тапі́ць 1, таплю, топіш, топіць; незак.

1. каго-што. Сілай апускаючы ў ваду, прымушаць ісці на дно; затапляць. Тапіць сеткі. // Губіць, сілай пагружаючы ў ваду. У сям’і павага ў нас мужчынам: Дзед тапіў дзянікінцаў у Доне, Бацька ўзводзіў горад на Амуры, Брат старэйшы штурмаваў Берлін. Гілевіч. Вятры,.. замятайце варожых салдат, Ім вочы сляпіце, ім кроў ледзяніце, Гасіце агонь іх праклятых гармат, Эскадры Макартура ў моры тапіце!.. Танк.

2. Пагружаць у сябе што‑н. Раз’езджаная дарога тапіла калёсы. Гартны. // перан. Ахутваць, пакрываць што‑н. З поўначы вецер, палярны і быстры, Топіць у сцюдзёнай імгле Пецярбург... Танк.

3. перан.; каго. Разм. Губіць, выдаючы, абгаворваючы і пад. каго‑н. — А ты будзеш на паноў старацца ды людзей тапіць? — не сцярпела Аўгіня. Колас. [Вера:] Я павінна стаяць убаку і спакойна глядзець, як чэснага савецкага чалавека гоняць нягоднікі. Не, выбачайце! Крапіва. Тут на полі людзі расказалі Кірылу пра Віткоўскага, як ён немцам лізаў боты і, каб выслужыцца, тапіў сваіх людзей. Гурскі.

4. перан.; што. Заглушаць пры дапамозе чаго‑н. (пачуцці, думкі). Бацька папер падсвінкаў на падворак, сагнаў на іх злосць і пачаў тапіць сваю крыўду ў працы. Карпюк.

•••

Тапіць у крыві — жорстка распраўляцца з кім‑, чым‑н.

Тапіць у лыжцы вады — ставіць каго‑н. у безвыходнае становішча.

тапі́ць 2, таплю, топіш, топіць; незак., што.

Награваючы, рабіць мяккім, вадкім; расплаўляць (пра рэчывы, якія лёгка плакацца). Тапіць воск. Тапіць волава. // Вытопліваць або ператопліваць (масла, сала і пад.). Тапіць здор.

тапі́ць 2, таплю, топіш, топіць; незак., што.

1. Выкарыстоўваць якое‑н. паліва, каб прывесці паравоз у рух. І паравозы тут топяць не вуголлем, а др[о]вамі. Сабаленка.

2. Разм. Тое, што і паліць ​1 (у 2 знач.). — Тапі печ, — загадаў Птах гаспадыні. — Грэй ваду... Навуменка. [Ульяна] тапіла грубку, глядзела, як развальваецца торф на гарачы прысак. Гаўрылкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трапята́ць, ‑пячу, ‑печаш, ‑печа; незак.

1. Пастаянна рухацца, варушыцца, дрыжаць. У выбоінах асфальту зашэрхлі сінім ільдом лужынкі, на дрэвах інстытуцкага сквера трапятала на ветры ўцалелае жоўтае лісце. Навуменка. Гнуліся галіны арабіны пад цяжарам яшчэ зеленаватых ягад, трапятала даўгаватае лісце ясеня. Гурскі. // Развявацца. Калі былы марак прыходзіць На карабель, ён сцішыць крок І пры любой, як ёсць, пагодзе Зірне спачатку на флагшток, Дзе сцяг трапеча бела-сіні, Нібыта пеніцца вада. Жычка. На ветры хусткі трапяталі жанчын увішных, і здалёк Здавалася, што краскі ўсталі. Гаўрусёў. // Мігаць, мільгаць (пра агонь, святло і пад.), няроўна гарэць. А я ўсё гляджу, як трапеча далёка Агонь непагасны. Панчанка. За шырокімі вокнамі толькі трапяталі ўдалечы радасныя агеньчыкі... Мележ. У ліхтарах агні трапечуць! Колас. // Пастаянна трэсці, дрыгаць чым‑н. Вясёлы шпак трапеча крыльцамі, спявае сонцу сваю гуллівую песню. Брыль. Стасюк трапятаў нагамі, вырываўся, весела рагатаў. Чорны.

2. Быць ахопленым хваляваннем, неспакоем і пад. І не валодаю сабою, Гляджу — не бачу і маўчу, Ты, можа, пагарджаеш мною, А я ад шчасця трапячу. Астрэйка. І калі неба залівае зарава пажараў, .. [Цімох Будзік] любуецца справаю сваіх рук і, бачачы, як гіне ў агні чарговае асінае гняздо яго адвечных ворагаў, трапеча ад радасці. Карпаў. Душа .. [Шмульке] трапятала страхам адказнасць перад суайчыннікамі. Лынькоў. // перан. Ледзь прыкметна праяўляцца (пра думку, усмешку і пад.). Толькі недзе падсвядома трапятала горкая думка, што нельга ўмяшацца і змяніць ход падзей. Шыцік. На вуснах яе трапятала і было не ў сілах сарвацца адно ціхавейнае слова. Багдановіч. // Узмоцнена, часта біцца з прычыны хвалявання, неспакою і пад. (пра сэрца). Сэрца ў грудзях не б’ецца, а трапеча, уздрыгвае, як параненая птушка. Гамолка.

3. Моцна баяцца каго‑, чаго‑н.; быць нясмелым, баязлівым перад кім‑, чым‑н. Сярожа быў атаманам, перад ім трапяталі, яго паважалі. Шашкоў. Трапятала жывёла, Дрыжэлі звяры, І даніну пушнінай Плацілі яму [мядзведзю]. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тра́сца, ‑ы, ж.

Разм.

1. Тое, што і ліхаманка, малярыя. [Якаў Іванавіч:] — Ведаю добра гэта сяло. Чаго толькі тут пры цары не было! У кожнай хаціне — На печы сядун, У кожнай сялібе — Трасца, каўтун. Броўка.

2. Пра што‑н. няпэўнае, невядомае, нядобрае і пад. [Садовіч:] — Усяго, брат, было: і карты, .. і ўсякая трасца. Вось жа я і ўцёк ад усяго гэтага. Абрыдзела і астачарцела. Колас. [Астап:] — Знойдзе ружжо ці яшчэ якую трасцу, дык яму абавязкова трэба, каб да парадку давесці, праверыць ды выстраліць. Лынькоў. Іваноўскі ж, кажуць, і прафесар, і доктар, і інжынер, і яшчэ нейкую там трасцу прысвоілі яму. Новікаў. — Але няўжо Любка данесла на свайго мужыка? — здзіўляліся адны. — І праўда, няўжо? — паўтаралі другія. — А што вы думаеце, магла. Гледзячы з-за якой трасцы загарэўся сыр-бор. Карамазаў.

3. перан. Ужываецца з адмоўным адценнем у сэнсе: нічога не атрымаецца, не выйдзе і пад. — Ага, трасцу ўзяў! — прагаварыла Паліна і выцерла на [лбе] пот. Гурскі. — Ну пакажы, ну пакажы! Трасцу ты пакажаш, — падлівала масла ў агонь жанчына. Лобан. У цемені трасцу пацэляць, дый яны ж спяць, калі выставілі вартавога. Лупсякоў.

4. Ужываецца як лаянкавае слова. «Няўжо тупік? Няўжо тупік?.. Каму? Гужавіну? А трасцу!» Фаміч так лёгенька не здасца! Бачыла. [Валодзька:] — А на якую трасцу везці туды самапрадку, прасніцу, кросны? Гроднеў.

•••

Адна трасца (адзін чорт) — адно ліха, усё адно.

Трасца ліхая — пра што‑н. вельмі дрэннае, благое.

Трасца на яго (тваю) галаву — ужываецца як вокліч, якім выказваецца здзіўленне, пагроза і пад. — Не, думаю, трасца на тваю галаву, я цябе падпільную. Ермаловіч.

Трасца не бярэ — нічога не здараецца.

Трасца ў бок — пра нежаданне каму‑н. чаго‑н. дрэннага.

Трасца яго (вашай, іх, тваёй, яе) галаве — ужываецца як вокліч, якім выказваецца незадавальненне, абурэнне, прыкрасць і пад. А дзядзька Пракоп перайшоў ужо на другое: — Дык, значыцца, царок, святы памазанік боскі, спляжыўся, трасца яго галаве. Сабаленка.

Трасцу з’есці гл. з’есці.

Трасцу схапіць гл. схапіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ухапі́ць, ухаплю, ухопіш, ухопіць; зак. каго-што.

1. Схапіць, рэзкім рухам узяць каго‑, што‑н. Як з-пад зямлі вырас побач жандар. Ён ухапіў мяне за каўнер і павёў на вакзал у нейкую каморку. Сяргейчык. Чалавек ўхапіў кантэйнер за перавясла, гукнуў: «Віра», і горка цэглы паслухмяна лягла ля яго ног. Асіпенка.

2. Разм. Злавіць каго‑, што‑н. на хаду, на ляту. Драпежнік люта ашчэрыўся, хацеў ухапіць зубамі вясло, але не паспеў. Краўчанка. — Вы з таго палка? — рынулася да.. [байца] Святлана, але Зіна ўхапіла яе за плечы і прытуліла да сябе. Кулакоўскі.

3. Разм. Здабыць што‑н.; пазычыць. [Дзед:] — Вось гэта ўдача! Вось гэта юшка, зялёнкі вы такія-гэтакія. Кіло, мусіць, тры [рыбы] ўхапілі. Нездарма, значыць, гарох парыў... Ваданосаў. Юзік ведае, што на пай грошы ў бацькі цяжка будзе выдраць. У пазыкі ісці прыйдзецца, ды не вельмі ў каго ўхопіш. Крапіва. // Захапіць у сваё карыстанне, забраць што‑н. чужое; украсці. Якавіха высыпала на стол чыгун.. бульбы ў мундзірах.. Тут не было таго, каб хто каго падганяў або чакаў. Усё, што ўхопіш, тваё, а не патрапіш ухапіць — галодны будзеш. Лобан. Мы папілі соку, выйшлі з магазіна, але пакунка на месцы не аказалася. Міхаська смяецца: — Нехта ухапіў. Думае, у пакунку добрыя рэчы. Прокша.

4. перан. Сумець успрыняць, зразумець што‑н., разабрацца ў чым‑н. [Паўлюконіс:] — Бачыце, усіх слоў не запомніў, .. але галоўнае, квінтэсенцыю, так сказаць, ухапіў. Арабей. Людзі прыслухоўваліся і, відаць, што-нішто ўхапілі з нашай размовы. Асіпенка.

5. і чаго. Разм. З’есці, папіць крыху чаго‑н. Нахадзіліся ўжо цяляткі, нагуляліся... Пойдуць вады ўхопяць, кошанку з’ядуць, паляжаць. Місько.

6. Разм. Паспець зрабіць што‑н., управіцца з чым‑н. [Лукаш:] — Я асабіста лічу, што з жывёлагадоўчай фермай трэба пачакаць... Усё адразу не ўхопіш... Гурскі. — Як толькі сонца прыгрэе, адразу б усіх, нават старых і малых, можна было б выправіць на сенажаць і [сена] ўхапіць: згрэбці, скідаць у стагі і няхай стаіць. Сабаленка.

•••

Куды яго чэрці ўхапілі гл. чорт.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цяга́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Разм.

1. Валачыся па зямлі. Канец ланцуга цягаўся па зямлі.

2. Хадзіць дзе‑н., куды‑н. доўга, без мэты, без пільнай патрэбы. Уладзя пабыў у .. [цёткі] два дні, а пасля пайшоў цягацца па Слуцку цэлымі суткамі. Чорны. [Колас:] — Хлопцы мы былі смелыя. Цягаліся па лесе, заходзілі далёка ад сядзібы. Лужанін. // Хадзіць следам за кім‑н. Увабраўшы ў плечы галаву, .. [гаспадар] цягаецца з кульбай за намі і, здаецца, не толькі на зямлі, але і пад зямлёю ўсё бачыць. Бажко. Ходзіць па дварэ Марыля, бядуе-гаруе, дзеткі за ёй цягаюцца, плачуць... Нікановіч.

3. Шмат разоў хадзіць, ездзіць куды‑н. з якой‑н. мэтай, па якой‑н. справе. [Жагула:] — Што вы гэта кажаце, пане Свідэрскі! Як малы ўсё роўна! Буду я з мужыком па судах цягацца, сябе сарамаціць! Крапіва.

4. з чым. Насіць, вазіць з сабой што‑н., пастаянна мець пры сабе. Каб лішне не цягацца з мукой ды з розным другім харчам, [дзед Астап і Міколка] рашылі аднесці іх .. да маці. Лынькоў.

5. з кім, за кім. Заляцацца да каго‑н., быць у інтымных адносінах з кім‑н. [Зіна:] Успомні, што ты дазваляла сабе і яму, калі ён цягаўся за табой! [Гэля:] А што асаблівага дазваляла? Губарэвіч. [Коля:] — А яна [дзяўчына] сабе ўхмыляецца, цягаецца з кожным. Мыслівец.

6. Спаборнічаць; мерацца сіламі з кім‑н. [Балуеў:] — Дзе ўжо гэтаму пустазвону Калатухіну цягацца з Мясніковым. Гурскі.

7. Рабіць, працаваць. А пападалася там скварка, Была між імі чуць не сварка: — Бяры, Антось! — Я намакаўся, Бяры, брат, ты: ты больш цягаўся. Колас. Ад світання да змяркання Льецца пот: працуй, цягайся, За ўсё бульбай аддувайся. Васілёк.

8. Даглядаць каго‑н., няньчыць; пасвіць. Ёй [Дуні] ужо як жонцы шафёра неяк сорамна было цягацца з цялятамі. Ракітны.

9. Біцца з кім‑н., цягнучы за што‑н. Ці не ўчора з табой [аднакашнік] цягаліся За чубы ля кастроў лугавых? Арочка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чын 1, ‑а і ‑у, м.

1. ‑у. У дарэвалюцыйнай Расіі — званне па табелю аб рангах, якое прысвойвалася дзяржаўным і вайсковым служачым і давала пэўныя саслоўныя правы і перавагі. Чын маёра. Павысіць у чыне. Чын калежскага асэсара. // ‑а. Разм. Пасада або асоба, якая займае пасаду. [Кульгавы:] — Там спіртзавод быў. Мяне на гэты завод і прызначылі старшым. А як жа! Хадзіў, брат, і ў чынах. Чыгрынаў.

2. ‑у. Адпаведны ранг, цывільнае званне ў работнікаў пракуратуры СССР. Чын сапраўднага дзяржаўнага саветніка юстыцыі. // Ступень службовага становішча. Афіцэрскі чын.

•••

Класныя чыны — цывільныя званні, якія прысвойваюцца ў СССР пракурорска-следчым работнікам пракуратуры.

Ніжні чын — салдат у царскай арміі ў адрозненне ад афіцэраў.

Без чыноў — без цырымоній, папросту.

Па чыну — адпаведна званню, пасадзе.

Чын чынам (чынаром); чын па чыну — найлепш; так, як трэба.

чын 2, ‑у, м.

У Т адз. у спалучэнні з прыметнікам і займеннікам ужываецца ў значэнне спосаб, прыём; гэта спалучэнне адпавядае прыслоўю са значэннем дадзенага прыметніка або займенніка. Карэнным чынам. Пэўным чынам. Належным чынам. □ Чытка рукапісу трылогіі была перапынена самым нечаканым чынам. Лужанін. Муха.. падсунуў галаву пад аптычны прыбор, быццам такім чынам мог закрыцца ад бомбаў і куль. Шамякін. Чалавечак, які ішоў на свет недазволеным медыцынай чынам, нагамі ўперад, аказаўся дзяўчынкай. Грамовіч. // У Т адз. у спалучэнні з некаторымі прыметнікамі і займеннікамі служыць для ўтварэння прыслоўяў і пабочных слоў, значэнне якіх залежыць ад значэння дадзенага прыметніка або займенніка. На плошчы было шмат людзей, галоўным чынам сялян. Гурскі. Алена цалкам далучылася да Максімавых поглядаў на Саўкава партызанства. Такім чынам, усе няяснасці і сумненні, прынесеныя Саўкам, цяпер развеяліся. Колас.

•••

Грэшным чынам (у знач. пабочн.) — трэба прызнацца; на жаль.

Ніякім чынам — ні ў якім разе.

чын 3, ‑а, м.

Абл. Месца скрыжавання нітак асновы, дзе ходзіць чаўнок; зеў. Маленькі Зміцер ляжаў на печы і паглядаў, як пераменьваюцца чыны ў кроснах, як бегае [чаўнок] і рытмічна пастукваюць набіліцы. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шчы́ліна, ‑ы, ж.

Вузкая, прадаўгаватай формы дзірка, адтуліна. Прыгравала веснавое сонца, нават у шчылінах асфальту зелянела трава. Гурскі. Нарэшце манетка скочыла ў шчыліну, у шклянку з хрыпам палілася газіроўка. Жычка. Тацяна абышла вакол агароджы і на другім баку ўбачыла ладную такі шчыліну. Васілёнак. Гумны знарок будаваліся так, каб мела вольны доступ паветра з двара, а таму ў іх звычайна было многа шчылін. Колас. // Тое, што падобна, нагадвае такую адтуліну. Доўга глядзеў.. [Сымонка] ў вузкую шчыліну зямлянкі і ніяк не мог зразумець, што там прафесар робіць. Кавалёў. Яна [Тацяна] падышла да акна, прахукала ў замёрзшай шыбе шчыліну. Шамякін. // Кароткі вузкі і глыбокі роў, прызначаны для ўкрыцця людзей у час бамбёжкі, артылерыйскага абстрэлу, атакі танкаў. Калі пасля спектакля мы выйшлі з тэатра на вуліцу, нас здзівіла такая хуткая змена ў горадзе: у скверах ужо былі выкананы супрацьпаветраныя шчыліны. Сяргейчык. Вара ж зноў выскоквае са шчыліны і паўзе туды, дзе акапаўся Глінскі. Кулакоўскі. // перан. Разм. Месца, дзе можна непрыкметна пралезці куды‑н. Ваўчыныя вочы замежных пралаз Не знойдуць ні шчылін, ні пор, ні адтулін У нашыя справы, у сэрцы да нас. Панчанка. [Шарупіч:] — Што ты хочаш? Каб я хабар даваў? Або шчылін шукаў? Карпаў. // перан. Разм. Зацішнае, надзейнае месца, якое з’яўляецца сховішчам для каго‑н. [Гарлахвацкі:] Яго [двурушніка] мізэрная душа апынулася ў пятках. Ён шукае сабе шчыліны, каб схавацца. Крапіва. Вылезлі з сваёй шчыліны стары Сабяга з сынам. Шахавец. Прачнуўшыся на другі дзень і апамятаўшыся, .. [Хвядос] так напалохаўся свайго ўчынку, што забіўся недзе ў шчыліну, праседзеў, як мыш, усе гэтыя трывожныя дні. Машара. // Спец. Вузкая адтуліна правільнай формы пэўнага прызначэння ў машыне, механізме і пад. Праз шчыліну байніцы.. [Мучаідзе] бачыў вузкую дарогу. Самуйлёнак. [Мірановіч] бачыў, як байцы цэліліся, стараючыся трапіць у глядзельную шчыліну ці ў гусеніцы. Марціновіч. // У анатоміі — вузкая поласць у арганізме.

•••

Галасавая шчыліна — праход паміж галасавымі звязкамі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

здаць, здам, здасі, здасць; здадзім, здасце, здадуць; пр. здаў, ‑ла, ‑ло; зак., каго-што.

1. Перадаць каму‑н. даручаную справу, абавязкі, рэч і пад. пры вызваленні ад выканання чаго‑н. Здаць станок. Здаць дзяжурства. □ — Пакуль мы стаім, вы якраз управіцеся здаць камандаванне. Мележ. Свае старшынскія абавязкі Люба здала Міхалу. Васілевіч. // Перадаць пэўнай асобе або ў пэўнае месца вынікі, прадукты сваёй працы для далейшага іх выкарыстання. Здаць хлеб дзяржаве. Здаць твор у друк. □ На нарыхтоўчыя пункты калгас здаў ужо больш 300 свіней. «Звязда».

2. Аддаць куды‑н. з якой‑н. мэтай. Здаць рэчы ў багаж. // Накіраваць на вучобу, службу і пад. Валодзя пісаў аб .. жыцці ў дзіцячым доме, куды яго здалі партызаны. Шамякін. // Вярнуць тое, што знаходзілася ў часовым карыстанні. Здаць кнігі ў бібліятэку. // Аддаць тое, чым не дазволена карыстацца. Здаць зброю.

3. Перадаць, аддаць каму‑н. у часовае карыстанне, у наём, у арэнду. Здаць пакой кватарантам. □ Дык у той самы вечар адбылася ў мястэчку вось якая справа: поп здаў у арэнду ўсю сваю зямлю. Чорны.

4. Раздаць карты ў гульні. — Звонкі козыры, — здаў Паўлюк карты і абцёр пот са лба. Гарэцкі.

5. Паспяхова прайсці праверку якіх‑н. ведаў, умення што‑н. рабіць. Здаць залік. Здаць нормы па бегу.

6. Спыніўшы супраціўленне, аддаць, пакінуць ворагу. Здаць горад. Здаць крэпасць. // Пацярпеўшы няўдачу, адмовіцца ад далейшай гульні, барацьбы і пад. Здаць шахматную партыю.

7. а таксама без дап. Аслабіць сілу, інтэнсіўнасць, тэмп і пад. чаго‑н. Падабаўся Пазняку гарачунаўскі тэмп у рабоце, таму і забірала трывога, каб дружбак не здаў яго. Шахавец. / Пра мароз, зіму і пад. Над вясну мароз здаў.

8. без дап. Разм. Фізічна аслабець; заняпасці. Здаў за той год Сцяпан, азыз .., ссівеў. «Беларусь». Неўзабаве занядужала маці і памерла, а пасля бацька здаў. Гурскі. // Страціць вытрымку, самавалоданне і пад. Грышка струсіў, здаў, заплакаў. Хоць напаў зусім не воўк, А абучаны сабака Пагранічнікаў-байцоў. А. Александровіч. // Перастаць дзейнічаць у выніку хваробы, псавання і пад. Сэрца здало. Матор здаў. Машына здала.

•••

Здаць у архіў — прызнаць застарэлым, малапатрэбным, забыць; перастаць лічыцца з кім‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кало́ць 1, калю, колеш, коле; незак., каго-што.

1. Датыкаючыся чым‑н. вострым, выклікаць боль. Хвойнік рабіўся ўсё гусцейшым і гусцейшым. Іголкі балюча калолі рукі, твар. Шамякін. [Маці] засынала і пальцы калола іголкай. Бядуля. // Выклікаць востры, калючы боль. З мёрзлай зямлі ўзнімаўся пякучы пыл і калоў твар, як іголкамі. Чорны. // безас. Пра адчуванне вострага, пранізлівага болю, калацця. Ад невыразнага жалю падгіналіся ногі, тонкімі іголкамі калола пад сэрца, забівала дух. Мурашка. Далёка на захад распасцёрся акіян і так блішчаў на сонцы, што аж у вочы калола. Маўр.

2. Утыкаючы што‑н. вострае, рабіць дзірку, адтуліну ў чым‑н.; праколваць. Калоць паперу. Калоць шылам скуру.

3. Разм. Рабіць укол, уколы. — Дык жа баліць, як колюць, — жаласліва цягнуў Алік. Ваданосаў.

4. Разм. Бадаць, пароць (рагамі). Бедная тая дамова, дзе вала коле карова. Прыказка.

5. без дап. Ваюючы, б’ючыся, наносіць каму‑н. раны вострай зброяй. Усе стралялі з блізкай дыстанцыі. Крычалі, стралялі, падалі, стагналі, калолі штыхамі. Чорны.

6. Забіваць чым‑н. вострым (свіней). У адной з шчылін бервяна тырчала адмысловае шыла, якім Варташэвіч калоў свіней. Гурскі.

7. і без дап.; перан. Рабіць каму‑н. з’едлівыя, колкія заўвагі; папракаць каго‑н. [Жанчыны].. рабілі невялічкі перапынак, абедалі і з новымі сіламі калолі адна другую самымі адвостранымі словамі. Пянкрат. // Пра варожы, пільны позірк. [Таццяна] не бачыла .. [немцаў], але адчувала, што іх пільныя позіркі колюць яе спіну. Шамякін. Заўсёды былі мною нездаволены. Вечна калолі мяне, як цвікамі, злоснымі вачамі. Бядуля. // Выклікаць непрыемнае пачуццё, раздражняць. Другое, што [Любу] непрыемна калола — гэта сустрэча з новай свякрухай. Васілевіч.

•••

Калоць (у) вочы — а) чым папікаць, дакараць, сарамаціць. — Калоць мне вочы сынам я нікому не дазволю! — цвёрда папярэдзіў .. [Кірыла], чамусьці звяртаючыся да Тукалы. Шамякін; б) быць непрыемным каму‑н., раздражняць. Не так балеў Кустрэю гэты авёс, як калолі яму вочы і гладкія бакі і таўсматы карак Цімохавага бычка. Колас.

Праўда вочы коле гл. праўда.

кало́ць 2, калю, колеш, коле; незак., што.

Рассякаць на часткі; расшчапляць, раздрабняць. Калоць дровы. Калоць лёд. Калоць цукар.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ляце́ць, лячу, ляціш, ляціць; ляцім, леціце; незак.

1. Перамяшчацца, рухацца ў паветры пры дапамозе крылаў. Над купчастай імшарынай пацешна ўзнімаецца бусел, паважна ляціць над полем. Лынькоў. // Перамяшчацца ў паветры пры дапамозе якіх‑н. механізмаў. Спакойна ў глыбокіх блакітах над нівай ляцяць самалёты. Вялюгін. [Сяргей:] — Мы з .. [Сцяпанам] на адным самалёце ляцелі. Мележ. // Падымацца ў вышыню, несціся ветрам. Патрэскваў касцёр, ляцелі ўгару іскры, гаслі ў паветры і чорнымі кропкамі падалі на траву. Гурскі. // Быць выкінутым з сілай у паветра ад штуршка, выстралу, выбуху. З-пад конскіх ног ляцела ўгару белая вада. Чорны. На прытаптаны снег ляцелі жоўтыя пырскі. Шамякін. // перан. Разносіцца ў паветры, распаўсюджвацца (пра гукі, песню, музыку і пад.). Ляцелі ў азёрныя далі і лясныя гушчы песні хлопцаў і дзяўчат. Пестрак.

2. Разм. Падаць уніз. Ногі мае коўзаюцца, рукі зрываюцца, і хутка я лячу ўніз. Якімовіч. Старыя .. дрэвы з шумам і страшэнным грукатам ляцелі на зямлю. Чарнышэвіч. Ляцелі пад адхон варожыя эшалоны, за адну ноч палатно чыгункі ператваралася ў груды шпал і рэек. Шкраба.

3. перан. Вельмі хутка, імкліва бегчы, ісці, ехаць; несціся, імчацца. Каця не ішла, а быццам ляцела, ледзь кранаючыся нагамі травы. Чарнышэвіч. Ляціць тройка па дарозе, толькі пыл курыць ды званок пад дугою звініць. Якімовіч. Паравоз, рассякаючы паветра сваімі магутнымі грудзьмі, усё ляціць і ляціць. Васілёнак.

4. перан. Хутка, непрыкметна праходзіць (пра час). Я працаваў так старанна, што не заўважаў, як ляцеў час. Шамякін.

5. перан. Імкнуцца куды‑н., да каго‑н. (думкамі, душой і пад.); ірвацца. Лежачы на ложку ў інтэрнаце ў вольныя ад заняткаў хвіліны, ляцеў Жарнавік думкамі ў сваё даўняе і нядаўняе мінулае. Пестрак. Мне зноў на сэрцы неспакойна, яно да вас ляціць, сябры. А. Вольскі.

6. перан. Разм. Хутка ламацца, ірвацца, расходавацца. Ляціць адзежа на дзецях. Ляцяць грошы. □ [Казіміру] трэба было знайсці старшыню калгаса і яшчэ раз напамянуць, каб заўтра не забылі паслаць каго-небудзь у РТС па «пальцы» да трактарных гусеніц — ляцяць, ліха на іх, не набярэшся. Краўчанка.

•••

Летам ляцець (лятаць, лётаць) — вельмі хутка бегчы, бегаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)