апрану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.
1. Адзець каго‑н. [Маці] апранула малую і паставіла за стол на лаву. Брыль. // Адзець, нацягнуць на сябе якую‑н. вопратку. Пад дзень.. [Толіку] стала холадна, і ён апрануў кажух. Чорны. Васіль Дзянісавіч надзеў халат, апрануў паліто, глыбей насунуў кепку і ўзяў у рукі партфель. Мележ.
2. Забяспечыць неабходнай вопраткай. Апрануць сям’ю.
3. Адзець прыгожа, выстраіць. Апрануць як на баль.
4. перан. Пакрыць. Веснавая цёплая ноч толькі што апранула зямлю і раскідала свае таемныя чары. Колас.
5. перан. Увасобіць што‑н. у якой‑н. форме. Апрануць мядзведзем.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адгру́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Разм.
1. Перастаць грукаць. Пройдзе час, адгрукаюць гарматы, Змоўкнуць стрэлы, Знікнуць хмары дыму. Броўка.
2. перан.; што. Пабудаваць, адбудаваць або зрабіць што‑н. вялікае, значнае. — Заходзьце, сядайце за стол, цесляры, — Адгрукалі хату на славу. Бялевіч.
3. што. Адскакаць, станцаваць. Відаць, такі ўжо клімат тут [на курорце] гаючы, што нават самавітыя дзядзькі і цёткі, забыўшыся пра свае радыкуліты, прастрэлы і рэўматычныя ламоты, адгрукаюць вам «Польку-Янку» ці «Лявоніху». Вірня.
4. перан.; што. Працуючы, выконваючы абавязак, адбыць, адслужыць нейкі час. [Юнак:] — Два гады ў аўтароце разам адгрукалі. Краўчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адкруці́ць, ‑кручу, ‑круціш, ‑круціць; зак., што.
1. Круцячы ў адваротны бок, раскручваючы, аддзяліць. Адкруціць дрот ад слупа. // Круцячы назад па разьбе, зняць; адшрубаваць. Адкруціць гайку.
2. Павярнуўшы ўбок, адкрыць. Адкруціць кран.
3. Круцячы, адарваць. Уладзік распрануўся, адкруціў з вянка цыбулі адну галоўку, набраў конаўкай вады, потым адрэзаў скібку хлеба і сеў за стол. Грамовіч.
4. Раскручваючы, разгарнуць, раскрыць. [Несцер:] — Адкруціла, разгарнула [жанчына] паперку ды як закрычыць і — у непрытомнасць. Кулакоўскі.
5. Прапрацаваць пэўны час, круцячы што‑н.
•••
Адкруціць галаву — бязлітасна пакараць; расправіцца (у сэнсе пагрозы).
Адкруціць вушы — не вельмі строга пакараць, накруціўшы вушы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пасу́дзіна, ‑ы, ж.
1. Асобны прадмет посуду, у які можна наліць, насыпаць ці пакласці што‑н. І раптам цешча перамянілася. Міску з крупнікам не сунула на стол, як заўсёды, а наадварот — паставіла яе беражліва, бы надзвычай крохкую дарагую пасудзіну. Б. Стральцоў. // Шкляны выраб, ёмістасць для хімічных рэчываў, лякарства і пад.
2. Разм. Судна, лодка, карабель. Лодка зрабіла імклівы наўкруг, вынеслася на сярэдзіну ракі. Я любаваўся, як увішна ўпраўляўся з пасудзінай рыбак. Чыгрынаў. Сілівону з цямна да цямна даводзілася вадзіць цераз раку старую сваю пасудзіну, збітую з дошак. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ме́дны, ‑ая, ‑ае.
1. Зроблены з медзі. Уліта Антонаўна падала на стол стары медны самавар і талерку, напоўненую свежым бурштынавым мёдам. Шамякін.
2. Які мае адносіны да медзі; звязаны з апрацоўкай медзі. Меднае ліццё. // У склад якога ўваходзіць медзь. Медная ру да.
3. Які характарызуецца паяўленнем прылад працы, зброі і ўпрыгожанняў з медзі. Медны век.
4. Уласцівы медзі; такі, як у медзі.
5. Падобны колерам на медзь; чырвона-жоўты. Спадае медны ліст каштанаў На жоўты стоптаны мурог. Танк.
•••
Медны лоб гл. лоб.
Прайсці (праз) агонь, ваду і медныя трубы гл. прайсці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нішчы́мны, ‑ая, ‑ае.
1. Не прыпраўлены скаромным, без скаромнага; посны. Мы атрымлівалі толькі агульную норму хлеба і два разы на дзень у сталоўцы нішчымны .. крупнік. Сяргейчык. Большы брат згатаваў добры абед, нават два скруткі каўбасы на стол палажыў. А меншы наварыў капусты, ды і то нішчымнай. Якімовіч.
2. Без нічога, без якіх‑н. дабавак. [Хана] такая худая, што мне робіцца шкада яе, і я аддаю ёй усе грушы, а на перапынку елі нішчымны хлеб. Каліна. // Пусты. Часамі ў гумно ўрываўся лёгкі ветрык, паварушваючы звіслыя са страхі нішчымныя каласкі. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перава́га, ‑і, ДМ ‑вазе, ж.
1. Асаблівасць, якая выгадна адрознівае каго‑, што‑н. ад каго‑, чаго‑н. Пачуццё ўласнай перавагі. Маральная перавага. Колькасная перавага. □ У нас была перавага над ворагам — мы зноў сталі на лыжы. Шамякін. Ёсць адна дзіўная перавага ў старых гаспадынь. Яны вельмі хутка накрываюць стол. Броўка. // Выгада, карысць. Лішні раз .. [людзі] пераканаліся, якую перавагу дае дружны агульны наступ. Маўр.
2. Выключнае права на што‑н., прывілея. Царскі ўрад, праводзячы дыктатуру памешчыкаў-прыгоннікаў, .. [даў] памешчыкам усе правы і перавагі, а ўсе абавязкі ўсклаў на сялян. Лушчыцкі.
•••
Аддаць перавагу каму-чаму гл. аддаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перагаво́р, ‑у, м.
1. толькі мн. (перагаво́ры, ‑аў). Дзелавы абмен думкамі пры высвятленні якіх‑н. пытанняў, умоў і пад. Дыпламатычныя перагаворы. □ Пачынаючы з верасня 1920 г. Савецкая Расія вяла мірныя перагаворы з Польшчай. «Весці».
2. Разм. Размова. — Дзе ж ты быў цэлы дзень? — запытала .. [Марта] мужа. — А табе цікава ведаць? — Вядома, што цікава! — Зося нібы не чула гэтых перагавораў: яна .. цішком сядзела на лаве, абапёршыся локцем на стол. Гартны. [Наганаў:] А ў мяне сёння на міжгародняй перагавор. Губарэвіч. // Кароткая спрэчка. [Кравец:] — Нешта перагавор з жонкаю быў? Жывучы, братачка, усяго бывае. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пераме́сці, ‑мяту, ‑мяцеш, ‑мяце; ‑мяцём, ‑мецяце, ‑мятуць; пр. перамёў, ‑мяла, ‑мяло; заг. перамяці; зак., што.
1. Падмесці нанава, яшчэ раз. Мама і стол заслала настольнікам, і хату разы два перамяла, і хвартух новы падвязала. Брыль.
2. Падмесці ўсё, многае. Перамесці ўсе пакоі.
3. Падмятаючы, перамясціць куды‑н., цераз што‑н. Перамесці смецце цераз парог.
4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Замесці, засыпаць снегам упоперак (дарогу, шлях і пад.). Мяцеліца перамяла дарогу. / у безас. ужыв. Заняткі скончыліся раней, каб слухачы з іншых вёсак маглі дайсці дадому, покуль не перамяло дарог. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
проціле́глы, ‑ая, ‑ае.
1. Размешчаны насупраць; які вядзе, ідзе ў адваротным напрамку. Збоку зашалясцела сена. Потым скрып. Не ў дзвярах, а ў процілеглым баку, у куце гумна... Чарнышэвіч. На процілеглым канцы першага з .. [пакояў], супраць дзвярэй, стаяў стол без настольніка. Колас. Рака разлілася так далёка, што процілеглы бераг хаваўся ў шызаватай дымцы. Даніленка.
2. Які супярэчыць чаму‑н., поўнасцю не супадае з чым‑н., карэнным чынам адрозніваецца ад чаго‑н. Процілеглыя погляды. Процілеглыя тэндэнцыі. □ Анэта і Агата, такія процілеглыя па характарах, на рабоце не выключалі, а дапаўнялі адна адну. Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)