сур’ёзны, ‑ая, ‑ае.

1. Які вызначаецца грунтоўнасцю, станоўчасцю ў сваіх думках, учынках, адносінах да жыцця; удумлівы, паважны. Сцяпан — чалавек сур’ёзны, хоць яму ўсяго дванаццаць гадкоў. Колас. Яго [салдата] манера гаварыць, па-мужчынску стрымана і немнагаслоўна, выдавала ў ім чалавека ўжо сталага і сур’ёзнага. Васілевіч. // Які добра ведае сваю справу, удумліва адносіцца да справы. Сур’ёзны вучоны.

2. Які сведчыць пра ўдумлівасць адносін да чаго‑н.; грунтоўны. Звярнуць сур’ёзную ўвагу на дысцыпліну. □ [Лёдзю], напэўна, палохала ягоная [Цімкі] сталасць, сур’ёзны, як ужо ў мужчын, падыход да ўсяго. Карпаў. // Які заслугоўвае даверу; дадзены ўсур’ёз (пра слова, абяцанне).

3. Важны, значны па тэме, зместу, характару; змястоўны. Сур’ёзная музыка. Сур’ёзная кніга. □ Да сур’ёзных размоў Сцяпан не меў пільнай ахвоты. Дадзіёмаў. // Сапраўдны, непадробны. Сур’ёзнае пачуццё.

4. Які заслугоўвае, патрабуе ўвагі з-за сваёй важнасці, значнасці, складанасці. Сур’ёзная праблема. Прыняць сур’ёзнае рашэнне. □ Што і казаць, становішча сур’ёзнае. Быкаў. Буш быў сам не свой: яго кішэні пагражала сур’ёзная небяспека. Маўр. — Надта сур’ёзныя тут факты, — гаварыў рэдактар. Даніленка. // Які тоіць у сабе небяспечныя вынікі; небяспечны. Сур’ёзная хвароба. □ Рана была не вельмі сур’ёзная. Шахавец. // Істотны; вялікі; значны. Дасягнуць сур’ёзных поспехаў. □ [Сцяпан Іванавіч:] — У падполлі чатыры байцы — сур’ёзная баявая сіла. Новікаў. Ва універсітэцкім гарадку Парыжа мелі месца сур’ёзныя хваляванні. «Звязда».

5. Заняты якімі‑н. думкамі, засяроджаны; задумлівы, невясёлы. Левановіч насупіўся, зрабіўся сур’ёзны і стаў углядацца ўперад у бярэзнік. Пташнікаў. Дзе ж тут стаць сур’ёзнай, не смяяцца, як наўкол рагоча ўвесь народ!.. Жычка. // Які выказвае задумлівасць, заклапочанасць. Настачка зрабілася маўклівай, твар яе быў сур’ёзны, задуменны. Кавалёў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ува́га, ‑і, ДМ увазе, ж.

1. Сканцэнтраванасць думак, зроку, слыху на чым‑н., накіраванасць думак. Накіраваць сваю ўвагу на вучобу. □ У апошнія дні [Туравец] з вялікай увагай слухаў радыё, адчуваючы, што вось-вось падыходзяць дні вялікіх падзей. Мележ. Востры боль прайшоў ужо, чалавек расплюшчыў вочы і, здаецца, упершыню з увагай агледзеў палату і сваіх суседзяў. Быкаў. І вось .. [Краўчанка] апынуўся на вуліцах сталіцы; ягоная ўвага штохвілінна пераключалася то на новых людзей, то на цікавыя будынкі, то на вітрыны магазінаў. Мікуліч.

2. Клапатлівыя, чулыя адносіны, прыхільнасць да каго‑, чаго‑н. Карыстацца ўвагай. Сяброўская ўвага. □ Увагу бачаць нашага народа Будаўнікі вялікіх пабудоў. Астрэйка. [Праца дырэктара] патрабавала ўвагі да сотні вялікіх і дробных спраў. Чорны. Юрку не падабаліся ні матчыны клопаты, ні яе празмерная ўвага. Карпаў. // Цікавасць, якая праяўляецца да каго‑, чаго‑н. Не выпадковай уяўляецца цяперашняя ўвага да жанру паэмы: сам час хіне да эпічнай размовы. Лужанін. Сонца схіляецца да захаду, а пакупнікоў, вартых увагі, усё няма. Самуйлёнак.

3. Дадатковае тлумачэнне да тэксту; заўвага.

•••

Браць (узяць) пад увагу гл. браць.

Быць у цэнтры ўвагі гл. цэнтр.

Варты (заслугоўвае) увагі — важны, каштоўны, які заслугоўвае клопатаў.

Выпусціць з-пад увагі гл. выпусціць.

Звярнуць на сябе ўвагу гл. звярнуць.

Звярнуць увагу каго на каго-што гл. звярнуць.

Звярнуць увагу па каго-што гл. звярнуць.

Мецца на ўвазе гл. мецца ​1.

Мець на ўвазе гл. мець.

Нуль увагі гл. нуль.

Прыняць пад увагу гл. прыняць.

Прыцягнуць увагу гл. прыцягнуць.

Увага! — просьба, загад засяродзіцца, выслухаць і пад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фа́рба, ‑ы, ж.

1. Рэчыва, што надае той ці іншы колер прадметам, якія яно пакрывае або пасылае. На моцных «пульманах» У фарбе свежай Мільгаюць самазвалы, Трактары. Астрэйка. З расчыненых дзвярэй пацягнула насустрач знаёмымі пахамі друкарскай фарбы і спрасаванай паперы. Хадкевіч. Удзень тут працавалі маляры, і ў клубе моцна пахла фарбай. Шамякін. [Данік] кладзе, як і трэба, спачатку светла-жоўтую фарбу, дадаўшы да яе крышку зялёнай... Брыль. // Слой такога рэчыва на якім‑н. прадмеце. Насупраць вялікага дома Крушынскіх, стаяла сіняя драўляная хатка. З-пад фарбы на сценах, якая вісела шматкамі, выступала шараватае дрэва. Бядуля. // Разм. Памада, туш і інш. касметычныя сродкі. Нават губы, асіметрычна скрыўленыя, густа намазаныя яркай фіялетавай фарбай, не парушалі прыемнага ўражання. Шыцік. [Дзяўчына] плакала і разам са слязамі абцірала з твару сляды фарбы. Мікуліч.

2. звычайна мн. (фа́рбы, ‑аў). Барва, колер, тон. Цьмянасцю пакрываліся ўсе яркія шматкаляровыя фарбы асенняй прыроды... Краўчанка. Фарбы неба і вады мяняліся кожную хвіліну, і было ад гэтай прыгажосці чамусьці сумна. Адамовіч. За акном набірала фарбы вераснёвая раніца. Карпаў.

3. звычайна мн. (фа́рбы, ‑аў); перан. Выразныя сродкі мовы, музыкі, сцэнічнага мастацтва і пад.; яркасць апісання ўяўленняў. Багдановіч.. узбагаціў беларускую паэзію новымі матывамі і фарбамі. Гіст. бел. сав. літ. Мікіта падрабязна расказаў пра ўсе затонскія падзеі, не пашкадаваў фарбаў, каб абмаляваць Чыкілевіча і ўсе яго махінацыі. Колас.

4. Румянец; прыліў крыві. На.. твары [Рыгора] грала чырвоная фарба здароўя. Гартны. Гарачая фарба заліла твар дзяўчыны. Бажко. Раптам твар .. [Лены] пачаў траціць сваю фарбу. Ваданосаў.

•••

Згусціць фарбы гл. згусціць.

[Ням. Farbe — фарба.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чалаве́чы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да чалавека (у 1 знач.), належыць яму. Чалавечыя рукі. Чалавечая постаць. □ Пачуўся голас чалавечы. Аж узняліся ў дзядзькі плечы, Ды каб схаваць, што ён спужаўся, Спакойна дзядзька адазваўся. Колас. Доктар знайшоў бабчыну сухую руку, пагладзіў. Часта чалавечымі словамі нельга сказаць таго, што скажаш маўчаннем. Скрыган. // Які складаецца з людзей. Чалавечае грамадства. □ І тут толькі заўважыла чалавечая грамада, што няма пастуха. Мурашка. // Які робіцца, здзяйсняецца чалавекам. Матэрыялістычнае вучэнне гісторыі з’явілася адзінай тэорыяй, якая правільна, навукова тлумачыць чалавечую гісторыю як працэс. «Весці». Усё адыходзіць у нябыт, астаюцца толькі плёны чалавечай працы. Карпаў.

2. Уласцівы, характэрны для чалавека. Чалавечая годнасць. Чалавечае шчасце. Чалавечыя слабасці. □ Пісьменніку ўдалося раскрыць варожую сутнасць кулацтва, паказаць звярыную псіхалогію ўласніка, які ў пагоні за нажывай страчвае чалавечае аблічча, становіцца ворагам працоўнага народа. Гіст. бел. сав. літ. І адчувае Алежка: вось-вось здарыцца цуд, загавораць між сабой на чалавечай мове лясныя жыхары, — і тады ўсе вялікія і важныя тайны адкрыюцца яму. Вышынскі. // Такі, як трэба; належны, добры. — Яно не кепска было б кіламетраў пяцьдзесят ад’ехацца, — раптам спыняецца Тарасюк. — Тады можна было б спакойна дзён колькі адлежацца, чалавечы выгляд набыць. С. Александровіч. Бавар Вейс знойдзе другую. І яна будзе працаваць у яго на чалавечых умовах. Ракітны.

3. Гуманны, чалавечны. Чалавечая, шчырая трывога пра невядомага чалавека балюча кранула Нічыпара. Асіпенка. Не ведаю, што робіцца са мной: Ад дабраты я плачу чалавечай, Заўсёды плачу ад спагады нечай — Не ведаю, што й робіцца са мной! Сіпакоў.

•••

Род чалавечы гл. род.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чу́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Уважлівы, спагадлівы; добразычлівы. Дзеці вельмі любілі сваю класную настаўніцу — чулую, добрую жанчыну. Няхай. [Бацька] быў чулы чалавек і не ўспомніў сыну ў гэты дзень тое, пра што ўжо раней было дагаворана з ім: трэба ісці з дому шукаць работы. Чорны. // Які сведчыць пра ўважлівасць, спагадлівасць да людзей. Стары Несцер, абапёршыся на кій, стаў на жоўты пясок каля магілы і чулымі, простымі словамі, па-бацькоўску пашкадаваў Алесю. Пестрак. Яшчэ да болю закране Душу гарачы позірк чулы. Тарас. // Сардэчны, цёплы. Адносіны [Веры Антонаўны] да бацькоў, здаецца, былі больш цёплыя, чулыя. Карпаў.

2. Які жыва, востра ўспрымае жыццёвыя з’явы; уражлівы. Усе іх памылкі ў гэтым сэнсе .. [настаўнік] стараўся выправіць і адзначыць так, каб не пакрыўдзіць і не ўразіць чулае дзіцячае сэрца. Колас. Балела і збітае бізуном і розгамі цела, і чулая да людскога гора .. душа [Базылька]. Якімовіч. // Які хутка рэагуе на якія‑н. з’явы, дзеянні, востра ўспрымае акаляючае. Народная мова сама вельмі чулая да тых змен, якія адбываюцца ў жыцці грамадства, і спагадліва адгукаецца на гэтыя змены. Юрэвіч.

3. Які тонка, лёгка ўспрымае што‑н. органамі пачуццяў. Нястройны гул і смех, і млявы голас скрыпак Мой чулы слых ахутваюць ватай. Панчанка. Чулае салдатава вуха ўлавіла, што і за дзвярыма нехта адмервае крокі. Сабаленка.

4. Які хутка адзываецца, адказвае на ўздзеянне, раздражненне (гук, датыканне і пад.). Я ўзбег на ганак Хісткі і пахілы, Крануўся кнопкі Чулага званка. Хведаровіч. Мускулы твару вельмі рухлівыя, чулыя і кожную хвіліну мяняюць выраз. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шпурля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак., каго-што.

Разм.

1. і чым. З сілай кідаць што‑н. [Бацька] заўзята маўчыць і шпурляе наверх вялікія чорныя цагліны торфу, а я адношу іх і складаю адну пры адной. Брыль. [Федзя:] — Няпраўда! Вы [хлопцы] усе шпурлялі ў звон каменнямі... таму іх так многа тут! Ваданосаў. Зіма снягоў шпурляла жмені, Сумёты белыя мяла, Але крынічныя струмені Скаваць ільдамі не змагла. Ляпёшкін. / у безас. ужыв. Па твары хлёпала мокрым цветам, гэта шпурляла з-пад колаў раскіслым снегам і глінай. Пташнікаў. // Ставіць, класці, кідаць што‑н. неахайна, абы як. Да таго ж прыемна было [Юрку] слухаць, не запісваючы, з незалежным выглядам шпурляць дома падручнікі на падаконнік, рабіць усё, як табе хочацца... Карпаў. // часцей безас. Моцна качаць, трэсці, тузаць і пад., прымушаючы каго‑, што‑н. рабіць рэзкія, бязладныя рухі. Вось толькі тады, калі разгуляецца вецер над зялёнаю шчэццю лясоў, над круглымі купамі-шапкамі кучаравай лазы, пад бародаўкамі-купінамі жорсткай асакі, тады яна [Прыпяць] няветла пахмурнее, задрыжыць, затрасецца тысячамі хваль і сярдзіта шпурляе чаўны і чайкі-душагубкі. Колас. Дарога была гразкая, уся ў калдобінах, і матацыкл то рэзка падкідвала ўгору, то шпурляла ўбакі, то гойдала і калыхала, як човен на хвалях. Краўчанка.

2. Раскідваць што‑н. у розныя бакі. А Базыль бушаваў. Хадзіў па хаце, шпурляў нагамі табурэткі, зламаў вілачнік ля печы. Курто. / у безас. ужыв. Часам з вогнішчаў сыпала снапы іскраў, шпурляла навокал галавешкі. Мележ.

3. перан. Выдаткоўваць без карысці; марна траціць што‑н. Шпурляць грошы на вецер.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шту́рхаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

1. Кранацца каго‑, чаго‑н. рэзкім кароткім штуршком. — Цябе не пазнаць, — гаворыць Янка і ад радасці штурхае сябра. П. Ткачоў. Ганка адварочвалася і штурхала занадта стараннага хлопца ў грудзі. М. Стральцоў. // Нямоцным штуршком, дотыкам падаваць які‑н. знак, звяртаць увагу каго‑н. на што‑н. — Глядзі!.. глядзі!.. — штурхала сябровак Марфачка. Броўка.

2. Штуршком ці штуршкамі рухаць, перамяшчаць, прымушаць ісці куды‑н. Потым зноў узмах флажка, і паравоз штурхае новую групу вагонаў. Васілёнак. Сабраліся мужчыны і пад выгукі «раз, два — узялі!» штурхалі машыну. Дуброўскі. // перан. Прымушаць каго‑н. уступіць на той ці іншы шлях, развівацца ці дзейнічаць у тым ці іншым напрамку. Інстынкт самазахавання штурхаў яго на такі шлях, бо настаўнік быў упэўнены ў тым, што так ці іначай яму прыйдзецца мець дачыненне з начальствам і даваць тлумачэнне па сутнасці захопленага прыставам пратакола, а можа, адказваць і на запытанні следчага. Колас. Не пускалі яшчэ Андрэя з дому, але ўпёрся, паставіў на сваім, — не толькі патрэба зарабіць на хлеб штурхала яго ісці ў невядомае. Пестрак.

3. перан. З’яўляцца прычынай чаго‑н., натхняць на што‑н. Рэўнасць і крыўда штурхалі Веру Антонаўну на скандал. Карпаў.

4. Спец. Трымаючы на ўзроўні плячэй, рэзкім моцным рухам паднімаць над сабой (штангу, гіру). Штурхаць штангу. // Штуршком кідаць наперад (звычайна ядро). Ты штурхаеш ядро, на трывалы апёршыся грунт, — Граюць мускулы, твар твой ружовей ранета! Хай да сонца ляціць, каб на столькі імклівых секунд Рух прыспешыла наша цяжкая плане та. Гаўрусёў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

склад 1, ‑а, М ‑дзе, м.

1. Спецыяльнае месца, памяшканне для захоўвання тавараў, матэрыялаў і пад. Для машын таксама быў зроблены спецыяльны будынак. Гэта быў і гараж для трактароў і склад для розных сельскагаспадарчых машын. Колас. Вечарам мы пайшлі пазнаёміцца бліжэй з портам Касабланкі. Гэта вялікі і добра абсталяваны порт з магутнымі кранамі і шматлікімі радамі складаў. В. Вольскі.

2. Вялікая колькасць якіх‑н. прадметаў, складзеных у адным месцы; запас чаго‑н. Склады бярвення на двары, на вуліцы перад селішчам раслі ўвачавідкі. Мележ. Пра свае склады зброі хлопцы маўчалі. Якімовіч.

склад 2, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Сукупнасць частак, якія ўтвараюць адзінае цэлае; састаў. Лексічны склад мовы. □ Важнай крыніцай папаўнення фразеалагічнага складу сучаснай беларускай мовы Ўяўляецца мастацкая літаратура. Гіст. лекс. бел. мовы. [Полацкая зямля] ўваходзіла ў склад старажытнарускай дзяржавы — Кіеўскай Русі. Хадкевіч. Полк уваходзіў у склад арміі, якая абараняла Севастопаль з 1 верасня 1854 г. «Помнікі».

2. чаго або які. Сукупнасць людзей, якія ўтвараюць які‑н. калектыў, арганізацыю (з колькаснага або якаснага боку). Склад прэзідыума. □ Выбралі праўленне. Першай у склад яго назвалі Шашу. Шамякін. [Суддзя:] — Падсудны.. вы не пярэчыце супроць складу суда? Дадзіёмаў.

3. (з азначэннем). Асобы, якія складаюць якую‑н. катэгорыю (па роду службы, прафесіі і пад.). Акцёрскі склад тэатра. □ Пад разложыстым дубам прытуліўся камандны склад батальёна: Шалёхін, тры ротных камандзіры і начальнік кулямётнай каманды. Колас.

4. Постаць, фізічны выгляд, будова (чалавека, жывёліны). Высокі, атлетычнага складу, у гэтым незвычайным адзенні .. [Кашын] выглядаў молада і нават малайцавата. Карпаў. Гэта быў высокі мужчына, чарнавусы, моцнага складу. Самуйлёнак.

5. Асаблівасці розуму, думак, характару і пад.; маральнае аблічча чалавека, яго звычкі і пад. Саханюк быў чалавек практычнага складу. Колас. Дырэктарам гімназіі быў сын вілейскага папа, нехта Мірановіч — чалавек старарэжымнага складу і манархічных поглядаў. С. Александровіч. Ёсць людзі, да якіх бруд не ліпне, бо склад іхняй душы, намеры, імкненні высокія. Карпаў. Вучоба маладога Казіміра ў Маскве .. вызначыла склад яго мышлення на ўсё яго жыццё. Пестрак.

6. Манера, спосаб выказваць думкі, гаварыць, пісаць; стыль. Колас — мастак эпічнага складу. □ Казка вызначаецца жывасцю народнага складу, яркімі дэталямі. Саламевіч. // Спосаб пабудовы чаго‑н. (песні, верша і пад.). Песенны склад паэмы. □ 1918 год прынёс публікацыю цыкла вершаў [Багдановіча] беларускага складу. Лойка.

7. Зладжанасць, складнасць; парадак, сэнс. І пайшоў стары Несцер гаварыць у склад, у лад. Пестрак. Я — ратай, і мо’ няўдала З сваёй думкай выйшаў першай. Можа, складу ў песнях мала, Мала досціпу ў вершы? Васілёк. І не хочаш, а думаеш усё і думаеш, — без ніякага складу... Пташнікаў.

8. Пласты зямлі, складзеныя адзін да аднаго. Ворыва ў склад. □ Мы прайшлі дзве баразны — зрабілі склад пасярэдзіне. Якімовіч.

•••

Асабовы склад (састаў) — рабочыя, служачыя якой‑н. установы, прадпрыемства, вайсковай часці і пад.

Ні складу, ні ладу — ніякага толку, парадку, ніякай сувязі.

У складзе — у колькасці. Мясцовы камітэт у складзе 7 чалавек.

склад 3, ‑а, М ‑дзе; мн. склады, ‑оў; м.

Гук або спалучэнне гукаў у слове, якія вымаўляюцца адным штуршком паветра. Андрэйка пачаў чытаць па складах: «За ду-бо-вым сталом пі-шу за-ла-тым пя-ром». Бядуля. Словы .. [пастух] расцягваў, робячы націск на кожным складзе. Асіпенка.

•••

Адкрыты склад — склад у слове, які заканчваецца на галосны гук.

Закрыты склад — склад у слове, які заканчваецца па зычны гук.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хава́цца 1, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Забірацца куды‑н. так, каб іншыя не бачылі, не маглі знайсці. У пушчах, у нетрах трушчобы, балот Хаваецца люд непакорны. Колас. [Дзямід:] — У гэтую пару аленя цяжка ўбачыць, хіба толькі выпадкова. Ён цяпер хаваецца. В. Вольскі. Танкі ўжо не хаваліся і не манеўравалі, яны секлі перад сабою агнём. Чорны. // Прыкрывацца чым‑н. зверху. Міколка хаваўся пад коўдру.., паказваючы адтуль толькі кончык носа. Лынькоў. // Доўга не паказвацца, не трапляць на вочы каму‑н., пазбягаць непажаданых сустрэч. Дзяўчына ўсё яшчэ помсціла за тыя тайныя кароткія прыезды ці можа за тое, што.. [Антанюк] так доўга хаваўся ад яе. Шамякін. // перан. Ухіляцца ад чаго‑н., спасылаючыся на каго‑, што‑н. [Студэнт Рак] любіў хавацца за цытаты, якіх ведаў безліч. Дамашэвіч. // Разм. Унікаць чаго‑н., імкнуцца стаяць убаку ад чаго‑н. Хавацца ад даручэнняў. □ [Корань:] — Трэба, каб людзі сцераглі! Каб ахоўвалі, біліся за праўду, а не хаваліся за яе... Ваданосаў. // Шукаць укрыцця (ад дажджу, сонца і пад.). Хавацца ад дажджу. □ Сонца пачынае прыпякаць. Але хавацца ад яго куды-небудзь у цянёк не хочацца. Васілёнак. Хаваюцца ў гавань параходы, — Ад буры не чакай дабра. Корбан. // перан. Разм. Выдаваць сябе не за таго, кім ёсць на самай справе; маскіравацца. Даміра падазраваў, што за псеўданімам хаваецца Закружскі паштавік Дземідзенка. Асіпенка. [Кашын:] — Столькі год [начальнік слуцкай паліцыі] пад чужым прозвішчам хаваўся.. Адданым.. прыкідваўся і рацыяналізатарам быў, гад! Карпаў. // перан. Мецца ўнутры, выяўляцца праз душэўны стан чалавека. У глыбокіх шэрых вачах Пятра Аляксеевіча хавалася лагодная ўсмешка. П. Ткачоў. Максім быў маўклівы, і за маўклівасцю яго недзе глыбока ў душы хавалася чуласць. Брыль. Прыгожай.. [Анэту] назваць нельга было, але ў ёй хавалася нешта чыста жаночае, пакорлівае і прывабнае. Чарнышэвіч.

2. перан. Разм. Рабіць што‑н. скрытна, не выяўляць сваіх намераў, думак, пачуццяў. [Таня] недаверліва паківала галавой. — Навошта вы хаваецеся ад мяне, тата? Ці ж я не бачу? Я ўсё бачу. Шамякін. // Заставацца незаўважаным. У ... [Турсевіча] была тонкая назіральнасць, і ніводная рыска, тыповая драбніца не хавалася ад яго вока. Колас.

3. Знаходзіцца не ў полі зроку, ледзь прыкметна выступаць з-за засланяючых прадметаў. Нізкаваты, з зачыненымі аканіцамі, дом хаваўся ў глыбіні невялікага саду. Шыцік. Вялікае, ужо няцёплае сонца хавалася за недалёкім лесам. Карпаў. // Быць нябачным у чым‑н. (высокай расліннасці, глыбокай вадзе і пад.). Чухноўскі пачаў так дыміць люлькаю, што аж хаваўся ў дыме. Пестрак. // Заключацца ў чым‑н., не выяўляючыся знешне. Напісаць мастацкі твор... Як лёгка і проста вымаўляюцца гэтыя словы. А колькі працы, хваляванняў, радасці, пакут, расчараванняў хаваецца за імі! Шкраба. За скупым расказам Веры Вітушка хаваецца не адна смелая дыверсія на чыгунцы, не адзін жорсткі бой, не адна рызыкоўная аперацыя. Дзенісевіч.

4. Разм. Знаходзіцца, захоўвацца дзе‑н. У гэтай будыніне хаваліся галоўныя калгасныя прадукты: зерне, бульба і гародніна. Колас. Астап Канапелька.. зняў шапку, дзе заўсёды хавалася яго люлька і капшук з самасеем. Лынькоў. Абрусы, ручнікі, пасцілкі, квяцістыя андаракі, кофты, жакеты — усё хаваецца ў чорнай вялізнай скрыні. Асіпенка. // Быць прыгатаваным, зберагацца на пэўны выпадак. Для Івана ў хаце заўсёды хаваецца паўлітэрка. Навуменка.

•••

Хавацца адзін за аднаго — выяўляць нясмеласць, баяцца адказнасці.

Хавацца за чужую спіну — імкнуцца прыкрыцца чыім‑н. аўтарытэтам.

Хавацца ў кусты — ухіляцца ад адказнасці.

Хавацца ў цень — старацца перачакаць што‑н. непрыемнае ў зацішным месцы; ухіляцца ад чаго‑н., адседжвацца.

хава́цца 2, ‑аецца; незак.

Зал. да хаваць ​2.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

блы́таць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Бязладна пераплятаць (пра ніткі, валасы і пад.). Колы, рытмічна пагруквалі на стыках рэек, ветрык блытаў Люсіны валасы, але дзяўчынка як быццам не заўважала гэтага. Даніленка. Я люблю гэтыя далі, дзе ласкава-прыветнае сонца разлівае свой усмех і так пяшчотна праводзіць мяцёлачкаю праменяў па твары зямлі і лёгкімі ветрыкамі калыша .. зялёнае лісце, расчэсвае і блытае косы кучаравым хвоям. Колас.

2. Не цвёрда засвоіўшы, памыляцца. Запас маіх ведаў зусім небагаты. Гісторыю мне паўтарыць бы ізноў. Прызнацца, страшэнна я блытаю даты, Імёны ўсялякіх цароў, каралёў. Зарыцкі. Цяпер стары сядзеў моўчкі, злаваў на сваю слабую памяць, якая ўсё блытае. Самуйлёнак. // Рабіць не тое, што трэба.

3. Прымаць адно за другое. Дзве шасцігадовыя сястрычкі-блізняткі, Аніта і Лючыя, падобныя адна на адну так, што часам сама маці блытала іх, дапамагалі матцы.. гаспадарыць. Маўр. [Ладымер:] — Цераз цябе [Міхалючку] мяне з Паціеўскім блытаюць. Чорны.

4. Не цвёрда разбірацца ў чым‑н., памыляцца. Доўгі час Лабановіч блытае ў філасофскіх разважаннях, спадзеючыся знайсці агульны адказ на пытанне аб сэнсе жыцця. Пшыркоў. // Гаварыць нязвязна, збіваючыся. Гаварыў [Шмульке], заікаўся, нешта блытаў. Лынькоў. [Марыля] блытала словы, адказвала не тое, што трэба. П. Ткачоў. // Збіваць з панталыку, зводзіць у зман. Пракурор не меў прычын пытаннямі блытаць.. [сведак] і збіваць з панталыку. Машара. [Сцяпан:] — Усё добра было б, каб не блыталі нас з сяўбою розныя разумнікі. Пестрак.

5. Расстройваць, разладжваць. Блытаць планы.

6. Наўмысна ўскладняць, рабіць незразумелым. Ішлі [чужакі] невядома куды, Блыталі шлях, пятлялі. Калачынскі.

7. Умешваць каго‑н. у якую‑н. непрыемную справу. [Цётка Анця:] — Вашы справы вы ўладкоўвайце, як вам хочацца, але блытаць у гэта Зосю — не-э! Карпаў.

•••

Блытаць сляды — старацца адвесці падазрэнне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)