кавалачак.. хлеба. Брыль.

5. без дап. Выкліка́ць тупы боль ва ўнутраных органах. Максім і сам адчуваў сябе вельмі кепска, бо голад, падражнены кубкам роднага пойла, зноў, як абцугамі, сціскаў нутро і балюча смактаў у страўніку. Машара. Тут [у турме] многа часу для роздуму, каб толькі не перашкаджаў боль, не смактаў голад. Дамашэвіч. / у безас. ужыв. Ад голаду ў хлопцаў смактала пад грудзьмі. Новікаў.

6. перан. Прыносіць пакуты, мучыць (пра якое‑н. пачуццё). Крыўда смокча сэрца. □ [Янка:] — Клейна мяне ўсынавіла. Цяпер я брат Ядвіньчын і ўсім, здаецца, раўня. А мяне смокча. То шчаслівы, а то ўспамінаю, што чорны, як бот, і — ну хоць ты плач. Караткевіч. Вабіла.. [агранома] багатая ўкраінская прырода, але не пераставаў смактаць яго і смутак па радзіме. Васілевіч.

•••

Смактаць кроў — тое, што і піць кроў (гл. піць).

Чарвяк смокча каго гл. чарвяк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наста́віць, ‑стаўлю, ‑ставіш, ‑ставіць; зак.

1. чаго. Паставіць у значнай колькасці. Дома маці наставіла на стол, што толькі мела. Якімовіч. Стагоў сёлета калгас .. наставіў шмат: была добрая трава. Пташнікаў. // Пабудаваць значную колькасць чаго‑н. Замест жа хібарак, панылых цямніц, Наставім прыгожых святліц. Колас.

2. што. Накіраваць на каго‑, што‑н., у бок каго‑, чаго‑н.; нацэліць. Салдат наставіў на.. [маладога чалавека] аўтамат. Чорны. Начальнік паліцыі падышоў і наставіў пісталет упрытык да грудзей. Новікаў.

3. што. Выставіць наперад; выцягнуць. Зося наставіла рукі і адступалася назад. Крапіва.

4. што. Накіраваць на каго‑, што‑н. (позірк, вочы і пад.). Шляхціц наставіў на пана спалоханыя вочы. Бядуля.

5. што. Падняць, зрабіць стаячым (каўнер). Люба схавала сшытак, наставіла каўнер у кажушку і развіталася. Мурашка. [Аўсееў] наставіў каўнер і нерашуча ступіў у змрок ночы. Быкаў. // Падняць, натапырыць насцярожана (вушы, шэрсць і пад.). Конь ірвануў сані ў бок ад Панаса, наставіў палахліва вушы і пабег шпарчэй. Галавач. Хіб наставіў звер калматы. Вітка.

6. што. Разм. Паставіць грэцца (пра самавар). [Марына Паўлаўна:] — Я наставіла самавар — зараз будзе гатоў. Зарэцкі.

7. чаго. Разм. Пабоямі нарабіць (сінякоў, гузакоў). Наставіць сінякоў. □ За выпасы нямала вялося гарачых спрэчак паміж ніўскімі і нізоўскімі начлежнікамі, нямала наставілі адзін аднаму гузакоў. М. Ткачоў.

8. што. Павесіць, надзеўшы на што‑н.; навесіць. Шэмет моўчкі падышоў да варот і пачаў спрабаваць наставіць вароты на крук. Лобан.

•••

Акуляры наставіць каму — падмануць каго‑н., паказаўшы што‑н. у значна лепшым выглядзе, чым ёсць на самай справе.

Наставіць (натапырыць) вушы — пачаць прыслухоўвацца.

Наставіць (навесці) на дарогу — навучыць чаму‑н., дапамагчы ўладкавацца ў жыцці.

Наставіць (навесці) на розум — даць разумную параду, навучыць чаму‑н. добраму.

Наставіць рогі каму — а) здрадзіць мужу; б) стаць палюбоўнікам чыёй‑н. жонкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дзе́йнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Рабіць што‑н., займацца чым‑н. — Хопіць агітаваць, таварышы, пара дзейнічаць. — І Салавей расказаў пра ўсё, аб чым даведаўся ў Бабруйску. Грахоўскі. Ажыўшы пасля раптоўнага ўдару, народ пачаў дзейнічаць. Шамякін. // Праяўляць сваю дзейнасць (у 2 знач.). Ад сваіх людзей Заслонаў ужо ведаў, што ў дэпо дзейнічае падпольная камсамольская група, і здагадваўся, хто яе ўзначальвае. Шчарбатаў. // Праводзіць ваенныя дзеянні, аперацыі. Габдулін сказаў, што брыгада адрэзана ад штаба злучэння і іншых брыгад і цяпер дзейнічае адна. Мележ. [Бумажкоў] падвёў атрад да самага месца, дзе дзейнічала нямецкая часць. Чорны. // Выступаць у якасці дзеючай асобы літаратурнага твора. З цягам часу маленькае апавяданне, у межах якога ўкладваецца які-небудзь адзін толькі тыповы эпізод і дзейнічае самая мінімальная колькасць герояў, не магло больш задаволіць аўтара. Майхровіч.

2. чым. Кіраваць, валодаць чым‑н. Не ўмела Любка дзейнічаць нажом, не было ў яе руках патрэбнага спрыту. Лынькоў. [Марына] прыгожа дзейнічала ракеткай на тэніснай пляцоўцы. Васілевіч.

3. на каго-што і без дап. Рабіць уплыў, уздзеянне; выклікаць якую‑н. рэакцыю ў адказ. Лякарства пачало патроху дзейнічаць. Брыль. Бярозу стары не зразаў: ці то на яго дзейнічалі Максімавы ўгаворы, ці то проста адкладваў да іншага.. моманту. Даніленка.

4. Быць спраўным, працаваць, функцыяніраваць (пра механізмы, апараты, часткі цела і пад.). Па мосце ішоў таварняк — чыгунка на Бярозаўскую ДРЭС жыла, дзейнічала. Дадзіёмаў. Усюды дзейнічалі вулканы, нават у такіх месцах, дзе цяпер аб гэтым ніхто і не думае. Маўр. Жыла Анюта ўдваіх з мужам брыгадным конюхам, інвалідам ад прыроды — у яго не дзейнічала правая рука. Хадкевіч.

5. Мець сілу, абавязваць рабіць пэўным чынам. Эканамічны закон размеркавання па працы дзейнічае ва ўсіх сферах народнай гаспадаркі. «Звязда». Тут, мабыць, дзейнічаў даўні вясковы звычай. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ды́хаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае і дыша; незак.

1. Паглынаць спецыяльнымі органамі кісларод, неабходны для жыццядзейнасці арганізма. Дрэвы дыхаюць лісцем, рыбы — жабрамі, чалавек і жывёлы — лёгкімі. // Убіраць і выпускаць паветра лёгкімі, рабіць удых і выдых. Чалавек дыхаў на поўныя грудзі, час ад часу паціраў азяблыя плечы. Шыцік. Коні нашы былі ў мыле, цяжка дыхалі. Якімовіч. // Выпускаць струмень паветра з лёгкіх на каго‑, што‑н.; хукаць. [Мікола] узяў халодныя жончыны рукі і пачаў дыхаць на іх. Новікаў. [Колька] горача дыхаў маці на шчаку, смяяўся, песціўся, не ведаў, як яшчэ выказаць сваю бадзёрасць і дзіцячую бестурботнасць. Кулакоўскі.

2. перан. Вылучаць, распаўсюджваць што‑н. Цёплая ноч поўнілася звонкімі пералівамі салаўіных галасоў, дыхала пахамі траў і кветак. Дудо. Ліпа цвіла і дыхала мёдам. Чыгрынаў. // перан. Выяўляць адзнакі жыцця, дзейнасці. За светлым.. залівам жыў, дыхаў горад — дымам паравозаў, комінаў, параходаў каля прычалаў. Шамякін.

3. перан.; кім-чым. Бачыць у кім‑, чым‑н. мэту свайго існавання; поўнасцю аддавацца каму‑, чаму‑н. Песцяць дачку, псуюць яе. Як жа, адзіная дачка, толькі ёю і дыхаюць. Лынькоў.

4. перан.; чым. Жыць, апіраючыся на што‑н. раней набытае. Чаму навучыўся раней, толькі тым і дыхае.

5. перан. Быць прасякнутым чым‑н., выражаць што‑н. Агнём і полымем замілавання і нянавісці дыхаюць творы Віктара Гюго. Чорны.

6. перан. Разм. Угінацца, прагінацца (пра памост, дрыгву і пад.). От ужо.. [Тварыцкі] сышоў уніз, дзе няма кустоў, дзе сцежка дыхае пад нагамі. Чорны.

•••

Дыхаць на ладан — быць цяжка хворым, пры смерці.

Ледзь дыхаць — тое, што і дыхаць на ладан.

Не дыхаць — маўчаць, стаіўшы дыханне. Крокі і шолах даўно ўжо сціхлі, а хлопцы ўсё яшчэ ляжалі ў сваёй засадзе і не дыхалі. Маўр.

Чым дыхае (дыша) хто — чым цікавіцца, якімі інтарэсамі жыве.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

здаро́вы, ‑ая, ‑ае; здароў, здарова.

1. Які мае добрае здароўе; проціл. хворы. Здаровы арганізм. Здаровае дзіця. □ — Можаце лічыць сябе амаль здаровым, таварыш Васілец. На твары слядоў ад апёку ўжо і цяпер амаль не відаць. Мележ. / у знач. наз. здаро́вы, ‑ага, м.; здаро́вая, ‑ай, ж. Пра чалавека. Аграном глядзеў на .. [Крушынскага] з той нялоўкасцю, з якой — заўсёды хворы глядзіць на здаровага. Бядуля. // Непашкоджаны, які правільна дзейнічае (пра органы і часткі цела). Здаровае сэрца. □ Ужо як уязджалі ў шпітальны двор, ранены Зыгмунт Асядовіч пачаў стукаць здароваю рукою ў шкляное акенца да шафёра. Чорны. // Які выражае здароўе, уласцівы здароваму чалавеку. Здаровы выгляд. Здаровы смех. // Прыгодны, не папсаваны. Здаровае насенне. Здаровы корань. □ Хто першы клаў грэблі на балотах, ніводзін чалавек у Лонве ўжо не скажа. Кладкі пасля масціліся адна на адну: новая на старую, здаровая на гнілую, спарахнелую ў балоце і высахлую на сонцы. Пташнікаў. // перан. Разважлівы, разумны. Здаровая крытыка. □ [Гарлахвацкі:] Галовы ў нас здаровыя, рукі дужыя, сцяг навукі можам моцна трымаць. Крапіва. З маткаю Мікіта дагаварыўся лёгка: сваім практычным здаровым розумам яна бачыла, што ў калгасе чалавеку будзе лепей. Колас.

2. Карысны для здароўя. Здаровае надвор’е. Здаровае харчаванне.

3. Разм. Моцнага целаскладу; дужы. Дзедава пляменніца была ўжо не маладая: здаровая, грузная, з .. прыпухлым васпаватым тварам. Ракітны. Здаровыя, ружатварыя адзін у адзін, гвардзейцы выглядалі спакойнымі. Гартны.

4. Разм. Вялікі, моцны (пра з’явы, прадметы і пад.). Ян Гузік нагнуўся і падняў з зямлі здаровы кавалак жалеза. Гартны.

5. у знач. выкл. здаро́ў! (здаро́ва!) Разм. Ужываецца як прывітанне пры сустрэчы. [Верхаводка:] Здарова, Марына, здарова! [Марына:] А, здароў, Пеця, здароў! Кучар.

•••

Будзь (бывай) здароў гл. быць.

Валіць з хворай галавы на здаровую гл. валіць.

Заставайцеся здаровы гл. заставацца.

Ідзіце здаровы гл. ісці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рэ́дкі, ‑ая, ‑ае.

1. Недастаткова густы, вадзяністы. Рэдкі кісель. Рэдкая страва. Рэдкая смятана.

2. Які складаецца з аднародных прадметаў, часцінак, размешчаных не блізка адзін ад другога. На кіламетраў шэсць цягнуўся .. рэдкі лес, у якім хвоя ад хвоі стаяла на метраў пяцьдзесят ці часам сто. Чорны. Трохі .. [барада] няроўная ў .. [дзеда] — адна палавіна густая, другая — рэдкая. Лынькоў. // Размешчаны далёка адзін ад другога. Рэдкія ліхтары асвятлялі вуліцу. Гартны. [Азорыч:] З табою мы прайшлі З Барысава семнаццаць кіламетраў — І хоць бы дзе адна буйная часць! Разведка толькі, рэдкія заставы... Глебка. Нейкі час ехалі моўчкі. Лес парадзеў, стала святлей. У прасветліны відаць было неба з рэдкімі зоркамі. Асіпенка. // Не шчыльна сатканы або сплецены. Рэдкі невад. Рэдкі кошык. □ Праз рэдкую тканіну на вокнах пранізваецца ранішні водсвет. Бядуля.

3. Не густы (пра туман і пад.). Першы туман, лёгкі і рэдкі, як пара над гаршком, пачаў ўздымацца над рэчкаю, гусцець і большаць. Мурашка. // Не насычаны, разрэджаны (пра паветра, святло і пад.). Рэдкае святло. □ Мацей прынёс з-пад паветкі бярэмца дроў, пакідаў іх у рэдкі душок астылай печы. М. Стральцоў.

4. Які адбываецца праз вялікія прамежкі часу, бывае не часта. Цімох не любіў кампаніі і стараўся меней стыкацца з пастухамі. А калі і бывалі спатканні з імі, то вельмі рэдкія і выпадковыя. Колас. Недзе чуваць былі рэдкія выбухі. Дамашэвіч.

5. Які не часта сустракаецца, незвычайны. Там ужо заўважылі .. [кітоў] і згуртаваліся ля варта, каб падзівіцца на такіх рэдкіх, незвычайных марскіх жыхароў. Маўр. [Мікалай] добра разумеў, што гэта вельмі рэдкая выпадковасць — сустрэць таго, каго шукаеш на такім фронце, у мільённым натоўпе палонных. Шамякін. // Выдатны, выключны па сваіх якасцях. — Дык пан добра знае пана Турсевіча? — спытала пані падлоўчая: — Ах, які гэта быў рэдкі чалавек! — Зад на яна. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сакаві́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Які змяшчае шмат соку. Такое высокае і сакавітае кепскае шчаўе расло, што між яго трэба было адшукваць рэдкія і хілыя кусцікі чырвонай канюшыны. Пянкрат. Нясуць калгаснікі на рынак Лясоў багатыя дары: Маліну, зорныя суніцы, Тугіх парэчак шрот буйны. І сакавітыя чарніцы З прыемным водарам лясным. Жычка. // Водарны, духмяны. Нашто тое лета, калі няма жніва, калі на пасецы не раяцца пчолы, не пахнуць у садзе чырванабокія сакавітыя малінаўкі?.. Кулакоўскі. // Апетытны, смачны, не сухі. — Шынкевіч таксама добрая цаца! — падчэпліваючы відэльцам сакавітую бакавіну ліня з каструлі, абурана прадаўжаў Фама Гаўрылавіч. Паслядовіч.

2. перан. Разм. Поўны сіл, здароўя, энергіі (пра чалавека). Перад самай вайной цётка прыязджала да нас у госці з нейкай сакавітай і гладкай рагатухай. Карпюк. // Яркі, свежы, поўны (пра вусны, рот). Смяяліся яе [Гаецкай] сакавітыя вусны, выпешчаныя шчокі — то з’яўляліся, то знікалі сімпатычныя ямачкі на іх. Шамякін. // Прыемны, поўны задавальнення. Паміж двума сакавітымі пацалункамі Сімон пачуў такую лічбу, ад якой яму стала холадна. Самуйлёнак.

3. перан. Каларытны, насычаны спалучэннем яркіх фарбаў. Сакавітыя фарбы пейзажу.

4. перан. Трапны, вобразны (пра мову, словы і пад.). Сварыліся [шляхта] на сакавітай беларускай мове, хоць называлі яе мужыцкай, часта ўстаўляючы словы «пане» — ды так, каб яно гучала праз нос. Пестрак. Калі плытагон выходзіць у сплаў, дарога абяцае яму сустрэчы... Яны то радасныя, з сакавітымі кпінамі і блазенскім рогатам, то гаркава-маўклівыя. Карамазаў.

5. перан. Гучны, звонкі, прыемны (пра гук, голас і пад.). Ад Еўніч і Старыцы яшчэ чулася іх гамонка, а часам і жніўная песня, у якой высока лунаў, ведучы яе, чый-небудзь сакавіты голас. Хадкевіч. Мужчыны смяяліся, і смех самога расказчыка быў такі сакавіты і гучны, што конік, стрыгучы вушамі, нават без пугі пачаў хутчэй перабіраць нагамі. Сіўцоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тачы́ць 1, тачу, точыш, точыць; незак., што.

1. Рабіць вострымі рэжучую частку, лязо чаго‑н. з дапамогай тачыла, бруска і пад. Тачыць нож. □ Адшукаўшы ў сенцах заржавеўшую сякеру, .. [Захар] пайшоў да Дзяніса Пляцінскага, узяў у яго брусок і, прыстроіўшыся пасярод хаты, пачаў тачыць сякеру. Чорны. // Надаваць патрэбную форму (пра ногці). // Рабіць прыдатным для карыстання (пра аловак).

2. Вырабляць што‑н. з дрэва, металу і пад., надаючы патрэбную форму зрэзваннем знешніх або ўнутраных слаёў матэрыялу на такарным станку. Тачыць ручкі. Тачыць шахматы. □ Сядзеў бы я і сёння ў курнай хаце, Тачыў бы верацёны пры лучыне. Грахоўскі. // без дап. Працаваць на такарным станку. Тачыць на станку.

•••

Лясы тачыць — займацца пустымі размовамі.

Тачыць зуб (зубы) — тое, што і вастрыць зуб (зубы) (гл. вастрыць).

Тачыць нож на каго — задумваць зло супраць каго‑н.

тачы́ць 2, тачу, точыш, точыць; незак.

1. што. Грызучы, праядаючы, рабіць дзіркі ў чым‑н., пашкоджваць што‑н. (пра насякомых, грызуноў). Было чутно, як недзе пад ложкам шашаль тачыў бервяно. Чыгрынаў. Мерзнуць мільёны мурашак, і мільёны іх на лета вясной точаць зямлю, — вылазяць з норак і паўзуць з таго боку, дзе сонца, уверх па дрэве... Пташнікаў. / Пра дзеянне вады, ветру. Па вуліцах ліліся жвавыя раўчукі, яны тачылі снег і, прабраўшыся да ракі, ліліся ў яе з высокага берага тысячамі маленькіх вадаспадаў. Чарнышэвіч. І ўсё ж Дняпро, амаль зусім адступіўшы ў летняе рэчышча, не можа супакоіцца і ляніва точыць нізы берага... Караткевіч.

2. перан.; каго-што. Неадступна мучыць, паступова пазбаўляючы сіл (пра хваробу, думкі, пачуцці і пад.). Яго [Адама Блецьку] тачыла думка, што ўсё тут добра было толькі тады, калі ў яго было сваё ўласнае аселішча. Чорны. Не было ні дня, ні гадзіны, каб помста і нянавісць не тачылі яго [Багуцкага] сэрца. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ха́тні, ‑яя, ‑яе.

1. Які мае адносіны да хаты. Хатняе акно. □ Скрозь хатнія дзверы далятае з холаду, з сенцаў, размова. Гарэцкі. // Прызначаны для хаты, для бытавых патрэб. Хатні тэлефон. Хатнія туфлі. □ Ложкі, крэслы — усе хатнія рэчы Зачахліў, каб сынам зберагчы. Калачынскі. Але асабліва любіў.. [настаўнік] займацца хатняй гаспадаркай: рэзаў і калоў дровы, насіў ваду, майстраваў.. полкі і полачкі, табурэткі і лаўкі. Якімовіч. // Звязаны з доглядам хаты, з сямейнымі клопатамі. І я люблю прытулак хатні — Парадак поўны, прыгажосць. Агняцвет. Пазней мы даведаліся, што Люба выконвае дома амаль усю хатнюю работу. Бяганская. / у вобразным ужыв. Вершы, як хатняе цяпло ці добрае віно, пачалі размякчаць.. [Вользіну] застылую душу. Шамякін. // Прыгатаваны ў хаце, у хатніх умовах. П’е з конаўкі жанчына Халодны хатні квас. Куляшоў.

2. Прыватны, сямейны. Хатняе выхаванне. □ Каб зарабіць на пражыццё, Змітрок Бядуля становіцца хатнім настаўнікам, вучыць местачковых дзяцей пісаць і чытаць. Каваленка.

3. Просты, свойскі. Марына не бачыла ў .. [Собіча] такога твару і не думала, што можа быць вось такі — не начальніцкі, не дзелавы, а самы звычайны, нейкі хатні, просты. Скрыган. — Калі ласка. І мне цікава, — з вельмі хатняй інтанацыяй сказаў паэт. Караткевіч.

4. Які расце, гадуецца пры хаце, у хаце. Хатнія жывёлы. □ Заўсёды шмат мела.. [доктарыха] садовых і хатніх кветак. Чорны. // Які водзіцца ў хаце. Цяжкія раны наносіць драўляным пабудовам хатні грыб. Гавеман.

5. у знач. наз. ха́тнія, ‑іх. Члены сям’і. Калі.. [Андрэй] быў настаўнікам, дык часта пасылаў сваім хатнім грошы. Колас. Ігнась пачаў заўважаць, што між Лявонам і Довідам існуе нейкая непрыкметная сувязь, якую яны абодва ўтойваюць ад хатніх. Чарнышэвіч.

•••

Хатні скарб — каштоўнасці, пажыткі, маёмасць.

Хатняе заданне — заданне вучням, якое неабходна выканаць дома.

Хатняя гаспадыня гл. гаспадыня.

Хатняя работніца гл. работніца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)