падра́ць, ‑дзяру, ‑дзярэш, ‑дзярэ; ‑дзяром, ‑дзераце; зак., каго-што.

1. Парваць, разарваць на часткі. Спакойна і ўпэўнена.. я выцягнула бюлетэнь з сумачкі, падрала яго на дробныя кавалкі. Савіцкі. [Валя:] — А дома маці лае, што сукенку падрала, што ўсе ногі ў стрэмках і смале. Грахоўскі.

2. Знасіць, неахайна або доўга носячы што‑н. Падраць абутак. Падраць за лета рубашку.

3. Разрываючы, забіць усіх, многіх (пра драпежных птушак і звяроў). Каршун падраў усіх курэй.

4. і чаго. Перацерці на тарцы нейкую колькасць чаго‑н. Падраць крыху бульбы на бліны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нарасці́, ‑расце; пр. нарос, ‑расла, ‑расло; зак.

1. Вырасці ў нейкай колькасці. [Аляксей Цімафеевіч:] — Шмат будзе снегу — шмат улетку нарасце збожжа і фруктаў. Паслядовіч. У апошнюю вайну не толькі лес, але і хмызняк загінуў. І зноў нарос — маладыя хвойкі, бярозкі, на палянах куп’ё зацвіло чаборам, суніцы, грыбы з’явіліся. Лупсякоў.

2. Вырасці на паверхні чаго‑н. Нарасло сала. // Паступова прыстаючы, прымярзаючы да чаго‑н., утварыць нараст. За прымаразкі на размоклых дарогах нарасла тоўстая кара голага лёду. Навуменка.

3. Сабрацца, павялічыцца (аб працэнтах, грошах і пад.). Нараслі працэнты за год.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перашко́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак.

З’явіцца перашкодай для каго‑, чаго‑н.; не даць магчымасці здзейсніць што‑н.; не дапусціць чаго‑н. Скончыць інстытут перашкодзіла вайна. □ Цяжкая рана, атрыманая ў баях пад Керчу, перашкодзіла жанчыне застацца ў марскім флоце пасля вайны. Кулакоўскі. Хто перашкодзіць нам прабіць камення грань І долю казачную выткаць? Танк. [Насця:] — У вас тут гамонка, здаецца, вельмі душэўная была. Прабачце, калі перашкодзіла. Мележ. Андрэй Шыбянкоў, цяжка аддыхваючыся, вярнуўся назад з пахмурным выглядам чалавека, якому перашкодзілі зрабіць хоць і жорсткі, але высокасправядлівы ўчынак. Зарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кра́йнасць, ‑і, ж.

1. Празмернае праяўленне чаго‑н., крайняя ступень чаго‑н. Крайнасці ў поглядах. □ — У цябе, брат, усё крайнасці, няхай ты згары, — заўважыў са смехам Садовіч. Колас.

2. перан. Што‑н. зусім непадобнае на іншае, процілеглае іншаму. Кідацца з адной крайнасці ў другую. □ Нездарма кажуць, што крайнасці сходзяцца, розныя полюсы прыцягваюць адзін другі. Кучар.

3. Вельмі цяжкае і небяспечнае становішча. Давесці да крайнасці.

•••

Да крайнасці — вельмі, надзвычайна, у вышэйшай ступені. Брыгада знаходзілася ў бесперапынных баях і паходах і сілы яе былі напружаны да крайнасці. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прысадзі́ць, ‑саджу, ‑садзіш, ‑садзіць; зак.

1. што і чаго. Разм. Пасадзіць дадаткова да ўжо пасаджанага. Прысадзіць агуркоў на градку. Прысадзіць кветак на клумбе.

2. каго-што. Разм. Зрабіць меншым па вышыні, ніжэйшым, мізарнейшым. Гімнасцёрка вісіць на ім як на калу. Хвароба яго вельмі прысадзіла. С. Александровіч. // Трохі асадзіць, збіць ганарлівасць, фанабэрыю. І Ксавэр Блецька .. стаў тутэйшым кааператарам, і заўсёды быў лагодны з людзьмі, і ўсе гаварылі, што яго прысадзіла ўласнае гора. Чорны.

3. што і чаго. Увесці (прысадачныя матэрыялы) у плавільную печ у працэсе плаўкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пры́ткі, ‑ая, ‑ае.

1. Скоры, хуткі, імклівы. Дзяўчына ішла прыткай хадой, як бы і не чуючы таго маленькага чамаданчыка, які яна несла ў руках. Краўчанка. // Вёрткі, спрытны. Чаго гарланіш! У баі быў бы такі прыткі — не лямантаваў бы цяпер. М. Ткачоў. — А тут за сцяною куры. Хадзем, але каб толькі не павыскаквалі, яны ў нас прыткія. Галавач.

2. перан. Які прагне хутчэй дасягнуць чаго‑н., зрабіць што‑н. Да навукі прыткі [дзед], З тэхнікай дружыў. Зуёнак. — Ого, які прыткі! Можа праліцца кроў! Лепш не пачынаць [біцца]! — заўважыў нехта. Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раць, ‑і, ж.

Уст., паэт.

1. Войска, ваенны атрад. За справу святую свабоды і чэсці Ідзе незлічоная, дужая раць. Броўка. Імкнуць палкі, ідуць байцы Чырвонай слаўнай раці, Свабоду, мір, як іх ганцы, Прыносяць кожнай хаце. Колас. // перан.; каго-чаго ці якая. Разм. Пра вялікі натоўп, пра вялікую колькасць каго‑, чаго‑н. Пра што .. [Кастусь] напісаў бы? Ну, вядома, пра лясных жаваранкаў.. Пра Нёман і квяцістыя лугі, калі на іх выходзіць раць дужых касцоў. С. Александровіч. Жанчыны пятай брыгады, убачыўшы гэтую раць [калгасніц], ад здзіўлення анямелі. Дуброўскі.

2. Бітва, вайна.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ро́ўнядзь, ‑і, ж.

Роўнае месца, раўніна. Амярцвелае поле рассцілалася белым абрусам аднастайнай роўнядзі, а лес цёмна-сіняю сцяною выступае ў нерухлівай постаці і тупой немаце. Колас. // чаго або якая. Роўная паверхня чаго‑н.; гладзь. Белыя чайкі лятаюць высока над стрэхамі хат, а над люстранай роўняддзю азёр планіруюць спрадвечныя сябры гэтых стрэх — буслы... Брыль. Адсюль далёка відаць наваколле: і роўнядзь поля, і асфальтавая стужка дарогі, і горад. Марціновіч. Сонца апускаецца яшчэ ніжэй, і вось за намі, па рачной роўнядзі, пачынае, як хвост, цягнуцца .. люстраная паласа. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бог, -а, мн. багі́, -о́ў, м.

1. Паводле рэлігійных уяўленняў — вярхоўная ўсемагутная істота, якая стварыла свет і кіруе ім.

Старажытнарымскія багі.

2. (з вялікай літары). У хрысціянстве: трыадзінае бажаство, творца і ўсеагульны сусветны пачатак — Бог Айцец, Бог Сын і Бог Дух Святы.

3. перан. Выдатны спецыяліст у якой-н. справе.

Б. электразваркі.

Божа збаў (разм.) — ні ў якім разе, ні пры якіх абставінах.

Дай (не дай) бог (божа; разм.) — пра пажаданні чаго-н.

Крый бог (разм.) — ужыв. як засцярога ад чаго-н., як забарона рабіць што-н. небяспечнае.

Напрамілы бог (разм.) — што ёсць сілы, вельмі прасіць аб чым-н.

Няхай бог крые (мілуе, ратуе, бароніць) (разм.) — ужыв. як пажаданне пазбаўлення ад чаго-н. непрыемнага.

Памагай бог (разм.) — пажаданне поспеху, удачы ў працы, добрай справе.

Як бог дасць (разм.) — як прыйдзецца.

Як у бога за пазухай (разм.) — без асаблівага клопату, пры поўным забеспячэнні.

|| прым. бо́жы, -ая, -ае і бо́жы, -ая, -ае, бо́скі, -ая, -ае і бо́скі, -ая, -ае.

Боскае стварэнне.

Божая кароўка — жучок чырвонай або жоўтай афарбоўкі з чорнымі кропкамі.

Кожны божы дзень — штодзённа.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

гара́, -ы́, мн. го́ры і (з ліч. 2, 3, 4) гары́, гор, ж.

1. Значнае ўзвышша, што ўзнімаецца над мясцовасцю або выдзяляецца сярод іншых узвышшаў.

Каўказскія горы.

Спускацца з гары.

Снежная г.

2. толькі мн. Горная краіна, гарыстая мясцовасць.

Жыхары гор.

Паход у горы.

3. перан., чаго, з чаго. Вялікая колькасць чаго-н. складзенага ў кучу.

Г. дроў.

Горы кніг.

4. Памяшканне, прастора паміж столлю і дахам у будынку; гарышча.

Злажыць сена на гару.

Зёлкі сушаць звычайна на гары.

5. (з прыназ. «у», «з», «на»). Вышыня, верх.

Шум чуўся з гары.

Абяцаць залатыя горы — абяцаць надта многа.

Гарою стаяць за каго-што — усімі сіламі абараняць.

Горы варочаць — вельмі многа рабіць.

Горы вярнуць на каго (разм., неадабр.) — няславіць каго-н., гаварыць пра каго-н. многа непрыемнага.

Горы перавярнуць — зрабіць вельмі значную работу.

Не за гарамі

1) пра нешта блізкае, што хутка наступіць;

2) блізка, недалёка (быць, знаходзіцца).

|| памянш. го́рка, -і, ДМ -рцы, мн. -і, -рак, ж. (да 1 і 3 знач.).

|| прым. го́рны, -ая, -ае (да 1 і 2 знач.).

Г. хрыбет.

Горная краіна.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)